Пан міністар
Шрифт:
Люба (слухае песьню). Ах гэта ён — Мікола! трэба яму адказаць! (хавае пісьмо на грудзёх пад блюзкай, бяжыць на балькон і пяе):
Дружок мой міленькі, Мікола бедненькі, твой голас для мяне моў песьня салаўя. Як чую я цябе, дрыжыць сэрца ў мяне, несупакойна ўся мая душа. Як чую голас твой, ня знаю, што са мной, страшна і соладка робіцца мне. Ты — ясны мой прамень, праговіш гора цень; шчасьце толькі з табой спазнаці я магу.На балькон згары падае кветка. Люба падымае яе і цалуе.
Люба. Дзякуй!.. (Уваходзіць з балькону на сцэну). Сама ня ведаю, што са мной, як пачую яго голас, сэрца скача ў грудзёх, а на душы робіцца неяк млосна і соладка. Не разумею, што гэта… Ах, як было-б добра, каб гэта ён быў мой дзядзенька ды сказаў мне: «Пацалуй мяне, Любачка!»… Але, што рабіць, як прыедзе цёця і забярэ мяне ізноў на вёску? Дык-жа я мусіць ніколі ўжо больш яго не пабачу! Не, пакуль што, ня буду яшчэ высылаць пісьмо да цёці, а параюся з Міколай.
Зьява 3
Люба і Мікола.
Мікола (уваходзіць). Добры дзень, панна Любачка! (Цалуе яе рукі).
Люба (пабачыўшы яго, спалохалася). Што вы зрабілі? Як вы важыліся прыйсьці!.. Хутка ўжо вернецца дзядзенька і вам ізноў прыдзецца хавацца, як тады…
Мікола. Ня турбуйцеся!.. Ваш дзядзенька сам мяне прасіў, каб я сюды прыйшоў.
Люба (страшэнна зьдзіўленая). Сам прасіў?!
Мікола. Але. Я буду яго вучыцелем беларускай мовы і сягоньня будзе першая лекцыя.
Люба. Ах, як гэта добра!.. Але як-жа ж гэта сталася? Вы-ж ня былі знаёмы з маім дзядзенькай.
Мікола. Усё гэта наладзіў мой прыяцель Скакун… А вы, Любачка, рады, што гэткім чынам будзем кожны дзень бачыцца?
Люба. Ах, я рада.
Мікола. О, мілая! (Працягвае да яе рукі).
Люба. Ах, не, не! толькі не цалуйце, бо мне неяк-так… нязручна…
Мікола. Дарагая мая! Няўжо-ж вы так ня любіце мяне, што вам навет прыкра, калі я цалую вашу ручку?
Люба. Не, я гэтага не кажу… Я наадварот… Я вас… я вам… вы мне… Ну, я ня ведаю, як сказаць!
Мікола. Скажэце мне, ці вы хоць крышачку мяне палюбіце, бо я… бо я… Да таго часу, як я вас спаткаў і адважыўся на вуліцы падыйсьці Да вас, я валачыўся ўсюды за вамі сьледам, як сабака, а вы мяне ня бачылі. Вы заўсёды хадзілі разам са сваім дзядзенькай, а я чакаў той хвіліны, калі спаткаю вас адну. І вось прычакаўся, і падыйшоў тады да вас… Але я навет не лятуцеў тады аб гэтакім вялікім шчасьці, што буду мець магчымасьць прыходзіць тут кожны дзень і бачыць вас, і гутарыць з вамі! I вось я тут, я гляджу ў вашы вочкі… о! не апускайце іх! я хачу глядзець у гэтыя зорачкі ясныя, якія завядуць мяне на загубу, або да найвялікшага шчасьця… Ну, паглядзеце на мяне! я хачу прачытаць у вашых вачох свой прысуд: ці шчасьце, ці загуба?
Люба (спусьціўшы вочы, саромліва). Калі мне сорамна.
Мікола. Любачка мая! Птушачка! Чаму салавейна, як закрасуецца вясна, не сароміцца ў кустох бэзу пяяць сваю песьню каханьня? Чаму кветкі не саромяцца напаўняць паветра сваім пахам? Чаму рэчка не сароміцца шумець хвалямі аб прыбярэжнае каменьне?.. Ці ёсьць на сьвеце штоколечы прыгажэйшае, сьвятлейшае за любоў? Што дае нам найвялікшае шчасьце, калі ня любоў. Любіць і быць любімым — вось радасьць жыцьця!.. (сумна). Але любоў бывае вялікім няшчасьцем, калі той, каго мы любім, нас ня любіць.
Люба. Але кажуць, што, каб любіцца, трэба добра пазнацца, а мы-ж яшчэ гэтак мала знаёмы.
Мікола. Дзетачка! Любоў не ўзгадоўваецца гадамі, а родзіцца раптам, мамэнтальна, як маланкай спаліць… Мігне маланка, загрыміць грымот, ударыць пярун — і зваліцца на зямлю самае магутнае дрэва… Гэтак і любоў; адзін мамэнт, адзін пагляд — і чалавек увесь загарэўся каханьнем… Як ўбачыў я вас першы раз, адразу мяне нешта ўшчаміла за сэрца, і я ў душы сваёй ня меў ужо супакою… Любачка! я-ж люблю вас, як ніколі яшчэ ня любіў; скажэце мпе адно слова, дайце мне хоць кроплю надзеі… або не! Лепш нічога не кажэце, гляньце толькі на мяне сваімі яснымі зорачкамі, а я ў іх прачытаю ўсю праўду.
Люба (ня гледзячы на яго, лёгка да яго пахіляецца). I са мной нешта гэткае самае дзеецца, як з вамі…
Мікола (абыймае яе і горача цалуе) О, Любачка! Дарагая! Адзіная!
Люба (пасьля паўзы). Я раней думала, што з кожным гэтак няпрыемна цалавацца, як дзядзенькай, але з табой… інакш…
Мікола (з ценем зайздрасьці). А дзядзенька часта цябе цалуе, Любачка?
Люба. Ен заўсёды лезе цалавацца, але я ўцякаю ад яго і крычу. Тады зьяўляецца Марта, тутэйшая кухарка, і ён спыняецца… Але мой дзядзенька дык, праўду кажучы, і ня дзядзенька, а так сабе… А я кажу «дзядзенька», бо ўжо гэтак прывыкла… Але ляпей было б, каб ён узапраўды быў мой дзядзенька, бо дзеля гэтага прыдзецца мне ізноў вярнуцца на вёску, да цёці… I тады ўжо ніколі мусіць не пабачымся!
Мікола. Любачка! Ня можа быць! Я цябе ня пушчу, я цябе нікому не аддам! (ізноў яе абыймае). Ніхто ня вырве цябе з маіх рук! Мы ўжо не растанемся і пойдзем разам праз жыцьцё, і ніколі адно аднаго не пакінем. Ці будзе добра, ці блага — але разам! А жыцьцё — гэта такая радасьць, калі побач ідзе дарагі каханы чалавек! Дык будзем адгэтуль разам цешыцца, разам плакаць, разам змагацца — ўсё разам! Добра?
Люба. Я ня ведаю… Трэба падумаць… Неяк так скора…
Мікола. Мілая! Жыцьцё такое кароткае!.. Жыцьцё — барацьба, дзе няма часу на доўгія охі ды ўздохі. Мы любім адно аднаго, дык чаго чакаць? Пажэнімся. Я бедны беларускі вучыцель, але — Бог дасьць — з голаду не памрэм. Ты будзеш хадзіць на беларускія курсы, сама станеш вучыцелькай — і вось будзем жыць ды песьні пяяць!.. Там, дзе ёсьць шчырая верная любоў, там і бяда ня страшна. Я — мужыцкае дзіця, сын селяніна, я да ўсяго прывык ты-ж таксама, здаецца, не паненка. Ну, вось… Праўду я кажу? Добра? Ты згодна, Любачка?
Люба. Добра.
Мікола (цалуе яе). О, шчасьце ты маё!.. (звоніць званок).
Люба. Дзядзенька прыйшоў! (хапае сваю пакіненую работу, бяжыць на балькон, сядае там і шые).
Мікола застаецца на сцэне, выймае з кішані кніжку.
Зьява 4
Люба, Мікола, Марта і Філімон.