Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пераслед мінулага
Шрифт:

У той час, калі машына яшчэ стаяла ля двара Абрамоўскіх і бацькі збіралі дачку ў дарогу, Аляксандр знаходзіўся за пабудовай. Ён дапамагаў свайму бацьку перамяшчаць кучу дроў пад навес. Пару разоў ён адыходзіў ад працы, выглядваў з-за вугла і раўніва вышукваў вачыма таго маладога чалавека, які прыехаў за Юліяй. Але нічога не выйшла. Ён так і не ўбачыў жаніха. Аўтамабіль амаль што нячутна загудзеў і ціха звёз Юлію. Аляксандр застаўся з бясконцымі думкамі пры працы. У тыя хвіліны ён закахана думаў толькі пра дзяўчыну.

Аляксандр Лебедзеў вярнуўся з успамінаў. Стоячы ў двары, мужчына здрыгануўся, ці то ад халоднай восеньскай раніцы, ці то ад мінулага, перажытага. Ён падняў кавалак ад калодачкі, сумна паглядзеў на сырую драўніну і кінуў яе назад у кучу. Прапаў увесь настрой да працы. Мужчына вярнуўся ў хату, прылёг на рыпучую канапу, каб прабавіць час. Ён закінуў рукі за галаву і чакаў, калі наступіць хоць поўдня, каб зайсці да суседкі Юліі. Лебедзеў больш не шукаў нейкай нагоды або прычын зазірнуць да яе, усё ўпіралася толькі ў час.

Пакуль Дзмітрый Янчанка трымаўся за руль, а Аляксандр Лебедзеў думаў пра жанчыну, Юрый Люты ўжо сышоў з цвёрдай дарогі і спусціўся ў нізіну. Скончылася вясковая вуліца, праз лес працягнуліся дзве неглыбокія каляіны, якія ляглі роўнай паласой на мяккую зямлю. Юрый ішоў па іх праз рэдкі лясок тоўстых хвой, частка якіх бліжэй да ракі ляжала мёртвай. Калі пад нагамі размякла і дарога зусім знікла, пасля нядоўгай хады Юрый ступіў на шырокі бераг. Шлях яго прывёў на прыгожы прастор шырокай ракі, дзе па краях, удалечыні, над вадой вісеў густы туман. Уздоўж цёмнай люстраной роўнядзі ад халадоў згаслі водныя расліны. Надломленыя сцеблы трыснёга, чароту і мячэўніка ахапілі сабой большую частку мелкаводдзяў. Сонца ўставала справа, халодныя белыя прамяні дакраналіся да цёмнай ракі, і на вадзе былі бачны тонкія паласы мяккага дотыку, туман стаў больш выразным і мяккім. Выйшаўшы з узлеску да ракі, Юрый Люты ўбачыў тое самае месца, якое ён абраў для здымку. З боку ляжаў дуб, але да яго трэба было асцярожна падыходзіць, каб не слізгнуцца на гнілой траве або на мяккай адкрытай глебе. Юрый падабраў голую хваёвую галінку, якая выглядала трывала. Ён абламаў непатрэбныя адгалінаванні і цяпер больш упіраўся на тоўстую палку і на ацалелую нагу, чым на пратэз.

Юрый Люты асцярожна прайшоў уздоўж лесу, баючыся не заўважыць і выпадкова трапіць у глыбокую ўтоеную водную пастку. Перад ім тапталася палка, якая шукала цвёрды і бяспечны шлях. Нарэшце, Юрый дасягнуў сваёй мэты – ён дайшоў да тоўстага дуба, які бедна лёг ля зялёна-шэрага лесу. Старое дрэва ўжо даўно ляжала тут, нават ніхто не мог дакладна сказаць, калі яно ўпала. У вёсцы не засталося тых людзей, якія маглі б пра гэта расказаць. Бабры не дакрануліся да дуба, бо для іх ён быў занадта цвёрдым, куды больш ахвотна і прыемна валяць мяккую асіну, якая расла далей па беразе. Пару паваленых дрэў з вялікімі галінкамі ляжалі ў метрах ста ад дуба, ствалы амаль абмяклі ад вільгаці. Юрый Люты з цяжкасцю падцягнуў рукамі сваё цела і сеў на сухі безжыццёвы дуб спінаю да лесу, тварам да ракі. Тут пахла мокрай зямлёй і сырасцю, часам даносіўся водар хвойнага бору. Адсюль было добра відаць іншы бераг ракі, дзе за рачулкай стаяў толькі сухі рэдкі мячэўнік. Чамусьці там не рос трыснёг, з-за чаго выразна праглядаўся бярозавы пажоўклы гай. Каля берагоў па-ранейшаму радзела белая каламута пара.

Мужчына быў акружаны прахалодай, але ён нібы не адчуваў яе. У душы засталіся цёплыя, яркія ўспаміны гэтага месца, якія з болем грэлі ўсё цела. Юрый выцягнуў чорны фотаапарат з сумкі, злавіў выдатныя пейзажныя вобразы і некалькі разоў шчоўкнуў. Цяпер, калі здымкі былі зробленыя, ён мог спакойна пагрузіцца ў свае думкі. Юрый прылажыў грубыя далоні да дуба і ўспомніў пра жонку. Ларыса любіла гэтае месца і гэтае дрэва. У цёплае надвор'е яна часта прыходзіла сюды пасля вайны. Часта брала Юрыя з сабой, каб ён лячыў сябе ад наступстваў ваенных успамінаў, ад пакутлівых адчуванняў мінулага. Трэба было жыць далей. Побач з Ларысай на гэтым дубе Юрый знаходзіў у сабе бадзёрасць, любоў, клопат, упэўненасць і сілы жыць мірным жыццём. У апошні раз ён быў тут з жонкай некалькі гадоў таму, у восень, падобна гэтаму дню, калі бярозы калыхалі свае жоўтыя пасмы. Юрый трымаў яе далікатныя пальчыкі і гаварыў з ёй пра прыемнае. Незабыўныя ўспаміны былі прыгожымі і плыўнымі, але яны абпальвалі сэрца. Праз столькі гадоў, праз самотнае жыццё, адклікалася жаданне быць побач з ёй, з жонкай. Цяжка было Юрыю, здавалася, што пейзаж ужо не быў такім жывым і сапраўдным: ні рака, ні расліны, ні святло, ні неба – без Ларысы ўсё стала халодным і чужым. Ад набягаючай самоты не хацелася тут больш заставацца. Яму захацелася пакінуць бераг і вярнуцца ў вёску.

Юрый слёз з дрэва і агледзеўся, як быццам на доўгую развітваўся з гэтым месцам. Ён напаследак агледзеў усё сваё асяроддзе. Магчыма, ён яшчэ вернецца сюды зноў. Але калі? Ён не мог адказаць сабе на гэтае пытанне. Незнарок, паварочваючыся, Юрый зірнуў на бярозы, на другі бок ракі і заўважыў там дробны рух. Мужчына спыніўся, выразней зірнуў, прыгледзеўся. З нізкага туману, да адкрытага берага выйшла рудая стройная казуля. Яна падышла да вады, зрабіла пару глыткоў, затым трошкі адышла назад і замерла. Юрый павольна падняў фотаапарат, каб не спужаць прыгожую жывёліну. Казуля вадзіла вушамі, падняла пярэднюю канечнасць, нібы наўмысна пазіравала фатографу, затым паглядзела на мужчыну і тут жа палахліва скакнула ў бел-чорны лес. Юрый яшчэ пару хвілін заставаўся стаяць побач з дубам моўчкі гледзячы наперад, як бы спадзеючыся, што жывёла вернецца.

"Пара дадому!" – падумаў ён і цяжка пакрочыў да дарогі. Калі Юрый дабіраўся да лясной каляіны, ён адчуў раптоўную слабасць і нежаданы сум. Халодныя дрыжыкі прабегліся па ўсім целе як маланка. На секунду ў вачах пацямнела, кіслява запахла новымі алейнымі фарбамі. Юрыю хацелася прыпасці да зямлі, але ён толькі працёр вочы і прымусіў сябе выйсці да лясной дарогі. Такая слабасць здароўя з ім здарылася ўпершыню. Гэта палохала мужчыну, нібы нешта жудаснае гнала яго хутчэй пакінуць бераг. Ён супраціўляўся дрэннаму самаадчуванню і супраціўляўся старасці. Адчуваючы страх і не адчуваючы халодны пот на лбе, Люты дайшоў да дарожнай каляіны і ўвайшоў у лес. І адразу яго неакуратнасць і спешка прывялі да яшчэ большай раздражняльнасці. На час забыўшыся аб мяккай паверхні і слізкай глебе пад нагамі, паспешлівы Юрый страціў раўнавагу і ўсім целам упаў на дол. Гразь пацягнула нагу, цела прызямлілася на бок і на правую руку. Юрый паваліўся на сыры лясны абрус і адчуў ціск і шум у галаве. Ён пацягнуўся да таблетак, якія заўсёды насіў з сабой. Не гледзячы, выціснуў адну таблетку з пласцінкі, закінуў у рот і праглынуў. Мужчына аслабеў, ляжаў, не спяшаўся ўставаць, перастаў сябе падганяць. Ён цяжка глядзеў на воблачнае неба і стройныя зялёныя вяршыні хвой, якія быццам краналіся аблокаў. Хацелася загінуць ад слабасці духу. Нават фантомны боль, што ўдарыў у галаву ў момант падзення, ужо не дастаўляў злосці. Ён аціхне разам з агідным цяжкім галаўным шумам, калі падзейнічае таблетка. Знаходзячыся на зямлі, Юрый глыбока задумаўся. На імгненне яму здалося, што ён чуе далёкія і знаёмыя галасы гармат. Стала немагчымым не ўбачыць успаміны вайны, якія вырваліся з памяці.

Ішоў другі месяц крывавай вайны. Была раніца. Красавік. Да лясных траншэяў, бліжэй да лініі фронту, перакінулі некалькі салдат, сярод якіх быў малады сяржант Люты. Юрый толькі нядаўна атрымаў гэтае званне сяржанта за подзвіг у пякельным баі, і цяпер ён больш упэўнена адчуваў сябе сярод радавых. У хвойніку стаяла нестабільная цішыня, зрэдку прабіваліся адзінокія далёкія воплескі аўтаматаў і гаўбіц. Для перадыслакаванага атрада былі пастаўленыя задачы: выцягнуць параненых пасля начных бітваў, а таксама даставіць боекамплект пяхоце, якая трымала перыметр у стратэгічна важным сяле Студзічы. Без запаволенняў, каманда ў цёмных камуфляжах рушыла ў дарогу. Ішлі па сырой траншэі, выйшлі з лесу да палёў, далей вузкія акопы. Сустракалі стомленых салдат: хтосьці стаяў на пасту перад брустверам, хтосьці седзячы спаў у адкрытых шырокіх праходах, а хтосьці незадаволена смаліў. Было холадна, учорашняя дзённая імжа пакінула пасля сябе непрыемныя адбіткі вільгаці. Салдаты ішлі па вязкай глебе, па земляной густой кашы. Ногі грузлі, чаравікі прыліпалі і хутка пакрываліся тоўстым пластом бруду. У момант ходу даводзілася падымацца на паверхню, перабягаць у іншыя траншэі. Жылі з надзеяй, што падчас пераходу вораг не заўважыць руху і не прыстрэліць снайпер.

Усё бліжэй падбіраўся фронт. За спінамі салдат цяжкі груз, у руках аўтаматы, на галаве каскі. Сяржант Люты знаходзіўся ў цэнтры рухаючай групы. За ім было двое, а наперадзе ішлі больш вопытныя салдаты і старшы лейтэнант. Трывожна грукатала сэрца, яно адганяла сваім стукам усю стомленасць. Цяжка, няхай і павольна, але група прабіралася да мэты. Частка невялікага ляснога масіву, якая пачыналася і заканчвалася ўздоўж палёў, абстраляная варожай артылерыяй, ужо заставалася ззаду, цяпер адкрываўся шырокі ўчастак голай зямлі. Наперадзе толькі голае чорнае поле, пакрытае глыбокімі варонкамі, а за ім, то самае вялікае сяло, дзе чакалі эвакуацыі параненыя салдаты.

У полі пахла халоднай зямлёй, ранняй вясной, нібы ўчора мяккую цёмную глебу ўзаралі плугам. Ідучы па вузкай траншэі, сяржант Люты хціва дыхаў, рыхтуючы сябе да цяжкасцяў, уяўляў, які яго чакае бой. Ён глядзеў з спачуваннем і смуткам на салдат, якіх сустракаў на шляху. Ён не хацеў, каб нехта з іх не вярнуўся дадому. Як толькі поле скончылася, атрад дабраўся да цагляных руін, да першых разбураных дамоў, ад якіх амаль нічога не засталося. Салдаты аглядзеліся. Траншэя тут скончвалася лёгкім невялікім уздымам да паверхні. Застаўся адзін рывок, трэба было перабегчы частку сяла да бліндажу. Салдаты расцягнуліся перад выхадам на шырокай частцы траншэі, адкуль кожны мог убачыць, што чакала іх наперадзе. Пад шэрым пустым святлом не было ніводнай жывой пабудовы. Паўсюль ляжала колатая белая цэгла і бытавыя рэчы, якія калісьці разляцеліся ад снарадаў. Юрый не адразу разгледзеў сярод разбурэнняў бяздушныя целы цывільных, што ляжалі па ўсёй вуліцы нібы лялькі. Ён ніколі яшчэ не бачыў такой жорсткасці. Трупамі была асыпаная сельская вулачка. Дарослыя і дзеці ляжалі ў гразі з чамаданамі ля згарэлых машын. Вораг адступаў, уцякаў рассыпаючы кулі па мірных людзях. Узрываў усё, не пакідаючы нічога пасля сябе. Тырчалі кавалкі плоці пад цаглянымі плітамі, тых, хто спрабаваў схавацца ад варожых салдат, ад беглай бамбардзіроўкі. Сінія твары перадавалі жах вайны. У гэты момант Юрый Люты не думаў пра сябе, ён напружана думаў пра свой пасёлак. Яму хацелася верыць, што ён ацалеў, што вораг не пайшоў да балот, а абышоў іх. Няхай у Борках і прайшла эвакуацыя, але за роднае месца было трывожна. Сяржант Люты пазіраючы наперад, трывожыўся за бацькоў. Цяжка, балюча было думаць пра жонку і дзіця ў такія хвіліны. Варожыя ракеты ляталі па ўсёй краіне.

Хай з гэтага сяла быў выбіты вораг, але яно ўсё яшчэ моцна абстрэльвалася, і вывезці мёртвых цывільных было цяжкай задачай. Карціна, дзе жыццё ператварылася ў разваліны, не пакідала абыякавасці – нарастала імкненне перамагчы гэты кашмар, адпомсціць за ўчыненае, за пакуты.

Скрозь нежывое пралягала сцяжынка да патрэбнага акопу. Салдаты, згорбіўшыся, сагнуўшыся, адзін за адным, па камандзе шустра перабягалі сцежку. Яны беглі хутка, як цені, і паляцелі па іх варожыя кулі. У адно імгненне ад стральбы ўсе салдаты ачуліся, сапраўдны страх ускалыхнуў іх душы. Юрый бег за сваімі, маячыў позіркам, спрабаваў абхапіць вачыма сваё асяроддзе. Сцежка абрывалася шырокай ямай, і, калі ўсе кінуліся ў варонку, каманда адразу ж апынулася ў патрэбным акопе і адразу ж накіравалася да бліндажу. У гэтыя хвіліны сяржант Люты нібы адключыўся ад вайны, яго захапіла важнае пытанне: "Можа, мне здалося?"

Поделиться с друзьями: