ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

11

Звыкла і нявесела разважаючы і адначасна ўслухоўваючыся ў шорхат ветру наверсе, камбат пагаліўся, агледзеў у люстэрка свой падкаўнерык, падумаў, што не шкодзіла б падшыць новы, але падкаўнерык падшываць не стаў. Ён на ўсе гузікі зашпіліў гімнасцёрку, надзеў шынель, пацёрты, прастрэлены, папэцканы ў зямлі, але звыклы і яшчэ нават чымсь франтаваты яго шынелак, які ён пашыў на заказ у час фарміроўкі ў Свярдлоўску. Рэмень і партупея дасталіся яму з поля бою ад колішняга ягонага намесніка старшага лейтэнанта Сарокіна, забітага ў студзені пры разведцы боем, — свой, даваенны, прапаў пасля яго цяжкога ранення пад Ржэвам. Але і гэты яшчэ быў някепскі — пашкрэбаны, але каляны, з камсастаўскай палявой спражкай, дзвюма партупеямі і нават свістком у маленькім футаральчыку на левым партупейным рэмені. Камбат пасунуў на дзязе і расшпіліў пацёртую і абшкрэбаную ў траншэях кабуру, з якой выцяг свой пісталет ТТ выпуску 1939 года з ладнай пластмасавай рукаяткай. Пасля ўжо пластмасавыя не выпускалі — рукаяткі рабілі з дрэва. У абодвух яго магазінах было па сем штук патронаў — восьмы ён звычайна дасылаў у патроннік, каб аслабіць спружыну. Пісталет гэты быў для яго тым, чым можа быць на вайне толькі найлепшы сябар, які не раз дасведчыў камбату сваю нямую адданасць. Апошні выпадак усё яшчэ выклікаў у Валошына лёгкія дрыжыкі пры ўспаміне аб тым, як гэта здарылася і чым магло скончыцца. Неяк тыдзень назад у часе ашалелай сутычкі ў нямецкай траншэі Валошына збіў з ног дужы малады эсэсавец, у руцэ каторага бліснуў перад яго вачмі нож. Падаючы, камбат паспеў стрэліць, на якую долю секунды раней, чым той апусціў руку, і эсэсаўскі нож па самую рукаятку ўвайшоў у зямлю ў якіх-небудзь двух сантыметрах ад яго пляча.

Пісталет страляў безадмоўна, за дваццаць крокаў Валошын лёгка адбіваў рыльца пастаўленай на пянёк бутэлькі, збіваў па заказу любую галінку з дрэва. Кожны раз, разбіраючы яго перад чысткай, ён са шкадаваннем думаў, што некалі ім прыйдзецца расстацца, і хацеў, каб пасля той дастаўся харошаму чалавеку. Шкадаваць не будзе.

Асцярожна ссунуўшы з рукаяткі затвор, Валошын не надта чыстай насоўкай старанна выцер яго пазы, выняў спружыну. Трэба было б прачысціць і ствол, у якім за некалькі дзён пасля апошняй стральбы, мабыць, нарасло каросты, але ў яго не было шчолачы. Ён нерашуча паўзіраўся ў соннага Гутмана, пазгадваў, куды той мог запіхнуць рэчмяшок з іх салдацкай маёмасцю, як раптам пачуў чыесь крокі. Яны гулка аддаваліся ў падмерзлай зямлі і яўна набліжаліся да іх зямлянкі. «Разведчыкі!» — з раптоўным ажыўленнем падумаў камбат, але ў траншэі крокі прыціхлі, ад няўмелых рук незнаёма зашамацела палатка, і ў зямлянку прасунуўся расчырванелы на ветры маладжавы твар.

— Дазвольце, таварыш капітан?

— Калі ласка, — сказаў Валошын, адчуўшы лёгкае расчараванне ад таго, што замест доўгачаканых разведчыкаў прыйшоў камсорг палка лейтэнант Круглоў.

Зрэшты, камсорг быў неблагі афіцэр і таварыскі хлопец, і расчараванне камбата неўзабаве знікла.

— Што, маёр Міненка паслаў? — збіраючы пісталет, запытаў Валошын.

— Ну. У вас жа намячаецца заўтра, — проста сказаў Круглоў, знімаючы з рук рукавіцы. — А што гэта печка затухла? Дроў няма? Ну тожа, гаспадары мне — у лесе жывуць, а дроў не маюць.

Перш чым камбат з Чарнаручанкам паспелі што-небудзь сказаць, камсорг прыўзняў край палаткі і знік у траншэі. Пачуўся яго прыглушаны голас на НП да вартавога, крокі, пасля зноў усё змоўкла.

— Шабутны камсорг, — сонным голасам прамовіў Чарнаручанка, не то з пахвалой, не то з асуджэннем маладога лейтэнанта, якому па сваім узросце гадзіўся ў бацькі.

«Жвавы, ага», — падумаў Валошын. Круглова ён ведаў даўно, яшчэ з таго часу, як сам камандаваў ротай, а гэты лейтэнант быў камандзірам узвода ў палкавой роце аўтаматчыкаў. Спрытны быў аўтаматчык, нічога не скажаш. Зрэшты, стаўшы камсоргам палка, лейтэнант, здаецца, не перамяніўся.

Не мінула і чвэрці гадзіны, як зноў пачуліся крокі, моцны шоргат у траншэі, Чарнаручанка расхінуў палатку, і Круглоў кінуў ля печкі настылае бярэма галля.

— Во, хоць пагрэю вас. А то памерзнеце.

Ён пачаў з хрустам ламаць, мабыць, не надта сухое галлё, запіхваць яго ў вузкія дзверцы печкі. Чарнаручанка памагаў, неўзабаве ў зямлянку дзьмухнула дымам, але ў печцы памалу пачало разгарацца. Камсорг спіхнуў на патыліцу шапку і, стаўшы на калені, адкінуўся ад печкі.

— Люблю агонь!

— Хто не любіць, — скупа сказаў Валошын з ранейшай заклапочанасцю ў настроі.— Што там у палку чутно?

— А што ў палку? Я ж у другім батальёне, у Паршына, быў. Раптам званок, Міненка: «Шагам марш к Валошыну, заўтра „сабантуй“».

— «Сабантуй», ага. Загадана ўзяць вышыню.

— Возьмем, калі загадана, — лёгка пагадзіўся камсорг.

— Гляджу, ты аптыміст.

— А што ж! Што яшчэ камсоргу застаецца? Задор, упэўненасць і аптымізм.

— Няблага. А Паршын што? Адседжвацца будзе?

— Дзе там! На саўгас наступае. Папаўненне атрымаў.

— Папаўненне і я атрымаў. Паўсотню чалавек.

— Ого! Так многа!

— Усе новенькія. Неабстрэляныя. Ім бы з тыдзень у абароне пасядзець. Звыкнуцца з фронтам.

— Не выходзіць у абароне.

— Да таго ж па-руску амаль ніхто не разумее.

— Гэта горш. Добра, я трохі разумею. Перакладчыкам буду.

— А ты адкуль разумееш?

— У Сярэдняй Азіі жыў. Самарканд, Бухара, Чарджоў.

— Ясна. Тады дзякуй маёру Міненку. Сапраўды, можа, паможаш дамовіцца.

Валошын сабраў пісталет, упіхнуў яго ў скураную кабуру, выцер насоўкай рукі. Круглоў сядзеў перад топкай і ўсё з хрустам ламаў галлё, піхаў яго ў дымную печку. Камбат чакаў, што камсорг, напэўна, праінструктаваны нампалітам, загаворыць аб палітмасавай рабоце, але той, быццам ухіляючыся ад гэтай тэмы, гаварыў аб іншым.

— А як жа з палітзабеспячэннем? — асцярожна запытаў Валошын. — Мітынгу праводзіць не будзем?

— А нашто? Я і так пагутару. Я ім пісьмо пачытаю. Пісьмо класнае атрымаў. Ад дзяўчат са Свярдлоўска. — Ад знаёмых?

— Дзе там! Пішуць на імя камсамольскага сакратара часці. Не пісьмо — цэлая паэма. Хочаце пачытаць?

Ён ухапіўся за сваю набітую паперамі кірзавую сумку, але Валошын сказаў:

— Нашто? Не мне ж адрасавана.

— Дык з маёй жа згоды. Я во байцам усё чытаю — слухаюць, не адарваць. I сардэчна, і патрыятычна. Хоць у газеце друкуй.

— Вось і пачытай у ротах.

— Абавязкова. Во як яны пішуць, паслухайце, — сказаў ён, таропка разгортваючы пакамечаны трохкутнічак. — «Ад імя і па даручэнню ўсіх нашых дзяўчат, здраствуйце, дарагія і любімыя воіны-героі, маладыя і трошкі старэйшыя, мы любім вас, і ганарымся вамі, і чакаем вас удзень і ўначы, верна аберагаючы нашу любоў і нашу дзявочую пяшчоту…» Ну і так далей.

— Добра пішуць, — сказаў Валошын. Круглоў схаваў пісьмо і зашпіліў сумку.

— Ну што, колькі там настукала? — зірнуў ён на скрынку, дзе ляжаў на краі гадзіннік Валошына. — Ого! Ужо тры. Пайду ў роту.

— У якую пойдзеш?

— Якая пад вышынёй? Самохіна?

— Самохіна, — сказаў, падумаўшы, камбат. — Але я параіў бы схадзіць у восьмую. Лейтэнант Муратаў там захандрыў нешта.

— Гэта чаму?

— Ды так. Глупства. Але трэба было б падбадзёрыць.

— Добра. Пайду да Муратава. Стары знаёмы ўсё ж. Разам у полк прыйшлі. А пасля і да Самохіна заскочу.

— Што ж, давай!

— Галоўнае, пісьмо пачытаць. Ведаеце, як натхняе?

— Пабачым, як ты іх натхніш заўтра.

— У найлепшым выглядзе. Толькі вось часу ў абрэз. Ну што ж, ранічкай пабачымся.

— Абавязкова.

Круглоў пайшоў, і ў зямлянцы зноў стала ціха. Прыслухоўваючыся да ягоных крокаў у траншэі, Валошын успомніў пра вышыню і падумаў, што прыйдзецца, напэўна, зноў вылазіць з зямлянкі і ісці да Самохіна — ён проста губляў надзею дачакацца на КП прапаўшых недзе разведчыкаў. Але зморанае цела марудзіла, так добра было сядзець у цяпле і спакоі, трывожна ўсведамляючы, што канчаюцца апошнія гадзіны ночы, а заўтра ўсё будзе не так.

Поделиться с друзьями: