Подых навальніцы
Шрифт:
Ганна ведала: старая гаворыць праўду. І ўсё ж не ўседзела б Ганна — страшна ісці ў дарогу, але яшчэ страшней сядзець вось так, склаўшы рукі, глядзець, як марнее, гіне на вачах малая. Там, у цёмнай, далёкай дарозе, хоць рызыка, затое ж недзе за ёй i надзея, палёгка Верачцы, ратунак. Не паглядзела б Ганна ні на што, панесла б беражліва дачушку да гэтай надзеі, каб Яўхім не заявіў, што, калі да ранку Верачцы не стане лепш, возьме коней i завязе сам хоць к Захарысе, хоць у Юравічы…
Усю ноч Ганна не счыняла вачэй над калыскай. Некалькі разоў давала Верачцы грудзей, але тая не брала. Ганна душыла страх, старалася не траціць спадзяванку, што вось-вось бяда пачне цішэць — перастане дачушка гарэць, кідацца, задыхацца. І баялася бяды, i не верыла ў яе, у жорсткасць, бязлітаснасць лесу, не хацела, не магла паверыць, што можа здарыцца страшнае, ад адной думкі пра якое ўсё халадзела ўсярэдзіне. Не чуючы ніадкуль падмогі, вымушаная сядзець, чакаць, што прысудзіць лес, увесь пал анямелай ад страху, з трывожнай i ўпартай надзеяй душы аддавала малітве: усё залежала ад Бога, ад Яго літасці, Яго чуласці. Калі малілася, думала пра Бога, цешыла сябе: Ён, усёмагутны, справядлівы, заступіцца, не дасць у крыўду. Не можа ж быць, каб Ён не зжаліўся, каб адабраў у яе самае дарагое, адзінае, што яна мае, чым толькі жыве!..
Якіх ласкавых слоў не нагаварыла яна малой у гэту на ўсё жыццё помную ноч! І бадзёрыла, i абнадзейвала, i абяцала: яшчэ трохі пацярпі, ужо небагата асталося, хутка будзе добра — прасіла, маліла, у роспачы хілілася над дачушкай, якая ўсё хрыпела, задыхалася. Зноў i зноў давала малой грудзей, усё не траціла надзеі, што возьме, пап’e, падужэе Верачка. Але дачушка не брала, не піла. Ніколі ў жыцці не было ў Ганны такога гора i такой любасці, такой прагі аддаць усю сябе другому, каб толькі яму хоць трохі палягчэла!
Як ірвалася, хапала паветра гарачым, агністым роцікам, як пакутавала бедная дачушка! Як дужалася з зацятай хваробай маленькае, такое кволае, згаладалае, аслабелае цельца! Вось-вось — нямела ад страху Ганна — не вытрывае, здасца, сціхне без сілы, — малая ўсё кідалася, усё хапала паветра, змагалася за жыццё.
Як у страшным трызненні была тая ноч. І духата звечара, i налёты халоднага ветру сярод ночы, i бляск маланак, i грымоты, i дождж, шумлівы, халодны, — усё гэта было нібы тым жа трызненнем, усё спляталася з надзеямі i адчаем той бясконцай ночы.
Верачка перажыла ноч. З хвіліны на хвіліну павінна было паказацца сонца. Балота, лес, свет цэлы чакаў, калі яно выблісне, заззяе. У чаканні гэтага хараства штосьці новае, абнадзейлівае зацяплела ў душы Ганны.
Яўхім устаў, ускінуў аброці на плячо i пацёгся па коней. Значыцца, хутка — у дарогу, дзе Вераччына збавенне. Можа, гэты дзень будзе шчаслівы — дай Бог, каб ён быў шчаслівы!.. Ганна ўжо намерылася сабраць што трэба ў дарогу, калі Верачка трудна захрыпела. Напружылася — як бы хацела ўзняць галоўку. Аж выгнулася ўся. Раз, другі i — сціхла.
Ганна глядзела на яе няцямна, не разумела, не верыла. Малая не дыхала. У Ганны самой сцяло дыханне, сама на нейкі час перастала дыхаць, адно глядзела, глядзела — дачушка хоць бы варухнулася! Увачавідкі з кволага тварыка стала хутка спадаць чырвань. Лобік, шчочкі, насок хутка бялелі.
— Верач!.. — застраў у горле жахлівы крык.
Дзіўна паслабелымі рукамі схапіла, прытуліла яе, яшчэ цёплую, яшчэ нібы жывую, прытуліла да сябе, як бы хацела аддаць ёй сваю цеплыню, утрымаць жыццё.
— Верачко! Дзіц-цятачко!.. Донечко мая!.. Не трэба! Не трэба! — шаптала-стагнала, мапіла, чуючы адно: Верачка халаднее.
Не ўбачыла, як узышло сонца, як усё зазіхацела тысячамі зорак-расінак. Не пачула, як пад’ехалі калёсы, не зразумела, чаму Яўхім сказаў:
— Ну от, можно ехаць…
4
На могілкі за маленькай сасновай труной i дубовым крыжам, зробленымі Чарнушкам, ішло толькі некалькі чалавек: Чарнушкі i Глушакі. Людзям не было калі хаваць — усе былі ў лузе.
Ганна сядзела на возе, над незачыненай труной, як бы абдымала яе рукой. Галава яе была схілена, сонца паблісквала ў шаўкавістых валасах, пасма якіх, непрыбраная, звешвалася на лоб. Вочы яе, сухія, гарачыя, нязводна глядзелі на малую: Верачка, блізкая i недасяжная, ляжала сярод валошак, пакладзеных Сцяпанам. Друпя суткі не зводзіла Ганна вачэй з роднага тварыка, не верыла, не магла згадзіцца, што неўзабаве тварык гэты мусіць назаўсёды знікнуць.
Яна не заўважала, як калёсы ехалі да могілак, ківаліся ў няроўных каляінах. Заўважыла толькі, што Верачцы ляжаць стала нядобра — ківае яе, водзіць яе туды-сюды. У адным месцы калёсы, аб’язджаючы яму, вельмі нахіліліся, i ў Ганны аж пахаладзела ў грудзях, калі ўхапіла, падтрымала Верачку: каб трохі — упала б, пабілася б балюча дачушка!
Каля могілак калёсы стал i. Мачыха ўзяла Ганну за плячо, гаворачы ласкавыя, суцешлівыя словы, мякка адарвала ад малой, памагла ступіць на зямлю. Павяла могілкамі, сярод старых i новых крыжоў, прышчаватых верб i разгалістых сосен. У зарасніку маладых акацый, між нізкага, густота галля, зеўрала ў цяністым прыцемку свежая яма з асыпанымі берагамі, чырванелі на ўзгорках пяску сыраватыя грудкі гліны.
Ганна рабіла ўсё як у бяспамяці, толькі вочы жылі, з нямой пяшчотай i скрухай гяядзелі, не адрываліся ад малой. Яна моўчкі стаяла з мачыхай, калі здымалі труну, ставілі на зямлю, калі поп казаў штосьці, моўчкі, паслухмяна падышла развітацца з малой. Прытулілася да тварыка, хвіліну паляжала побач, але, як мачыха ўзяла за плячо, паслухмяна паднялася. Калі ж бацька ўзяў вечка i хацеў накрыць дамавінку, з Ганны бяспамяць як бы спала рантам. Яна як бы ажыла, умомант, нібы пры бляску маланкі, убачыла пясок, гліну, цёмную зеўру ямы, убачыла, даўмела нанова, жахнулася — вырвалася з рукі мачыхі, поўная роспачы i нястрыманай сілы, з крыкам кінулася да труны:
— Не!
Яна упала на зямлю, абхапіла дамавіну, прынікла да малой. Шаптала, задыхалася ад гора, ад любасці:
— Не дам, не дам дочачку маю! Кветачку маю! Мальвачку маю!.. Не дам! Не дам! Вяргінечку маю, півонечку маю малую! Не дам! Не дам!!!
Яўхім хацеў падняць яе, але яна адштурхнула яго, упала на дамавіну зноў:
— Не дам! Не дам!!!
Тады падышоў да Ганны бацька, лагодна схіліўся:
— Ганно…
Яна зноў стала бязвольная — нема, незварушна глядзела, як накрылі века, што схавала, назаўсёды аддзяліла ад яе родны твар.
Калі бацька прыбіў века цвікамі, стары Глушак падцягнуў пад дамавіну з двух краёў вяроўкі. Стары i Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму.
— Апускай! Апускай! — сіпеў Сцяпану, спалоханаму, няўпраўнаму, стары. — Ці заснуў!..
З краю ямы цурчэў, асыпаўся пясок. Калі дамавіна легла на дно, Сцяпан спыніўся, не ведаючы, што рабіць з вяроўкай, — стары недавольна буркнуў, каб пусціў яе, выцягнуў, акуратна, дзелавіта зматаў…
— Кінь грудку на дамавіну! — шапнула Ганне мачыха, i яна ўзяла камячок, квола, без сілы выпусціла ўніз.
Пачула, як стукнуў камячок, адступіла i раптам ціха, без сілы аб’ехала на зямлю. Каб трохі, упала б — ледзь намаглася ўтрымацца. Бацька заўважыў, што ёй пагана, стаў побач, паклаў руку на плячо, быццам супакойваў, даваў сілу. Стукалі, стукалі грудкі, спачатку — моцна, гулка, потым — мякчэй. Яўхім кінуў некалькі жмень; Сцяпан ухапіў жалязняк, што тырчаў убаку, — як бы спяшаючыся кончыць усё, стаў сыпаць зямлю на дамавіну, хутка, без перадыху.
Неўзабаве на тым месцы, дзе была Верачка, гарбацілася толькі горка свежай зямлі ды тырчаў новы крыж.