Планета прывiдаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Зберагаючы рэсурс батарэй, яны выбралi цёмную пустэчу i пасадзiлi свой выратавальны апарат.
– Вiншую!
– сказаў Iсаеў.
– Мы нечакана лёгка пазбавiлiся ад нашых "благадзецеляў".
– Ху-у-х!
– толькi i выдыхнуў Iван.
– Ну што, здымем шлемы i як след падсiлкуемся!
– прапанаваў камандзiр пакiнутага назаўсёды карабля.
Толькi цяпер Iван заўважыў, што жывот падцягнула да спiны.
– Ого! Я магу праз жывот пачухаць свой пазванок!
– пажартаваў Iван i бадзёра дадаў: - Ёсць падсiлкавацца!
Праглынуўшы некалькi вiтамiнных гранулаў i выслабанiўшы ад "палону" крышталiк вады, астранаўты паспрабавалi прааналiзаваць вынiкi гэтых двух сутак.
– Што гэта за лад такi? Што тут за парадкi?
– абураўся Iван.
– Хутчэй гэта - беспарадкi!
– адказаў Iсаеў.
– Я, як i ты, не гiсторык, але прыпамiнаю са школьнай праграмы, што напрыканцы дваццатага i да сярэдзiны дваццаць першага стагоддзяў i на Зямлi iснавалi рэжымы, дзе дыктат падмяняў i законы, i ўсе правы людзей. Нешта падобнае назiраецца i тут...
– А мы чым не дагадзiлi гэтым... уладарам?!
– здзiвiўся Iван.
– Мая памылка!
– прызнаўся Iсаеў.
– Не трэба было пры першай сустрэчы вытыркаць нашы дасягненнi i свабоды! Думаю, што гэта галоўная прычына нашай апалы... Дыктатары такога не даруюць...
Iван схамянуўся:
– А што такое з нашай зброяй?! Чаму яна не закранула гэтых... нячысцiкаў?
Iсаеў ажывiўся:
– I сапраўды, чаму? Гэта падобна на дурны сон! Лазер праходзiў праз iхняе цела, як праз паветра... Што гэта за загадка?..
– А яны не такiя ўжо i дапатопныя, калi на такую зброю нават не звярнулi ўвагi, - разважаў услых Iван.
Тут ён успомнiў, як адважны незнаёмец нешта сунуў яму ў руку i Iван, не маючы магчымасцi разгледзець падарунак, паклаў тое "нешта" ў бакавую кiшэню касцюма.
Цяпер ён асцярожна дастаў з кiшэнi нечаканую рэч i ў цемры абмацаў i зразумеў, што гэта кавалак паперы.
– Iлля Iванавiч!
– насцярожана пачаў Iван.
– Тут вось нешта падобнае на запiску, якую мне ткнуў у руку незнаёмец з натоўпу!
– Запiска!
– ажно падскочыў Iсаеў.
– Нам зараз кожная дробязь неабходная i важная! Мы засталiся адны на чужой, невядомай планеце! Уключы лiхтарык i чытай!
Iван з нецярпеннем, дрыготкiмi пальцамi расклаў паперу i запалiў лiхтарык. Было напiсана наступнае: "Пяцьдзесят кiламетраў на поўнач ад касмiчнага карабля. Тры дубы на беразе рэчкi. Сем кiламетраў улева да адзiнокай скалы на ўскраi лесу. Буду чакаць кожны дзень - захад сонца".
– Усё!
– спынiўся Iван.
– I ўсё?
– машынальна перапытаў Iсаеў.
– Так. Нi подпiсу, нiчога, - пацвердзiў Iван.
Iсаеў ажывiўся:
– Што ж... i гэта нямала! Нехта хоча сустрэцца з намi.
– А не пастка гэта?
– недаверлiва спытаўся Iван.
– Iм тут даверу няма...
– Не думаю, - няўпэўнена адказаў Iсаеў.
– А цяпер мы навучаныя i будзем праяўляць асцярожнасць... А па-другое, у нас няма выбару, ды i дакладнага адказу нi на адно пытанне мы не маем. Рызыкнём, а там будзе бачна...
* * *
Рызыкнуць i сапраўды прыйшлося, бо, каб праляцець гэты нескладаны маршрут i адшукаць патрэбныя арыенцiры, трэба было ўзлятаць, а гарантыi, што iх не заўважаць, не было.
Каб паменшыць рызыку, узляцелi перад самым захадам сонца, калi ўжо не зусiм светла i яшчэ не надта цёмна. Адлiчылi прыборамi пяцьдзесят кiламетраў на поўнач, адразу ўбачылi тры дубы на беразе рэчкi, крутнулi ўлева i праз хвiлiну былi над скалой, якая прыляпiлася на ўскраi ляснога масiву. Месца было даволi глухое, пагоркавае. Завiснуўшы над абазначаным арыенцiрам, астранаўты пiльна даследавалi наваколле, але нiчога падазронага не знайшлi i пасадзiлi капсулу. Сонца садзiлася за лес, пачынала цямнець, але нiхто пра сябе не напамiнаў.
– Пачакаем яшчэ крыху i адляцiм, тут начаваць не будзем!
– сказаў Iсаеў напружана.
Iван нервова маўчаў. Прайшло яшчэ некалькi часу, а сустрэча з пасланцом запiскi зацягвалася.
Нарэшце, нечакана для зямлян, побач з капсулай неяк загадкава апынуўся незнаёмец.
Гэта быў гадоў трыццацi пяцi чалавек з прыветлiвым тварам i крэпкай постаццю. Ён даверлiва ўсмiхаўся i не ўяўляў сабой нiякай небяспекi для двух зямлян.
– Ага!
– вырвалася ў Iсаева.
– Вось i наш... будзем спадзявацца, сябар.
– Ну што, выходзiм?
– спытаўся Iван.
– Спачатку выйдзеш толькi ты i даведаешся, што ў яго за справа да нас, а я цябе падстрахую, - загадаў Iсаеў.
– Я дык я!
– i Iван адчынiў свой герметычны выхад. Лёгка выскачыўшы з капсулы, навуковец гэтак жа лёгка падышоў да незнаёмца.
Той першы працягнуў руку для вiтання i, не перастаючы ўсмiхацца, сказаў:
– Я - ваш сябар! Маё iмя Алесь, без мяне вам будзе цяжка разабрацца, куды вы трапiлi.
Iван пацiснуў руку новаму знаёмаму i, назваўшы сваё iмя, спытаўся:
– А чаму мы павiнны верыць, што вы нам сябар, а не гэткi ж, як тыя камуфляжнiкi?
Алесь адказаў нечакана i пераканаўча:
– Гэта я паслаў сiгнал ва Ўсяленную, якi, як я разумею, вы атрымалi i прыляцелi сюды.
Iван шырока раскрыў вочы. Падзеi апошнiх сутак адсунулi на другi план эмоцыi, выклiканыя таямнiчым сiгналам. Пра яго проста не думалi.
– Вы-ы?!
– не сваiм голасам спытаўся пасланец Зямлi. Затым, памятаючы нядаўнiя сутычкi з аскалаўцамi, падазрона пераправерыў: - Прабачце за такое пытанне, але якiя словы ўтрымлiваў той сiгнал?..
Алесь слова ў слова, лiтара ў лiтару пераказаў тэкст i дадаў:
– Нiхто, акрамя мяне, на гэтай планеце не ведае пра сiгнал...
Iван моцна пацiснуў руку новаму сябру.
– Даруйце яшчэ раз за нашу падазронасць! I дзякуй вам за сустрэчу! Што мы павiнны рабiць цяпер?..
– Па-першае, трэба паставiць ваш лятальны апарат вунь у тую нiшу пад абрывам i замаскiраваць, а пасля гэтага я запрашу вас да сябе.
Iван хуценька падбег да капсулы:
– Якая ўдача! Гэта той, хто паслаў нам свой сiгнал. I ўвогуле, бачна, што ён чалавек надзейны i сапраўдны сябар, без якога нам не абысцiся!..