Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пошукi будучынi
Шрифт:

– Кiнь зброю, а то кiем смальну!

Палiводскi зброi не кiнуў, а ўскочыў на худую кабылу, што без патрэбы стаяла пад Ракуцькавымi вокнамi, i паiмчаўся на ёй у дарогу. Гэтая кабыла была ранена на вайне ў нагу. Ракуцька вылечыў яе i ўжо асвойтваць пачынаў пры сваёй немудрашчай рабоце.

– Куды кабылу пагнаў!?
– крыкнуў ён наўздагон Палiводскаму, але таго ўжо i не вiдаць было. А тым часам стары карчмар Шымха, расказваючы Няваду аб гэтым здарэннi са слоў самога Палiводскага, нi пра якую кабылу не ўспамiнаў. Вядома, тут, напэўна, было так, што афiцэр польскага пагранiчнага войска граф Палiводскi сумысля не гаварыў нiкому, што ён у нейкага Ракуцькi ўкраў худую кабылу. Як бы там нi было, Сымон Ракуцька ўзяў сабе панскай зямлi i з панскага лесу паставiў новую хату, побач з той старой. Ён ужо жыў у новай хаце, ужо абгарадзiўся, абсталяваўся, абараўся i абсеяўся, як раптам вярнулася з уцякацтва гаспадыня той старой хаты. Яна была адна. Чалавека свайго i дваiх малых дзяцей яна страцiла яшчэ ў першым годзе выгнанства. Муж не вярнуўся з вайны, а дзецi памерлi. Гора яе душы пачало залечвацца часам, i асаблiва тады, калi яна пасля такога доўгага бяздомнага бадзяння дапала да роднага кутка. Ёй яшчэ не было i трыццацi год. Родны кут быў ужо крыху з'iначан: побач ужо стаяла невядомая новая хата, каля якое i ў якой усё было ў вялiкiм парадку. Нават чыста вымытая старызна была вельмi акуратна развешана на плоце. Вiдаць, тут шанавалi сваю дамоўку. Вядома, на некалькi год маладзейшаму за яе Сымону Ракуцьку яна, можа, i не была парай. Але там была адзiнота, к таму ж маладыя гады, штодзённыя сустрэчы каля дома i праца разам, i жыццё на воку адзiн у аднаго. Маладая i адзiнокая жанчына неўзабаве перайшла ў новую хату нязнанага раней маладога суседа, якi, здавалася, бесперапынна пiў вялiкую асалоду даводзiць да дасканаласцi сваю новую дамоўку. Ашчаслiўленая такiм паваротам свайго лёсу, жанчына вельмi часта чула ад свайго мужа: "Цяпер рэвалюцыя, а не тое, што раней, калi дзе б нi глянуў, усюды не чалавечую, а панскую зямлю бачыш". Вельмi хутка ён будаваў сваю сялiбу. Цяпер ужо льга павальней. Год за годам - i ўсё дойдзе да дасканаласцi. Ён думаў: "Пойдуць дзецi. Iм трэба прыгатаваць жыццё. Няхай у iх будзе людская аселасць, каб не бадзялiся па свеце, не маючы прытулку. У iх будучыня будзе не такая, як у мяне i майго бацькi... Не можа быць, каб зноў войны i згiненне. Пагiбелi больш не будзе". У гэтых сваiх думках ён яшчэ больш укаранiўся, калi ў яго нарадзiўся сын. Сына ён назваў Тамашом i яшчэ больш пачаў старацца. Дзiўна было, што ён, такi малады, больш думае аб будучынi дзяцей, чым аб сваiм жыццi. Празмерная сталасць нашых год! Скажу прасцей: ад год той, першай за нашу памяць вайны з немцамi i да дзён нашых, сённяшнiх, калi ўжо вырысоўваецца як бы канец i Вялiкай Айчыннай вайне, за ўсю гэтую жорсткую эпоху, на мiльёнах дзiцячых iлбоў мы бачылi i бачым маршчыну старасцi. Калi Ракуцькаў Тамаш пачынаў вучыцца хадзiць, у самым разгары была польская вайна. Яна ўжо канчалася, як у Ракуцькi нарадзiлася дачка. Толькi што яе ахрысцiлi i назвалi Лiзаветай, як па ўсiх, хто за гады рэвалюцыi ў тых мясцовасцях забудаваўся на панскай зямлi i панскiм лесам, прайшла трывога: тут ужо "больш няма рэвалюцыi, гэтая зямля падпала пад Польшчу, i паны варочаюцца назад". Ракуцька ацiх. Калi трэба было дзе загнаць загваздку цi прыбiць дошку - так i аставалася. Гэтак ён лiпеў як да часу, i ў яго жыццi вялiкiх змен не адбывалася. Ужо гранiца памiж Польшчай i СССР цвёрда вызначылася, i паабапал яе ўжо стала варта дзвюх дзяржаў. Ужо i малы Тамаш шпарка бегаў, трымаючыся за матчыну спаднiцу. А Лiзавету пакiнулi ўжо спавiваць. Пан жа не прыязджаў. Ужо думалася, што, можа, так i абыдзецца i нiхто не зачэпiць злой рукой таго, што Ракуцька нарыхтаваў на будучыню сваiм дзецям. Тым часам жонка сказала яму, што будзе яшчэ i трэцяе дзiця. З горкай трывогай ён падумаў аб невядомасцi той будучынi, якая раней ужо здавалася яму зусiм яснай. У тыя якраз часы i з'явiўся перад Ракуцькам Палiводскi, але ўжо не так, як першы раз, з акрываўленым бокам i з пакутнай просьбай у няшчасных вачах. А ва ўсiм бляску афiцэра польскага войска ўсходняй гранiцы. Ён явiўся не з ранейшым няшчасцем, а з цяперашняй сiлай. Ракуцька адразу пазнаў яго i ўныў душой. А той адразу i пачаў тое, дзеля чаго i явiўся сюды.

– Слухай, Ракуцька, - сказаў ён.
– Ты паспеў ужо з чужога лесу i на чужой зямлi новую хату паставiць? Ну нiчога, не ты адзiн так, калi была рэвалюцыя. Але давай так, каб мы з табою больш не спатыкалiся. Аддай тое, што ты ў мяне забраў, i ты мяне больш тут не ўбачыш.

– Што я ў вас, пане, такое забраў?

– Золата! Ты абчысцiў мае кiшэнi, пакуль я ляжаў хворы!

– Бойцеся Бога! Я вам сваё аддаваў, што меў!

– З каменнямi крыжык, пярсцёнкi, iмянны гадзiннiк i яшчэ два гадзiннiкi, якiя былi пры мне!

– Бойцеся Бога! Бойцеся Бога!

Разгневаны Палiводскi замахнуўся, каб даць у твар Ракуцьку. Не менш разгневаны Ракуцька стаў на ўвесь рост перад Палiводскiм i прагаварыў, як абухам стукаў у бервяно:

– Я, пане, выратаваў вас i вярнуў вам жыццё, а вы замест падзякi стралялi ў мяне, а цяпер робiце мяне злодзеем. Гэта ж вы самi ў мяне худую кабылу ўкралi. Дык хто з нас злодзей?

Палiводскi адумаўся i сказаў:

– Я прашу ў цябе толькi маё золата.

– Я яго i ў вочы не бачыў!

– Лжэш! Лжэш!

Палiводскi выйшаў. Слуга падвёў яму каня, i ён махнуў ходу i знiк. Аднак жа Ракуцька паспеў заўважыць, што, перад тым як прыняць ад слугi каня, Палiводскi нi то пастаяў у кароткай задуме, нi то нават можа i памалiўся. Ракуцька падумаў: "А можа я яго чым пакрыўдзiў". Калi ён выказаў гэтую думку жонцы, яна, даволi такi энергiчная жанчына, адказала яму, што гэтага Палiводскага варта было б кiем змясiць на калатушу, але найлепш быць цiхiм, бо ён мае сiлу, а наконт крыўды, дык яго нi крыўдаю, нi праўдаю, нават жалезным шворнам не проймеш. Такiм парадкам Ракуцька стаў спакоен душой. Але ненадоўга. У тым жа самым годзе, пад сярэдзiну восенi, ён атрымаў позву ў гмiну. Ён так i ведаў чаго: ён жа жыве на чужой зямлi i з чужога дрэва хату паставiў! Ён жа не мог пайсцi супроць дзяржаўнага закона i першымi замаразкамi выбраўся ў тую самую старую жончыну хату. А новаю яго сялiбай заўладаў маёнтак. Жонка яго чакала трэцяга дзiцяцi, ён жа стаў, як сугней, угнуў галаву i ўсё маўчаў, маўчаў. Колькi год працы загiнула марна! А разам пайшлi ў нябыт i надзеi. Нi ў якую будучыню сваiм дзецям ён ужо не верыў. Лягчэй памерцi, чым астацца навек без надзеi i веры! Сымон Ракуцька пачаў змагацца з бязвер'ем i безнадзейнасцю. Ён пачаў шукаць, каб на чым пэўным спынiцца думкаю. У гэты якраз час i нагадзiлася яму злая прыгода. Жонцы прыйшоў час раджаць. Дзiця радзiлася нежывым, i жанчына асталася на некалькi месяцаў ляжаць у хваробе. Ён высах каля яе i каля дзяцей. Пасля пайшоў па свеце шукаць спосабу, каб жыць. Ён абышоў, можа, з паўдзяржавы i нiчога не знайшоў, але затое наслухаўся ад людзей усялякiх чутак аб жыццi па той бок гранiцы. Больш як паўгода ён думаў, i меркаваў у думках. I нiчога iншага вымеркаваць не мог. Так ужо iм апанавала цвёрдая думка. "Гэта ж не жарты! Там зямлi бяры! Там жывi сабе!" I нарэшце настаў момант. Перш за ўсё ён, як перад каменнай сцяной, стаў перад неабходнасцю вырашыць вялiкую задачу: ён жа не адзiн! З гэтага часу i найшло на яго вялiкае ўтрапенне. Раней ён быў спакойны i цягавiты. Цяпер, праўда, трапяткiм ён не стаў, але спакой свой, як рысу натуры, страцiў. Ён выбраў цёмную ноч, нi зор, нi месяца. Ён назаўсёды пакiнуў тую гнiлую хату, якая дала яму прытулак у цяжкiя часы яго маладосцi. Апошнi раз ён зiрнуў на сваю новую сялiбу, у якой думаў гадаваць дзяцей i якой цяпер заўладаў нехта чужы. Малы Тамаш iшоў подбегам, трымаючыся за бацькаву руку. Яна, спадарожнiца яго жыцця, несла на руках малую Лiзавету. За дзве ночы яны дайшлi да гранiцы. Больш тыдня яны чакалi ў лесе навальнiчнай ночы. Перад самым змрокам, выбiраючы зручнейшае месца, каб з яго рушыць у гэтую страшную дарогу, усе яны ўбачылi чалавечыя ногi. Ракуцька пабялеў i прыгледзеўся. Ужо тхнула адтуль трупным духам. Мярцвяк ляжаў увесь пад накiдам моху. Самога яго не вiдно было. Малады ён цi стары? I хто ён? Можа шпiён, якi iшоў туды i быў падстрэлен чужой цi сваёй куляй? А цi стаў ён шпiёнам ад гадаўскай прыроды свае, цi няшчасце яго павяло па гэтай дарозе, цi стопудовае зло, якому патрэбны гранiцы i шпiёны, прыкавала яго навек да гэтага месца? Цi можа гэта проста няшчасны чалавек тутэйшай зямлi, каля цiхай хаты якога лягла тая гранiца i, як пякельная жудасць, заўсёды была перад яго бяззлобнымi вачыма? Ракуцька анямеў ад жаху, што такi лёс можа спасцiгнуць i яго з усiмi тымi, хто дораг i люб яго сэрцу. Аднак жа хутка i ноч настала. Такое ночы ён толькi i чакаў. Пярун ляскаў кожны момант. Лiло, як з бяздоннага мора. Змучаны Тамаш трымаўся за бацьку i iшоў, як святы на пакуту. Пасля двухгадзiнных блуканняў яны пачулi, што недзе тут поблiзу страляюць. I гэтаму канца няма. Душа яго апала. Яна шапнула яму:

– Назад. У сваю гнiлую хату! Лепш там памерцi з голаду, чым тут валяцца непахаванаму.

Пошапкам яны дайшлi да згоды. Яна з дзецьмi пойдзе назад першая, а ён следам, каб было незаўважней, бо маланка штохвiлiну i натоўп вялiкi. Ён стаў пад дрэвам тварам ад таго боку, у якi iшоў i сям'ю вёў. За кожнай маланкай ён акiдаў вачыма мясцовасць. Iх няма. Але нарэшце - радасць, радасць! На самай той дарозе, якою проста дойдзеш да той старой хаты, стаялi яны. Яна, любая, родная, разважлiвая, працавiтая, верная яго сяброўка, Тамаш, босы, малы, падкасаны. I маленькая Лiзавета ў яе на руках, маленькая, кiрпаценькая, птушанё... Гэта яны, якiх ён вёў у будучыню. Што яны стаялi на патрэбнай дарозе, ён ведаў з таго, што над iмi гойдала веццем знаёмае яму сагнутае дрэва. Яшчэ адна маланка, i ён убачыў, як яны iшлi далей дарогай. Яны ўжо далёка ад страшнага месца. Зараз i ён рушыць за iмi. Зноў маланка i крык пагранiчнiка ў зялёнай шапцы. Ён стаяў на другiм баку. Падкасаныя худыя Тамашовы ногi назаўсёды асталiся ўваччу яго. А першыя Лiзавецiны ўсмешкi! Смутак навалiўся на яго душу. Якая чакае i iх i яго будучыня? Дзе iм суджана знайсцi яе? Але трэба iсцi, пагранiчнiк грозiць, што будзе страляць. Па каленi ў вадзе i ўвесь мокры, ён замаршыраваў перад пагранiчнiкам. Сцяна, глухая i бязлiтасная, як вечнасць, замкнулася памiж iмi. Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзецi! А можа, адбудзецца цуд? Можа, мiне вас лёс без будучынi? Але лепш нi аб чым не думаць, бо навала смутку забiвае душу.

Сымон Ракуцька быў пад арыштам доўга. Пакуль у яго руках апынулася даведка, што ён мае права жыць усюды, толькi не ў пагранiчных з Польшчай раёнах, ён больш за год усё даводзiў як мог, што ён не шпiён, а проста чалавек з той зямлi, па якой прайшла гранiца. А тым часам вялiкi ўпарадкавальнiк усялякiх хiбаў i непарадкаў - час - абтрос i абгладзiў усё, што было не на сваiм месцы, i шмат што забылася, шмат прытупiлася, а сам чалавек знайшоў сабе месца, i лягчэй яму стала. Але час не меў сiлы перад тупым смуткам па малым Тамашу, па першых Лiзавецiных усмешках i па ёй, вернай сяброўцы. Гэты смутак, здавалася, апанаваў чалавека назаўсёды. Яму не было адхлання, i ад яго не было ратунку.

Сымону Ракуцьку спачатку здавалася, што варта яму толькi зноў звiць сабе гняздо, як ён скiне з душы цяжар свой. Тым часам ужо i хата ў яго была новая, зноў новая, вокнамi на дарогу, i цiха i спакойна ўсё тут было, i зямлi было на чатыры душы, i не трэба стала з жахам заглядваць у заўтрае, а спакой у душу не варочаўся. "А Тамаш, а Лiзавета!" Сымон Ракуцька наладзiў сваё жыццё так, як жадала яго натура. Яго цiхманую працавiтасць льга было ставiць паўсвету ў прыклад, калi лiчыць яе за дабрачыннасць. I дзiўна было. Ён адзiн, а ўпраўляўся з полем i з домам. I яшчэ кожны дзень меў часiну сядзець на калодзе i босы пасярод свайго двара. Цi то прывычка, цi то ашчаджанне абутку, але ён цяплом нiколi абуты не хадзiў. Ён яшчэ людзям i колы рабiў, i драбiны з панарадамi майстраваў. Жыў сам-насам. У той меры, у якой iшоў час, смутак яго ператвараўся ў вялiкую мару. Гэтая мара заўладала iм, ён ёю жыў i служыў ёй. А пачалi нарэшце прыходзiць моманты, калi i вера, i надзея, хоць здалёк, паказвалi яму свае ясныя твары. Гэты новы час у яго жыццi пачаўся з таго, калi яму прыйшла ў галаву такая думка: яна тады з дзецьмi вярнулася ў тую старую хату. Хто ведае, можа, i цяпер яны жывуць там? А кажуць жа людзi, што поштай можна з Польшчы сюды пiсаць, а адсюль у Польшчу. Як страсянула яго гэтая думка! Ён не меў нi сну, нi спакою, пакуль не паслаў пiсьма на адрас той старой хаты. Ён дакладна выпiсаў i цяперашнi свой адрас. Паведамiў аб той мясцiне, у якой цяпер жыў. Яно ж магло быць i так, што i адтуль сюды прыйдзе пiсьмо. Цяпер яго жыццё стала чаканнем перш за ўсё пiсьма, пасля - нейкага невядомага лёсу. "Адтуль прыйдзе вестка. Яны жывыя i здаровыя, i можа нават не галодныя. А хiба хто можа сказаць цвёрда, што на свеце можа быць, а чаго можа не быць? Нават такое магло здарыцца, што граф Палiводскi прасiў ласкi сярод дарогi ў абарванага хлопца. А можа лёс прывядзе iх сюды. Але што такое лёс? Ён сам дойдзе да думкi, што зрабiць. Ён будзе думаць, ён будзе раiцца з людзьмi, ён будзе слухаць па свеце. Слухаць па свеце!" Самае далёкае, дзе ён бываў - гэта яго поле. Але практыка з самага маленства i iнстынкт падказвалi яму, што яшчэ многае наперадзе, што яшчэ многа дзе прыйдзецца быць, многае нанава рабiць, многае бачыць i чуць i за многае нечаканае брацца. Мара, чаканне, надзея, упартасць думкi i фантазii! Гэтым ён цяпер i жыў. Колькi яму аднаму трэба было? Ён задавольваўся самай простай ядой. Улетку ён палуднаваў халодным квасам з зялёнай цыбуляй. Старанна вырабленае поле радзiла ў яго лепш, як у каго тут. У яго пачалi заводзiцца грошы. "Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!" Нават не маючы намеру купляць што, ён пачаў хадзiць у кааперацыю i прыглядацца да тавараў. Аднойчы ён купiў з сiняга сукна ватоўку, хлопцу гадоў на пятнаццаць. "Калi ж небудзь Тамаш будзе такi, што яму якраз прыйдзецца гэтая вопратка. А толькi невядома, у якiя годы з Тамашом суджана спаткацца бацьку. Такiм парадкам за доўгi час у Тамаша стала многа ўсялякай адзежы на ўсялякiя ўзросты: i на дзесяць год, i на дванаццаць, i на пятнаццаць, i на васемнаццаць, i на дваццаць. Усё купляў бацька. Вiселi на вешале ў клецi парамi боты, нагавiцы, вопраткi. Былi плаццi для Лiзаветы i хустачкi, чаравiкi i панчохi... Часамi ж на яго находзiла прасвятленне. Ён як бы адпiхаў ад сябе гэты пусты занятак i ўпадаў у думку, што рабiць, сапраўднае, вялiкае, выразнае i сапраўды патрэбнае, каб убачыць дзяцей. Нарэшце прыйшоў канец яго цiхай цярплiвасцi. Нават сядня на калодзе сярод двара пакiнула яму быць прыемнай. Ён нейк пацягнуўся да людзей i як бы затрапятаўся. Яго ўжо бачылi ў навакольных мястэчках на кiрмашах, каля цэркваў i касцёлаў на фэстах, у сельсавеце ён бываў часта i без прычыны. Ён пытаўся i раiўся. У тую старую хату ён цяпер слаў пiсьмы бадай што цераз дзень.

Усiм пачало здавацца, што ён рабiўся больш гаваркiм, i панурасць сыходзiла з яго. Аднак жа нiхто не ведаў, што ён сябе пачуваў так, быццам кожны дзень пiў атруту. I дзiўная рэч. Хоць час iшоў, нават ужо год за годам, з яго вачэй не сыходзiлi босыя Тамашовы ногi, калi ён, у тую навальнiчную ноч, асветлены маланкай, стаяў на дарозе пад сагнутым дрэвам. Яго ўяўленне рысавала яму Тамаша толькi малога i Лiзавету толькi ў мацi на руках. Па-сапраўднаму ён нiколi не задумаўся аб тым, што годы iдуць. Сам ён пачаў сталець так шпарка, што часамi ўжо льга было ў iм заўважыць першыя рысы далёкай яшчэ старасцi. Гэта была празмерная на яго гады сталасць. Апошняя бачаная iм усмешка малой Лiзаветы! Маланка, i свет уздрыгануўся ад грому. Тамаш стаiць мокры, вада. Босыя ногi яго! Постаць худзенькага хлопчыка! Ён жа вёў свайго Тамаша ў будучыню! На добрае, на шчаслiвае! Нехта злы i чорствы, нехта той, што i яму самому праз увесь век не дае спакою, загарадзiў малому Тамашу дарогу ў будучыню. Не туманныя прывiды, а выразна ява: гром i маланка, навальнiца разрывае зямлю i, здаецца, крышыць на ёй усё. I ўсё ахоплена страшным сваiм утрапеннем. Пад громам i агнём, пасярод дарогi, постаць худзенькага хлопчыка.

Аднойчы ён, як i часта цяпер, цёрся сярод людзей у местачковай кааперацыi. Там прадавалiся люстэркi. Адно вiсела на сцяне. Сымон Ракуцька глянуў у люстэрка i сумеўся: ён такi даўно не бачыў сябе i не ведаў, што каля вушэй у яго спрэс сiвыя валасы. "Божа мой, дык я ж ужо не малады! Няўжо гэта прайшло гэтулькi год?! А колькi? Мусiць, многа?! Як жа гэта я нiколi не лiчыў гадоў?" Увесь той дзень ён правёў у одуме i суме. Каму расказаць? З чаго пачаць, каб не iшло далей жыццё так, як яму не хацелася? Ён хацеў не толькi есцi хлеб, але каб разам з iм елi яго i Тамаш, i Лiзавета. Каб не мучыць самога сябе, ён больш ужо нiколi не глядзеўся ў люстэрка.

IV

У тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятым годзе Сымон Ракуцька даехаў па чыгунцы да горада Слуцка i выйшаў адтуль пешкам у дарогу на захад па старой Варшаўска-Маскоўскай шашы. Была глыбокая восень. Толькi што мiнулася пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полi. Не кранутая яшчэ марозам трава была зялёная, i, калi сонца высвечвала з-за высокiх хмар, адзiнокi падарожны, як здзiўленае дзiця, прыглядаўся да яснай зелянiны, i твар яго свяцiўся, як i шырокi свет у той момант. Ён усё iшоў i iшоў шпарка. За адзiн дзень ён дайшоў да Пiлiпавiч, дзе тырчэлi каля шашы яшчэ некаторыя адзнакi былой гранiцы. Да гэтага месца ён iшоў яшчэ, як бы раздумваючы i сам сабе не верачы. Тут жа ён увесь змянiўся. Каб чалавек, якi добра ведаў яго дагэтуль, бачыў яго ў гэты момант, калi ён, мiнуўшы Пiлiпавiчы, спынiўся на палявой дарозе, кожны заўважыў бы як адразу Сымон Ракуцька [скiнуў] пячаць таго шматгодняга чакання, якое ўжо часамi ператваралася ў свядомасцi, як бы нейкай асуджанасцi навек. Магло б здавацца, што ён зараз скажа: "Яно было. А вы хiба хочаце, каб нiколi нiякай прыкрасцi не было? Затое цяпер!" Уся яго пастава i выраз твару былi ў часе гэтага падарожжа рухавымi вельмi. На станцыi Гарадзеi ён сеў у поезд i праз паўдня выйшаў з вагона на нейкiм занадта ўжо цiхiм паўстанку. Доўгi рад старых i высокiх дрэў - лiп, дубоў, бяроз, явараў i вязаў - iшоў ад паўстанка проста ў чыстае поле i там канчаўся. Лiсцё пад дрэвамi ляжала яшчэ жоўтае, i, здавалася, чалавечая нага яшчэ не ступала на яго. Сымон Ракуцька мiнуў дрэвы i пасля нядоўгiх пошукаў знайшоў у полi вялiкi камень. На абымшэлай яго паверхнi аставалiся сляды таго, што тут начавалi птушкi. I гэта як бы ўзрадавала гэтага чалавека. З усмешкай ён абгледзеў камень i стаў кiравацца ад яго да вузкай i доўгай грады лесу. Добра ўтаптаная сцяжынка вiлася памiж i навокал кустоў шыпшыны i паўз удзiрванелыя межы. Пасля яна выбiлася ў той дубняк. Якая была восень! Ахоплены радасным узбуджэннем, чалавек як бы думаў, што другой такой восенi нiколi не было i не будзе. Рудымi жалудамi была засыпана спрэс уся зямля. Крушыннiк густа стаяў над сваiм уласным лiсцём, ядловец быў повен чорных ягад, дзюбастая птушка кiнулася ў куст, драбнюткае лiсце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва, чэзлая кветка на высокiм сцябле звесiла жоўтую галаву. "Божа, як яна так захавалася аж дагэтуль!?" А неба! Сонца ў той дзень не было, але на небе адлюстроўвалася яго блiзасць. Недзе тут блiзка iдзе цiхае асенняе сонца! Хiба на свеце няма дзеля чаго берагчы знойдзеную радасць i шукаць i дамагацца яе вечна!? Якое неба над нашай зямлёй бывае ўвосень!

Сымон Ракуцька ўжо даўно мiнуў дубняк, а сцежка ўсё iшла i вяла яго далей, праз поле, праз некалькi хвойных лясоў i купiстых паплавоў. Доўга, вельмi доўга iшоў Сымон Ракуцька, дзiвячыся, як жа гэта праз гэтулькi год тая самая сцежка вядзе яго, як быццам бы тут усё застыла на вечную нерухомасць. Ён прайшоў сцежкай да самага змяркання. Начаваў у людзей i вельмi многа расказваў пра сябе, так што, пакуль у хаце патушылi агонь i паснулi, ужо ўсе ведалi яго гiсторыю. Назаўтра ён сабраўся далей у дарогу яшчэ зацемна. Нават яшчэ зоры свяцiлi. Тут ужо недалёка, толькi зоры сыдуць з неба, як ён будзе на месцы. Зноў тая самая сцежка! Тут яна пайшла зялёнай азiмiнай. Свежая рунь дрыжала пад ветрам, i ў нiзiнах стаяла чыстая, як сляза, вада. Сонца пачало ўзыходзiць чыста, i вышыня неба пабольшала. Усё заззяла, i прасторы сталi неабдымнымi. Тут, у гэтай яснай шырынi, ужо зусiм блiзка! Вельмi хутка ён дойдзе. Ужо не было ў яго нi смутку, нi радасцi. Хваляванне ўсёй яго iстоты i нават нецярплiвасць. Цяпер, калi ўжо так блiзка перад iм была яго мэта, ён чамусьцi як бы зноў апанураў з постацi. Яго заўсёды такiм рабiла шпаркая хада. Ён улёг у хаду i ўжо не заўважаў гэтае адзiнае на ўсе часы восенi. Але чаму сцежка такая доўгая? Тут ужо ёй канец павiнен быць. Яшчэ два дрэвы над палявым каменем, i там тады пачыналася выезджаная сялянскiмi калясьмi дарога. I ўсё. Чубок лесу будзе з-пад каменя i дрэў перад вачыма.

Поделиться с друзьями: