Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

«Божа мой, як гэта ўсё сумна!» — думаў Радзім. І навошта яму слухаць такую цягамоціну! Яму, хто ў школе не любіў хімію. А заадно і хімічку, якую называў толькі Табліцай Мендзялееўнай. Яна ведала пра гэта і адказвала хлопцу тым жа самым — непрыязнасцю.

Як яму хацелася зараз збегчы куды-небудзь са свайго гулкага шклянога шара, як ён збягаў у школе з урокаў хіміі!

Спачатку Радзім, як прыкладны вучань, ціха сядзеў за сталом, моршчыў лоб, рабіў выгляд, што ўважліва слухае, а пасля, зразумеўшы, што прафесар не звяртае на яго аніякай увагі, пачаў уставаць, хадзіць па пакоі, займацца сваімі справамі. Падыходзіў да стала, разглядаў прафесаравы паперы, нават корпаўся ў іх — дарэчы, выразкі былі як усё роўна з нашых зямных газет, — гартаў іх, чытаў, але прафесар нібы не бачыў гэтага — безуважна хадзіў па пакоі і, заняты толькі сваімі думкамі, чытаў лекцыю.

— Хімік мае свае перавагі перад біёлагам ужо таму, што тое, што змяшчаецца ў прабірках у гэты канкрэтны момант, не абавязкова павінна знаходзіцца ў жывым стане. Гэта азначае, што ён можа дазволіць сабе значна большыя эксперыменты. Дарэчы, малекулы, якія складаюць жывую матэрыю, — гэта толькі частка ўсяго комплексу малекулярнага свету, які адкрываецца перад намі і ў які мы можам увайсці з любога боку.

— Пан прафесар! Пан прафесар! — загаварыў да вучонага Радзім, але той нібыта і не чуў яго.

Радзім паспрабаваў свістаць. Свіст тут атрымліваўся цікавы — відаць, добра рэзаніравала шкляное памяшканне, форма самой колбы, у якой ён жыў. Але прафесар і на свіст не звярнуў ніякай увагі.

Тады хлопец увогуле выйшаў з колбы, патупаў каля яе, зноў вярнуўся, а прафесар усё хадзіў і хадзіў, усё развіваў і развіваў сваю тэорыю:

— Адзінае, што абмяжоўвае хіміка, дык гэта фундаментальныя законы фізікі. Але ўсё роўна колькасць сістэм, якія ён можа пабудаваць такім чынам, практычна бясконцая. І калі сёння існаванне некаторых рэчываў ці іх уласцівасцей ужо маецца на ўвазе, то несумненна будзе адкрыта яшчэ мноства іншых, пра якія пакуль мы і не падазраём.

І тут Радзіма як ударыла — хлопец аж скалануўся, нібы ад холаду, — нечаканая здагадка: ды гэта ж не чалавек, гэта ж робат, звычайны камп'ютэр!

Насмеліўшыся, калі прафесар ішоў насустрач, Радзім падбег да яго і з усяе сілы ўшчыкнуў за руку: ці закрычыць ад болю? Прафесар не закрычаў, аднак спыніўся і няўцямнымі вачыма паглядзеў на хлопца.

— Вы што-небудзь хацелі спытаць? — нарэшце, калі здзіўленне трохі прайшло, вымавіў ён. — Вам штосьці незразумела?

Пачуўшы звычайны чалавечы голас — дык прафесар жа не камп'ютэр! — Радзім узрадаваўся.

— Ага, — хуценька, каб не перарваўся кантакт, загаварыў хлопец. — У мяне ёсць да вас пытанне. Вось вы ўсё ведаеце. У вас такая глыбокая навука. Скажыце, навошта вам мае яблыні?

— Як гэта — навошта? — разгубіўся прафесар. — Каб аднавіць зямлю. Каб выйсці, урэшце, на паверхню.

— А чаму вы не пабудуеце, не сканструюеце яблыню? Самі?

— Не атрымліваецца, — шчыра прызнаўся прафесар. — Быццам зачаравана, — і, крыху падумаўшы, дадаў: — Гэта зэмы…

Божа мой! Такі розум і такая лухта! Зэмы, ці бачылі вы, вінаватыя. Праўду на зямлі кажуць, што вялікія вучоныя ў жыцці паводзяць сябе, як малыя дзеці. Вераць ва ўсё. Дзеці вераць, бо многае не ведаюць. А яны ж усё ведаюць! І ўсё роўна вераць. А можа, якраз таму і вераць, што столькі ведаюць, што разумеюць — усё можа быць.

— Скажыце, а пад зямлёй у вас добра?

— Вельмі.

— Дык навошта вам выходзіць на гэтую скалечаную, атручаную, спечаную зямлю?

— Хлопча, — прафесар далікатна дакрануўся сваёю худою, касцістаю рукою да яго пляча і паўтарыў: — Хлопча, нічога ты ў нашым жыцці не разумееш, — крыху падумаў і дадаў: — Ведаеш, Схема-2, у якой мы жывём, канечне ж, забяспечвае нас усім, што трэба чалавеку. У нас пад зямлёю ёсць свой акіян і свая савана, сваё балота і свая пустыня, свой лес і свае рэкі. Харчуемся мы тым, што самі выгадуем, дыхаем паветрам, якое ўжо тысячы разоў прайшло праз нашы лёгкія, праз ачышчальныя сістэмы. Але ж гэты наш свет і гэтае наша жыццё — штучныя. Разумееш, мы ў сваёй краіне — заложнікі.

Прафесар задумаўся, нібыта зноў вярнуўся ў самога сябе.

— І разумееш, хлопча, — праз нейкі час загаварыў ён зноў,— што будзе з усім нашым жыццём, якое мы схавалі пад зямлю, калі раптам выйдуць са строю сістэмы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць усёй нашай Схемы-2. Уся шматграннасць нашага жыцця ператворыцца ў грудок праху, у камячок звычайнай слізі. А мы хочам не штучнага, а натуральнага жыцця.

Гэта ўжо быў паўтор — такое ён чуў раней у Зэміі.

Прафесар уважліва-ўважліва паглядзеў на Радзіма, нібы хацеў поглядам дашукацца яго душы, а затым уздыхнуў:

— Вось навошта нам, хлопча, твая яблыня.

— Даруйце, прафесар, але вы ўвесь час гаварылі пра Схему-2. А дзе Схема-1?

— А ты на ёй стаіш. Схема-1 — гэта знішчаная наша зямля…

— Навошта ж вы яе знішчалі? Вы ж самі гэта зрабілі…

— «Самі! Самі!» — раззлавана паўтарыў прафесар. — Ты ў гэтым нічога не разумееш, а таму не маеш права нас абвінавачваць…

Ён заплюшчыў вочы, замоўк — відаць, спраўляўся са сваім раздражненнем. Праз нейкі час сцепануўся, адплюшчыў вочы, разгладзіў абедзвюма рукамі штрыфелі пакамечанага картовага пінжака нейкага дапатопнага фасону, перашпіліў гузік, прайшоў каля Радзіма, вярнуўся, пастаяў ля стала і, унурыўшыся ў свае паперы, загаварыў, як і да гэтага, — спакойна і раўнадушна:

— Таму я не буду здзіўлены і ўражаны, калі аднойчы навучацца ствараць сістэмы, якія будуць мець уласцівасці жывых арганізмаў і якія ў той жа час не будуць з'яўляцца арганізмамі ў іх сучасным вызначэнні…

Прафесар зноў хадзіў з кута ў кут па колбе — хаця якія ў колбы куты! — і зноў гаварыў безуважна, абыякавым голасам, і зноў не заўважаў Радзіма.

Хлопец ужо не слухаў яго — ён ведаў, што гэтыя навуковыя тэорыі не памогуць яму прымусіць зернетка прарасці і зазелянець.

Прафесар хадзіў па пакоі, а ён, чуючы яго мерныя, спакойныя крокі, думаў пра што-небудзь сваё.

Думаў пра таля-маляў. Не можа ж быць, каб яны знарок знішчылі край зэмаў, а затым, выгнаныя з Зэміі, разбурылі, атруцілі, знявечылі і сваю зямлю. Яны ж такія разумныя — бачыш, як мудра гаворыць прафесар! — хацелі для Талямаліі зрабіць нешта добрае, а атрымалася вось такая загуба.

Самі сябе пад зямлю загналі. Не можа быць, каб яны такое і планавалі. Значыць, яны хацелі як найлепш, а нейкі нячысцік і напраўду стаяў побач і ўсю іх працу забіраў і аддаваў нягоднікам.

Успамінаў Ою. Асабліва калі заняткі канчаліся, калі выходзіў прафесар, а ён аставаўся сам-насам з канвойцамі ў гэтай халоднай шкляной колбе на нежыццёвай і няўтульнай зямлі, на якой, колькі ні ўглядайся, не ўбачыш нічога, за што можна зачапіцца воку.

Ён сумаваў без Оі і ў час заняткаў. Усё ж ім разам было весялей і цяплей. Дзе яна зараз? Што робіць? Ці саслалі яе на Жалезны Хаос, ці, можа, гаруе, дзе-небудзь на гэтай зямлі — у сваёй турме?

«Оя! Оя! — міжволі паклікаў ён. — Дзе ты?»

У той жа час далёка-далёка на небасхіле з'явілася белая крапка. Яна паволі набліжалася, расла, і ён з нецярпеннем і ў той жа час з нейкаю трывогаю чакаў яе.

Крапка, наблізіўшыся, ператварылася, як і папярэднія разы, у воблачка, яно прайшло праз шкло колбы і спынілася якраз пасярэдзіне памяшкання.

Поделиться с друзьями: