Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
— Дымок, дымок рабіць будзем, — жартоўна загаманіў камандзір групы. — Думаў, грукнем — нічога не выйшла. Будзем дыміць.
Яны ўсе пахмурна глядзелі на каністру: Даніла і Сцяпан — пастаўшы ля яе, а Брытвін — маўкліва седзячы на сваім месцы. Вядома, усе з прыкрасцю разумелі, што выходзіла горш, чым меркавалася: бензін — не тол; як бы там ні выпадала, паліць заўжды горш, чым узрываць.
— Дык мы што? Хіба не на чыгунку? — стрымана запытаў Брытвін, пазіраючы некуды ў дол, на камандзіравы боты. Маслакоў з жартоўнаю жвавасцю ў вачах агледзеў сваіх падначаленых.
— Не, не на чыгунку. У другі бок. На Кругляны.
— На Кругляны. А хто табе групу камплектаваў?
— А што — кепская група? Сам падбіраў.
Брытвін устаў і падышоў бліжэй. Потым з нейкаю замаруджанай важнасцю павярнуўся да Сцёпкі.
— А таго таксама сам выбраў?
— Каго? Тоўкача? А што, кепскі падрыўнік? Брытвін спадылба выпрабавальна і настойліва глядзеў на камандзіра.
— Дзе ж гэта ён падрываў? На кухні?
— Якое вам дзела? — не стрываўшы, агрызнуўся Сцяпан. — Падумаеш, начальнік знайшоўся.
— Ціха!
Маслакоў, мабыць, толькі цяпер зразумеў нешта. З ягонага твару сышла усмешка, без якое рысы яго зрабіліся рэзкія, амаль жорсткія.
— Каго браў — мая справа, — сказаў ён. — Хто заслужваў.
— Заслужваў! Ты паглядзі, якая ў яго вінтоўка, — кіўнуў галавой Брытвін.
Маслакоў павярнуўся да Сцёпкі.
— А ну, дай сюды.
Сцяпан падаў вінтоўку, Маслакоў адкрыў і закрыў затвор, спусціў курок. Строга зірнуў на хлопца.
— У чым справа?
— Ды мушка трохі ківаецца, — знарок, як аб дробязі, скорагаворкай адказаў Сцёпка і прыкусіў губу. Пакуль Маслакоў аглядаў і абмацваў мушку, хлопец усё болей панурыўся і з нянавісцю думаў пра Брытвіна. Ці ён быў вінаваты, што Кляпец уручыў яму гэту ламачыну? Ці яму самому не хацелася мець добрую зброю? З асаблівым шкадаваннем ён успомніў свой ладны трафейны аўтамацік, які ў яго забралі, калі пераводзілі ў гаспадарчы ўзвод.
Маслакоў узняў позірк на хлопца.
— Закярніць не мог, да?
— Дык не было чым.
— Цяпер некалі — на перакуры напомніш. Сам замацую. Астатняе ў парадку?
— У парадку, — паспешліва адказаў Сцёпка. Маслакоў яшчэ зірнуў на яго тонкую постаць, перацятую дзяжкай, даўжэй затрымаў позірк на завязаным дротам боце, але не сказаў нічога.
— Трымай!
Сцёпка на ляту ледзьве ўхапіў кінутую яму вінтоўку і з палёгкай уздыхнуў. Напружанне яго расслабілася, галоўнае абышлося — яго не прагналі; астатняе для хлопца ўжо не мела вялікага сэнсу.
— Так. Тады шагам марш! — сказаў Маслакоў да астатніх. — Каністру панясём па чарзе. Хто першы?
Першага, аднак, не знаходзілася, каністра стаяла ў доле, над ёй, чакаючы ахвотніка, стаяў Маслакоў. Брытвін, па яго, мабыць, старой звычцы, адышоўся воддаль з такім выглядам, нібы яго тут нічога не датычыла. Даніла чамусьці глядзеў у лес — бы і не чуў, што сказаў камандзір. Тады Сцёпка з гняўлівай зацятасцю ступіў крок наперад і ўзяўся за гнутую металічную ручку каністры.
— Да-а, — няпэўна прамовіў Маслакоў і кораценька ўздыхнуў.— Ладна, пачынай, Тоўкач.
4
Пачынаць было не так ужо і цяжка — з гадзіну Сцёпка, мяняючы рукі, нёс каністру. Закінутая лесавая дарожка вілася спярша ў змрочным, замшэлым ельніку, пасля папаўзла нізінай, альховым хмызняком, расцяробамі. Цераз чорны, гразкі тарфянік хлопцы нядоўга абходзілі хлюпкае, з талай вадой балота, на якім у кустоўі нясмела яшчэ зелянелі кволыя зубчыкі вясновай травы.
Яшчэ ў пачатку Сцёпка знарок адстаў, каб не ісці поруч з Брытвіным, якога ён ужо амаль ненавідзеў. Хлопец разумеў, што былы ротны незадаволены ім, бо сумняваўся ў ягоных баявых якасцях, а можа і наогул лічыў няўдакам. У глыбіні душы Сцёпка не мог не адчуваць, што сапраўды ад радасці трохі паспяшаўся з выхадам. Мусіць, трэба было папрасіць у Спірыдзёнка аўтамат або хоць бы закярніць мушку, тады б можа і не было гэтае звягі. Цяпер, разважыўшы, ён не лічыў сябе зусім невінаватым, але і не мог пагадзіцца, каб яму «чытаў мараль» Брытвін, які тут, па сутнасці, такі ж радавы, як і яны ўсе. Калі ўжо на тое пайшло, дык Сцёпка яшчэ стрываў бы мараль ад Маслакова ці ад каго з атраднага начальства, але толькі не ад Брытвіна, якога ён не ведаў, а цяпер ужо і не паважаў зусім. Мала што ён колішні камандзір, але таварыш з яго няварты, гэта ўжо было ясна з самага пачатку. I гэта засмучала, бо ў той справе, на якую яны выпраўляліся, куды важней было мець проста надзейнага таварыша, чым нейкага там звяглівага камандзіра. Камандаваць, уласна кажучы, не было кім — трэ было валачы каністру.
I ён валок яе, ледзьве не пераломваючыся напалам. Бензін нязвыкла смярдзеў, заглушаючы лесавую духмянасць, і з ціхім плёскатам мерна варушыўся ў пасудзіне. Спакваля, аднак, каністра ўсё цяжэла. Сцёпка стаў перабіраць яе ў руках амаль штомінуты, некалькі разоў спыняўся, мяняючыся рукамі, і ўрэшце адстаў. Наперадзе якраз трапіўся неглыбокі, зарослы ляшчыннікам равок, Маслакоў з астатнімі перайшоў па дарожцы на той бок, а Сцёпка спыніўся на ўзроўку і паставіў каністру. Напэўна, трэ было крыкнуць, каб падмянілі, але ён маўчаў: не хацеў пры Брытвіне ні аб чым прасіць — маглі б здагадацца самі. Студзячы ў паветры пякотную далонь, ён толькі глядзеў ім услед і думаў: азірнецца хто ці не? Тыя адзін за адным лезлі па схіле ўгору, і толькі выкараскаўшыся з рова, Маслакоў гукнуў яго. Сцёпка не азваўся, а з затоенай крыўдай сеў ля каністры. Яны за ровам таксама паселі — ніхто не ішоў сюды. Тады ён устаў і, узяўшы каністру, памалу сышоў у роў.
Ён думаў, што яны дачакаюцца яго і пойдуць, аднак яны не ўставалі. Акрай дарогі з заклапочаным выглядам сядзеў Брытвін, ля яго пераабуваўся Маслакоў. Даніла, засцярожліва хапаючыся за сучча, палез да ручая напіцца. Занятый размовай, яны не звярнулі на хлопца ніякай увагі.
— Раку над Круглянамі ведаеш? — казаў Маслакоў, пераабуваючыся.
— Ну.
— Дык вось там.
— Доўгі той? Драўляны?
— Ён самы.
— Наўрад ці што выйдзе, — падумаўшы, сказаў Брытвін, па сваёй звычцы пазіраючы ў дол. — Там ахова.
Сцёпка сцяміў, што размова датычыла іх задання, і спадылба пільна пазіраў то на Брытвіна, то на камандзіра. Маслакоў, падчапіўшы наском, сцягнуў другі бот, двума дакладнымі рухамі загарнуў скарэлую анучу.
— Аховы няма. Учора прыйшоў Галёнкін з разведкі. На мосце пуста.
Насунуўшы бот, Маслакоў мякка прытупнуў ім па імшарыстым доле.
Сцёпка адразу ж здагадаўся пра сэнс іхняга задання, і яму стала зразумела, што спаліць мост, мусіць, будзе нялёгка. Калі нават і няма аховы. Там за логам — мястэчка з паліцыяй, адкуль гэты мост відзён як на далоні. Але цяпер сваім пярэчаннем хлопец не хацеў падтрымліваць Брытвіна і маўчаў.
— Удзень можа і няма. А ўночы? — сказаў Брытвін.
— А нашто ўночы? Мы ўдзень і падпалім.
— Пад носам у бобікаў?
— А што? Дрэва сухое — пыхне што порах! Толькі б бензіну болей, — бадзёра пацвердзіў Маслакоў і паглядзеў на Сцяпана. — Тоўкач, давай драгунку.
Хлопец падаў вінтоўку, камандзір дастаў фінку і чаранком пачаў ціхенька кляпаць над мушкай.
— Уся справа ў тым, як абмазгована. А абмазгаваў ты няважна. Хітрасці няма, — незадаволена зазначыў Брытвін.
— Якой хітрасці?
— Такой, каб сказаў — і адразу паверылі, што ўдасца.
— Хітрасць, хітрасць! Тут наважыцца трэба. Чым раптоўней, тым лепш.
Ведама ж, так. Што разводзіць нейкія там хітрыкі, думаў Сцяпан. Слухаючы нетаропкую гаману-спрэчку, ён пазбыўся першага міжвольнага сумнення наконт маслакоўскай задумы і ўзняў на Брытвіна крыўдлівы, амаль злы позірк.
— Не такія нішчылі. Аж трэскі ляцелі. I не палохаліся. Ён знарок сказаў так груба і задзірліва, каб зачапіць Брытвіна, над якім тым самым сцвярджаў нейкую сваю калі не перавагу, дык ва ўсякім разе не прызнаную ім годнасць. Праўда, гэта выглядала трохі самаўпэўнена, можа нават легкадумна, але ён ужо адчуў у сабе прыемны халадок помслівай рашучасці і ведаў, што не саступіць. Брытвін насупіўся.