Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Проста ў сярэдзіну

Алесь Аркуш

Шрифт:

Стомленыя аўто шукаюць

мейсца для паркоўкі

сэкс-шопы навязьліва запрашаюць

за распусныя парцьеры

чугунныя масты па чарзе адпускаюць

рукі ад берагоў і сплываюць

па Сене разам з бляшанкамі

ад кока-колы і апошнімі жоўтымі

кляновымі лістамі

Калі вы не пасьпелі перабрацца

на патрэбны бераг не хвалюйцеся -

па сьвятлу пераходзьце

пераяжджайце - па сьвятлу

што льецца з вакна на вуліцы Gravilliers

Ва ўтульнай кавярні

якую ведаеш з дзяцінства

схаваесься ад вулічнай ілюмінацыі

і праз шчыліну лёгкіх фіранак

будзеш назіраць за мной

як за мімам

які неварушна гадзінамі стаіць

на пляцы Palais Royal -

ці міргу ці варухнуся

гэткім чынам падаўшы знак

я стаю над Парыжам

і адчуваю твой позірк

* * *

Заўважаю пажадныя позіркі

гэтак некалі я зыркаў на нованькую у нашым клясе

прыгожую бялявую цыбатую дзяўчыну

брознавыя мармуровыя гранітныя

бэтонныя шамотныя гіпсавыя вочы

праходжу -- не спыняюся --

толькі - добры дзень і дапабачэньня -

музэі галерэі выставы мемарыяльныя кватэры

Сёньня ізноў іду на ўзьбярэжжа Сены

карміць тутэйшых вараб'ёў --

нямоглы Парыж цярпліва чакае маіх вершаў

Парыж-Полацак, 1997 г.

4. Закуты ў цяжар цела

* * *

Вершы гэтак жа небясьпечныя

як опіум — чытаю ў чарговым загадзе —

i той хто піша

i той хто чытае

i той хто толькі захоўвае вершы —

дзяржаўны злачынца

Шукаюць вершы ў маім стале

маім кампутары маім нататніку

маёй галаве маіх начных трызьненьнях

a калі знаходзяць топчуць як кветкі маку

y самых глухіх куточках расьце мак

y самых тлумных месцах нашэптваю вершы

КАМЯНІ

Калі нахіляесься і пачынаеш разглядаць камяні

на беразе Палаты, якая выгініста

агінае полацкі верхні замак,

нечакана ўсьведамляеш –

большасьць з іх выкарыстоўваліся ў якасьці зброі.

ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ ЗЬМЕНЫ

Некалі купцы,

што праплывалі па Дзьвіне

шляхам з варагаў у грэкі,

плацілі мыту полацкаму князю.

Тыдзень пільнуем раку.

Ні купцоў, ні мыты.

ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ

Спачатку паэт пайшоў у гарвыканкам,

каб папрасіць дазволу называцца паэтам;

затым пайшоў у аддзел унутраных спраў,

каб атрымаць пасьведчаньне паэта;

затым пайшоў у пашпартны стол,

каб зарэгістраваць сваё пасьведчаньне;

затым пайшоў у падатковую інспэкцыю,

каб напісаць заяву, што ня будзе

займацца камэрцыйнай дзейнасьцю;

затым пайшоў у гарана,

каб давесьці, што ягоныя вершы

ня будуць шкоднымі для вучняў школ;

затым пайшоў у гаргаз,

каб запэўніць, што ягоная творчасьць

не самаўзгараецца;

затым пайшоў у цэнтар занятасьці,

каб даведацца, ці ёсьць якое

вольнае працоўнае месца,

бо і паэтам трэба есьці;

затым пайшоў у жыльлёва-камунальную службу

пацікавіцца, ці можна атрымаць

які-кольвечы пакойчык пад жытло;

затым зноў прыйшоў у гарвыканкам,

каб папрасіць дазволу надрукаваць сваю кнігу;

затым пайшоў…

* * *

Ня думаць пра сон і паразы,

Свабоду карміць з далоні,

Раздаць безмаетным запасы

І выкінуць плэер “Sony”.

І слухаць, як гойсае вецер,

Што робіць падушны вопіс…

Сьмерць – непісьменная лэдзі –

Паставіць свой крыжык-росьпіс.

Закуты ў цяжар цела,

Шукаеш таемныя дзьверы…

Здаецца, патрэбная сьмеласьць,

А досыць адной веры.

На беразе вечнага часу,

Дзе робіцца друзам выгоды,

З апошняга хлеба запасу

Ты корміш птушку Свабоды.

ДРУКАРКА

Поделиться с друзьями: