ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

Па праходзе да нас сунецца Гарбацюк. За ім, трохі прыадстаўшы, са службовай важнасцю на тварах ідуць два міліцыянеры ў белых кіцелях і чырвоных фуражках. Пярэдні даволі пажылы ўжо, з маршчыністым тварам дзядзька, задні ж — сапраўды сімпатычны хлопец. Гарбацюк спыняецца ля нашага стала і паварочваецца да міліцыянераў.

— Вось, калі ласка! П’яныя. Нахабства, хуліганства і ўрэшце палітычныя выпады. Вунь той. I гэты ў чорным. Старшына міліцыі афіцыйна-бясстрасным позіркам акідвае ўсіх за сталом, аглядае бутэлькі, даўжэй затрымліваецца на мне.

— Так. Папрашу названых грамадзян прайсці ўслед за намі.

За сталом ускоквае Эрна. Устаюць дзяўчаты і хлопцы.

— А мы?

— Вы можаце заставацца.

— Не. Калі забіраць, дык усіх. Я Ігара аднаго не пушчу! — рэзка аб’яўляе Эрна.

Я таксама ўстаю.

— Усё ж яны — сведкі. Калі ўжо весці, дык разам.

Гарбацюк працінае мяне ненавісным позіркам.

— У сведкі вы не набівайцеся. Вы мне таксама адкажаце. За знявагу.

— Ах, за знявагу! Ну што ж! Я гатовы! Пайшлі!

Я першы выходжу з-за стала. За мной іншыя. Малодшы міліцыянер праходзіць наперад. Уздоўж сталоў мы ідзём да дзвярэй. З усіх бакоў да нас павяртаюцца людзі. Аднекуль чуецца:

— Дастукаліся!

— Хуліганнё!

— Туняядцы!

— Можа, валютчыкі!

Сцяўшы ў сабе няёмкасць, мы як найхутчэй праходзім каля швейцара, спускаемся па прыступках. Пярэдні міліцыянер услужліва расчыняе нам дзверы, ад якіх спалохана кідаецца жанчына. Дзяўчаты ззаду ціхенька пырскаюць смехам. Ігар, аднак, выдаўлівае на шчоках жаўлакі. Наогул, гэта не смешна.

Мы выходзім на плошчу.

Ва мне ўсё кіпіць. Я ведаю, што прычын для сур’ёзных вынікаў ніякіх няма. I я не баюся міліцыі. Але сам факт гэтага прыводу амаль пад канвоем абурае да глыбіні душы. Я бачу помсту. Дробязную, недарэчную, подлую. I я прагну кары. Толькі да кары яшчэ далёка. Яшчэ невядома, як паставяцца да нас у міліцыі. Невядома, хто там. А раптам гэткі ж былы старшыня трыбунала?

Міліцыянеры праводзяць нас праз службовы ход і спыняюцца ля дзвярэй з таблічкай. Старшына павяртаецца да ўсёй групы.

— Усім не заходзіць. Толькі вы, вы, вы і вы, — ківае ён мне, Ігару, хлопцу ў чорным і Гарбацюку.

Эрна хапаецца за Ігараву руку.

— I я таксама.

— Прашу астацца.

— Не астануся. Ён мой муж! — выпальвае яна тонам найвялікшае важнасці.

— Гэта няважна.

— Не, важна!

— Так? Тады прашу! Астатнія свабодны.

29

Мы доўга яшчэ брыдзем прыціхлаю вуліцай, пакуль выходзім з сяла.

Тым часам настае ранак. Неба канчаткова растварае ў сабе світальную рэдказорную сінь і святлее. Гаснуць дробныя зоркі. З шэрага сутоння выступае пярэстая сельская аколіца. Ля мастка цераз ручаіну стаіць збочаны, з адкрытымі люкамі танк, падбіты ці пакінуты — не зразумееш. Далей, востра смердзючы разлітым па снезе бензінам, валяюцца два перакуленыя матацыклы з каляскамі. Яшчэ далей, на ўзбочыне горбіцца бок конскага трупа з утаптанай у снег грывай. Ля дарогі некалькі чорных аграмадных варонак — значыць, і тут бамбілі. Тут пачынаецца поле, вялікае гэта сяло скончылася. На высокім слупе тырчыць указальнік з чорным гатычным надпісам: «Gruskoe».

Разам з танкістам і Кацяй я нясу Юрку. Мой сябар ціха гойдаецца на трохкутнай нямецкай палатцы і нават не стогне. Мне чамусьці здаецца, што ён проста стаміўся і спіць. Прынамсі, вельмі хочацца, каб было так. Хай паспіць яшчэ, хай! Бо што я скажу яму, калі ён ачнецца? Чым абнадзею яго, калі сам не ведаю, дзе мы і куды ідзём.

Дарога за сялом крута загінаецца па схіле ўгору. Наматаўшы на руку парусінавы рог палаткі і вельмі ашчаджаючы параненую нагу, я марудна шкандыбаю ў каляіне. З другога боку валюхае танкіст — чорны, як грак, чубаты хлапчына ў прамазучанай целагрэйцы. На ягонай галаве — камандзірскі, на футравай падкладцы танкавы шлем з шлемафонам, провад якога целяпаецца на плячы. Дарога на пад’ём добра ўпарыла танкіста, хлопцу душна, і ён усё спіхвае шлем на патыліцу. А ў мяне ўжо, мабыць, адмерзла галава. Хочацца папрасіць шлем, ды ці варта: не дасць. Каця прытрымлівае палатку ззаду. Двое разведчыкаў наперадзе валакуць дахадзягу аўтаматчыка. Ззаду за ўсімі, дужа сагнуўшыся, нясе на сабе бездапаможнага лётчыка немец. Гэта яго прымусіў Сахно. Дарэчы, інакш і не панясеш — няма каму. I лётчык, відаць, зразумеўшы нешта, ужо не патрабуе, як раней, забіць немца. Прыціхлы, ён цярпліва сядзіць у таго на спіне, абхапіўшы забінтаванымі рукамі-култышкамі доўгую немцаву шыю. Адзін толькі капітан улегцы крочыць збоку. Але ён таксама паранены, ну і да таго ж — начальства…

Урэшце невялічкая наша група ўзбіраецца па пагорку на стэпавую разлегласць і спыняецца. Не згаворваючыся, мы разам кладзем параненых на снег і знямогла падаем побач. Сахно трохі марудзіць, але пагаджаецца:

— Пяць хвілін!

Мой напарнік-танкіст, шырока расставіўшы ў каляіне свае кірзачы, з лёгкаю зайздрасцю кажа пра яго:

— Строгі!

— Дурны, а не строгі, — папраўляе Каця.

Лежачы на баку, яна клапатліва захінае на Юрку паўшубак. Юрка дробненька дыхае. Танкіст павяртае да яе голаў.

— Ну, чаму? Не ведаю, як хто, а я люблю строгіх. З імі ў баі лягчэй.

— Нядоўга ты, мусіць, у баі быў, — кідае Каця. Танкіст зноў збочвае разгарачаны твар. Вочы яго хмурнеюць.

— Ды ўжо ж, мусіць, больш за цябе. З-пад самага Курска газую.

Каця іранічна хмыкае:

— З-пад Курска! Ваяка! Ты б у сорак першым пагазаваў! Або ў сорак другім! Лацно цяпер газаваць…

— Ты ўжо з сорак першага? — недаверліва азірае танкіст дзяўчыну.

— А ты што ж думаў? Са жніўня сорак першага. Пабачыла такіх вас. Строгіх і ласкавых.

— Яно і відаць! — хітравата зазначае танкіст і адным вокам падміргвае мне.

Я, аднак, не падзяляю ягонай іроніі — Каця для мяне ўжо набыла сваю асаблівую годнасць, якую не можа прынізіць нічога з таго, што ён мае на ўвазе.

Зрэшты, мне не да размоў. Я ўжо адчуваю, што сілы мае канчаюцца. Баюся не вытрываць. Мокрая ад поту спіна пачынае люта мерзнуць, а ў грудзях па-ранейшаму ўсё гарыць ад знямогі. Зноў жа — нага. У ступні быццам тузае хто за які нерв: нага на снезе сама па сабе прыкметна торгаецца. Болю ў ёй, аднак, я не чую, сцюжы таксама. Яна паступова робіцца мне чужой. Гэта, ведаю, кепска.

Здаецца, мінае ўжо болей за пяць хвілін. Хлопцы зморана сапуць, разваліўшыся ў доле. Я пазіраю наперад, дзе сядзяць двое разведчыкаў, і думаю: хоць бы ўжо канаў хутчэй той іх аўтаматчык. Можа, гэта подла — жадаць смерці таварыша, але інакш мы тут, пэўна, засядзем. Аднак там, здаецца, штосьці адбываецца. Адзін разведчык нешта капошыцца над бедалагам і неўзабаве гукае Кацю:

— Эй, сястра. Глянь-ка сюды…

Каця стомлена ўстае на адну нагу, потым на другую і з заснежанай палою ідзе да разведчыкаў. Да іх жа падыходзіць Сахно. Яны там яшчэ нешта калупаюцца, але і так ужо зразумела: аўтаматчык сканаў. (Варта было цягнуць з сяла.) I я з надзеяй на нейкую палёгку пазіраў туды. Побач, бы прысмак, грызучы грудку снегу, паварочваецца ў каляіне танкіст. Нават апатычнага, знямоглага немца кранае клапотная цікаўнасць, і ён прыўзнімаецца з дарогі. Што ж, можа, так лепей.

Толькі што гэта час ад часу гудзіць? Нібы дзе недалёка прагазуе і сціхне матор. У сяле ці далей? Можа, аднак, дзе ў стэпе? Я ўглядаюся ў крывізну сельскіх вуліц, але там нічога падазронага не відаць. Праўда, дальні канец сяла хаваецца за паваротам балкі. Ці не падыходзяць ужо туды немцы? Я напружваю слых, толькі гул неўзабаве глухне. А можа, гэта мне здаецца так ад ператомы?

Тым часам над сялом, над шырачэзнаю балкай і стэпам у ранішняй марознай смузе ўзыходзіць сонца. Нейкае яно сёння надзвычай вялізнае і чырвонае. Проста дзівосна бачыць такі яго ярка-крывавы шар, які нетаропка выкочваецца з-за краявіду і неўпрыкмет сунецца ўвысь. Небакрай на ўсходзе таксама чырвоны — шырока і густа заліты нейкай мутнай, слаба падсветленай чырванню. Штось нядобрае тоіцца ў сённяшнім усходзе… Нешта трывожна-вусцішнае нараджаецца разам з днём і гняце. Я не ўмею асэнсаваць свайго адчування, але нейкая тужлівая прыкрасць завалодвае маім пачуццём, і я ведаю: гэта не к дабру.

Поделиться с друзьями: