Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
— Ідзі ты са сваім ліхтаром. Што слепіш?!
Сахно апускае ліхтарык.
— Праверым!
— Вунь фрыца лепей правер. Калі такі правяральшчык спрытны…
З ложка адгукаецца сяржант:
— Праверылі ўжо і фрыца. Колькі можна!
— Не ваша справа! — Сахно злосна азіраецца. — Трэба будзе — праверым. Каго трэба.
Яны ідуць да дзвярэй. Шашок адкідвае на тоўсты зад не менш тоўстую палявую сумку. Немца яны, здаецца, браць не збіраюцца.
— Няма чаго гразіцца! — падае хтосьці голас з кутка. — Нас ужо праверылі. Асколкамі праверылі. А то наеў ражку і грозіцца.
— Ану, ціха, пяхота! — па-начальніцку прыкрыквае сяржант.
Сахно і Шашок, аднак, не затрымліваюцца. Прытвараюцца, што не чуюць абразы, і толькі мацней, чым трэба, бразгаюць з таго боку дзвярыма.
Узрушаны, я стаўлю на прыпечак «кацюшу» і пераводжу позірк на сваё месца. Там у змроку каля аўтамата курчыцца на саломе немец.
— Ану, марш адсюль! — тонам Сахно прыкрыкваю я. Немец спахопліваецца і ўскоквае, аддаючы месца. На ложку паварочвае галаву сяржант.
— Ганс, сядай, дзе стаіш. Во перада мной. Бо тут цесна.
Сапраўды, на ложку цеснавата, хоць там ужо толькі адзін паранены. Таго, хто хрыпеў, ужо няма. Немец, патаптаўшыся, неахвотна падбірае доўгія ногі і сядае насупраць сяржанта. Той, відаць, ужо не прэч памірыцца з палонным. З «маім» палонным.
А зрэшты, чорт з ім! Чым ён далей ад мяне, тым лепш! Што я, абавязаны ўвесь час клапаціцца пра яго, аберагаць, заступацца? Такі ён «мой», як і сяржантаў, Кацін ці яшчэ чый. Да таго ж, можа, яшчэ якая сволач… Толькі звяжыся, не расхлябаеш за век.
Я злы і нядобры. Баліць параненая нага, на душы брыдка, быццам я зрабіў подласць. Хутчэй бы дачакацца ранку ды пакінуць гэтую хату, гэтае сяло, у якім напаткалі мяне адны непрыемнасці.
11
Га-ах!
Вуліца на некалькі секунд азараецца дзівосным вясёлкавым ззяннем. Пешаходы, радасна здрыгануўшыся, азіраюцца. Зіхоткі зеленавата-чырвоны водбліск разліваецца па маставой.
Га-ах! Га-ах! — туга адскокваюць ад фасадаў другі і трэці пругкія паветраныя ўдары. Рознакаляровы ракетны веер запальвае над вуліцай неба. Жоўта-зялёна-чырвоныя блікі мільгаюць у вокнах паверхаў. Цені ад дрэў і слупоў спуджана кідаюцца па блішчастым бруку. Велічна-каляровае ззянне ўгары дасягае зеніту і, не спыняючыся, таропка шастае ўніз. Агнявыя букеты, здаецца, асыпаюць дахі будынкаў. Калі неба гасне, на вуліцу з куткоў і пад’ездаў адразу ж хлынаюць цені, якія паспешна змыкаюцца ў вячэрняй цемрадзі.
Феерверк вырывае мяне з мінулага. Я азіраюся. Незнаёмыя будынкі, вузенькі, малалюдны тратуар. Брук разразаюць трамвайныя рэйкі. Крыху далей — глухі нефарбаваны забор з казыркамі і ашмоццем афіш на дошках. Чорт ведае куды гэта мяне занесла?
Пад прыцьмеўшым ліхтаром акрай тратуара збянтэжана спыняецца маленькая згорбленая бабка з кіёчкам і сумкай. Спалохана азіраецца ў поўнае водсветаў неба. З сумкі блішчаць фальгой дзве малочныя бутэлькі. Кончык бабчынага кійка дробненька дрыжыць на асфальце.
— Не бойся, бабка. Гэта — салют.
Бабка паднімае на мяне зморшчаны тварык. Пад яе. востранькім падбародкам тырчаць два ражкі старамодна завязанай белай хусткі.
Аднак яна, пэўна, не чуе і запытальна глядзіць на мяне.
— Сынок, ці не вайна гэта зноў? Га?
— Рана, бабка. Яшчэ салдаты не выраслі.
— Чую, нібы арудзіі страляюць. Якраз, як тады…
Да вулічнага скрыжавання з бразгатам і віскам коціцца трамвай. 3 завулка выпаўзаюць два самазвалы. Бабка нерашуча ступае на брук і зноў вяртаецца на край тратуара.
— Можа б, ты памог? Га, сынок?
Я бяру яе пад руку. Бабка адрывае ад долу свой кіёчак і дробненькімі крокамі тупае на сярэдзіну вуліцы. Побач, лёгка абмінаючы нас, перабягаюць вуліцу дзве дзяўчыны.
На сярэдзіне вуліцы нас засцігае новы тугі паветраны залп. Ярка-прывідная каляровая ўспышка захліствае над дахамі неба. Дзяўчаты ў кароценькіх, званочкамі, спаднічках, спалохана бліснуўшы зграбненькімі лыткамі, ускокваюць на тратуар.
— Ліначка, якое хараство!
— Цуд!
Бабка ж уся сціскаецца і, здаецца, ад страху вось-вось прысядзе.
— Ой, Божа літасцівы! Ой!
— Не бойцеся! Чаго ўжо вам за сябе баяцца?
— За сябе, — недачуўшы, ахвотна пагаджаецца бабка. — Болей мне за каго ж? За сынкоў ужо адбаялася. Няма ўжо сынкоў.
Я здагадваюся пра яе бяду і не хачу вярэдзіць старэчую памяць. Па шчырасці, дык няма ўжо і жадання спачуваць. Вельмі часта даводзілася гэта рабіць. Цяпер я толькі нядбайна супакойваю:
— Нічога, нічога, бабуся…
Мы пераходзім вуліцу. Ззаду з грукатам праносіцца трамвай. Дзяўчаткі ціснуць адна адной локці і, нецярпліва прытопваючы, пазіраюць у неба. Мабыць, для іх самае рэальнае ўвасабленне вайны — вось гэты салют. Кніжкі аб ёй — самота. Гісторыя — таксама. Хіба яшчэ знаёмы лейтэнант. Але ён, магчыма, болей заглядаецца на каго іншага. Хутка павінны ўдарыць яшчэ.
— Ах, сыночак, за каго ж мне засталося баяцца? — проста, як пра будзённае, кажа бабка. — Стары ў блакаду ў лесе галаву злажыў. Старшы, Сямёнка, пад горадам Варонежам ад ранаў памёр. Грышутку ў сцюдзёнай старане — як жа гэта яе, ужо і забылася… Мурманскай, здаецца, завецца. Там забілі. А малодшанькага, Віценьку, дык у моры Чорным патапілі. Капітанам быў. Праўда, за сярэдненькага, Міколку, яшчэ калі сэрца баліць… Але што ж… Столькі гадкоў… Каб жыў быў дзе, дык бы азваўся. А то пайшоў пад Аршаву, дык і прапаў.
«Цэлая геаграфія! — думаю я. — Геаграфія і гісторыя толькі ў адным сэрцы». А колькі іх па краіне, такіх бабак, што вырасцілі і аддалі вайне сыноў! Каб самім дажываць нямоглыя свае гады ў журбе і адзіноце…
Бабка цяжка ўзлазіць на тратуар і спакайнее, нібы тут выбухі яе не дастануць.
— Ну што ж яны? Так доўга! — тупаюць па тратуары дзяўчаты.
Запаволеным крокам мы праходзім да першага ж пад’езда, і бабка спыняецца.
— Ну, дзякуй табе, сынок. А то так цяжка хадзіць тут. Раней дык мы на Камароўцы жылі.
Неяк хуценька павярнуўшыся, яна тупае ў пад’езд. Я аклікаю дзяўчат:
— Скажыце, гэта якая вуліца?
Як па камандзе, дзяўчаты разам паварочваюцца да мяне. 3-пад бухматых павек зыркаюць пытальныя позіркі. Нейкія яны дужа ўжо зграбненькія і падобныя адна на адну. Нібы сёстры.
— А вам якую трэба?
— Ды мне каб к цэнтру!
— К цэнтру — туды. К вакзалу — туды, — махае адна ў абодва канцы вуліцы.
На хвіліну я прыпыняюся. Чаго мне ісці да цэнтра? Усё роўна ў гасцініцу ўжо не ўладкуешся, час позні. Ці не лепш на вакзал? Там хоць можна як-небудзь прабавіць ноч. Між людзей заўжды весялей — не так дакучаюць думкі. Здаўна вядома, што чалавек — істота калектыўная. Зноў жа — хочацца есці. Здаецца, я і не паабедаў сёння. Адно толькі выпіў паўшклянкі гарэлкі.