Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Шрифт:
— Ладна, чорт з ім! Ты гэта… Паглядзі заадно мае боты.
Рэзка тузануўшы, ён садраў з нагі, мабыць, цеснаваты хромавы бот, сунуў яго Агееву, і той падаўся на сваё месца ў альтанцы. Паклаўшы нагу на нагу, паліцэйскі ўважліва паглядзеў на яго.
— Ты — даўно?
— Што? — павярнуўся Агееў.
— Што, што… Ранены, кажу, даўно? — гыркнуў паліцай. — Не панімаеш?..
«Чорт бы цябе ўзяў з тваёй панятлівасцю!» — злосна падумаў Агееў, не ведаючы, як лепш адказаць аб сваім раненні. Але, відаць, адказаць прыйдзецца папраўдзе, гэтага не ашукаеш. Сам, мабыць, адтуль жа…
— Ды нядаўна. Як адступалі… Чырвоныя.
Паліцэйскі коратка рагатнуў.
— Чырвоныя! А сам ты хто — белы хіба!
— Я? Ды так…
Адразу сагнаўшы з цвёрдага, валявога твару ўсмешку, паліцэйскі зірнуў на сваіх памочнікаў, якія цярпліва чакалі каля гародчыка, чуйна прыслухоўваючыся да іх размовы.
— Ладна цямніць! Не відаць па табе хіба! Думаеш, галіцца перастаў, дык ніхто не пазнае? Камандзір? — раптам рэзка запытаў ён, пранізваючы Агеева вострым прыдзірлівым паглядам. — Камандзір, канечне. Во па чубу відаць. Радавога б абстрыглі.
Выкладваючы са скрынкі інструмент, Агееў маўчаў, усё яшчэ прыкідваючы, як паводзіць сябе, за кого выдаваць. Па дакументах Бараноўскага ён — інжынер-чыгуначнік, такую і засвоіў версію, але ж гэты не пытаецца яго дакументы. Спрактыкаваным вокам ён, мабыць, адразу ўгадаў у ім вайскоўца, адмаўляцца ад чаго ў становішчы Агеева было рызыкоўна. Толькі болей заблытаешся ці выклічаш падазрэнне ў чым-небудзь яшчэ больш падазроным.
— Ладна, — памаўчаўшы, сказаў паліцэйскі. — Паглядзім, які ты шавец. Падбі касячкі. Як у немцаў. Каб ішоў і здалёку было чуваць: ідзе начальнік паліцыі, а не хрэн сабачы. Паняў?
— Ясна, — страмана сказаў Агееў, ужо разумеючы, што, мяркуючы па ўсім, перад ім сам Драздзенка, пра якога ён чуў ад Бараноўскай. І гэта яго першыя кліенты — фашыст і ягоны прыслужнік з іх ерундовым рамонтам. Калі толькі справа сапраўды ў гэтым рамонце…
— Во бяда — новых касячкоў няма, — сказаў ён, пакапаўшыся ў бляшанцы з цвікамі. Сярод іржавых цвікоў выбраў тры таксама іржавыя, відаць, адарваныя ад старых абцасаў, касячкі. — Во такія падыдуць?
— Ладна, пайдуць, — сказаў Драздзенка і зноў зблізку пільна зірнуў Агееву ў твар. Той, робячы выгляд, што не заўважае гэтага позірку, прымерваў касячок на трохі збіты абцас начальніка паліцыі.
— Дык хто па званні? — раптам сцішана запытаў той, абапёршыся локцем на калена разутай нагі. Абодва паліцаі з-за агароджы — адзін белабрысы, пажылы, у картузе і другі малады, плячысты, у нямецкай пілотцы — прыкметна навастрылі вушы, і начальнік паліцыі кінуў у іх бок строгі позірк.
— Эй, вы там! Расстарайцеся мне малачка папіць…
Застукаўшы ботамі, паліцаі кінуліся ў двор, але Драздзенка адразу спыніў іх зычным вокрыкам:
— Не сюды, абармоты! Тут няма нічарта. У суседзяў!..
Калі паліцаі выбеглі і ў суседзяў трывожна забразгалі веснічкі, ён нахіліўся да Агеева:
— Дык званне якое? Лейтэнант? Старшы?
— Старшы, — сказаў Агееў.
— Не палітрук часам?
— Не, не палітрук. Начальнік боепітання.
— Ага, спецыяліст па вааружэнню? А я вось з танкавых войск. Быў начштаба батальёна.
— Што ж, вялікае начальства, — прамармытаў Агееў, праклінаючы ў душы гэтага не ў меру праніклівага паліцая. Ён забіваў жалезныя цвікі ў абцас, бот скаланаўся разам з чыгуннай лапай, на якую быў надзеты, і кожны ўдар балюча аддаваўся ў яго распухлай назе. Начальнік паліцыі закурыў «Беламор», пускаючы дым у альтанку, і Агееў прагна ўдыхнуў знаёмы пах папярос, хоць сам не курыў ніколі.
— Было! — з уздыхам сказаў Драздзенка. — Было начальства і сплыло. Як дым, як утранні туман. Цяпер другое начальства, нямецкае. Хто б калі падумаў, га? Сказалі б год назад, што я стану начальнікам паліцыі, я б таму ў морду плюнуў. А стаў жа. Чаму? Ды таму, што за другіх гінуць не схацеў. Слухай, ты адкуль родам?
— Я? Ды тут, недалёка, — страмана сказаў Агееў. — А вы?
— А я тутэйшы. З мястэчка. Ну, і якія планы?
— Ды якія планы. Нага вось… — варухнуў збалелым каленам Агееў.
— Што, здорава саданула?
— Здорава, — сказаў Агееў, аддаючы бот. — Вось паглядзіце. Так добра?
Драздзенка ўзяў бот, агледзеў абцас і раптам сказаў са сцішанай злосцю:
— Гаўно ты, а не шавец. Хто ж так падбівае? Трэба ж было падкласці кавалачак скуры. А то ж крыва!
— Была б яна ў мяне, скура, — развёў рукамі Агееў. Ён і сапраўды не знайшоў у папоўскай скрынцы ні кавалачка падэшвеннай скуры — чым было падбіваць абцасы?
— Да-а… Ну, ладна, падбівай другі. Не хадзіць жа так.
За агароджай на вуліцы паказаліся абодва паліцаі, адзін застаўся з вінтоўкай на выхадзе, а другі ў выстаўленых руках нёс гарлач малака, які асцярожна падаў начальніку.
— Во, толькі падаілі. Сырадой, — белабрысы твар паліцая ўгодліва расплыўся ва ўсмешцы. Драздзенка аберуч аблапіў гарлач.
— Што ж, пап’ём сырадою. Кажуць, палезна для здароўя.
— Ага, дужа палезна, — яшчэ больш заўсміхаўся паліцай, закідваючы за плячо рамень вінтоўкі, і Драздзенка раптам скіраваў на яго пагрозлівы позірк.
— Паспытаў ужо? Хоць бы пысу выцер, скаціна!
Са спазнелай паспешнасцю паліцай пачаў выціраць тоўстыя вусны, а ягоны начальнік гідліва апусціў гарлач.
— Во з кім працую, — паскардзіўся ён Агееву. — З такімі во курашчупамі. Ён жа ў войску і дня не служыў. Не служыў, га?
— Дык забракавалі па здароўі, — сказаў паліцай і пачухаў пад пахай.
— Бо крэцін. А ў паліцыю ўзялі. Бо — няма каму службу несці. Адказнасці гара, а магчымасцей крошкі. Ладна! Марш на вуліцу. І глядзець в оба, як інструкціраваў!
Патрымаўшы гарлач у руках, ён усё ж трохі адпіў малака і паставіў яго на зямлю каля лаўкі. Тым часам Агееў неяк прыбіў да абцаса і другі касяк, і начальнік паліцыі з натугай уздзеў бот на нагу.
— Во, іншая справа. Цвярдзейшы крок будзе.
Ён спружыніста пратупаў сюды-туды па падворку, звонка цокаючы абцасамі па камянях бруку. Агееў пазіраў на ягоныя боты — першую сваю работу ў новай прафесіі, і складаныя пачуцці авалодалі ім. Ён амаль ненавідзеў сябе за гэтую ўгодлівую паслугу нямецкаму халую, ад якога, аднак, залежаў сам цалкам, тым больш што той раскрыў яго з першага погляду, можна сказаць, распрануў дагала. Менавіта гэтая яго распранутасць рабіла Агеева амаль безабаронным перад паліцыяй і перш за ўсё перад яе начальнікам у асобе гэтага былога танкіста. Як было з ім паладзіць, каб не наклікаць ягонае злосці і не загубіць сябе? Без жаднай патрэбы Агееў перакладваў інструмент на сваім хісткім століку, коса пазіраючы, як Драздзенка шпацыруе па яго падворку. І раптам той рэзка спыніўся насупраць: