Падарожжы Гулiвера (на белорусском языке)
Шрифт:
8
На другую ранiцу перад домам Гулiвера выстраiлiся войскi, сабралiся прыдворныя. Прыехаў i сам iмператар са свiтай i мiнiстрамi.
У гэты дзень Гулiвер павiнен быў аддаць iмператару Лiлiпуцii сваю зброю.
Адзiн чыноўнiк гучна чытаў вопiс, а другi бегаў па Гулiверу з кiшэнi ў кiшэню i паказваў яму, якiя рэчы патрэбна даставаць.
– Кавалак грубага палатна!
– пракрычаў чыноўнiк, якi чытаў вопiс.
Гулiвер паклаў на зямлю сваю насоўку.
– Срэбны куфэрак!
Гулiвер дастаў з кiшэнi табакерку.
– Стос гладкiх белых лiстоў, прашытых вяроўкамi!
Гулiвер паклаў побач з табакеркай сваю запiсную кнiжку.
– Доўгi прадмет, падобны на садовую рашотку.
Гулiвер дастаў грабеньчык.
– Скураны пояс, меч, падвойны мяшок з металiчнымi шарамi ў адным аддзяленнi i чорнымi зярнятамi - у другiм!
Гулiвер адшпiлiў пояс i паклаў яго на зямлю разам са сваiм корцiкам i мяшочкам, у якiм ляжалi кулi i порах.
– Машына з жалеза i дрэва! Рыбалоўная сетка з круглымi прадметамi з медзi, серабра i золата! Велiзарны нож! Круглая металiчная скрынка.
Гулiвер дастаў пiсталет, кашалёк з манетамi, кiшэнны ножык i гадзiннiк. Iмператар перш за ўсё агледзеў нож i корцiк, а затым загадаў Гулiверу паказаць, як страляюць з пiсталета.
Гулiвер паслухаўся. Ён зарадзiў пiсталет адным толькi порахам - порах у парахаўнiцы застаўся зусiм сухi, таму што вечка завiнчвалася наглуха, - узняў пiсталет i стрэлiў у паветра.
Пачуўся аглушальны грукат. Многiя людзi страцiлi прытомнасць, а iмператар пабялеў, закрыў твар рукамi i доўга не адважваўся расплюшчыць вочы.
Калi дым разышоўся i ўсе супакоiлiся, уладар Лiлiпуцii загадаў адвезцi ў арсенал нож, корцiк i пiсталет.
Астатнiя рэчы Гулiверу аддалi назад.
9
Цэлага паўгода пражыў Гулiвер у палоне. Шэсць самых славутых вучоных кожны дзень прыходзiлi ў замак вучыць яго лiлiпуцкай мове.
Праз тры тыднi ён ужо добра разумеў, што гавораць навокал, а месяцы праз два i сам навучыўся размаўляць з жыхарамi Лiлiпуцii.
На першых жа ўроках Гулiвер запомнiў адну фразу, якая патрэбна была яму больш за ўсё: "Ваша вялiкасць, я прашу вас адпусцiць мяне на волю".
Кожны дзень на каленях паўтараў ён гэтыя словы iмператару, але iмператар адказваў заўсёды адно i тое ж:
– Люмоз кельмiн песо дэсмар лон эмпазо!
Гэта значыць: "Я не магу вызвалiць цябе, пакуль ты не паклянешся мне жыць у мiры са мной i з усёй маёй iмперыяй".
Гулiвер гатоў быў у любую хвiлiну даць клятву, якую ад яго патрабавалi. Ён зусiм i не хацеў ваяваць з маленькiмi чалавечкамi. Але iмператар адкладваў цырымонiю ўрачыстай клятвы з дня на дзень.
Пакрысе лiлiпуты прывыклi да Гулiвера i перасталi яго баяцца.
Часта вечарамi ён клаўся на зямлю перад сваiм замкам i дазваляў пяцi цi шасцi чалавечкам танцаваць у сябе на далонi.
Дзецi з Мiльдэнда прыходзiлi гуляць у хованкi ў яго валасах.
I нават лiлiпуцкiя конi больш не храплi i не станавiлiся дыбка, калi бачылi Гулiвера.
Iмператар наўмысна загадаў як мага часцей наладжваць конныя вучэннi перад старым замкам, каб прывучыць коней сваёй гвардыi да жывой гары.
Ранiцой усiх коней з палкавых i ўласных iмператарскiх канюшань праводзiлi ля ног Гулiвера.
Кавалерысты прымушалi сваiх коней пераскокваць цераз яго руку, пакладзеную на зямлю, а адзiн славуты коннiк пераскочыў нават неяк цераз яго нагу, закутую ў ланцуг.
Гулiвер усё яшчэ сядзеў на ланцугу. Ад нуды ён узяўся за работу i сам зрабiў сабе стол, крэслы i ложак.
Для гэтага яму прывезлi каля тысячы самых вялiкiх i тоўстых дрэў з iмператарскiх лясоў.
А пасцель для Гулiвера зрабiлi лепшыя мясцовыя майстры. Яны прынеслi ў замак шэсцьсот сеннiкаў звычайнай лiлiпуцкай велiчынi. Па сто пяцьдзесят штук сшылi яны разам i зрабiлi чатыры вялiкiя сеннiкi на Гулiвераў рост. Iх паклалi адзiн на адзiн, але ўсё-такi спаць Гулiверу было мулка.
Такiм жа чынам зрабiлi для яго коўдру i прасцiны.
Коўдра выйшла тонкая i не вельмi цёплая. Але Гулiвер быў марак i не баяўся прастуды.
Абед, вячэру i снеданне для Гулiвера варылi трыста павароў. Для гэтага каля замка iм пабудавалi цэлую кухонную вулiцу - з правага боку стаялi кухнi, а з левага жылi павары са сваiмi сем'ямi.
За сталом звычайна прыслугоўвала не больш ста дваццацi лiлiпутаў.
Дваццаць чалавечкаў Гулiвер браў у рукi i ставiў проста да сябе на стол. Астатнiя сто працавалi ўнiзе. Адны падвозiлi ежу ў тачках або падносiлi на насiлках, другiя падкочвалi да ножкi стала бочкi з вiном.
Са стала ўнiз былi спушчаны моцныя вяроўкi, i чалавечкi, што стаялi на стале, з дапамогай спецыяльных блокаў усцягвалi ежу наверх.
Кожны дзень на свiтаннi да старога замка прыганялi цэлы статак жывёлы шэсць быкоў, сорак бараноў i мноства ўсялякай дробнай жыўнасцi.
Смажаных быкоў i бараноў Гулiвер звычайна разразаў на дзве цi нават на тры часткi, iндыкоў i гусей адпраўляў у рот цалкам, не разразаючы, а дробную птушку - курапатак, бакасаў, рабчыкаў - глытаў па дзесяць, а то i па пятнаццаць штук зараз.
Калi Гулiвер еў, натоўп лiлiпутаў стаяў вакол i дзiвiўся на яго. Аднойчы нават сам iмператар у суправаджэннi iмператрыцы, прынцаў, прынцэс i ўсёй свiты прыехаў паглядзець на такое рэдкае вiдовiшча.
Гулiвер паставiў крэслы знатных гасцей на стол насупраць свайго прыбора i выпiў за здароўе iмператара, iмператрыцы i ўсiх прынцаў i прынцэс па чарзе. Ён у гэты дзень еў нават больш, чым звычайна, каб здзiвiць i пацешыць сваiх гасцей, але абед здаўся яму не такi смачны, як заўсёды. Ён заўважыў, як спалохана i злосна глядзеў у яго бок дзяржаўны казначэй Флiмнап.
I сапраўды, на другi дзень казначэй Флiмнап зрабiў даклад iмператару. Ён сказаў:
– Горы, ваша вялiкасць, добрыя тым, што яны не жывыя, а мёртвыя, i таму iх не трэба кармiць. Калi ж якая-небудзь гара раптам ажыве i запатрабуе, каб яе кармiлi, больш разумна будзе зрабiць яе зноў мёртвай, чым падаваць ёй кожны дзень снеданне, абед i вячэру.
Iмператар уважлiва выслухаў Флiмнапа, але не згадзiўся з iм.
– Не спяшайцеся, дарагi Флiмнап, - сказаў ён.
– Усё ў свой час.