Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою
Шрифт:
10. Пры такіх думках, як гэта бывае, сніліся ім і каханне, і пацалункі, і абдымкі; і што яны ўдзень не рабілі, тое рабілі ўночы: голыя ляжалі адно каля аднаго. І яшчэ больш натхнёныя падымаліся яны з надыходам дня і са свістам гналі свае статкі, спяшаючыся да пацалункаў: і, убачыўшы адно аднаго, беглі, усміхаючыся, насустрач. І, вядома, былі пацалункі, а тады і абдымкі, толькі з трэцімі лекамі яны марудзілі, ні Дафніс не адважваўся сказаць, ні Хлоя не рашалася пачаць, але выпадак і гэта зрабіў.
11. Седзячы адно пры адным каля дубовага пня, ужываючы слодыч пацалункаў, яны прагна аддаваліся раскошы. Абвівалі адно аднаго рукамі, мацней прыціскаючыся вуснамі да вуснаў. І калі Дафніс у такім абдымку больш парывіста прыцягнуў да сябе сваю Хлою, яна падалася на бок, і ён схіляецца ўслед за ёю, не хочучы згубіць яе пацалунка. І пазнаўшы ў гэтым тое, што бачылі ў сне, яны доўгі час пакоіліся доле, нібы звязаныя. Але не ведаючы, што рабіць далей, і ўважаючы гэта за вяршыню раскошы кахання, дарэмна правёўшы большую частку дня ў абдымках, яна рассталіся і пагналі назад свае статкі, злуючыся на ноч. Можа, з часам яны і зрабілі б што трэба, калі б вось які рэзрух не ахапіў усе тыя мясціны.
12. Маладыя багатыя метымненцы, якія хацелі падчас збору вінаграду павесяліцца за горадам, падрыхтавалі маленькі карабель, слуг пасадзілі на вёслы і паплылі ўздоўж мітыленскіх палёў, што падыходзілі блізка да мора. Бо гэтае ўзбярэжжа багатае на добрыя прыстані, раскошна ўпрыгожанае будынкамі; скрозь купальні, паркі, гаі: адно стварыла прырода, другое — людское ўмельства; усё цудоўнае для весялосці. Плывучы ўздоўж берага і прыстаючы то тут, то там, яны весяліліся, нікому не чынячы ні найменшага ліха, то лавілі з надморскай скалы на кручкі, прывязаныя тонкаю лескаю да доўгіх чароцін, рыбу, што вадзілася між камянёў; то з сабакамі і сеткамі лавілі зайцоў, якія ўцякалі ад гаманы ў вінаградніках. Выпраўляліся яшчэ і на птушак, лавілі ў сіло дзікіх гусей, качак і дроф, так што апроч забавы яны мелі сеё-тое і на стол. Калі ж яшчэ ў чым была патрэба, бралі ў сялян, плоцячы ім большыя грошы, чым таго цана вымагала. Але трэба былі ім толькі хлеб, віно ды начлег, бо яны ўважалі неасцярожным з прыходам восені аставацца на ноч у адкрытым моры; таму, баючыся буры ўначы, яны выцягвалі карабель на бераг.
13. Аднаму селяніну трэба была вяроўка, каб падняць угору камень, якім прыціскаюць патаптаны вінаград, бо старая вяроўка перацерлася, і ён употай прабраўся да мора, падышоў да карабля, якога ніхто не ахоўваў, адвязаў канат, панёс дадому і ўжыў на патрэбу. Назаўтра раніцаю метымнейскія дзецюкі пачалі шукаць канат, але ніхто ў крадзяжы не прызнаўся, і яны паплылі далей, палаяўшы трохі гаспадароў; адплыўшы на трыццаць стадый, яны прысталі ў тых мясцінах, дзе жылі Дафніс і Хлоя, бо раўніна выдалася ім прыдатнаю да лову зайцоў. Вяроўкі ў іх цяпер не было, каб ужыць яе як прычальны канат; яны скруцілі пярэвітку з доўгіх зялёных лазін і прывязалі ёю карму карабля да берага. Пасля гэтага, выпусціўшы сабак высочваць дзічыну, расставілі на найбольш прыдатных сцежках сеткі. Сабакі, разбегшыся з моцным гаўканнем, напалохалі коз, і тыя, пакінуўшы горныя схілы, прабеглі ладна-такі да мора; не знайшоўшы на марскім пяску нічога пагрызці, адважнейшыя з іх падышлі да карабля і згрызлі зялёную пярэвітку, якою быў прывязаны карабель.
14. А на моры ўзнялося лёгкае хваляванне, з гор падзьмуў вецер. Хваля, адплываючы, вельмі хутка падхапіла адвязаны карабель і панесла ў адкрытае мора. Як толькі заўважылі гэта метымнейцы, адны з іх пабеглі да мора, другія сабралі сабак; усе яны ўзнялі такі лямант, што, пачуўшы яго, збегліся ўсе людзі з наваколля. Але гэта ані не дапамагло, бо вецер падзьмуў з усяе моцы і карабель хутка і нястрымна адносіла плынню. Метымнейцы, страціўшы нямала дабра, шукалі, хто ж пасвіў коз; і, знайшоўшы Дафніса, пачалі яго біць і зрываць з яго адзетак. Адзін з іх, узяўшы сабачы павадок, загнуў Дафнісу рукі назад, каб яго звязаць. Але Дафніс крычаў, як яго білі, і маліў сялян аб паратунку, клічучы найперш Ламана і Дрыяса на дапамогу. І тыя, два дужыя дзяды з моцнымі ад сялянскай работы кулакамі, далі адпор і запатрабавалі справядліва разабрацца ў тым, што адбылося.
15. А таму, што на гэтым настойвалі і іншыя, то за суддзю прызначаюць Філета, валапаса: ён быў найстарэйшы з усіх тут і славіўся сярод вяскоўцаў надзвычайнаю справядлівасцю. Напачатку метымнейцы выклалі сваю скаргу, ясна і сцісла, бо за суддзю ж у іх быў валапас: «Мы прыехалі ў гэтыя мясціны папаляваць на зайцоў. Прывязаўшы карабель зялёнаю лазою, мы пакінулі яго на беразе, а самі пусцілі сабак шукаць дзічыну. Тым часам козы гэтага пастуха, прыйшоўшы да мора, зжыраюць лазу і адпускаюць карабель. Ты ж бачыў, як яго адносіла ў мора, і як ты думаеш, колькі на ім было дабра. Колькі адзення загінула, а колькі сабачай аздобы, а колькі грошай! Калі б хто меў гэтулькі, мог бы купіць тутэйшыя палі. У абмен за гэта мы настойваем забраць яго — паганага пастуха, які сваіх коз пасе каля мора, нібы марак».
16. Так выклалі метымнейцы сваю скаргу.
Пасля кухталёў Дафніс адчуваў сябе пагана, але як убачыў, што Хлоя тут, на ўсё забыўся і так сказаў: «Я сваіх коз пасу добра. Ніколі яшчэ ніводзін з вяскоўцаў не абвінаваціў мяне, што мая каза ў яго садзе ласавалася або вінаградны парастак паламала. А вось гэтыя — сапраўды паганыя лоўчыя, і сабакі іх кепска навучаныя: носячыся шалёна і злосна гаўкаючы, яны маіх коз з гор і пашаў да мора, як ваўкі, сагналі. А козы мае лазу ад'елі? Бо на пяску не было ні травы, ні сунічніку, ні чабору. А карабель знішчылі вецер і мора. Гэта — віна буры, а не коз. А там былі ўборы, грошы? Хто, маючы розум, дасць веры, што карабель з такім дабром быў прывязаны пярэвіткаю?»
17. Пры гэтым Дафніс заплакаў і моцна расчуліў сялян, так што Філет, суддзя, пакляўся Панам і німфамі, што Дафніс ані не вінаваты, гэтак жа як і яго козы, а вінаватыя мора і вецер, якія, аднак, падлягаюць іншым суддзям. Але не пераканаў Філет метымнейцаў гэтымі словамі, і яны, раззлаваўшыся, пацягнулі Дафніса, стараючыся яго звязаць.
Тут сяляне, узбунтаваўшыся, самі накінуліся на іх, як шпакі ці галкі; і хутка адбіваюць Дафніса, які і сам ужо біўся; яны лупяць палкамі метымнейцаў, і неўзабаве тыя кідаюцца ўцякаць. Яны не адставалі ад іх, аж пакуль не прагналі са сваіх на чужыя землі.
18. Пакуль тыя гналі метымнейцаў, Хлоя ціхенька адводзіць Дафніса да німфаў і асцярожна яму абмывае твар, што ўвесь быў заліты крывёю з расквашанага кухталём носа, і дае з'есці з пастухоўскай торбы лусту хлеба і кавалак сыру. Тады — што найбольш павінна было яго падмацаваць — яна абдорвае яго сваіх пяшчотных вуснаў падарункам — мядова-салодкім пацалункам.
19. Вось з якой бяды выбавіўся тады Дафніс. Але ўсё тым не скончылася, бо, калі метымнейцы з цяжкасцю дабраліся да сваіх — пешкі замест прыплысці на караблі, параненыя замест веселуноў, — яны склікалі грамадзян на сход і паклалі аліўную галінку, молячы абароны і просячы адплаты; яны не сказалі ні слова праўды, каб з іх не смяяліся з-за таго, якое ганьбы зазналі яны ад пастухоў, а мітыленцаў абвінавацілі, што тыя іх карабель забралі і іх дабро, як на полі бітвы, абрабавалі.
Метымнейцы, убачыўшы раны, далі ім веры і палічылі справядлівым папомсціцца за гэтых маладых людзей з сама знатных іх дамоў, і таму пастанавілі, не аб'яўляючы вайны, напасці на мітыленцаў; і загадалі свайму ваяводзе выправіць дзесяць караблёў, каб спустошыць іх узбярэжжа; блізка была зіма, і давяраць мору большы флот было ненадзейна.
20. Адразу ж на другі дзень ваявода з воінамі, якія заадно былі і веслярамі, выйшаў у адкрытае мора і напаў на прыбярэжныя палі мітыленцаў. І нарабаваў шмат жывёлы, збожжа, віна (бо якраз толькі што закончыўся збор вінаграду); а да таго і нямала людзей, што там працавалі. Падплыў ён і ў мясціны, дзе былі Хлоя і Дафніс; хутка высадзіўшыся, цягаў здабычу, якая там толькі траплялася.
Дафніс якраз не пасвіў коз, а ў лесе зразаў зялёныя галінкі, каб узімку карміць казлянят; убачыўшы згары напад, ён схаваўся ў дупле сухога бука; Хлоя ж была каля статкаў; ратуючыся ад пагоні, яна, шукаючы прытулку, бяжыць да німфаў, молячы імем багіняў пашкадаваць яе і тых, каго яна пасе. Але гэта было дарэмна; метымнейцы, удосталь паздзекаваўшыся са статуй, занялі статкі і пацягнулі яе, б'ючы, як казу ці авечку, лазіною.
21. Напоўніўшы караблі нарабаванаю рознаю здабычаю, яны пастанавілі далей не плыць, а вярнуцца дадому, баючыся зімы і ворагаў. І вось паплылі яны, цяжка налягаючы на вёслы, бо не было ветру; Дафніс жа, калі ўсё суцішылася, спусціўся ў даліну, дзе яны заўсёды пасвілі, і ні коз не ўбачыў, ні на авечак не натрапіў, ні Хлоі не знайшоў, а толькі поўнае разбурэнне ды кінутую сірынгу, якою звычайна Хлоя цешылася; з моцным крыкам і жаласным енкам пачаў ён бегаць то да бука, дзе яны звычайна сядзелі, то да мора, спадзеючыся яе ўбачыць, то да німфаў, да якіх яна бегла, калі за ёю гналіся. Там ён кінуўся на зямлю, вінавацячы німфаў, што здрадзілі ёй: