Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Талямаляўскі самалёт ужо ляцеў над імі. Мусіць, заўважыўшы іх, ён зменшыў хуткасць, а затым і зусім завіс над аэрадромам. Па станінах слізгануў пучок святла, выпушчаны з карабля…

Оя хуценька падбегла да Радзіма, схапіла яго за руку, пацягнула да станіны. Памагла яму залезці ў нейкую люльку, пасадзіла ў крэсла, што знайшлося там, і спяшаючыся націснула на кнопку. І пакуль, разганяючыся, падымалася высока ў неба гэтая станіна, ён паспеў яшчэ ўбачыць, як Оя кінулася да другой катапульты, пачала рыхтаваць і яе. І яшчэ ён помніць, што станіна паднялася дужа высока, вышэй за самалёт таля-маляў, і з усёю сілаю, нібы старажытная кідальная машына, шпурнула яго, як з прашчы, наперад, ды так моцна, што аж засвістала паветра і пачаў спераду награвацца скафандр.

А пасля ён нічога не памятае — самі сабою закрыліся вочы, і Радзім страціў прытомнасць.

У Дурбудзіі

Ачуўся ён ужо на зямлі.

Паварушыў рукою — варушыцца, зварухнуў нагою — слухаецца. І яшчэ не адплюшчваючы вачэй, узрадаваўся: значыць, жывы, не разбіўся, калі падаў на зямлю.

Адплюшчыў вочы, войкнуў і той жа час заплюшчыў іх зноў. У зрэнкі ўдарыла такое святло, што ім зрабілася вельмі балюча. Стала цёмна-цёмна, і яму нават здалося, што ён аслеп — як усё роўна хто кальнуў у вочы востраю іголкаю ці сцебануў па іх пугаю-драцянкаю.

Столькі часу прабыўшы ў поўнай цемры, вочы, канечне ж, трэба прывучаць да святла паступова, а не так, як гэта зрабіў ён: адразу ж напоўніцу адплюшчыў іх. Радзім нават уявіў, якімі вострымі — акурат цвічкі — сталі на той час яго зрэнкі. Праз нейкі час ён зноў паспрабаваў ледзь-ледзь растуліць моцна сціснутыя павекі, але і гэтага было дастаткова, каб вачам зрабілася непрыемна — святло шчодра шчамілася нават у такія вузенькія шчылінкі.

А дзе ж Оя? Ці паспела яна наладзіць сваю катапульту і своечасова націснуць на кнопку? Не маючы магчымасці агледзецца, ён, не расплюшчваючы вачэй, прыслухаўся.

Навокал стаяла даўкая, першародная цішыня. Паспрабаваў уключыць мікрафон, крыху пагукаў у яго: «Оя! Оя!», але той маўчаў. Маўчаў зусім — ні шораху, ні гуку, ні трэску. Радзім зразумеў, што скафандр хутчэй за ўсё не працуе. Ці не разбіўся ён? Павадзіўшы даланёю па шкле, пераканаўся: і праўда разбіўся — ён шапацеў увесь, як пабітае яйка…

Дык вось чаму папярэджваў яго робат, каб асцерагаўся, каб не пабіў носа, калі будзе прызямляцца. Мусіць, усе з катапульты падаюць вось так — тварам да зямлі. І каб не скафандр, відаць, дасталося б і ягонаму носу…

Радзім паволі прывучаў вочы да святла. Калі, спяшаючыся, адплюшчваў павекі крыху раней часу і больш, чым можна было, у вачах з'яўляліся цёмныя кругі, і яму даводзілася заплюшчваць іх і наноў пачынаць усё спачатку.

Вочы слязіліся ад святла, нібыта якраз промні выкрасалі слёзы, але ён усё шырэй і шырэй, не зважаючы на сонца і на кругі перад вачыма, якія па часе зрабіліся рознакаляровымі, адплюшчваў вочы і нецярпліва азіраўся — хацеў зразумець, куды ён урэшце трапіў.

Калі вочы прызвычаіліся да святла, калі яны дазволілі яму не асцерагаючыся глядзець на ўсё спрытна, хлопцу здалося, што трапіў ён у нейкі рай.

Была самая раніца.

Зялёныя-зялёныя, бучныя-бучныя дрэвы. Блакітнае-блакітнае неба. Чыстыя-чыстыя ручаі і рэчкі. Мурожная, ласкавая-ласкавая трава, ён з замілаваннем вадзіў па ёй далонямі. Цёплы, пяшчотны ветрык, да якога сама сабою горнецца кожная захаладалая на Хаосе клетачка яго цела.

І сонца, якога так многа, і яно такое ласкавае і пяшчотнае, і так мілуе душу, і тая радасна адаграваецца ад цемры і холаду, якія столькі часу студзілі яго, былі не толькі вакол, але і ў ім самім — менавіта ў душы і сэрцы. Калі і набяжыць на сонца якая-небудзь невялічкая, светлая-светлая хмарка, — яе ніхто і не заўважыць: зямля і неба астаюцца ўсё такімі ж яснымі і ўрачыстымі.

Адразу, як толькі Радзім убачыў гэта хараство, яму здалося, што вярнуўся ў родную Беларусь, — такім сваім і знаёмым здалося яму ўсё, што адкрылася вачам. Але, разглядаючы ўважлівей краявіды, зразумеў, што гэта чужая зямля, хоць на ёй вочы і знаходзяць столькі свайго, роднага.

Вунь непадалёку шумяць высокія і шырокія вадаспады — вада, зламаўшыся на самым краі, здаецца, з заміранннем сэрца — такая ж вышыня! — падае ўніз і там разбіваецца аб лабатыя мокрыя валуны на мільёны пырскаў. З другога боку пагойдваюцца выносістыя, тонкія, востралістыя бамбукавыя зараснікі, якія сягаюць аж у самае неба, — і ветру асаблівага няма, а яны, тонкія, хістаюцца вельмі прыкметна. На небасхіле горда высяцца велічныя і крыху абыякавыя да ўсяго, што вакол іх, горы — зялёныя, у траве і дрэвах, знізу і белыя, у снежных шапках, што здалёку нагадваюць аблачынкі, каля самых вяршынь.

Адагрэты шчырым сонцам, Радзім радаваўся, што ўрэшце трапіў у гэты рай. Як засумаваў ён па траве і зеляніне, па сонцу і светлыні ў невыноснай цемры і ў холадзе, сярод нежыццёвых пустэльняў, між настылага жалезнага ламачча Зэміі, Талямаліі і Хаосу!

І раптам сярод гэтай ціхамірнасці яго як уджаліла што: а дзе ж Оя? Ён азірнуўся, уважліва агледзеў вакол сябе наваколле. Нідзе нікога не было відаць. Яму зрабілася яшчэ болей трывожна — дык дзе ж яна? Няўжо не паспела катапультавацца і яе зацягнулі на драндулет?

Ён хапатліва пачаў шукаць Ою. Пабегаўшы зблізку, падаўся у бок бамбукавага гаю. Тут ужо было крыху макрэй, не так суха, як на тым месцы, дзе ён прызямліўся. Хутчэй за ўсё непадалёку пачыналася балота. Яшчэ не дайшоўшы да зараснікаў, ён нечакана пачуў нейкі шэпт. Спыніўся, прыслухаўся — непадалёку і напраўду нехта штосьці шаптаў. Радзім падышоў бліжэй.

— Выйду я за вароты, — нарэшце разабраў ён, — гляну ў чыстае поле. У чыстым полі, на сінім моры стаіць дуб. Што на тым дубе? Залатое гняздо. Што ў тым гняздзе? Вуж-вужаніца і гад-гаданіца і ўсім вужам-гадам царыца. Не будзеш ты сваіх вужоў-гадаў збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць — паспешных, крапіўных, махавых, балатавых, гнаявых, падкалодных, межавых, земляных — не будзеш ты іх збіраць, не будзеш ты ім гразу даваць. Будзе ехаць Пётр з Пярунам і з Маланнёю, Маланнёю будзе паліць. Пярунам вам будзе гразу даваць, на сінім камені галовы адсякаць. Вуж-гад, слівень-гад, гад-гадавіца, вуж-вужаніца, вазьмі сваё джала, вазьмі мой боль…

Оя — а гэта была, канечне ж, яна — прамаўляла беларускія замовы! Як звычайная вясковая цётка! І хоць ён усё пачуў і зразумеў, усё ж адсюль, не паказваючыся, спытаўся:

— Што ты там шэпчаш?

Оя скаланулася, яе напалохаў голас, але ўбачыўшы Радзіма, супакоілася:

— А, гэта ты? А мяне змяя ўкусіла. Вось я і ўспомніла вашы замовы…

Оя зноў нахілілася да нагі, прыклалася вуснамі да ранкі і пачала высмоктваць з яе яд.

— Ты ведаеш нашы замовы? — здзіўлена спытаўся ён.

— Я ведаю ваша ўсё: гісторыю і культуру, літаратуру і прыроду, геаграфію і этнаграфію, — з раздражненнем адказала яна. — Я ведаю нават, што пра нас з табою, пра нашы падарожжы і пакуты ў вашай літаратуры з'явіцца неўзабаве кніга… Але не распытвай у мяне зараз нічога. Памажы лепей.

Радзіму зноў зрабілася няёмка: дзяўчыну ўджаліла змяя, а ён стаіць, спакойна разважае пра нейкія дробязі і не спяшаецца памагаць ёй.

Ён тут жа кінуўся да Оі, падхапіў яе на рукі — сукенка знізу была мокрая, бо дзяўчына сядзела на гразкім месцы, — і панёс на сушэйшае.

Поделиться с друзьями: