Падарожжы Гулiвера (на белорусском языке)
Шрифт:
Малпа зразумела, што яе акружаюць i што на трох лапах яна далёка не ўцячэ. Яна кiнула Гулiвера на дах i, зрабiўшы некалькi скачкоў, апынулася на даху суседняга будынка, дзе i схавалася ў паддашкавым акенцы.
Гулiвер застаўся ляжаць на пакатым, гладкiм даху, з хвiлiны на хвiлiну чакаючы, калi вецер скiне яго ўнiз, як пясчынку.
Але ў гэты час адзiн з пажоў паспеў перабрацца з лесвiцы на дах. Ён знайшоў Гулiвера, сунуў яго сабе ў кiшэню i шчаслiва спусцiўся ўнiз.
Глюмдальклiч была страшэнна рада. Яна схапiла свайго Грыльдрыга i панесла дамоў. Гулiвер ляжаў у яе на далонi, як мышаня, замучанае кошкай. Агiдная жвачка, якую малпа напхала яму ў рот, не давала дыхаць.
Глюмдальклiч зразумела, у чым бяда. Яна ўзяла сваю самую тоненькую iголачку i асцярожна, кончыкам, выграбла з рота Гулiвера ўсё, што напхала туды малпа.
Гулiверу адразу стала лягчэй. Але ён быў так перапалоханы, так пакамечаны малпай, што цэлыя два тыднi праляжаў у ложку.
Кароль i ўсе прыдворныя кожны дзень прысылалi даведацца, цi папраўляецца бедны Грыльдрыг, а каралева сама адведвала яго. Яна забаранiла ўсiм прыдворным без выключэння трымаць у палацы жывёлу. А тую малпу, якая ледзь не задушыла Гулiвера, загадала забiць.
Калi Гулiвер нарэшце ўстаў з пасцелi, кароль загадаў паклiкаць яго да сябе i, смеючыся, задаў яму тры пытаннi.
Яму было вельмi цiкава даведацца, як адчуваў сябе Гулiвер у лапах малпы, цi спадабаўся яму яе пачастунак i што б ён рабiў, калi б такое здарылася ў яго на радзiме, дзе не знайшлося б чалавека, якi паклаў бы яго ў кiшэню i спусцiў на зямлю.
Гулiвер адказаў каралю толькi на апошняе пытанне.
Ён сказаў, што ў яго на радзiме малпы не водзяцца. Iх часам прывозяць з гарачых краiн i трымаюць у клетках. Калi ж якой-небудзь малпе ўдалося б вырвацца на волю i яна асмелiлася б накiнуцца на яго, ён лёгка справiўся б з ёю. Ды i не з адной малпай, а з цэлым тузiнам малпаў звычайнага росту. Ён упэўнены, што i гэтую велiзарную малпу ён змог бы адолець, калi б у час нападу ў яго руках была шпага, а не пяро. Варта было толькi пракалоць гэтай пачвары лапу, i гэта назаўсёды адбiла б у яе ахвоту нападаць на людзей.
Усю гэтую прамову Гулiвер сказаў рашуча i гучна, высока ўзняўшы галаву i паклаўшы руку на рукаятку шпагi.
Ён вельмi не хацеў, каб хто-небудзь з прыдворных палiчыў яго баязлiўцам.
Але прыдворныя адказалi на яго прамову такiм дружным i вясёлым рогатам, што Гулiвер адразу змоўк.
Ён абвёў вачыма сваiх слухачоў i з горыччу падумаў пра тое, як цяжка чалавеку дабiцца павагi ад тых, хто глядзiць на яго звысака.
Гэтая думка не раз прыходзiла ў галаву Гулiверу i пазней, у iншыя часы, калi яму здаралася бываць сярод высокiх асоб - каралёў, герцагаў, вяльможаў, хоць часта гэтыя высокiя асобы былi нiжэй за яго на цэлую галаву.
13
Жыхары Брабдынгнега лiчаць сябе прыгожымi людзьмi. Магчыма, гэта i на самай справе так, але Гулiвер глядзеў на iх быццам праз павелiчальнае шкло, i таму яны яму не надта падабалiся.
Iх скура здавалася яму вельмi тоўстай i шурпатай - ён бачыў кожны валасок на ёй, кожную вяснушку. Ды i цяжка было не бачыць, калi гэтая вяснушка была велiчынёй са сподачак, а валаскi тырчалi, як вострыя шыпы цi зубы грэбеня. Усё гэта i навяло Гулiвера на пацешную думку.
Неяк ранiцой ён прадстаўляўся каралю. Караля ў гэты час галiў прыдворны цырульнiк. Гаворачы з яго вялiкасцю, Гулiвер мiмаволi пазiраў на мыльную пену, у якой чарнелi тоўстыя, быццам кавалачкi жалезнага дроту, валаскi.
Калi цырульнiк скончыў сваю справу, Гулiвер папрасiў у яго кубак з мыльнай пенай. Цырульнiка вельмi здзiвiла такая просьба, але ён выканаў яе.
Гулiвер выбраў з белай пены сорак самых тоўстых валаскоў i паклаў на акенца сушыцца. Потым ён знайшоў гладкую трэсачку i выстругаў з яе спiнку для грэбеня.
Самай тонкай iголкай з iгольнiцы Глюмдальклiч ён асцярожна прасвiдраваў у драўлянай спiнцы на роўнай адлегласцi адна ад другой сорак вузкiх адтулiн i ў гэтыя адтулiны ўставiў валаскi. Затым падрэзаў iх, каб яны былi зусiм роўныя, i завастрыў ножыкам iх канцы. Атрымаўся цудоўны грэбень.
Гулiвер быў вельмi рады: амаль усе зубы на яго грэбенi паламалiся, i ён не ведаў, дзе яму дастаць новы. У Брабдынгнегу не было такога майстра, якi змог бы зрабiць такую малюсенькую рэч. Усе любавалiся новым Гулiверавым грэбенем, i яму захацелася зрабiць яшчэ што-небудзь.
Ён папрасiў служанку каралевы зберагчы для яго валасы, якiя выпадуць з касы яе вялiкасцi. Калi iх набралася шмат, ён даручыў таму самаму сталяру, якi рабiў для яго камоду i крэслы, вытачыць два лёгкiя драўляныя крэслы.
Папярэдзiўшы сталяра, што спiнку i сядзенне ён зробiць сам з iншага матэрыялу, Гулiвер загадаў майстру толькi прасвiдраваць у крэслах вакол сядзення i спiнкi маленькiя частыя адтулiны.
Сталяр зрабiў усё, што было загадана, i Гулiвер распачаў работу. Ён выбраў са свайго запасу самыя моцныя валасы i, абдумаўшы загаддзя ўзор, уплёў iх у тыя адтулiны, якiя былi для гэтага зроблены.
Атрымалiся цудоўныя плеценыя крэслы ў ангельскiм стылi, i Гулiвер урачыста паднёс iх каралеве. Каралева была ў захапленнi ад падарунка. Яна паставiла крэслы на сваiм любiмым столiку ў гасцiнай i паказвала iх усiм, хто да яе прыходзiў.
Яна хацела, каб Гулiвер у час прыёмаў сядзеў толькi на такiм крэсле, але Гулiвер рашуча адмовiўся сядзець на валасах сваёй уладаркi.
Пасля заканчэння гэтай работы ў Гулiвера засталося яшчэ шмат валасоў каралевы, i, з дазволу яе вялiкасцi, ён сплёў з iх для Глюмдальклiч прыгожы кашалёк. Кашалёк быў толькi трошкi большы за тыя мяхi, у якiх у нас звычайна возяць у млын жыта, i зусiм не падыходзiў для цяжкiх брабдынгнежскiх манет. Але затое ён быў вельмi прыгожы - увесь ва ўзорах, з залатым вензелем каралевы на адным баку i срэбным вензелем Глюмдальклiч - на другiм.
Кароль i каралева вельмi любiлi музыку, i ў палацы часта наладжвалiся канцэрты.
Гулiвера таксама часам запрашалi на музычныя вечары. У такiх выпадках Глюмдальклiч прыносiла яго разам са скрынкай i ставiла на якi-небудзь столiк далей ад музыкантаў.
Гулiвер шчыльна зачыняў усе дзверы i вокны ў сваёй скрынцы, завешваў шторы i гардзiны, зацiскаў пальцамi вушы i садзiўся ў крэсла слухаць музыку.
Без такой перасцярогi музыка велiканаў здавалася яму нясцерпным аглушальным грукатам.
Куды больш падабалiся яму гукi невялiкага iнструмента, вельмi падобнага на клавiкорды. Гэты iнструмент стаяў у пакоi Глюмдальклiч, i яна вучылася iграць на iм.
Гулiвер i сам нядрэнна iграў на клавiкордах, i яму захацелася пазнаёмiць караля i каралеву з ангельскiмi песнямi. Справа гэта была нялёгкая.
Даўжыня iнструмента была шэсцьдзесят крокаў, кожны клавiш быў шырынёй амаль на цэлы крок. Стоячы на адным месцы, Гулiвер мог бы iграць не больш чым на чатырох клавiшах - да iншых яго рукi не даставалi. Таму ён павiнен быў бегаць справа налева i злева направа - ад басоў да дыскантаў i назад. А паколькi iнструмент быў не толькi доўгi, але i высокi, то бегаць яму даводзiлася не па падлозе, а па лаўцы, якую спецыяльна для яго зрабiлi сталяры i якая была такой жа даўжынi, як iнструмент.