ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

23

Урэшце яны дабраліся да сланіку, але хавацца ў ім не сталі — сховішча ўжо не трэба было. Асыпаючы нагамі пясок і шчэбень, хапаючыся рукамі за калючае голле, Джулія першая ўзлезла на абрыў і спынілася. Іван, бокам заносячы хворую нагу, лез следам. На крутым месцы пад самым верхам ён проста не ведаў, як ступіць, каб вылезці з-пад кручы: гэтак балела ў калене. Тады дзяўчына наверсе ўкленчыла і працягнула яму сваю тоненькую, слабую руку. Ён зірнуў на сінія пражылкі вен на запясці і адхіліў руку — хіба яна здолела б вывалачы ягоны цяжар? Але Джулія таропка нешта затараторыла на дзіўнай мешаніне італьянскіх, нямецкіх і рускіх слоў і настойліва падхапіла яго пад локаць, неяк падтрымала, і ён урэшце ўзвалок на край сваё набрынялае цяжарам цела.

— Скоро, Іван, скоро! Эсэс!

Сапраўды, немцы даганялі іх. Пярэднія перайшлі ўжо луг і карабкаліся па круцізне, астатнія даганялі пярэдніх. Апошнім, спатыкаючыся, са звязанымі рукамі, брыў вар’ят у паласатым і з ім канваір. Нехта з пярэдніх, убачыўшы іх ля сланіку, закрычаў і выпусціў чаргу з аўтамата. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Іван азірнуўся — было далекавата, і куль ён не пачуў, а калі зноў падаўся наперад, ледзьве не наскочыў на Джулію, якая ляжала на схіле.

— Ты што?

— Нон, нон! Нон эршіссен! — азіраючыся з радасным бляскам у вачах, сказала яна і ўскочыла. На твары яе свяціўся жвавы, гарэзны азарт. — Сволячы эсэс! — звонкім абураным голасам закрычала яна немцам. — Фэрфлюхтэр! Швайн! Нікс эршіссен, аге!

— Ладна, кінь ты! — сказаў Іван.

Трэ было берагчы сілы, што карысці дражніць тых зверыядаўцаў. Але Джулія, відаць, не хацела проста так уцякаць — злосць і даўняя стоеная крыўда, пэўна, узялі сваё.

— Гітлер капут! Гітлер кретіно! Ну, шіссен, ну!

Немцы яшчэ пусцілі некалькі чэрг, але ўцекачы былі куды вышэй за даганятых, і ў такім становішчы, ведаў Іван, пацэліць з аўтаматаў было амаль немагчыма. Гэта, відаць, адчула і Джулія — тое, што навокал не дзынкнула ніводнае кулі, запаліла яе злою гарэзнасцю.

— Ну, шіссен! Шіссен, ну! Фашісто! Бріганті! [48]

Яна расчырванелася ад стомы і абурэння, вочы яе гарэлі злым чорным агнём, кароценькія густыя валасы матляліся ад ветру. У заключэнне свае лаянкі яна схапіла з-пад ног камень і, няўмела размахнуўшыся, шпурнула яго ўніз, — падскокваючы, ён пакаціўся далёка-далёка.

48

Ну, страляйце! Страляйце, ну! Фашысты! Бандыты! (ням., іт.)

Іван ад абрыву палез першы. Як-колечы яны карабкаліся ўскрай сланіку, пад’ём рабіўся ўсё болей круты. Чорт бы яго ўзяў, гэты зараснік, добра, каб ён быў там, унізе, дзе яшчэ можна было схавацца, а цяпер ён толькі шкодзіў, калоўся, чапляўся. Лезці ж цераз яго напрасткі было страшна — так густа спляліся яго пакручастыя, як дрот, смалістыя галіны. Кідаючы раз за разам трывожныя позіркі ўгору, хлопец шукаў якой болей прыдатнай дарогі, але нічога лепшага тут не было, і гэта прымусіла яго зацяць у сабе трывогу. Угары іх чакаў новы, куды болылы за папярэдні, сыпучы абрыў, узлезці на яго яны, мусіць, не здолеюць…

Джулія, аднак, пэўна, таго не бачыла і не адчувала. Занятая сваркай з немцамі, яна крыху адстала, а пасля таропка даганяла яго. Ён, задыхаўшыся, прысеў і выцяг уніз хворую нагу.

— Іваніо, нога? — спалохана глянула яна знізу.

Ён не адказаў.

— Нога? Дай нога!

Ён моўчкі ўстаў і зноў паглядзеў на кручу, яна таксама зірнула туды, агледзела гэтую сцяну, і позірк яе ўстрывожыўся.

— Іваніо!

— Ладна. Пайшлі.

— Іваніо!

Яе твар зноў перасмыкнуўся, нібы ад болю, яна азірнулася — немцы таропка лезлі іхнім жа следам.

— Іваніо, морто будэм! Нон Тэрэшкі? Аллес нон?

— Давай хутчэй! Хутчэй! — не адказваючы, строга прыкрыкнуў ён, бо інакшага выйсця, як толькі павярнуць у сланік, у іх не было.

I хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Адразу калючыя іголкі сотнямі ўпіліся ў ногі, але ён не зважаў на іх — ён ашчаджаў толькі калена, ад болю і напружання на лбе высыпаў сцюдзёны пот. Не дужа асцерагаючыся, толькі сабраўшы ў вузел усё трыванне, ён ашалела палез сярод сланіку ўбок, у абход кручы.

— Ой, ой! Ой! — роспачна войкала Джулія, але таксама лезла за ім — не вельмі ўмела, не разбіраючы шляху, часта чапляючыся за калючча і падаючы.

Ён не супакойваў яе і не падганяў — ён толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы.

Праўда, на гэты раз ім пашанцавала, яны амаль што дабраліся да верхняе мяжы зарасніку, калі ўнізе з-за кручы вылез першы эсэсман. Тут ён рабіўся ўжо небяспечны, бо яны хоць і адышліся далей, але мала ўзняліся ўгору — розніца ў вышыні паміж імі і немцамі была невялікая. Як толькі немец узняў галаву, каб згледзець іх, Іван таропка прыцэліўся з пісталета і стрэліў.

У гарах гулка пакацілася адгалоссе.

Вядома, ён не пацэліў: было далекавата, але немец засцярожліва шаснуў пад абрыў, і ў паветры затым разнеслася доўгая рассыпістая чарга. «Тр-р-р-р-рт… Тр-р-р-р-т… р-р-р-рт… р-р-т…» — усё далей адносячы, размножылі чаргу горы. Калі рэха сціхла, уцекачы кінуліся далей. Нечаканы пісталетны стрэл, пэўна, збянтэжыў немцаў, і на кручы нейкі час ніхто не паказваўся. Пасля на краі яе з’явілася паласатая постаць.

— Іваніо, гефтлінг!

Вар’ят, шырока расставіўшы ногі, узлез на кручу і, хістаючыся, закрычаў ім сваім недарэчна сарваным голасам:

— Руссэ! Руссэ! Хальт! Ворум ду гэйст вэг? Зі волен брот гэбэн [49] .

— Цурюк! — крыкнуў Іван. — Шіссен!

Вар’ят угнуўся і кінуўся назад, там на яго, чуваць было, закрычалі немцы і, крыху счакаўшы, амаль адначасова ўсе, колькі іх было там, высыпалі з-за абрыву.

Здаецца, становішча ўсё горшала. Да седлавіны, дзе канчаўся сланік, было зусім блізка, але ўжо тут немцы маглі дастаць з аўтаматаў. Трэба было як-небудзь затрымаць іх і прарвацца за седлавіну. Іван укленчыў, прысланіў ствол пісталета да хісткае галіны сланіку і стрэліў другі раз, затым трэці. Пасля ўгнуўся, стаіўся ў нізкарослым гушчары, да яго на чацвярэньках шаснула Джулія.

49

Рускі! Рускі! Стой! Чаму ты ўцякаеш? Яны хочуць даць хлеба. (ням.)

— Іван, нон патрон аллес! Нон аллес! [50]

Ён зразумеў, дакрануўся да яе худзенькага пляча, супакойваючы, — два патроны ён, вядома, пакіне на самы паследак. Ён чакаў страляніны з боку немцаў, але тыя маўчалі: шырока разбегшыся, яны таксама палезлі ў сланік. Тады ён ускочыў і, прыгінаючыся, каб хоць троху прыкрыцца, пакульгікаў угору, да седлавіны збок кручы.

Мусіць, немцы ўсё ж зрабілі памылку, што, гледзячы на іх, самі падаліся ў сланік. Гэты зараснік, аказваецца, не толькі затрымліваў рух, ён яшчэ не даваў бачыць, прыцэліцца, і пакуль яны валакліся там, Іван з Джуліяй, ледзьве жывыя ад стомы, дабраліся да седлавіны.

50

Іван, не ўсе патроны! Не ўсе! (ням.)

Поделиться с друзьями: