Падзенне (на белорусском языке)
Шрифт:
Аднойчы мне давялося хаваць старога супрацоўнiка з Калегii адвакатаў. Гэта быў даволi нiкчэмны чыноўнiк, але я заўсёды пацiскаў яму руку. Зрэшты, там, дзе я працаваў, я ўсiм пацiскаў руку, i нават не адзiн, а два разы на дзень. Такая мiлая сардэчнасць, якая, увогуле, нiчога не каштавала, прыносiла мне сiмпатыю ўсiх, а яна была вельмi карысная майму працвiтанню. Старшыня Калегii нават пальцам не варухнуў, каб уладзiць хаўтуры нашаму беднаму таварышу па службе. А я зрабiў усё як найлепш, i гэта - напярэдаднi сваёй вандроўкi, што асаблiва ўсiмi падкрэслiвалася. Безумоўна, я ведаў, што мой удзел у пахаваннi будзе абавязкова заўважаны i сустрэне найлепшыя водгукi. Таму вы зразумееце, што нават снег, якi падаў у той дзень, не прымусiў мяне адступiцца.
Што? О не, я ўжо блiзка. Ды вы не турбуйцеся, я зусiм не адхiляюся ад тэмы. Дазвольце толькi, я спачатку закончу пра гэтую дворнiчыху. Яна лiтаральна зруйнавала сябе, аддаўшы ўсе грошы на дарагое распяцце i багатую дубовую труну са срэбнымi ручкамi, але ўжо праз месяц - вiдаць, каб паўней прачуць свае перажываннi - зблыталася з нейкiм прайдзiсветам, у якога, памiж iншым, быў даволi прыгожы голас. Гэты фат часцяком яе лупцаваў, з iх пакоя даносiўся жудасны лямант, але ўжо праз хвiлiну ён адчыняў акно i на ўсё горла спяваў свой улюбёны раманс: "О жанчыны, мае прыгажунькi!" - "Чорт ведае што!" - казалi суседзi. А чаму "чорт ведае што", папытаюся я ў вас? Ну, няхай паводзiны ў гэтага барытона гаварылi не на яго карысць, няхай у дворнiчыхi таксама. Але гэта яшчэ не даказвае, што яны не кахалi адно аднаго. Як i не даказвае, што яна не кахала свайго памерлага мужа. Прынамсi, пасля таго як прайдзiсвет раптам знiк, натамiўшы свой голас i рукi, верная ўдава пачала зноў узносiць хвалу свайму мужу-нябожчыку! Як бы то нi было, але я ведаў многа такiх, што, здавалася б, знешне жылi цiха i мiрна, але праз гэта зусiм не былi болей верныя або шчырыя. Я знаў аднаго чалавека, якi дваццаць гадоў свайго жыцця аддаў абсалютна пустой балаболцы, усiм ахвяраваў дзеля яе: сябрамi, кар'ерай i нават прыстойнасцю, - а потым аднойчы прызнаўся, што нiколi яе не кахаў. Проста яму было нудна, вось i ўсё. Ён нудзiўся, як i большасць людзей, i каб нечым заняцца, стварыў сабе такое жыццё, поўнае складанасцей i драматызму. Людзям трэба, каб нешта здаралася, i гэтым тлумачыцца большасць чалавечых канфлiктаў. Усе толькi i чакаюць, каб нешта адбылося - няхай нават рабства без кахання, няхай нават вайна, няхай смерць. I таму мы маем падставу ўсклiкнуць: няхай жывуць пахаваннi!
У мяне ж не было i гэтага апраўдання. Я зусiм не нудзiўся - я панаваў. А ў той памятны вечар, магу вам сказаць, я нудзiўся меней за ўсё. Не, праўда, я абсалютна не хацеў, каб нешта адбылося. I тым не менш... Уявiце сабе такi цiхi восеньскi вечар, калi над горадам яшчэ дзьме цёплы ветрык, а над Сенай ужо ўздымаецца вiльготная прахалода. Надыходзiла ноч, яшчэ светлае на захадзе неба змрачнела, цьмяна блiскалi лiхтары. Я iшоў па набярэжнай да моста Мастацтваў. Памiж зачыненых латкоў букiнiстаў мiгцела сваiмi хвалямi рака. На набярэжнай было амаль бязлюдна: Парыж сеў за вячэру. Я таптаў нагамi пыльнае жоўтае лiсце, якое нагадвала пра нядаўняе лета. Неба пакрысе напаўнялася зорамi. Яны загаралiся раптам, калi я адыходзiў ад чарговага лiхтара, i хутка зноў гаслi. Я ўпiваўся цiшынёю i вячэрнiм спакоем апусцелага горада. Я быў задаволены. Дзень прайшоў вельмi ўдала: мне сустрэўся сляпы, якому я дапамог перайсцi вулiцу, я здолеў памякчыць прысуд аднаму свайму падапечнаму, i той горача пацiснуў мне за гэта руку, я зрабiў яшчэ некалькi велiкадушных учынкаў i за абедам у коле сяброў вызначыўся iмправiзаванай прамовай пра чэрствасць нашых кiраўнiкоў i крывадушнасць элiты.
Я зайшоў на мост Мастацтваў, бязлюдны ўжо ў гэты час, i спынiўся, каб паглядзець на раку, якая ледзь вiднелася ў згусцелым змроку. Я стаяў тварам да статуi Генрыха IV, якраз над самай выспай, i адчуваў, як ува мне расце бязмежнае пачуццё сваёй усемагутнасцi i, я б нават сказаў, нейкай завершанасцi. Я ўжо збiраўся быў запалiць цыгарэту, як гэта часта бывае ў хвiлiну задавальнення, але раптам за спiнаю ў мяне прагучаў смех. Здзiўлены, я рэзка павярнуўся - нiкога. Я кiнуўся да парэнчаў - на рацэ не было нi чоўна, нi баркi. Я зноў зiрнуў на выспу, i зноў пачуў за спiнаю гэты смех, але цяпер ужо больш далёкi, нiбы яго зносiла плынню. Я стаяў, нерухомы. Смех цiшэў, але я чуў яго вельмi, выразна, ён ляцеў знiадкуль, з пустаты. Цi, можа быць, з хваль? Я адчуваў, як шалёна тахкае маё сэрца. Але зразумейце мяне правiльна, у гэтым смеху не было нiчога таемнага, гэта быў звычайны, добры смех, абсалютна натуральны i амаль сяброўскi, якi ўсё ставiць на сваё месца. Зрэшты, хутка ён ужо сцiх. Я спусцiўся на набярэжную i пайшоў па вулiцы Дафiн. Купiў зусiм не патрэбныя мне цыгарэты. Я быў уражаны, уражаны настолькi, што мне нават дыхалася цяжка. Вярнуўшыся дахаты, я пазванiў свайму прыяцелю, але той ужо некуды пайшоў. Я сам хацеў быў пайсцi куды-небудзь, калi раптам пачуў смех пад акном. Я адчынiў аканiцы. На ходнiках стаяла моладзь, яны весела смяялiся, развiтваючыся пасля пагулянкi. Я зачынiў акно i пацiснуў плячыма; нарэшце, мне было што рабiць - трэба было пагартаць адну новую справу. Я пайшоў у ванны пакой, каб выпiць халоднай вады. Мой адбiтак у люстры ўсмiхаўся, але мне падалося, што ў гэтай усмешцы ёсць нешта няшчырае...
Што? Ах, прабачце, гэта я падумаў пра iншае. Убачымся з вамi заўтра, дамовiлiся? Ну, значыць, да заўтрага. Не-не, цяпер я застацца, на жаль, не магу. Бачыце, вунь там мяне клiча гэткi буры мядзведзь? Я абяцаў яму даць кансультацыю. Слаўны хлопец, далiбог, а палiцыя ўвесь час да яго чапляецца, i толькi праз сваю гнюснасць i мярзотную звычку. Вы лiчыце, што ў яго пыса забойцы? Будзьце ўпэўнены, яго пыса цалкам адпавядае яго прафесii. Ён сапраўды някепскi грабежнiк, i вы здзiвiцеся яшчэ больш, калi я скажу, што гэты пячорны чалавек выдатна разбiраецца ў жывапiсе i падпольна гандлюе карцiнамi. У Галандыi ўсе спецыялiсты ў жывапiсе цi ў гадоўлi цюльпанаў. А гэты, дарэчы, нягледзячы на свой сцiплы выгляд, - аўтар сама нашумелага ў апошнi час крадзяжу. Ён украў карцiну. Якую? Можа быць, я некалi вам пра гэта скажу. Не здзiўляйцеся, што мне ўсё вядома. Хоць я i суддзя-пакаяльнiк, але i ў мяне ёсць слабая струнка: я даю юрыдычныя кансультацыi гэтым мiлым людзям. У свой час я старанна вывучыў усе тутэйшыя законы i цяпер маю добрую клiентуру ў гэтым квартале - тут нiхто не пытаецца пра дыпломы. Зрэшты, зрабiць гэта было не так ужо лёгка, але мне давяраюць. У мяне такi шчыры, прыемны смех, я ўмею так бадзёра пацiснуць руку - усё гэта вялiкiя казыры. I потым, я дапамог уладзiць некалькi даволi складаных спраў, прычым зрабiў гэта не толькi дзеля карысцi, але i па перакананнi. Бо я лiчу, што калi сутэнёраў i рабаўнiкоў будуць паўсюль i заўсёды караць, дык усе так званыя сумленныя людзi палiчаць сябе занадта невiнаватымi. А на маю думку, шаноўны пане, - адну хвiлiнку, я ўжо iду!
– на маю думку, якраз гэтага i трэба пазбягаць. Iначай усё будзе вельмi ўжо смешна.
Я сапраўды, мой дарагi суайчыннiк, шчыра вам удзячны за вашу цiкаўнасць. Але, далiбог, у маёй гiсторыi няма нiчога незвычайнага. I калi вы так ужо хочаце ведаць усё да канца, скажу, што я не доўга памятаў пра той смех, усяго некалькi дзён, а пасля - пачаў забываць. Толькi зрэдку яшчэ мне здавалася, што ён гучыць недзе ўва мне. Але найчасцей я без нiякага намагання думаў пра iншае.
I ўсё-ткi, мушу прызнацца, набярэжных над Сенай я пачаў пазбягаць. А калi мне здаралася праязджаць па iх на машыне або на аўтобусе, нешта замiрала ўва мне. Я, напэўна, чагосьцi чакаў. Але аўтобус пераязджаў цераз Сену, нiчога не адбывалася, i я з палёгкай уздыхаў. На той час у мяне крыху пагоршылася здароўе. Нiчога дакладнага, так - агульная млявасць. Але знайсцi свой звычайны гумор мне ўдавалася цяпер не так лёгка. Я хадзiў да лекараў, тыя выпiсвалi розныя лекi, каб трошкi мяне падбадзёрыць, я падбадзёрваўся, але толькi на час, i потым расклейваўся зноў. Жыццё больш не здавалася мне такiм радасным: калi цела чаўрэе, у душы пасяляецца сум. Мне здавалася, што я ўжо крыху развучыўся рабiць тое, чаму нiколi не вучыўся, але заўсёды так добра ўмеў - я маю на ўвазе ўменне жыць. Але, напэўна, менавiта тады ўсё i пачалося.
Сёння ўвечары я таксама нешта не ў форме. Нават словы не клеяцца. Дый усё атрымлiваецца, па-мойму, не вельмi пераканаўча. Гэта ўсё праз надвор'е, пэўна. Дыхаецца кепска, i паветра такое цяжкае, што проста цiсне на грудзi. Вы не запярэчыце, калi я прапаную вам трошкi прайсцiся па горадзе? Не? Ну, вось дзякуй.
Якiя ўсё ж прыгожыя каналы па вечарах! Мне падабаецца, калi з iх павявае застойнай вадою, пахам цвiлага лiсця, што мокне ў канале, i пахавальным водарам кветак, якiмi завалены баркi. Не-не, паверце, у маёй прыхiльнасцi да гэтых пахаў няма нiчога паталагiчнага. Я проста змiрыўся з iмi. Дый, сказаць праўду, я i каналамi захапляцца сябе прымушаю. А па-сапраўднаму я больш за ўсё люблю Сiцылiю - тут вы мяне разумееце, - асаблiва калi стаiш на вяршынi Этны i ўсё вакол залiта святлом, а перад табою адкрываецца ўся выспа i мора. Яшчэ люблю Яву, але толькi ў перыяд пасатаў. У маладосцi я там бываў. Дый наогул люблю ўсе выспы. На iх лягчэй панаваць.
Якi прыгожы дом, праўда? А вунь, бачыце, там дзве галавы - гэта галовы мурынаў-нявольнiкаў. Нешта накшталт шыльды. Раней гэты дом належаў гандляру рабамi. О, у той час нiхто не хаваў сваiх сакрэтаў! Дужыя былi людзi, шчыра так i казалi: "Вось мая хата, заходзьце, я гандлюю рабамi, прадаю чорнае мяса". Вы можаце сабе ўявiць, каб нехта сёння мог адкрыта прызнаць, што ён займаецца падобнымi справамi? Якi скандал! Я ўжо адсюль чую, што б сказалi мае браточкi ў Парыжы. У такiх пытаннях яны няўмольныя, яны б адразу, без усялякiх ваганняў, выдалi два цi тры манiфесты, а то, можа, i болей! Па развазе, бадай, i я б прыклаў сваю ручку. Рабства? Не-не, як можна! Мы супраць! Праўда, мы вымушаны мiрыцца з iм у сям'i цi, скажам, на заводах, але так ужо яно заведзена. Але каб хвалiцца - гэта занадта!
Я разумею, што немагчыма абысцiся без таго, каб не ўладарыць цi не мець каго-небудзь у сваiм паслушэнстве. Рабы патрэбны кожнаму чалавеку як паветра. Загадваць - значыць дыхаць, вы не згодны са мною? I нават сама абяздоленыя дыхаюць. Бо i ў чалавека, якi стаiць на сама апошняй прыступцы сацыяльнай iерархii, ёсць бацькоўская цi сямейная ўлада. Калi ж ён халасты, у яго ёсць сабака. Галоўнае, увогуле, у тым, каб магчы сварыцца, калi другi не мае права табе адказаць. "Не смей адказваць бацьку!" - вы, вядома ж, чулi такое выслоўе. У пэўным сэнсе, яно даволi дзiўнае. Каму ж тады адказваць, як не таму, каго любiш? Але з iншага пункту погляду, яно бясспрэчнае, бо нехта ж павiнен мець права на апошняе слова. Iначай любому доваду можна супрацьпаставiць iншы, i так будзе бясконца. Затое ўлада адразу спыняе ўсякiя спрэчкi. Мы патрацiлi нямала часу, каб уразумець гэтую iсцiну. I вы, напэўна, заўважылi, што ў нашай старэнькай Эўропе ўсе фiласофскiя разважаннi падаюцца цяпер проста чароўным спосабам. Мы не кажам, як у даўнi, наiўны час: "Я думаю так. Што вы можаце сказаць супраць?" Мы зрабiлiся болей празорлiвыя. Мы замянiлi дыялог паведамленнем. "Iсцiна - вось у гэтым, - кажам мы.
– Вы можаце з ёю не пагаджацца, але нас гэта не цiкавiць. Праз некалькi год вас знойдзе палiцыя i пакажа, што рацыю меў я".
Ах, мiлая наша планета! Нам усё на табе цяпер ясна. Мы ўсе знаем адзiн аднаго i ведаем, на што кожны з нас здольны. Ну, напрыклад, каб трошкi перамянiць тэму, возьмем хоць бы мяне. Я заўсёды хацеў, каб мне слугавалi з усмешкай. I калi ў маёй пакаёўкi быў засмучаны выгляд, гэта атручвала мне цэлы дзень. Вядома, яна мела поўнае права быць невясёлай. Але, на маю думку, ёй самой жа было б лепей, каб яна рабiла свой абавязак з усмешкай, а не ў слязах. Зрэшты, мне б гэта было яшчэ лепей. Але, нават нягледзячы на гэтую дробязь, мае разважаннi былi не такiя ўжо неразумныя. Кiруючыся менавiта гэтымi разважаннямi, я нiколi не хадзiў у кiтайскiя рэстараны. Чаму? Таму што, калi азiяты пры белых маўчаць, у iх заўсёды пагардлiвы выгляд. I натуральна, яны захоўваюць яго, калi абслугоўваюць вас за столiкам! Дзе ўжо тут адчуваць асалоду ад з'едзенага кураняцi цi, што яшчэ цяжэй, гледзячы на iх, захоўваць упэўненасць у сваёй праўдзе?
Няхай гэта застанецца памiж намi, шаноўны пане, але ведайце: рабства, асаблiва з усмешкай на вуснах, - непазбежна. Але адкрыта мы, безумоўна, не павiнны яго прызнаваць. Цi не лягчэй таму, хто не можа абысцiся без рабоў, назваць iх вольнымi людзьмi? Па-першае, дзеля прынцыпу, а па-другое, каб не зусiм ужо iх расчароўваць у жыццi. Трэба ж даць iм хоць такую падтрымку, праўда? Затое яны заўжды будуць нам усмiхацца, а мы захаваем сваё чыстае сумленне. Iначай цяжка нам давядзецца: пачнецца самакапанне, вечныя пакуты так мы яшчэ, чаго добрага, сцiплыя станем, чым чорт не жартуе! Таму - нiякiх шыльд! I гэтая, памiж iншым, сапраўды - проста абуральная. Дарэчы, уявiце сабе, што б здарылася, каб кожны, хто садзiўся за стол, аб'яўляў сваю сапраўдную прафесiю, га? Ды тут у каго хочаце ў галаве б закруцiлася! Уявiце сабе гэткiя вiзiтныя карткi: "Дзюпон, фiлосаф i баязлiвец", цi "хрысцiянiн i хцiвец", цi "юрлiвец i гуманiст" - тут выбар даволi шырокi. Але гэта было б сапраўднае пекла! А ў пекле, па-мойму, так i павiнна ўсё быць: вулiцы з шыльдамi, i нiякага права на апраўданне. Усё пракласiфiкавана раз i назаўжды.