ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пасля грамадзянскай вайны Кірыл атрымаў прыход у родным мястэчку. Да нас тут доўгія гады раскашаваў айцец Піліп Заяц, гэта, я вам скажу, быў далёка не лепшы са служак боскіх, ды і з сыноў чалавечых таксама. Тыповы поп-абірала, абібок і п’яніца, якіх тады нямала развялося ў правінцыі. Гэты ўмеў прыладзіць рэлігію да свае асобы, ды так спрытна, нібы яна была для яго і створана богам. Пападдзя таксама папалася ў пару да бацюшкі, такая ж прагная і карыслівая, зрэшты, яна і кіравала папом і прыходам — цёмная, злосная баба. Да рэвалюцыі прыхаджане штогод падавалі скаргі, ездзілі ў сінод нават, але Заяц, дзе трэба, умеў прыкінуцца ягнём, а тым, хто паскардзіўся, пасля люта помсціў. Апошні раз скаргу на яго склала маладая фельчарка, дык ён давёў яе да самагубства — атруцілася морфіем. І мёртвай яшчэ помсціў — не даў пахаваць на могілках, закапалі за плотам каля дарогі. Але ўсё ж не скаргай, дык смерцю сваёй яна дамаглася, што Зайца знялі з прыхода, замест прызначылі айца Кірыла. Пераехалі мы ў гэтую во хату. Некалі тут мінула дзяцінства мужа, пасля прайшло дзяцінства нашага Алежкі. Я ў школе ўжо не рабіла, была простай хатняй гаспадыняй, пападдзёй, жылі мы пераважна з гарода ды з таго нямногага, што ахвяравалі прыхаджане. Трудна жылося. Але тады ўсім трудна жылося. Я палюбіла гэты дворык, і дом, і суседзяў на вуліцы — усе яны былі працавітыя, бясхітрасныя людзі. Я старалася з усімі жыць у міры і згодзе, чым магла памагала мнагадзетным, вулічным рабятам, у нас паявіліся сябры з простанароддзя. Інтэлігенцыя — настаўнікі, саўработнікі неяк з намі не надта вадзіліся, але бог і імі, я іх разумела. Пасля стала горш, айцец Кірыл захварэў, стаў кепска спаць, часта нерваваўся, хаця спраўна адбываў службу, ездзіў на трэбы, сумленна рабіў усё, што належала рабіць прыходскаму свяшчэнніку. Але разгортвалася барацьба з рэлігіяй, і, як гэта нярэдка бывае, гэтая барацьба стала персаніфікавацца, набываць канкрэтны характар. Панятна, што айцец Кірыл стаў першым аб’ектам гэтай барацьбы. Часта сталі парушаць парадкі абедні — то выкрыкі, то п’яная свара. Пасля сталі яго выклікаць — пераважна ноччу — у ГПУ, у сельсавет, а то на дыспуты з народам. Ён не працівіўся, паслухмяна хадзіў, удзельнічаў у дыспутах, дзе, канечне ж, верх браў не ён. Верх заўжды быў за Коськам Брытым — не ведаю дагэтуль, дзе тут ад мянушкі, а дзе ад прозвішча. Але аднойчы, калі айцец Кірыл расказваў аб паходжанні святога Евангелля, гэты Коська Брыты сразіў яго воклічам: «А ты сам бога бачыў?» Айцец Кірыл узяўся тлумачыць, што бога немагчыма ўбачыць, што гэта хутчэй нраўственнае паняцце, чым персона, але гэты Брыты дабіў яго рэплікай аб тым, што «нраўственнасць ці наравітасць — гэта ад кабылы, якая не хоча ісці ў аглоблі, а мы, маўляў, людзі свабодныя, цяпер нам воля, і пляваць мы хацелі на бога».

Усё гэта было даволі прымітыўна, груба і абурала, але Кірыл умеў сцішваць свой гнеў і яшчэ спрабаваў растлумачыць нешта, можа быць, больш папулярна, пакуль двое сябрукоў гэтага Брытага не ўзлезлі на сцэну і не насунулі на вочы свяшчэнніку шапку, тым закрываючы дыспут. Пасля было шмат рознага, болей кепскага: зламалі веснічкі ў царкоўнай агароджы, гадзілі на паперці, мазалі гноем вароты нашай сядзібы. А пра выкрыкі, крыўдныя рэплікі на вуліцы, у крамах за спіной айца Кірыла і за мной я ўжо не кажу, я да іх прывыкла і старалася не заўважаць. Горш стала, калі малы Алежка пачаў прыходзіць з вуліцы са скаргамі на таварышаў — то абазвалі, то пакрыўдзілі, а то і пабілі. Памучыліся мы, пагаварылі, ды і адвезла я сына да бабкі ў Полацк. Там ён быў проста Алег Бараноўскі, пайшоў у школу, вучыўся, як усе, і толькі ўлетку прыязджаў на некалькі тыдняў да маці з бацькам. Што тады рабілася ў маёй душы, гэтага не зразумець нікому. Нават муж не ведаў пра ўсе мае пакуты, тым болей што яму хапала сваіх…

Бараноўская гаварыла з набалеласцю ў голасе, часта спынялася, быццам прыслухоўваючыся між думак да невыразнага водгулля пражытых гадоў, і Агееў зразумеў, што гэта — не проста расказ, гэта споведзь спакутаванага чалавека, рэквіем па жыцці. І ён уважліва слухаў, стараючыся зразумець у многім загадкавы сэнс чужога лёсу. Ніякіх асабістых адносін да гэтага лёсу ў яго спярша не было, як не было ні спачування, ні асуджэння, была толькі ціхая чалавечая цікаўнасць. Сам ён належаў да іншага часу і ішоў зусім іншай сцяжынай жыцця. Часам слухаючы яе голас, ён пераставаў бачыць яе цяперашнюю і ўяўляў у цьмяным абліччы мінулага — то дарэвалюцыйнага, то настаўніцкага, пасля местачковага, папоўскага быту. Хацелася ведаць, як усё было далей і што сталася з яе сінявокім свяшчэннікам.

— Айцу Кірылу зусім кепска стала, калі ў начальства над мястэчкам выбіўся гэты Коська Брыты. Ужо як толькі ён не здзекаваўся з нас! Ніводнага сходу, пасяджэння або спектакля ў нардоме не праходзіла, каб ён не аблаяў бога, царкву і свяшчэнніка айца Кірыла. І мяне нямала здзіўляла цярпенне айца Кірыла, ён не азлобіўся, ні разу не закрычаў нават, трываў усё, часам уступаў у дыспут, а часцей маўчаў, бо размаўляць з Брытым сур’ёзна было немагчыма, ён толькі пагражаў і лаяўся. І вось справа скончылася тым, што неяк вясной царкву закрылі — якраз перад вялікаднем. Канечне, гэта выклікала крыўду сялян, некаторыя пісалі скаргі нават Калініну. Але ўсе скаргі вярталіся для разбору ўсё таму ж Коську Брытаму, які пасля гэтага лютаваў яшчэ болей. Аднойчы, калі ўжо арганізавалася МТС, ён падагнаў да царквы два трактары, наш верхалаз у прамым і пераносным сэнсе Лёкса Семашонак узлез на купалы, зачапіў за крыжы канаты. Напэўна, сабралася паўмястэчка паглядзець, як трактары, тузаючыся, выламалі з купалоў крыжы і сцягнулі іх з даху. У непагадзь царкву пачало заліваць дажджом, убранства стала псавацца, так прадаўжалася з год, пакуль аднойчы камісія сельсавета не рэквізавала царкоўную маёмасць. Кнігі пацягалі хлапчукі і доўга яшчэ з рукапісных пергаментаў рабілі змеяў, пускалі з пагорка на вецер. А з папоўскіх рыз прамарцель шыла цюбецейкі, і ўвесь раён шмат гадоў хадзіў улетку ў гэтых шытых золатам і срэбрам мусульманскіх уборах.

Айцец Кірыл ледзьве перажаў закрыццё царквы, аднойчы зусім заняпаў душой. Ніякай іншай работы ён не меў, ды ніякай яму і не давалі, і тады ён надумаў: папрасіў родзіча з Ленінграда прыслаць яму шавецкі інструмент, ну, там розныя калодкі, абцугі, малаткі, і пачаў рамантаваць абутак. Неяк трэба было жыць, сродкаў жа ў нас не было ніякіх. Канечне, шавец з яго атрымаўся няўмелы, зарабляў калі пяць яек у дзень, калі вядро бульбы ці капеек пяцьдзесят грашыма. З таго і жылі. Але і тое працягвалася нядоўга, рамеснікаў-адзіночак абкладвалі вялікімі падаткамі, нельга было займацца прыватным прадпрымальніцтвам. А ў шавецкую арцель яго не прымалі — шкодзіла сацпаходжанне. Што мы маглі зрабіць.

Бараноўская сціхла, перажываючы штось недасказанае ці недадуманае, можа, і Агееў запытаўся, імкнучыся, каб цішэй і далікатней:

— Ну, а як жа вы жылі?

— Дрэнна жылі, што і казаць. Парой здавалася, лёс замкнуў на нас сваю пастку, з якой не было выйсця. Рознае думалася, болей кепскае. Але людскі гонар і вера ўтрымлівалі нас ад апошняга кроку, а галоўнае — трымаў у жыцці Алег. Калі аднойчы ноччу не стала бацькі, а хутка зламаў сабе галаву і наш мучыцель Коська Брыты, у мястэчка прыехаў Антон Сцяпанавіч.

— Гэты самы Волкаў?

— Гэты самы. Несумненна, ён паходзіў з добрых людзей, як бы ні называўся і чым бы ні займаўся на свеце. Алег скончыў школу, але, самі ведаеце, куды было яму падацца з такімі яго бацькамі? І вось я аднойчы пайшла ў райком, расказала Антону Сцяпанавічу пра ўсё, па шчырасці, як во цяпер вам. Ён выслухаў, не варухнуўшыся за сваім сталом, не перапытаўшы ні разу, і сказаў: «Я вам памагу». І, ведаеце, ён даў такую паперу, што Бараноўскі Алег, будучы паходжаннем з сям’і свяшчэнніка, парваў з бацькамі, адмовіўся ад рэпрэсіраванага бацькі і сумленна жадае будаваць бяскласавае сацыялістычнае грамадства. Прызнацца, прачытаўшы такую паперу з пячаткай, я заплакала, а ён кажа: «Не плачце, так трэба. Для вас гэта самае прыдатнае выйсце». І праўда, аказалася прыдатным тое выйсце — Кірыл прапаў, а Алег паступіў у інстытут, скончыў яго і стаў спецыялістам. З’явілася ўжо надзея, што для яго пачынаецца новае жыццё, не тое, што пражылі мы, — але во ўсё рухнула.

Здаецца, яна ўрэшце паспавядалася і змоўкла, можа, трохі заплакала, і Агееў неспакойна заварушыўся на тапчане.

— Да-а… Аднак… — не мог ён зразумець чагосьці. Драматычны сэнс гэтага лёсу не адразу, паступова, нібы штуршкамі, з перашкодамі даходзіў да ягонай свядомасці. — Рэлігія, яна, канечне, таго… Несумясціма…

— Справа не ў рэлігіі, — перапыніла яго Бараноўская. — Справа ў сумленні, якое далёка не з усім у нашым жыцці сумясціць можна было.

— Ведаеце, калі ішла класавая барацьба…

— Вось вы кажаце: барацьба! Але барацьба, калі двое адзін з адным боруцца. А мы хіба бароліся? Мы ж прынялі яе, новую ўладу. А вось яна нас не прыняла. Змагаліся з намі. І гэта хіба не крыўдна?

Чорт ведае, як было адказаць гэтай былой пападдзі: усё, што адбывалася тады ў краіне, было яму добра знаёма і тэарэтычна някепска абгрунтавана ў друку — канечне, калі глядзець збоку. Але варта было вось хоць краем вока зазірнуць у душы гэтых дваіх служыцеляў культу, як рабілася незразумела і крыўдна, гэта ён адчуў пэўна.

Бараноўская тым часам сказала:

— Ведаеце, мы былі абдзелены ў нашым жыцці дабрынёй, можа быць, таму так даражылі яе малаю рэштай, якая нам дасталася. І якой мы стараліся надзяліць іншых. Што ж яшчэ магло быць даражэй? Золата? Багацце? Іх у нас не было ніколі, а дабрыня была, да яе мяне далучыў муж, вечная яму памяць за гэта. Для сябе ўжо не трэба, мне што… Для іншых. Тым больш для харошых людзей. Каторым яна патрэбна.

Каторым яна патрэбна…

Калі яна выйшла, было, мабыць, ужо за поўнач, і ён усё думаў, што сталася б з ім, калі б не людская дабрыня, не хрысціянская, чалавечая ці якая яшчэ там міласэрнасць гэтай цёткі-пападдзі? Колькі ўжо тыдняў ён жыў пад ворагам, карыстаючыся менавіта гэтай дабрынёй людзей — з харчаваннем, сховішчам, а цяпер яшчэ і з даглядам яго, параненага, не плоцячы за гэта нічым, усё беручы па праву… Па праву абаронцы, ці што? Але які ж з яго абаронца, калі немцы адхапілі ўсю Беларусь і дайшлі да Смаленска? Кепскі з яго атрымаўся абаронца. А во і не сорамна, нават у чымсьці адчуваецца перавага перад гэтай былой пападдзёй, якая корміць яго, даглядае, пільнуе.

Чым ён ёй адплоціць?

Ён верыў Бараноўскай і не сумняваўся ў шчырасці яе споведзі, і ўсё ж недзе ў глыбіні душы часам торгала паганае адчуванне: як бы яна не падвяла яго, гэтая пападдзя. Усё ж яна належала да чужога класа, а рознасць класавах інтарэсаў — ёсць вечная перадумова для барацьбы, гэта ён засвоіў яшчэ ў школе ды і з кароткага курсу таксама. Столькі нацярпеўшыся ў жыцці, страціўшы мужа і сына, як можна адказваць за сваё гора нейкай там дабрынёй? Але, мабыць, можна, нездарма ж ёй даверыўся сакратар райкома, цяпер даверылі яго, Агеева. Значыць, ёсць у яе нешта вышэй за яе класавыя крыўды, а можа быць, і вышэй за прыроджанае імкненне да справядлівасці. «Штосьці дабрэйшае за дабрыню», — паўтарыў ён у думках, не знаходзячы адказу і адчуваючы, што засынае…

Поделиться с друзьями: