Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Злодзеяў, махляроў, забойцаў і грахаводнікаў каралі ў горадзе рэгулярна пры кожнай поўні. Для тае працэдуры пад брамай была ўсталяваная каменная лава, на якую, добраахвотна пакланіўшыся народу, па чарзе клаліся асуджаныя. Народ, стоўпіўшыся крыху зводдаль, пільна назіраў за цікавым працэсам, цікаваў усе ўдары ката, ацэньваў паводзіны пакараных, сачыў, каб усё йшло паводле строгай старой завядзёнкі. Тым разам натоўп быў асабліва вялікі — жаночае пакараньне ладзілася ў горадзе нячаста, можа па адным разе ў сухі сезон і сезон дажджоў.
Першая на лаву пад брамай легла кашчавая Кушэль. Загарнула вышай спадніцу, і кат, рослы, рукасты мужчына ў даўгім скураным фартуху, паволі, бы з таемнаю насалодай, адмераў ёй належную колькасьць удараў. Біў не сказаць каб з усяе сілы, але й ня жартам — пасьля кожнага з удараў у жанчыны на кашчавым задку заставаўся ладны пісяг. Атрымаўшы сваё, Кушэль трохі замаруджана паднялася, як-колечы аправіла свае апраткі і старанна пакланілася тром суддзям, якія ў чорных камзолах моўчкі стаялі пад брамай, пільна цікуючы за выкананьнем уласнага прысуду. Апошнім з працэдуры быў абавязак падсуднага тройчы пацалаваць руку ката, тым як бы дзякуючы яму за працу і навуку. Кашчавая Кушэль усё тое зрабіла ладна, спрактыкавана і збоч пад сьцяной пайшла ў натоўп.
Наступная на чарзе была Пава, якая сваю лупцоўку стрывала меней мужна, тузалася пасьля кожнага ўдару рэмнем; хутка яе пульхны зад счырванеў, бы гарачы вугаль. Перш чым пакланіцца суддзям і пацалаваць руку кату, яна моўчкі выцерла пальцамі сьлёзы, выцірала іх і ідучы ў натоўп. Людзі з незадавальненьнем згледзелі тое, заўважылі тое і суддзі. Ведама, апошнія зразумелі, што ў тым быў ня дужа высокі кшталт іх судовае працы — пры высокім кшталце абвінавачаныя пасьля пакараньня адно ўсьміхаліся з удзячнасьці.
А з дзяўчом Ульрыкай сталася і зусім штось неверагоднае. Перш чым легчы на каменную лаву, яна тоненькім галаском крыкнула «Не вінаватая!», і суддзі пераглянуліся. Такога яны не чакалі, бо ніколі ня чулі за ўсе даўгія гады свайго суддзёўства. Пасьля прысуду звычайна прызнаваліся і дзякавалі суддзям за ганараваную справядлівасьць. Усё ж суддзі заўсёды стараліся і ўсё рабілі ў строгай адпаведнасьці з Законам. На суровасьць прысуду ніхто ніколі ня скардзіўся — такое было непарушнае правіла грамадзянаў гэтага гораду.
Аслушэнства Ульрыкі, канешне, заўважыў і маўклівы кат, які, відаць было, зразумеў яго як мае быць. Ягоная рука адразу пачала ўзьлятаць вышэй, і ляскат рэмняў аб маладое цела быў чуцён нават ззаду натоўпу. Адмераўшы ёй пятнаццаць удараў, кат, як і належала, адступіў убок. Абліваючыся сьлязьмі, дзяўчына ўстала, аправіла свае спаднічкі і не пакланілася суддзям. Нават не пацалавала працягнутай для таго жылаватай рукі ката. Даўка хліпаючы ў кулачкі, борзда скіравалася ў натоўп.
Натоўп абурана загуў, пачуліся нягучныя выгукі незадаволенасьці, злосна віскнула некалькі жанок. За шмат гадоў тутэйшага пакараньня людзі ўпершыню ўбачылі гэткі непарадак. Ад паклонаў суддзям і пацалункаў рук ката вызваляліся толькі тыя, каму на гэтай лаве адсякалі галовы. Але ж у Ульрыкі галава засталася на плячох, дык чаму ж яна ня кланяецца мажным, заслужоным, сівагаловым суддзям? I нават не цалуе спрацаваную руку ката, якая толькі за сёньня адмерала блізу паўсотні ўдараў. Завошта ж такая непавага да начальнікаў? Народ не любіў непавагі і паважаў парадак.
Вартаўнікі затрымалі Ульрыку, вярнулі яе пад браму.
Суддзі былі ўзрушаныя і зьбянтэжаныя. I нават не адразу сьцямілі, як трэба рэагаваць на гэткае непаслушэнства. Не падзякаваць і нават голасна плакаць, быццам суддзі яе пакрыўдзілі. Адзін суддзя сказаў, што гэткая Ульрыка праз сваю нявыхаванасьць можа дашчэнту збэсьціць увесь прэстыж судовай сістэмы. Другі заўважыў, што ад істоты жаночага полу нельга чакаць ніякае выхаванасьці. Трэці скрушна прызнаўся, што, мяркуючы па ўсім, суд дапусьціў памылку: навесьці любоўныя чары на слыннага рыцара магла толькі вядзьмарка. Таму Ульрыку і належала караць як вядзьмарку. Гэта значыць, спаліць. Паводле кодэксу, спаленыя на вогнішчы ад падзякаў і пацалункаў вызваляюцца. Новы прысуд дзяўчыне вынесьлі і ўхвалілі аднагалосна.
Спаленьне Ульрыкі адклалі на адны суткі — да наступленьня новага вечара з вялізнаю поўняй. Відовішча на гарадской плошчы было захапляльнае і сабрала безьліч народу. Вогнішча распалілі вялізнае, полымя гуло і шугала пад самае неба. Гэтым разам Ульрыка не прамовіла ніводнага слова, што канчаткова засьведчыла справядлівасьць высокага прысуду.
Камень
Зранку таго дня ў карчме гуло; гуло і ў поўдзень, і ўвечары гуло таксама. Зрэшты, для таго былі прычыны: скончыўся палявы сезон, людзі сабралі ўраджай, частку якога з выгадай прадалі на кірмашы, а частку захавалі на зіму. Шмат хто займеў грошы — чаму было і не пагудзець у вольны пасьля нялёгкае працы час? Пасьля плённае працы льга было і зусім расслабіцца, забыцца на руцінныя клопаты, піць маладое віно ды сьпяваць песьні. Але гэтыя людзі не маглі таго дазволіць сабе — заўжды на працы ці дома яны несьлі ў сабе нязбыўны гнятлівы клопат, што перадаваўся ад кожнага пакаленьня наступным. На схіле гары ў канцы вуліцы з незапамятных дзён высіўся агромністы круглы камень. Увогуле ў гэтым горным краі камянёў было шмат, ды ўсе яны неяк самі па сабе ўладкаваліся кожны на прыдатным для таго месцы, апроч аднаго, можа самага з іх вялікага. Гэты на сваім колішнім землятрусным шляху з гары затрымаўся якраз на пачатку вуліцы, нібы зьнерухомеўшы ў роздуме — каціцца далей ці пачакаць? Пакуль камень вырашаў тую праблему, ніхто ў дамоўках ніжэй ня мог спаць спакойна, дапяты пытаньнем: ляжыць ці коціцца? Ні ў кога з тых, што жылі пад пагрозай каменя, не было сілы з ім справіцца, і камень ляжаў так можа сотні гадоў, тоячы ў сабе маўклівую пагрозу людзям.
Людзі паасобку ня ведалі, як пазбыцца каменнай пагрозы. Але тое было да часу, пакуль імі не авалодала калектывісцкая ідэя, якая, як вядома, часам набывае матэрыяльную сілу. Асабліва калі тая сіла натхніцца ў пэўны час бочкаю добрага маладога віна.
— Мужчыны мы ці гаўнюкі? — рашуча пытаўся ў грамады гаспадар-карчмар, паўстаўшы за даўгім драўляным сталом. — Няўжо мы пе зьбяром сілы, каб закаціць таго бугая? Мы — асілкі, што дапіваем другую бочку…
Вядома ж, тутэйшыя асілкі не лічылі сябе слабакамі і дружна загулі ў згодзе — прамова карчмара натхняла. Тракціршчык наогул лічыўся ў іх самым разумным, інакш ён бы і ня быў карчмаром. Яго адразу падтрымаў каваль, чыя кузьня мясьцілася над таполяй — бліжэй за ўсе хаты да каменя. Ну, а дзе каваль, там і яго малаткар — дужы плячысты хлопец-сірата, праўда, ня надта здаровы на галаву. Звычайна пры грамадзе малаткар упарта маўчаў, а цяпер толькі гучна прамычэў нешта. Ды ўсе зразумелі, што малаткар на баку каваля — на баку каго іншага ён не апынаўся ніколі. Мабыць, адчуўшы, што пачынаецца нешта цікавае, ад парогу з меднаю квартаю ў руцэ рушыў да кута тутэйшы пастух у даўгім плашчы. Яго пастухоўскі сезон ужо скончыўся, і пастух займеў клопат аб працы ўзімку.
— Дык згода, мужчыны? — з суровым выглядам чорнабародага твару пытаўся карчмар, азіраючы ў вечаровых прыцемках барадатых і безбародых, маладых і ня надта, хто ў што апранутых землякоў.
— Заўтра, як разьвіднее, усім — да бугая! Ужо мы яго пашчакочым, такой яго матары! Згода?
— Згода! — ня надта зладжана адказаў карчомны хор галасоў.
Адзін толькі вучыцель ля вакна спрабаваў штось зазначыць ня ў лад — удакладніць ці запярэчыць, але яго слухаць ня сталі. Вучыцель быў нетутэйшы, да таго ж малады, піў мала, відаць, ашчаджаў грошы, што ня надта каму падабалася. Усе ў карчме загаманілі гучней, заматлялі над сталом квартамі, — за такую адважную справу ня грэх было выпіць. Тая іх гамана доўжылася да паўночы.
Назаўтра, як над гарамі праясьнілася неба і ў даліне пачало віднець, да каменя першы прыйшоў вучыцель. Ён абышоў камень, памацаў яго замшэлыя бакі, пакратаў гамашам жарству ўнізе. Затым прыкінуў памеры гранітнага гіганта, а таксама вугал нахілу гары і зрабіў нейкія разьлікі ў пататніку, які заўсёды насіў з сабой. Атрымлівалася надта сумнеўна, каб яны хоць бы і грамадой здолелі ўскаціць камень на схіл і па той бок скінуць яго ў прорву. Паводле законаў матэматыкі тое было немагчыма. Але як было вучыцелю на яе аснове пераканаць малапісьменных сяльчан? Ці паслухаюць яго?
Неўзабаве да каменя пачаў зьбірацца народ — з каламі, лагамі, рыдлёўкамі. Усімі весела і шумна распараджаўся карчмар. Вучыцель спрабаваў штось растлумачыць яму, але ня надта цьвярозы пасьля вясёлай ночы карчмар не хацеў і слухаць, — пры першым слове пра законы механікі грэбліва махнуў рукой. Ён заўзята камандаваў грамадой, якая толькі і чакала ягоных рашучых камандаў.
Людзі густа абляпілі камень. Узяліся дружна, хоць часам і бязладна, перашкаджаючы адзін аднаму. Усім карцела прымяніць сілу і, можа, паказаць стараньне, — так за гады ўсе зьненавідзелі гэты пракляты камень. Тыя, што былі з рыдлёўкамі, пачалі падкопваць яго зьнізу, каб падсунуць рычагі-лагі, іншыя падроўнівалі камяністы грунт вышай, каб можна было каціць камень угору. Вучыцель, прадаўжаючы сумнявацца, убачыў такую актыўнасьць і таксама міжволі прыняў удзел у агульным клопаце. Напачатку ён разам з іншымі наваліўся на жардзіну-лагу, якой чалавек пяць высьвервалі камень. Пасьля ўпёрся рукамі ў яго жорсткі бок і намагаўся каціць. Тракціршчык то памагаў яму, то адбягаўся і камандаваў, то рабіў тое і гэта адначасна. Ён колісь служыў у войску, меў зычны камандзірскі голас, якога ўсе слухаліся.