ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ён недаўменна паглядзеў на яе.

— Ты што?

— Руссо правілно. Джулія нон веріт хляб. Слова веріт, любовь веріт. Хляб нон веріт Джулія. Джусто — правілно, руссо!

Усё смеючыся вачыма, яна падышла ззаду да Івана і лёгенька кранулася далоняй ягонай худой лапаткі. Адчуўшы яе нечаканую ласкавасць, ён ніякавата варухнуў плячамі.

— Ладна ты, — буркнуў ён і памкнуўся сігануць шырэй, але ў гэты час ззаду раскаціста грымнуў далёкі вінтовачны стрэл.

Яны абое ўраз азірнуліся і застылі на камені — унізе, недзе каля сялібы, пачуліся крыкі, зараз жа затрашчалі «шмайсеры» — над цяснінай загуло, закалацілася рэха. Іван сцяўся, стаіўся — у гэтай раптоўнай калатнечы ён з усяе сілы ўслухоўваўся, ці не пачуецца там знаёмы ненавісны брэх, — ад гэтага цяпер залежала жыццё. Але брэху быццам не было. Кулі ў расселіну не заляталі, чэргі джгалі недзе ўбаку, і гэта трошкі здзіўляла Івана. З паўхвіліны ён паўслухоўваўся, пасля раптам у яго галаве мільганула здагадка, і хлопец, струхнуўшы з сябе змярцвеласць, кінуў пад ногі дзяўчыне скуранку, а сам па выступах і трэшчынах у скале, хапаючыся за кустоўе, таропка палез угору.

Чэргі ўсё трашчалі, шыпелі, скыгалі ўгары кулі, у гуле страляніны данёсся далёкі трэск матацыклаў. Джулія, задраўшы галаву, напружана слухала і сачыла за Іванам, які карабкаўся ўжо ледзьве не на палавіне крутой стромкай сцяны. Азірнуўшыся на выхад з расселіны, ён пралез яшчэ крыху і тады, угнуўшы голаў, абмёр, убачыўшы ўдалечыні сялібу і немцаў. Джулія ўнізе, відаць, здагадалася, што ён бачыць, ямчэй перахапіла скуранку, скінула клумпес і нешта крыкнула. Але ён, нібыта прыліпшы да скалы, не мог адарвацца ад незвычайнага відовішча, краёчак якога адкрыўся яму з гэтай вышыні.

У рэдкім ельніку па-над сядзібай круціліся ў траве тры матацыклы, кулямёты якіх таропка білі ўгору. Недзе, відаць, спрабуючы прарвацца да скал, трашчала яшчэ некалькі матацыклаў, але іх не было бачна за выступам скалы. Было толькі відавочна, што агонь і ўсю сваю ўвагу немцы скіравалі ў бок ад гэтай расселіны; імпэт іхняга агню сведчыў аб тым, што яны бачылі цэль. Тоячы ў сабе пэўную думку-здагадку наконт гэтага, Іван пасунуўся крыху ўбок на скале, хаваючыся за выступ, узлез вышэй і тады сапраўды ўбачыў тое, што канчаткова яму ўсё растлумачыла.

Знізу штосьці казала Джулія, але ён не слухаў яе, — учапіўшыся пальцамі ў каменны выступ, ён глядзеў, як па схіле да скальнай сцяны, шырока сігаючы галянастымі нагамі, бег чалавек у паласатым. Наўкола яго блізка і далёка пылілі-трэскаліся кулі. Гефтлінг падаў, але затым ускокваў і зноў бег, каб праз некалькі секунд упасці. За ім, праўда, далекавата, каля сялібы, пакінуўшы два матацыклы, трухалі ўгору немцы, а іншыя з месца цераз іх галовы білі з кулямётаў. Агонь быў надта густы і дружны, і ўсё ж гефтлінг бег. Часам ён коратка азіраўся і, здавалася, нават штосьці крычаў, пасля падаў, і Іван кожны раз думаў: не ўстане. Ды не. Як толькі крыху слабеў агонь, небарака ўскокваў і бег, бег угору.

— Руссо! Руссо! Что смотріть? Руссо! — нецярпліва тупаючы на камені, дапытвалася знізу Джулія.

Іван моўчкі сачыў за небаракам, баючыся паварушыцца на скале, лічачы, што лёс таго ўжо вырашаны. I сапраўды, той яшчэ раз упаў, амаль дабегшы да скалы, болей яго ўжо не стала відаць, і страляніна адразу сціхла.

У Івана быццам што абарвалася ўсярэдзіне. Ён хуценька падаўся па камянях уніз, несучы з сабою ціхі смутак і кароценькую ўдзячнасць за яшчэ адну непакорную смерць, якая прыкрыла іх у гэтай расколіне. Саскочыўшы ў дол, ён коратка кінуў Джуліі:

— Капут.

— Капут? — шырока раскрыўшы вочы, не зразумела дзяўчына.

— Кампаніё твой.

— Кранк гефтлінг?

— Ну.

— Ой, ой!

Ён выхапіў у яе, збянтэжанай, сваю скуранку, яна моўчкі хуценька падабрала калодкі, і яны абое кінуліся па камянях угору.

9

Яны не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не?

З свайго якога-ніякага вопыту трох уцёкаў ён ведаў, што вось гэткія абставіны былі для ўцекачоў найбольш рызыкоўныя. Нідзе — ні ў полі, ні ў гарах, ні на дарозе — не падпільноўвала іх такая небяспека трапіць у пастку, як тады, калі яны заходзілі ў вёскі, сялібы, на хутары, калі сустракаліся з людзьмі. Так здаралася, што выдавалі нават і недаверлівых, нават і асцярожныя нарываліся на засады. Так часта канчаліся вельмі цяжкія шляхі на волю і пачыналіся другія, яшчэ больш пакутныя — назад, на захад, у палон. Але і зусім мінаваць людзей было немагчыма — трэба было карміцца, распытаць пра дарогу, пераапрануцца. Гарантыі ад здрады ніколі не было, і ўцекачы часта спадзяваліся на шчаслівы выпадак, на людскасць. Часта так і абыходзілася. Але не заўсёды.

Год назад ён таксама спадзяваўся на тое, што ўсё як-небудзь абыдзецца, як абыходзілася ўжо трыццаць два дні, — чацвёра іх даволі ўдала міналі засады, пераплывалі рэкі, абыходзілі вёскі, пазбягалі сустрэч з паліцаямі, два разы ўцякалі ад пагоні. Аднойчы, праўда, яны згубілі чацвёртага, масквіча-танкіста Валерыя. Астатніх жа як-колечы мінула ўсякае ліха: яны дабраліся да сваёй зямлі, да Валыні. Наўкола ляжалі ўкраінскія сёлы, у полі на конях і валах аралі свае палоскі сяляне. Бралася на цяпло — ужо можна было, не дужа калеючы, начаваць у лясах і без лішняй патрэбы не патыкацца ў вёскі. Каб толькі не харч! Харч прымушаў іх часам заходзіць у паселішчы, і ў тое ранне, пакінуўшы сяброў на ўзлеску, у сяло пайшоў Іван. Напярэдадні хадзілі іншыя, цяпер падступіла яго чарга.

Ён крышку прыпазніўся выйсці з лесу, праз які пакручастай дарожкай яны ішлі ноч. Трэба было дняваць, і дужа не хацелася зашывацца дзе на пусты жывот. Добра ўгледзеўшыся ў сяльцо з узлеску, ён нічога падазронага ў ім не заўважыў; вялікай дарогі паблізу, здавалася, не было, і ён цераз балацявіну, трымаючыся бліжэй да кустоў, рушыў да крайняе хаты. У яго быў пад палой нямецкі аўтамат з дванаццаццю патронамі ў магазіне, здабыты на дарозе пад Кракавам, армейскія боты на нагах і на плячах нейкая несамавітая сялянская світка. З выгляду ён нагадваў звычайнага селяніна, такога, як і ўсе тут, і без перашкод дайшоў да гародаў, потым па бакавой дарожцы ад гумна, што вяла між плятнёў, скіраваў да бліжняе хаты. Але хата стаяла па той бок вуліцы. Ён азірнуўся: паблізу нікога не было, толькі дзесь у двары рыпнулі дзверы і замычала карова, — мусіць, гаспадыня ішла даіць. Але не паспеў ён пераскочыць аблеглы з ночы, пакроплены расой пыл на дарозе, як з суседняга двара хтось выйшаў на вуліцу. Іван не азірнуўся, аднак, здаецца, патыліцай адчуў, што той заўважыў яго. Хлопец утуліў голаў і таропка шыбануў у падворак. Толькі ўжо хаваючыся за вугал дома, азірнуўся — чалавека таго не ўбачыў, затое згледзеў у двары цераз вуліцу вялізны брызентавы кузаў машыны. Гэта было куды як няўдала, тым болей што з двара ўжо крыкнулі — не то загадвалі нешта яму, не то перасцерагалі каго другога. Дзецца Івану не было куды (за хатай пачынаўся шырокі забаранаваны гарод), і ён кінуўся да расчыненых у сенцы дзвярэй. У дзвярах тых якраз паказаўся няголены, сярэдніх год чалавек. Ён, пэўна, зразумеў усё без слоў, бо пабялеў крыху, зірнуў на Іванаў аўтамат, што тырчаў з-пад палы, і адступіў да шула, даючы дарогу ў хату. Іван, таксама без слоў, ускочыў у чысценькія, прыбраныя сенцы з прыцярушанай аерам падлогай, зыркнуў сюды-туды вачыма, шукаючы якога сховішча, і, не знайшоўшы нічога прыдатнага, праз расчыненыя дзверы кінуўся ў другі пакой, дзе была печ. Ён згледзеў у ёй чорную дзірку падпечча, прыпаў на калені, коратка азірнуўся на акно, пад якім на лаўках у покуце з-пад паласатае саматканае коўдры высоўваліся тры пары дзіцячых ног. Кепскае прадчуванне разанула яго — не, не туды трапіў.

Але перайначваць намер не было калі — на двары затупалі боты, і ён задам таропка сунуўся ў смярдзючую вузкую дзірку падпечча, зараз жа прытуліўся к боку за выступ, прыціснуўся, сцяўся. У сенцы ўжо ўваходзілі людзі. Толькі ён справіўся зацяць дыханне, як адразу данесліся галасы: то былі немцы, двое ці болей. Гаспадар не разумеў іх або, можа, не хацеў разумець, Іван жа ўсё чуў, і перакладчыка яму не трэба было.

— Вэр іст? Вэр ляўфт? [35] — крычаў адзін немец.

35

Хто такі? Хто бег? (ням.)

— Ін дызэм аўгенблік, іх габе гезэен [36] , — гаварыў другі.

— Паночкі, нэ розумію. У мэнэ нікога нэма. Што вы!

У Івана трошкі абмякла напятае яго адчуванне — значыць, гаспадар свой, не выдасць, дзякуй Богу, у гэтым хоць пашэнціла. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. I ён ціснуўся да сцяны што было сілы, скурчыўшыся ў тры пагібелі і амаль што не дыхаючы. Тым часам немцы закрычалі мацней, вылаяліся, заплакалі малыя на покуце. Аднекуль, мабыць, з печы, тупнуўшы па падлозе, да іх кінулася жанчына, пачала супакойваць. Хтось, убегчы ў хату, лязгнуў затворам вінтоўкі; у падпеччы мільгануў цень. Галасней закрычалі малыя, загрукалі тапчаны — мусіць, раскідвалі іх пасцелі. Іван чакаў, трымаючы руку на рукаятцы аўтамата, хоць не ведаў, як тут было страляць. Немцы грукалі ботамі, пэўна, зазірнулі на печ, бразнулі засланкай, і тут жа прамень ліхтарыка мільгнуў па задняй сценцы падпечча. Іван аж прыжмурыўся, чакаючы крыку «гераўскрыхен!». Але праменьчык быў слабаваты (мусіць, разрадзілася батарэйка), немцы нічога не ўбачылі, і боты загрукалі далей. Неўзабаве крокі прыціхлі: напэўна, шукалі ў сенцах. Тады ён, усё яшчэ не варушачыся, выдыхнуў і зноў паціху ўздыхнуў, азадачаны надзеяй: няўжо ўратаваўся? I сапраўды, крокі зусім сціхлі — адно толькі хліпалі ля печы дзеці, і маці, тупаючы босымі пятамі, кідалася, відаць, да акон — нямецкая гамонка чулася ўжо з падворка. Там штосьці гаварыў гаспадар, напэўна, выправаджваючы іх далей ад хаты. I сапраўды, неўзабаве ўсё сціхла, гаспадар, мусіць, увайшоў у сенцы, да яго падалася жонка. Яна нешта хутка-хутка гаманіла, бядуючы і ледзьве не плачучы. Гаспадар злосна кінуў ёй: «Годзе! Змоўкні!» Яна змоўкла, вярнулася ў хату і засакатала да дзяцей.

36

Толькі што, я бачыў. (ням.)

Іван падумаў быў, ці не пара вылазіць, каб перахавацца куды ў надзейнае месца, як гаспадыня з жахам у голасе крыкнула:

— Пэтро! Пэтро! Ой лышэнько! Грыць ідэ…

Іван зноў сцяўся. Гаспадар знік недзе, з хвіліну яго не было чуваць, затым у двары пачулася лагодна-з’едлівае: «Добры дзень, гэр Пэтра!» Гаспадар стрымана адказаў на прывітанне, там нешта ляснула, быццам бізуном па халяве, і той жа голас неяк дужа будзённа, нібы гаворка ішла пра сабаку або кацяня, сказаў:

— Каго хуваеш? Ану, підаць ёго сюдой!

Поделиться с друзьями: