Планета людзей
Шрифт:
— Разумееш… у мяне ж не было чаго есцi, i на трэцiя суткi хады… маё сэрца пачувалася не надта добра… I вось аднойчы караскаюся я па амаль вертыкальным схiле, — пада мной урвiшча, прорва, выбiваю ў снезе ямкi, каб уперцiся кулакамi i падцягнуцца — i тут сэрца церпiць аварыю. То сцiхне, то зноў заб'ецца. Ды няўпэўнена, няроўна. Адчуваю — памарудзь яно яшчэ секунду i я сарвуся. Замiраю i слухаю яго, слухаю. Нiколi, чуеш, нiколi ў самалёце я не адчуваў сябе такiм залежным ад матора, як за гэтыя некалькi iмгненняў адчуў залежнасць ад свайго сэрца. Я ўгаворваю яго: „Ну, яшчэ адно намаганне! Пастарайся яшчэ…“ Але сэрца аказалася што трэба! Павагалася, павагалася трошкi, потым зноў застукала роўна… Каб ты ведаў, як я iм ганарыўся!
Задыхаючыся, ты нарэшце засынаў. А я сядзеў там, у Мендосе, ля тваёй пасцелi i думаў: калi б з Гiёмэ загаварылi пра яго мужнасць, ён толькi пацiснуў бы плячыма. Але i ўсхваляць ягоную сцiпласць было б маной. Ён вышэй гэтай пасрэднай вартасцi. А пацiсне плячыма таму, што ўмудроны вопытам. Ён ведае: людзi, якiх спасцiгла катастрофа, ужо не баяцца. Людзей страшыць толькi невядомасць. А калi чалавек сутыкаецца з небяспекай твар у твар, яна перастае быць несвядомасцю. Асаблiва ж калi сустракаеш яе з такой цвярозай засяроджанасцю. Мужнасць Гiёмэ гэта перш за ўсё праяўленне ягонай сумленнасцi.
Ягоная сапраўдная годнасць зусiм не ў гэтым. Яго велiч — у адчуваннi адказнасцi. У адказнасцi за самога сябе, за пошту, за надзеi таварышаў. Ён трымае ў сваiх руках i iхняе гора, i iхнюю радасць. Ён у адказнасцi за ўсё, што ствараецца там, сярод жывых, у стварэннi чаго павiнен прыняць удзел i ён. Ён у адказе за лёс чалавецтва — бо ён залежыць i ад яго працы.
Ён з тых шырокiх натур, якiя, падобна вялiкiм аазiсам, здольны шмат што ўмясцiць i даць прытулак у сваёй засенi. Быць чалавекам якраз i азначае быць адказным за ўсё на свеце. Гарэць ад сораму за галечу, хоць мо яна i не па тваёй вiне. Ганарыцца перамогай, якую атрымалi таварышы. Адчуваць, закладваючы ў фундамент камень, што ты памагаеш будаваць свет.
Гэткiх людзей часам блытаюць з тарэадорамi цi iгракамi. Ухваляюць iх пагарду да смерцi. А мне чхаць на пагарджанне смерцю. Калi каранi яго не ва ўсведамленнi адказнасцi, то гэта ўсяго толькi адмета духоўнай беднасцi альбо занадтай палкасцi маладзёнаў. Мне прыгадваецца адзiн юны самазабойца. Не ведаю ўжо, якая няшчасная любоў штурхнула яго на гэта, але ён акуратна выпусцiў сабе кулю ў сэрца. Не ведаю, пад якога лiтаратурнага героя падстройваўся ён, нацягваючы перад гэтым белыя пальчаткi, але помню — ад гэтага вартага жалю тэатральнага жэсту на мяне павеяла не высакароднасцю, а галечай. Так, за гэтымi прывабнымi рысамi твару, у галаве, дзе павiнен быў мясцiцца чалавечы розум, не мелася нiчога, анiчога. Толькi воблiк нейкай дурнiчкi, якiх на свеце процьма.
У роздуме над гэтым незайздросным лёсам мне прыгадалася iншая смерць, сапраўды вартая чалавека. Смерць аднаго садоўнiка, якi казаў мне:
— Ведаеце… часам, было, капаю, — а сам потам аблiваюся. Рэўматызм дапякае, ногi баляць, кляну, было, гэтую катаргу на чым свет стаiць. А цяпер, здаецца, капаўся б i капаўся б у зямлi. Гэта такi цудоўны занятак! Тады так вольна дыхаецца! I хто ж гэта цяпер будзе падстрыгаць мае дрэвы?
Ён пакiдаў уробленую зямлю. Уробленую планету. Ён быў звязаны любоўю з усiмi палямi i садамi, з усiмi дрэвамi нашай зямлi. Вось хто высакародны чалавек, шчодры, вялiкi чалавек! Вось хто, падобна Гiёмэ, сапраўды мужны чалавек, таму што ён змагаўся са смерцю ў iмя Стваральнiцтва.
III. Самалёт
Не гэта важна, Гiёмэ, што тваё рамяство прымушае цябе дзень i ноч назiраць за прыборамi, падтрымлiваць раўнавагу па гiраскопах, услухоўвацца ў дыханне матораў, абапiрацца на пятнаццаць тон металу: задачы, якiя ўзнiкаюць перад табой, гэта, урэшце, — задачы агульначалавечыя, пагэтаму ты ў сваёй аснове непасрэдна датычны да высакароднасцi горца. Ты не горш ад паэта ўмееш цешыцца ранiшняй зарой. Як часта ў прорве нялёгкiх начэй ты прагнуў, каб там, далёка на ўсходзе, над чорнымi нетрамi зямлi ўзнiк першы слабы проблiск, першы сноп святла. Здаралася, ты ўжо рыхтаваўся да смерцi, але ў мораку паволi прабiвалася гэтая дзiвосная крынiчка — i вяртала табе жыццё.
Карыстанне мудрагелiстым начыннем не ператварыла цябе ў сухога тэхнара. Мне здаецца, тыя, каго жахае iмклiвы тэхнiчны працэс, проста блытаюць мэту i сродак. Сапраўды, той, хто дамагаецца адзiна матэрыяльнага дастатку, не пажынае нiчога, дзеля чаго варта жыць. Але машына — не мэта. Самалёт — не мэта: ён прылада. Гэткая ж прылада, як плуг.
Калi нам здаецца, быццам машына вядзе чалавека ў прорву, то гэта, магчыма, таму, што мы пакуль яшчэ не можам ацанiць такiя блiскавiчныя перамены, якiя выпалi нам на долю. Што значыць стагоддзе гiсторыi машыны ў параўнаннi з дзвюма сотнямi тысяч гадоў гiсторыi чалавека? Мы з цяжкасцю ўжываемся ў сучасны краявiд шахтаў i электрастанцый. Мы толькi пачынаем абжываць гэты новы дом, якi яшчэ нават не закончылi будаваць. Так iмгненна ўсё выначылася вакол нас: чалавечыя адносiны, умовы працы, звычаi. Нават сама наша псiхалогiя карэнным чынам змянiлася. Паняццi разлукi, адсутнасцi, адлегласцi, вяртання ўжо не месцяць у сабе ранейшай сутнасцi, хоць словы засталiся i тыя ж самыя. Каб спасцiгнуць цяперашнi свет, мы карыстаемся мовай, якая адпавядала свету ўчарашняму. I нам здаецца, што некалi жыццё лепей адпавядала нашай натуры, але гэта адзiна таму, што яно лепей адпавядае нашай мове.
Кожны крок наперад спакваля ўсё болей аддаляў нас ад звычак, засвоеных намi з такой цяжкасцю, i цяпер мы сапраўды эмiгранты, якiя яшчэ не стварылi сваёй айчыны.
Усе мы — маладыя дзiкуны, якiх прыводзяць у захапленне новыя цацкi. Нашы палёты на самалётах не маюць iншага сэнсу. Самалёт паднiмаецца ўсё вышэй, лётае ўсё хутчэй. Мы забываем, дзеля чаго мы змушваем яго ляцець хутчэй. Пакуль сам палёт бярэ верх над мэтай палёту. I гэтак усюды i ва ўсiм. Салдат, якi заваёўвае землi для iмперыi, бачыць сэнс жыцця ў заваяваннях. Салдат з пагардай глядзiць на каланiста. Але ж ён дзеля таго i ваяваў, каб на заваяваных землях пасялiўся каланiст! У гарачцы нашых наступальных зрухаў мы прымусiлi людзей служыць пракладванню чыгунак, збудаванню заводаў, свiдраванню нафтавых шчылiн. Мы трошкi забылi, што ўзводзiм гэтыя збудаваннi дзеля таго, каб яны служылi людзям. Наш настрой у час заваёвы быў настроем салдат. Але цяпер нам трэба стаць пасяленцамi. Нам трэба абжыць гэты новы дом, якi яшчэ не мае свайго завершанага аблiчча. Для адных iсцiна заключалася ў тым, каб будаваць, для iншых яна цяпер — каб абжываць.
Безумоўна, дом наш паступова стане болей людскi. Сама па сабе машына чым болей дасканалiцца, тым болей засланяецца тою роллю, якую яна прызвана выконваць. Здаецца, што ўсе намаганнi чалавека ў прамысловасцi, усе яго разлiкi, усе яго бяссонныя ночы над чарцяжамi iмкнуцца толькi да аднаго — да прастаты, як, да прыкладу, спатрэбiўся вопыт шматлiкiх пакаленняў, каб з цягам выявiць лiнiю калоны, корпуса карабля цi фюзеляжа самалёта i надаць ёй беззаганную чысцiню лiнii грудзей цi пляча. Здаецца, што праца iнжынераў, чарцёжнiкаў, калькулятараў у канструктарскiх бюро толькi ў тым i заключаецца, каб глянцаваць i згладжваць, спрашчаць вось гэты стык, ураўнаважваць вось гэтае крыло датуль, пакуль яно перастане кiдацца ў вочы, калi ўжо ўбачыш не крыло, прымацаванае да фюзеляжа, а нейкую цудоўна разгорнутую форму, нарэшце, пазбаўленую сваёй абалонкi, нейкае адвольнае, цудадзейна знiтаванае адзiнства, — адзiнства паэмы. Здаецца, што дасканаласць дасягаецца не тады, калi няма ўжо чаго дадаць, а тады, калi няма чаго адкiнуць. У канцы свайго развiцця машына амаль перастае быць машынай.
Дасканаласць вынаходнiцтва, такiм чынам, мяжуе з адсутнасцю вынаходнiцтва. Цудоўна, што тэхнiчная прылада паступова пазбаўляецца сваёй вiдавочнай механiчнасцi i рэч паўстае перад намi ў такiм натуральным выглядзе, як адшлiфаваная морам галька. Цудоўна i тое, што з цягам карыстання машына паступова прымушае забыцца пра яе.
Некалi мы мелi справу з вельмi складаным механiзмам. Але сёння мы забываемся, што матор круцiцца. Ён, нарэшце, стаў адпавядаць сваёй функцыi, якая заключаецца ў тым, каб круцiцца, гэтак, як сэрца — б'ецца, а мы ўжо не звяртаем на яго ўвагi. Гэтая ўвага ўжо не паглынаецца прыладай. Вызвалiўшыся ад прылады, але пры яе пасрэднiцтве, мы зноў набываем усё тую ж вечную прыроду — прыроду садоўнiка, мараходца i паэта.
З вадою ж, з паветрам жа мае справу лётчык, калi адрываецца ад зямлi. Калi маторы запушчаны, калi машына ўжо плужыць мора, гандола яго адзываецца, быццам гонг, на ўдары хваль, i пiлот усiм целам адчувае гэтае напружанае трымценне. Ён адчувае, як гiдраплан, набiраючы хуткасць, з кожнай новай секундай усё пакорлiвей перадае яму ўладу над сабой. Ён адчувае, як у гэтых пятнаццацi тонах металу выспявае дазвол яму на ўзлёт. Лётчык кладзе рукi на рычагi кiравання, i паступова, нетаропка яго нiшчымныя далонi прымаюць гэтую ўладу як дар. Ён завалодвае гэтым дарам, i металёвыя органы сiстемы кiравання ператвараюцца ў вестуноў ягонай магутнасцi. Калi яна канчаткова саспее, тады адным рухам, плаўнейшым ад таго, якiм падбiраецца плод, лётчык узнiмае машыну над водамi i вядзе яе ў нябёсы.