Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– Яго няма дома. Нiкога няма.
– Не ведаеце, дзе я магу яго знайсцi?
Пытанне, мусiць, было настолькi недарэчнае, што Мэгрэ нават не ўдастоiлi адказам.
– А Люсiль?
– Хiба яна не ў "Пеўнiку"?
Мэгрэ зноў выдаў сябе i адразу ж выклiкаў насцярожанасць. Калi ён не ведаў нават, дзе шукаць Люсiль, то што яму тут трэба?
"Пеўнiкам" называлася адна з дзвюх кавярняў на рагу авеню дзю Ваграм. Вялiкiя прасторныя тэрасы. Там сядзела некалькi самотных жанчын, i Мэгрэ ўлавiў пэўную рознiцу памiж гэтымi жанчынамi i тымi, што палявалi на рагу вулiцы Брэй. Меўся яшчэ адзiн гатунак - тыя, што няспешна прагульвалiся да плошчы Этуаль, потым крочылi да плошчы Тэрн, прыпыняючыся ля стракатых вiтрын крамаў, - гэтых кабет лёгка было прыняць за звычайных мяшчанак, што выйшлi на прагулянку.
Ён пашукаў вачыма жанчыну з рубцом на шчацэ. Такой не было. Тады Мэгрэ загаварыў з афiцыянтам.
– Люсiль няма?
Той хуткiм позiркам акiнуў прысутных.
– Сёння я не бачыў яе.
– Як вы думаеце, яна яшчэ прыйдзе? А графа вы таксама не бачылi?
– Я ўжо тры днi не абслугоўваў iх.
Мэгрэ адправiўся на вулiцу Акацый. Гараж па-ранейшаму быў на замку. Шавец з камяком жавальнага тытуню за шчакой таксама паглядзеў на Мэгрэ так, нiбыта ён задаваў выключна недарэчныя пытаннi.
– Здаецца, сёння ранкам яго аўтамабiль выязджаў з гаража.
– Шэры? "Дыён-бутон"?
Для чалавека, якi жаваў тытунь, аўтамабiль ёсць аўтамабiль, ён не глядзеў на марку.
– Не ведаеце, дзе я магу яго знайсцi?
– I Мэгрэ здалося, што ў голасе чалавека, якi сядзеў у засенi сваёй майстэранькi, прагучала нават нотка шкадавання:
– Дык, даражэнькi, мая ж справа - чаравiкi ды туфлi...
Мэгрэ вярнуўся на вулiцу Брэй, падняўся наверх, пастукаў у пакой 32, але нiхто не адказаў яму. Тады ён зноў зашпацыраваў ад "Пеўнiка" да плошчы Тэрн, паварачваючы галаву ўслед жанчынам i заглядваючы кожнай у твар у пошуках рубца, пакуль праз гадзiну яго, у рэшце рэшт, не прынялi за клiента, якi нiяк не можа адважыцца на выбар.
Час ад часу яго апаноўвала трывога. Ён папракаў сябе, што толькi дарэмна марнуе тут час, а дзесьцi ў iншым месцы, магчыма, адбываецца нешта вельмi важнае. Ён паабяцаў сабе, як толькi надарыцца вольная хвiлiна, паблукаць ля офiса "Бальтазар", потым упэўнiцца, што Элiз Жандро па-ранейшаму ў "Атэль дзю Луўр", i хоць трошкi паназiраць за тым, што дзеецца на вулiцы Шапталь.
Але што трымала яго тут? Ён бачыў, як самавiтыя мужчыны, апусцiўшы галаву, шмыгалi ў гатэль на вулiцы Брэй - быццам нехта ўтузваў iх туды за нябачную вяроўку. Ён бачыў, як яны выходзiлi, яшчэ болей прысаромленыя, з занепакоенасцю ў позiрках, як яны похапкам адольвалi бязлюдную паласу, што аддзяляла iх ад натоўпу, у якiм яны нарэшце зноў набывалi ранейшую ўпэўненасць. Ён бачыў, як жанчыны на нядоўгi час прапаноўвалi раздзялiць з iмi зняты пакой.
Ён абышоў усе бары. Яму прыйшло ў галаву ўзяць прыклад з флейтыста, i ён заказаў лiманаду, але лiманад яму не спадабаўся, i гадзiн у пяць пасля паўдня ён прыняўся за пiва.
Ва ўсiм квартале з канца ў канец ён натыкаўся на глухую сцяну замоўчвання. Толькi ў пачатку сёмай нехта здзiвiўся, калi ён запытаў пра Дэдэ:
– I на скачках яго няма? А ён што, дамовiўся з вамi сустрэцца?
Люсiль таксама нiдзе не было. У рэшце рэшт, ён падышоў да адной з жанчын, якая здалася яму найбольш згаворлiвай, i запытаў яе пра сяброўку графа.
– Можа, яна ў водпуску?
Ён не адразу зразумеў. Яму рассмяялiся ў твар.
Разоў чатыры ён намерваўся пайсцi адтуль. Ужо нават накiраваўся да метро, спусцiўся на некалькi прыступак, але завагаўся, i вярнуўся.
I вось, калi было ўжо трошкi за палову восьмай, а ён усё хадзiў, разглядваючы прахожых, ягоны позiрк выпадкова адхiлiўся, слiзгануў па спакойнай вулiцы Тыльзiт. Ля тратуара, мiж выстраеных уздоўж яго фiякраў, стаялi карэта шэфа i - проста насупраць Мэгрэ - шэры аўтамабiль, марка i нумар якога так i кiнулiся ў вочы.
Гэта быў аўтамабiль Дэдэ. У iм нiкога не было. На рагу вулiцы перамiнаўся паставы палiцэйскi.
– Я з камiсарыята квартала Сэн-Жорж. Прашу вас, акажыце мне паслугу, калi ласка. Цi не маглi б вы па якой-небудзь прычыне затрымаць уладальнiка гэтага аўтамабiля, калi той вернецца i збярэцца ад'язджаць?
– Вашы дакументы?
Нават палiцэйскiя ў гэтым квартале - i тыя не давяралi яму! Гэта быў час, калi ўсе рэстарацыi i кавярнi былi перапоўнены. Раз Дэдэ няма ў "Пеўнiку", яму нядаўна зноў пацвердзiлi гэта, - то ён, вiдавочна, вячэрае дзесьцi ў iншым месцы. У забiтай людзьмi забягалаўцы, куды Мэгрэ ткнуўся, мiмаходзь кiнулi:
– Дэдэ?.. Не ведаю такога...
Яго не ведалi i ў пiўной, размешчанай непадалёк рэстарацыi "Ваграм".
Двойчы Мэгрэ хадзiў правяраць, цi стаiць шэры аўтамабiль на месцы. У яго нават узнiкла жаданне для пэўнасцi пракалоць шыну сцiзорыкам, але прысутнасць паставога сержанта, якi быў шмат вопытней за яго, стрымала.
I вось ён штурхнуў дзверы ў маленькi iтальянскi рэстаранчык. I задаў сваё нязменнае надаеднае пытанне:
– Вы не бачылi графа?
– Боба?.. Нi ўчора, нi сёння...
– А Дэдэ?
Невялiкая зала, чырвоныя аксамiтныя канапкi. Усё выглядала даволi элегантна. У глыбiнi рэстарацыi невысокая пераборка аддзяляла ад залы невялiкi кабiнет, i Мэгрэ ўбачыў, як у дзвярах яго ўзнiк мужчына ў клятчастым гарнiтуры. У вочы кiнуўся незвычайна яркi колер твару i светлыя валасы, разгорнутыя на прабор.
– У чым справа?
– спытаў ён, звяртаючыся не да Мэгрэ, а да гаспадара рэстарацыi, якi стаяў за стойкай.
– Ён пытаецца графа альбо Дэдэ...
Мужчына ў гарнiтуры ў клетку з набiтым ротам i салфеткай у руцэ зрабiў крок уперад. Ён паволi зусiм блiзка падступiў да Мэгрэ i прыняўся спакойна разглядваць яго.
– Ну?
– запытаўся ён.
А так як Мэгрэ не ведаў, што сказаць, дадаў:
– Дэдэ - гэта я.
Мэгрэ нарыхтаваў тысячу варыянтаў сваiх паводзiн на выпадак, калi ён, нарэшце, апынецца ў прысутнасцi гэтага чалавека, але цяпер ён раптам вырашыў весцi сябе зусiм па-новаму.
– Я толькi ўчора прыехаў, - няўклюдна прамовiў ён.
– Адкуль?
– З Лiёна. Я жыву ў Лiёне.
– Вось як? Цiкава!
– Я шукаю аднаго майго сябра, таварыша па вучобе...
– Ну, у такiм выпадку гэта напэўна не я.
– Гэта граф д'Ансеваль... Боб...
– Вось як!
Дэдэ не ўсмiхнуўся. Ён прыцмокнуў, задумаўся.
– I дзе вы шукалi Боба?
– Ды ўсюды. У гатэлi яго не аказалася.
– Ну, вядома, ён жа даў вам адрас гатэля, яшчэ калi вы вучылiся ў калежы!
– Мне даў яго адзiн наш агульны знаёмы.
Дэдэ падаў ледзь прыкметны знак бармэну.
– Ну што ж! Раз вы сябар Боба, прашу вас выпiць з намi чарку. У нас сёння якраз маленькая сямейная ўрачыстасць.
I ён знакам запрасiў яго ў кабiнет. Стол быў ужо накрыты. У срэбным вядзерцы ў лёдзе халадала шампанскае. Паблiсквалi фужэры, жанчына ў чорным сядзела, узлокцiўшыся на стол, мужчына з перабiтым носам i бычынымi вачыма павольна падняўся i застыў у позе баксёра, што прыгатаваўся да раўнда.