Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
Снег тым часам не толькі паглыбеў, але стаў і яшчэ болей мяккі, пад рукамі шастала прысыпаная ім змерзлая, не кошаная з лета трава. Аднаго разу Іваноўскі неасцярожна націснуў каленам і праламаў крохкую скарынку моху, з-пад якой плесканула вада. Знячывелы лейтэнант падаўся ўбок і тут жа вылаяў сябе за паспешлівасць: знайшоў чаго асцерагацца! Быццам праваліцца ў ваду было самае горшае з усяго, што іх магло напаткаць. На некалькі секунд ён прыпыніўся і ўслухаўся: ці не выдаў сябе гэтым міжвольным рухам. Але ўжо тут, побач, было кустоўе, як рукой дастаць тапырылі голле алешыны, купкі ніцай лазы, што густа тырчала са снегу. Іваноўскі яшчэ нядоўга прапоўз пад кустамі, каб даць сваёй расцягнутай групе размясціцца пад іх аховай, і аблёгся на лыжы. Хмызняк добра хаваў іх ад вёскі, тут ужо не страшныя былі і ракеты. Праўда, яшчэ заставаўся адкрыты і небяспечны пагорак-лыжка ў другім баку, але ён быў усё ж далей. Адтуль іх маглі ўжо і не ўбачыць нават і пры святле ракет.
Увесь час лейтэнанту карцела ўстаць і азірнуцца, як там, у хвасце, ці не занадта расцягнуліся апошнія. Цяпер вельмі важна было трымаць усіх у адным кулаку — ведаў, у такой сітуацыі разрозненасць мяжуе з бядой. Праўда, у выпадку чаго там ёсць каму пакамандаваць, апошнім поўз Дзюбін, здаецца, чалавек разумны і разы ў паўтара старэйшы за лейтэнанта. Але Дзюбін быў прызваны з запасу, і, хоць характарам яго Бог не пакрыўдзіў, невядома, ці хопіць у яго франтавога ўмельства? Кадравы камандзір Іваноўскі, які выцерпеў усе пакуты вайны з яе самага першага чэрвеньскага дня, трохі не давяраў запасным і для пэўнасці частку іхняй паклажы звычайна імкнуўся ўзяць на сябе. Сённяшняя яго кароткая сутычка са старшыной, які прапанаваў пачакаць з пераходам, пакінула непрыемнае ўражанне ў абодвух. Лейтэнант не любіў дзяліць сваю ўладу з кім бы то ні было ды яшчэ ў такой справе, дзе можна было спадзявацца толькі на самога сябе, сваю кемлівасць і рашучасць. Пакуль увогуле ўсё абыходзілася, пашанцуе — абыдзецца і далей, і тады як-небудзь пры выпадку ён напомніць Дзюбіну…
Ззаду ў баразне пульхнага снегу сіпата зашаптаў Лукашоў:
— Цяпер куды, таварыш лейцінант?
— Ціха! Як там астатнія?
— Ды паўзуць. Шалудзяк вунь адстае толькі…
Зноў Шалудзяк! Гэты Шалудзяк яшчэ ў батальёне сваёй мешкаватасцю выклікаў кароткае незадавальненне ў лейтэнанта, але ў мітусні кароткае падрыхтоўкі Іваноўскі проста забыўся пра яго, падумаўшы, што чалавек, мабыць, здаровы, вытрымае. Да таго ж групе быў патрэбны сапёр, а выбар быў невялікі, давялося браць першага, хто трапіў пад руку — гэтага вось немаладога і медзведзяватага дзядзьку. Але вайна ў каторы ўжо раз пераконвала, што, апроч звычайнай сілы, патрэбна яшчэ і ўменне, і трэніроўка. Зрэшты, трэніроўкі ў іх таксама не было ніякай, на яе проста не хапіла часу. Увесь дзень начальнік разведкі з начальнікам асобага аддзела праглядвалі і ўтрасалі спісы, падбіралі людзей, і калі нарэшце сабралі групу, пра трэніроўку не было чаго і думаць.
Іваноўскі пакінуў на месцы лыжы, абышоў Лукашова і папоўз па ягоным следзе назад. Шалудзяк сапраўды адстаў ад сяржанта і цяпер зморана і грузна грэбся ў снезе, затрымліваючы сабой астатніх.
Лейтэнант сустрэў яго ціхім злым шэптам:
— У чым справа?
— Ды вось спацеў, каб яго! Ці хутка там, каб на лыжы?
— Жыва варушыся! Жыва!!! — бязлітасным шэптам падагнаў ён байца.
Валюхаючы задраным задам, наўючаны пад маскхалатам цяжкім мехам узрыўчаткі, Шалудзяк на кукішках памкнуўся даганяць сяржанта, за ім падаліся астатнія. Лейтэнант прапусціў паўз сябе Хакімава, Зайца, Судніка, яшчэ некага, чыйго твару ён не разгледзеў пад нізка насунутым капюшонам, і дачакаўся старшыну Дзюбіна.
— Што здарылася? — запытаўся той, ненадоўга затрымліваючыся каля Іваноўскага.
Лейтэнант не адказаў. Што было адказваць, хіба не відно старшыне, што група расцягнулася, парушыла неабходны парадак, да якога меў пэўныя адносіны і старшына як замыкаючы.
— Хто стукаў у хвасце?
— Стукаў? Не чуў.
Вядома, ён не чуў. Іваноўскі не стаў гаварыць далей і ўслухаўся. Паблізу, аднак, усё было ціха, нашы на пагорачку з сасняком насцярожана маўчалі, маўчалі наперадзе і немцы. Дзевяць бугрыстых постацей у белых, прыцярушаных снегам халатах, зморана сапучы, роўна ляжалі ў раскапанай імі снежнай канаве.
— Трэба слухаць, — кароткім шэптам заўважыў Іваноўскі. — Зараз пераход. Каб мне ні гуку!
Старшына прамаўчаў, і лейтэнант на кукішках хутка папоўз наперад, абмінаючы па снезе байцоў. Ён не бачыў іх твараў, але амаль фізічна адчуваў іх насцярожаныя, поўныя чакання і трывогі позіркі з-пад капюшонаў. Усе маўчалі. Абганяючы Шалудзяка, які, вінавата сапучы, распластаўся ў баразне, Іваноўскі строга патрабаваў:
— З усіх сіл! З усіх сіл, Шалудзяк! Паняў?
Лейтэнант выпаўз у галаву сваёй цяпер ужо сабранай у адно пластунскай калоны і зноў пагробся ў самым глыбокім снезе на краі кустоўя. Адною рукой ён валок лыжы, другой аўтамат, сумка з аўтаматнымі дыскамі ўсё з’язджала са сцягна на жывот, і ён раз-пораз адкідваў яе за спіну. У снезе ён налез на нейкую кучу галля, якое гучна затрашчала ўначы, за штось зачапіўся, парваў маскхалат. Ціха вылаяўшыся, лейтэнант хвіліну выбіраўся з гэтае пасткі, пасля ўзяў убок, трохі далей ад кустоўя. Дзесь тут паблізу павінен быў трапіцца ручай, які ўпадаў у рачулку, ад ручая пачынаўся самы небяспечны адрэзак шляху ў разрыве нямецкай лініі.
Да ручая, аднак, ён не дапоўз — наперадзе і зусім блізка нешта шчоўкнула ўгары, засіпела, заіскрылася, і яркая агняная дуга разрэзала край неба. Разгарачаны барацьбой са снегам, Іваноўскі не адразу сцяміў, што гэта ракета. Яна ўзвілася, крыху не даляцеўшы да іх, ярка распусцілася ўгары букетам зіхоткага белага полымя, і снегавы дол з кустоўем сцяўся, прыціх, заліты яе ліхаманкавай яркасцю. На секунду ўсё наўкола замерла, а пасля здрыганулася, па полі ў бакі шаснула блытаніна невыразных імклівых ценяў. Ракета ўпала на снег за хмызняком і яшчэ секунды са тры зыркала па снегавым наваколлі хліпкімі рэшткамі святла.
Іваноўскі заціх, дзе ляжаў, амаль не дыхаючы, грудзі ўдушліва раздзірала ад нястачы паветра, вецер віхрыў ля твару снегавым пылам. Лейтэнант чакаў стрэлаў, крыку, наступнай ракеты, але ў згусцелай суцэльнай цемры над поплавам стаяла ранейшая няпэўная цішыня. Тады ён на секунду заплюшчыў вочы, каб хутчэй прайшло асляпленне, і зноў паглядзеў наперад. Яго здзіўляла ўжо, адкуль тут магла з’явіцца ракета, у тым жа баку, адкуль яна вылецела, не павінна быць немцаў, там балота, рачулка, хмызняк. Туды ж якраз трэба было паўзці ім. Цяпер выходзіла, што той шлях закрыты.
Ззаду яго пакратаў за бот Лукашоў, але лейтэнант не зірнуў на яго і не азваўся. Самае важнае, што непакоіла яго, было — заўважылі або не? Калі заўважылі, то, мабыць, іх сённяшняя спроба на тым і скончана. Калі ж не, дык трэба як найхутчэй пераадолець гэтую праклятую мясціну.
Мінула яшчэ хвіліна, не было ні ракеты, ні стрэлаў, і Іваноўскі падумаў, што, пэўна, гэта недзе сядзіць высланы на ноч ракетчык. Тады лейтэнант крута завярнуў у кусты, ужо не па-пластунску, а на карачках дапоўз да нізкага берага рэчкі, над якой, умерзшы ў лёд, хіліліся крывыя чорныя вольхі. Тут ён памарудзіў, не адразу рашаючыся паткнуцца на лёд. Але іншага рабіць не выпадала, ён споўз з купістага берага, лёд, на шчасце, не трэснуў, не ўгнуўся, хоць і быў яшчэ слабы пад роўным пластом пухнатага снегу. Лейтэнант таропка перапоўз цераз яго і збоч ад лазовага куста ўскарабкаўся на другі бераг. Тут хмызняку было меней, ён туліўся да самае рачулкі, а далей пачынаўся пагорак з вёскаю і нямецкім акопам пад пахілаю пунькай наводшыбе.
Сяржант Лукашоў не адставаў ад яго ні на крок, і калі ён спыніўся ў нерашучасці, той падпоўз поруч і шапнуў у твар:
— А давайце рэчкай…
— Ціх!..
Становішча ўскладнялася. На гэтым баку яны былі дужа блізка да немцаў, ды і прабірацца тут можна было па дужа вузенькім краечку кустоўя ўздоўж рэчкі. Было надта спакусліва падацца на лёдавую роўнядзь рачулкі, але яна пятляла, як блытаная вяроўка, гэта колькі трэба выкруціць тых петляў? Зноў жа, а калі дзе дрэнна ўмерзла?
Яму здалося, што ўжо мінула шмат часу, што ён залішне доўга прабавіўся ў гэтым хмызняку і так недаравальна спазняецца ў самым пачатку. Аж скалануўшыся ад тае трывогі, ён азірнуўся, але ззаду, мабыць, ужо ўсе перабраліся на гэты бок і чакалі, каб рушыць далей. У змроку на доле быццам цямнелі са два твары, іншых, праўда, не было відаць, але ён пачаў засцярожліва грабціся далей.
На гэты раз ён прапоўз дужа мала — зноў з таго ж месца пырхнула ракета, затым кахнуў яе стрэл. Лейтэнант уціснуўся ў снег, з усяе сілы ўзіраючыся ў чорна-белую блытаніну галля на ярка асветленым мільготкім доле. Не, ракета пайшла ў ранейшым кірунку, па той бок поплаву, адкуль яны сюды прыпаўзлі. Значыць, іх усе ж не заўважылі. Калі ракета згасла, ён з палёгкай тузануў за раменьчык лыжы і сам на локцях і каленях ірвануўся праз снег наперад. Секунд некалькі ён не бачыў нічога перад сабой, толькі гроб, гроб снег і валок лыжы. I раптам зноў аслеп ад неверагодна яркага бляску, які лінуў з паднябесся — снег заіскрыўся, заззяў, блытаныя цені ад кустоўя крутануліся на адным месцы і, ярка адбіўшыся на снезе, замерлі. Замёр і ён, адчуваючы, што гэты халодны прастор вось-вось прарэжа чарга. Як заўжды ў хвіліну найбольшай небяспекі, думка яго зрэагавала з маланкавай хуткасцю, ён зразумеў, што гэта — ад пунькі, значыць, зусім побач. Ракета ўся без рэшты згарэла ў вышыні, і ён зноў прыплюшчыў вочы, каб хутчэй пазбыцца слепаты, і ляжаў не кратаючыся. Калі заўважылі, дык, мусіць, трэба падацца назад на рэчку, пад засцярогу яе беражка. А калі не… Тады трэба як мага хутчэй наперад, далей ад гэтага праклятага месца, дзе цябе падсвечваюць з двух бакоў.