Плацiнавы абруч
Шрифт:
Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховiшча. «Гэта мая начная туга ў бурлiвае надвор'е — ад хвалявання стыхiй у прыродзе, як правiльна тлумачыць Гэ-Гэ, — разважаў ён. — Бо я — увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калi мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, i няма больш таго, чым я валодаю, i не трэба большага жадаць». А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросцiў Плацiнаваму Абручу: «Я ж магу i сам зрабiць тое, што захачу цi што будзе неабходна, я — Аквiла Рэгiя, непераможны i найвялiкшы, — iнакш што ж я за „непераможны i найвялiкшы“, калi толькi i прашу дапамогi ў нейкага абруча?»
Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, i тады… Цяжка было ўявiць, што будзе тады…
15
Бяссоннiца прыходзiла часам i ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную цiхую пагоду, калi па зямлi разлiвалася цёплая млявасць i свет шчаслiва замiраў, быццам упiваючыся сваёй бязмежнасцю i дасканаласцю, i зоркi гарэлi асаблiва блiзка i ярка. Магутны Арол запiраўся ў адным з самых аддаленых пакояў i сюды-туды крочыў там у адзiноце, знемагаючы ад хворых дум i незразумелых жаданняў. У гэтыя хвiлiны ён ужо не лiчыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасцiпнасцi i мудрагельства Гэ-Гэ здавалiся яму пустой балбатнёй. I вось, калi туга ўжо пагражала перайсцi ў роспач, ён выклiкаў Аракульку, i яны гутарылi.
— Што такое жыццё? — пытаўся ён, i яна адказвала:
— Жыццё — гэта рух.
— Ад чаго да чаго?
— З аднаго месца на другое.
На такiя тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай — яшчэ нi разу падобная размова не прыносiла супакаення. Але слухаць гадкую лiслiвасць i пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.
— Што рухае?
— Неабходнасць.
— Адкуль неабходнасць?
— Ад жаданняў.
— Адкуль жаданнi?
— Ад неабходнасцi рухацца.
— Дзе ж тут пачатак i дзе канец?
— Няма нi пачатку, нi канца.
— А смерць?
— Смерць — вяха.
— Што пасля?
— Цемра.
— Ах! — усклiкнуў аднойчы Магутны Арол. — Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. I калi смерцi не будзе…
— Будзе, — прагучаў адказ.
— Але я магу стаць бессмяротны!
— Жывы труп…
— Пайшла вон!
Ранiцай ён раiўся са Строгiм Сарычом, i той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталi горш выглядаць.
— Так нядоўга i да хваробы…
— Што ж, — усмiхнуўся Магутны Арол, — па-твойму, я магу памерцi?
— Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасцi лепшыя на свеце.
— Лекары, — паўтарыў Магутны Арол i паморшчыўся.
— Можа, — спачувальна сказаў сябра i дарадчык Строгi Сарыч, — Вашай Недаступнасцi неабходна было б на час адкласцi справы, гэтыя бясконцыя клопаты…
— Што ты называеш «на час адкласцi справы»?
— Паляванне! — Вочы Строгага Сарыча загарэлiся. — Паляванне — найвялiкшая асалода! За тым вунь цёмным лесам ёсць дзiвосныя паляны, i пасецца там мноства разнастайных чатырохлапых. Ваша Недаступнасць маглi б загадаць…
Праз дзень вылецелi. Акрамя Магутнага Арла, Старэйшага Сокала i Строгага Сарыча, тут былi яшчэ Спрытны Каршун, Гэ-Гэ i Элегантны Сакол-Каршачок, i ўсю групу эскартавалi стройныя чароды шулёнкаў, цювiкаў i канюкоў.
Паляванне было надзвычайнае. На палянах сапраўды пасвiлiся i адпачывалi шматлiкiя статкi разнастайнай жыўнасцi. Узлятаў i каменем падаў на ахвяру Строгi Сарыч, бясшумна наскокваў Спрытны Каршун, кiдаўся Старэйшы Сокал, лютаваў Элегантны Сакол-Каршачок. Але найвышэйшае майстэрства паказаў, вядома, сам уладар. Ён быў нястомны, iмклiвы, дакладны, грозны i статны. Ахвяра супрацiўлялася яму адзiн толькi мiг i адразу ператваралася ў крывавыя шматкi. Ён адзiн разарваў не менш за сотню трусоў i павалiў каля пяцiдзесяцi ланяў i коз. Галоўным у яго здзiўляючым таленце было — раптоўнасць. Стрымгалоў кiдаўся ён на цэль, свiдраваў яе позiркам, збiваў з ног, i ў наступнае iмгненне дзюба, кiпцюры i крылы завяршалi работу.
Эскорт, разбiўшыся на атрады, шнырыў па ўсiм лесе, шыпеннем i клёкатам выганяючы звяроў на паляну, а там дзейнiчалi нястомныя паляўнiчыя. Пабоiшча цягнулася некалькi гадзiн, i да полудня ўся паляна была завалена трупамi. Стомленыя байцы сядзелi на ўзлеску i цiха гутарылi. Гэ-Гэ, якi не прымаў удзелу ў мерапрыемстве праз сваю ляноту, да таго ж ён баяўся крывi, мiрна кiнуўся ў фiласофiю, на ўсе лады расхвальваючы талент свайго пана, i падводзiў пад культ вiдовiшчаў маральную аснову. I толькi Магутны Арол маўчаў. Ён не стамiўся, адчуваў у гэты час лёгкасць i супакой, нiбы выпiў цудадзейнага лякарства або памаладаеў на некалькi гадоў. «Вось, — думаў ён. — Можна, значыць, абысцiся i без Абруча…»
У лесе стаяла цiшыня. Пакрысе надыходзiў вечар; знiжанае сонца разбiвалася аб дрэвы; ад ракi цягнула прахалодай.
З гэтага дня паляваннi наладжвалiся часта.
16
Настаўнiк выключыў эвальвентар, бо першы з яго падапечных быў надзвычай узбуджаны, а другi адвярнуўся ад экрана.
— Мы хочам асвоiць планету Хi, — прамовiў Настаўнiк. — Такая галоўная мэта?
— Так, — прашаптаў Першы. — Ты ведаеш…
— Вы бачылi, як прыблiзна гэта робiцца.
— Так…
— У такiм разе што цябе прыгнятае?
— Я нiколi не бачыў, як гэта робiцца…
— Паляванне наладзiў былы лон, — з невясёлай усмешкай заўважыў Другi. Па-твойму, ён наш папярэднiк?
— Мы не ад лонаў! — з роспаччу запярэчыў Першы.
— Хто гэта даказаў?
— Настаўнiк нагадаў, што падабенства формаў…
— Настаўнiк гаварыў таксама пра спецыфiчныя токi Хi…
— У такiм выпадку я гэта даказаў, я! Нашы лоны вымерлi! Мой вучнёўскi эвальвентар адзначыў гэта дакладна!
— Ты сказаў, што ён быў недасканалы, некалькi стадый прамiльгнула.
— Не трэба такiх спрэчак! — строга вымавiў Настаўнiк. — Яны не памогуць нам.
— Хi — дзiкая планета! — не могучы супакоiцца, гаварыў далей Першы. — Наш эвальвентар працуе па нашай лагiчнай схеме. А логiка Хi…
— Табе дзiўна, што iх лоны сталi птушкамi?.. Не дае табе супакою Спiу.
— Яны на гэтай планеце маглi б стаць кiм хочаце!
— А мне падыходзiць гэта планета, — задумлiва сказаў Другi. — Так i здаецца, што я дома. Амаль адэкватныя ўмовы.
— Ты ўвесь час забываеш, што падабенства формаў…
— У нас урок, — сказаў Настаўнiк. — Урок патрабуе ўвагi, глыбокага разумення сутнасцi матэрыялу i пранiкнення ў яе. Мы даследуем нiжэйшых i пакуль што толькi з гэтага павiнны рабiць вывады.
— Я хачу бачыць вышэйшых! — упарцiўся Першы.
— Ты iх ужо бачыў, - адказаў Другi.
— Тыя тры на беразе?
— Урок не скончаны! — Голас Настаўнiка быў суровы, i спрэчка спынiлася.
«I зноў замiльгаў экран, — пiша Пасвячоны, — i жахлiвы iх урок працягваўся…»