Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
Жулi была без палiто i дрыжала цяпер ад холаду. Луi зняў куртку i сiлаю накiнуў яе дзяўчыне на плечы.
Дзьмуў такi моцны вецер, што амаль немагчыма было гаварыць. Закладвала вушы. Халоднае паветра апякала твар, балелi павекi. Iшлi, нахiляючыся ўперад. Партавiкi ў шынку глядзелi iм у спiну.
– Гэта "Сэн-Мiшэль"?
– спытаўся камiсар, убачыўшы паруснiк, якi выходзiў са шлюза ў порт. Судна здалося Мэгрэ вышэйшым, чым тады, калi ён убачыў яго ўпершыню.
Матрос нешта прабурчаў. Камiсар ледзь зразумеў, што той хацеў сказаць: судна выгрузiлася ў Кане i цяпер iшло ўлегцы па новы груз.
Яны падыходзiлi ўжо да домiка Жарыса, калi да iх наблiзiўся чыйсьцi цень. Каб пазнаць адно аднаго, трэба было стаць твар у твар. Чалавек, што падышоў да iх, не надта ўпэўнена сказаў Вялiкаму Луi:
– А, вось i ты... Спяшайся, адплываем...
Мэгрэ паглядзеў на недарослага капiтана-брэтонца, пасля на мора, якое з грукатам кiдала свае магутныя хвалi на пiрсы. Неба, скрозь у хмарах, якiя плылi i плылi, было трывожнае.
"Сэн-Мiшэль" стаяў на якары каля паляў, у поўнай цемры, калi не лiчыць маленькае лямпачкi, што гарэла пад рубкаю.
– Хочаце адплываць?
– спытаўся камiсар.
– А што ж нам рабiць?
– Куды курс?
– У Ларашэль, загрузiмся вiном...
– Вялiкi Луi вам вельмi патрэбны?
– А вы думаеце, можна ўправiцца ўдвух у такое надвор'е?
Жулi змерзла. Слухаючы мужчын, яна пераступала з нагi на нагу. Луi глядзеў то на Мэгрэ, то на судна, на якiм ужо скрыпелi шкiвы.
– Чакайце мяне на шхуне, - сказаў камiсар Ланэку.
– Толькi...
– Што?
– Праз дзве гадзiны вада спадзе, i тады нам у мора не выйсцi...
У вачах у Ланэка прамiльгнуў нейкi цьмяны неспакой. Вiдаць было, што яму нiякавата. Ён таксама пераступаў з нагi на нагу i не мог нi на чым спынiць позiрк.
– Мне трэба зарабляць на жыццё!
Капiтан i Луi коратка пераглянулiся, i Мэгрэ зразумеў, якiмi думкамi паспелi яны абмяняцца. Iншы раз iнтуiцыi можна даверыцца.
Ланэкаў позiрк здаваўся нецярплiвым i выказваў нешта накшталт гэтага: "Судна побач... Застаецца аддаць швартоў... Умантуль разок палiцэйскаму - i парадак!"
Пасля кароткiх ваганняў Вялiкi Луi змрочна зiрнуў на Жулi, крутнуў галавою.
– Чакайце мяне на судне!
– паўтарыў Мэгрэ.
– Але...
– пачаў быў капiтан...
Мэгрэ не адказаў i падаў брату i сястры знак iсцi за iм у дом.
* * *
Яны сядзелi ўтраiх на кухнi. У жалезнай печы дамавiта гарэў агонь, гудзенне якога часам пераходзiла аж у грукат - такая была цяга.
– Дай нам чаго-небудзь выпiць, - сказаў камiсар Жулi.
Дзяўчына дастала з шафы графiн з кальвадосам i размаляваныя шклянкi.
Мэгрэ адчуваў, што быў тут цяпер лiшнi. Жулi дорага б заплацiла, каб застацца з братам сам-насам. Той сачыў за ёй вачыма, у якiх угадвалiся любоў i нейкая няўклюдная пяшчота.
Як сапраўдная гаспадыня, Жулi, налiўшы мужчынам, засталася стаяць i падкiнула ў печ вугалю.
– Светлая памяць капiтану, - сказаў Мэгрэ.
Потым запала доўгае маўчанне. Мэгрэ не спяшаўся з размоваю.
Цiшыня давала кожнаму магчымасць лепш адчуць прыемную, цёплую ўтульнасць пакоя.
Патроху гудзенне ў печы загучала пад роўнае цiканне гадзiннiка як нейкая мелодыя. Пасля ветру i холаду шчокi расчырванелiся, вочы заблiшчалi. Паветра ў пакоi напоўнiлася вострым пахам кальвадосу.
– Капiтан Жарэс...
– задуменна сказаў камiсар.
– Цяпер я сяджу на яго месцы, у яго крэсле... Плеценым крэсле, якое скрыпiць пры кожным руху... Калi б капiтан быў жывы, дык вярнуўся б у гэты час з порта i, пэўна, таксама папрасiў бы крыху спiртнога, каб сагрэцца... Так, Жулi?..
Дзяўчына адвярнулася.
– Ён не адразу пайшоў бы спаць... Iду ў заклад, што капiтан зняў бы абутак, вы прынеслi б яму пантофлi... А ён сказаў бы: "Ну i надвор'е... "Сэн-Мiшэль" усё-такi вырашыў выйсцi ў мора, памагай яму Бог..."
– Адкуль вы ведаеце?
– Што?
– Што ён так казаў: "Памагай яму Бог"? Менавiта так ён i гаварыў!..
Дзяўчына расхвалявалася i глядзела на камiсара з удзячнасцю. Вялiкi Луi ўнурыўся.
– Больш ён гэтага не скажа... А якi быў шчаслiвы... Меў прыгожы дом, сад з кветкамi, якiя так любiў, i грошы ў яго былi... Здавалася, усе яго любяць... I ўсё ж такi нехта паклаў усяму гэтаму канец, раптоўна, усыпаўшы крыху белага парашку ў шклянку з вадою...
Жулi зморшчылася. Яна ледзь трымалася, каб не заплакаць.
– Крыху белага парашку - i ўсё... А той, хто гэта зрабiў, будзе жыць шчаслiва - нiхто ж не ведае, хто ён!.. Хоць, мусiць, быў нядаўна сярод нас...
– Маўчыце!
– папрасiла Жулi, умольна склаўшы рукi. Па твары ў яе цяклi слёзы.
Але камiсар ведаў, што робiць. Ён цiха, паволi вымаўляў слова за словам. Гульнёю гэта нельга было назваць - Мэгрэ аддаўся ёй сам. Вiною таму быў iдылiчны спакой гэтага вечара, якi так хваляваў душу, варта толькi было ўявiць сабе ў чатырох сценах кухнi каржакаватую Жарысаву постаць.
– У нябожчыка толькi адзiн сябар - я!.. Чалавек, якi б'ецца ў адзiноце, каб адкрыць праўду i перашкодзiць забойцу Жарыса быць шчаслiвым.
Жулi, не вытрымаўшы, рыдала - Мэгрэ гаварыў далей:
– А ўсе вакол маўчаць, усе хлусяць, так што мiжволi падумаеш, што ўсе ў нечым вiнаватыя, усе маюць дачыненне да злачынства!
– Гэта няпраўда!
– крыкнула Жулi.
Вялiкi Луi, якi адчуваў сябе ўсё больш нiякавата, зноў налiў у абедзве шклянкi.
– Луi першы маўчыць, - зiрнуў на матроса камiсар.
Жулi паглядвала праз слёзы на брата, быццам працятая праўдай, якую яна толькi што пачула.
– А ён сёе-тое ведае... I нямала ведае... Можа, ён баiцца забойцы?.. Можа, яму ёсць чаго баяцца?..
– Луi!
– крыкнула Жулi.
Луi сурова глядзеў некуды ўбок.
– Скажы, што гэта няпраўда, Луi!.. Ты чуеш?..
– Не ведаю я, чаму гэта камiсар...
Матрос узняўся - на месцы яму не сядзелася.
– Луi манiць больш за iншых! Запэўнiвае, што не знаёмы з нарвежцам, а сам яго ведае! Кажа, што не мае нiякiх спраў з мэрам, а я застаю яго ў доме гэтага мэра, калi ён лупцуе гаспадара...