Пясецки
Шрифт:
Канстанты сядзеў задуменны. Прыгладзіў далонню валасы над высокім ілбом і зірнуў на сябра.
— Добра — сказаў, — добра. Справа, Рамане, такая: мы хочам вяртацца ў Менск. Навошта бадзяцца нам па чужых кутах. Мы пакінулі там бацькоў, знаёмых. Пакінулі там палову нашых сэрцаў. Ты пакінуў бацьку. Жывём тут, а думкі заўсёды там, сярод сваіх. Мы злачынстваў супраць Саветаў не рабілі — хіба толькі служба ў чужым войску, але гэта тлумачыцца тым, што мы ўступілі ў войска падчас акупацыі. Мы прыйдзем у ЧК, прадставім даку- менты і заявім, што жадаем жыць і добрасумленна працаваць у Саветах, у сваім горадзе, як лаяльныя грамадзяне. Напачатку могуць хай сабе часова нас арыштаваць, але сур’ёзных наступстваў не можа быць, бо калі б мы нават на фронце трапілі ў няволю, дык былі б толькі палоннымі, а не зняволенымі. Зрэшты, калі нас нават арыштуюць, то сваякі за нас запаручацца. Хіба не? Зрэшты, гэта Беларусь, і мы, як беларусы, маем права вярнуцца на бацькаў- шчыну, нягледзячы на тое, пад якімі ўладамі яна знаходзіцца. Вось, мы і пытаем цябе: ці жадаеш ты далучыцца?
Раман быў здзіўлены.
— Як гэта? Самому аддацца ім у рукі? Хлопцы, я там быў. Я ведаю, што тамака робіцца. Вядома, я пагаджуся, але не такім чынам. Навошта гэтак рызыкаваць? Я з табой, Кастусь, у пекла пайшоў бы. З вамі таксама. Але не так. Пойдзем са зброяй. Схаваемся, а адзін няхай з’явіцца. Пабачым, як усё будзе. Калі ўсё скончыцца шчасліва для аднаго, тады і астатнія з’явяцца, а калі справа будзе швах, тады зробім іначай.
— Я казаў, што ён не пагодзіцца, — уздыхнуў Алесь.
— Не, Раманку, — сказаў Часлаў, — калі так, дык мы пойдзем адны. Мы хочам, каб усё пайшло сваім парадкам. Трэба і тое мець на ўвазе, што з трыма, калі мы з’явімся, іначай будуць лічыцца, чым з адным. Мы аніякія тамака ні буржуі, капіталісты ці контррэвалюцыянеры. Вяртаемся дадому, да працы, не маючы на сумленні ніякіх злачынстваў — ані крымінальных, ані палі- тычных. Мы прыйдзем шчырая, адкрытыя. У гэтым наш козыр. Чаго нам баяцца?
Доўга размаўлялі сябры. Забава, згодна дамове, павінен быў застацца ў Вільні і чакаць ад іх вестак, а тады таксама ісці да іх у Менск.
Справу акрапілі. Калі падвыпілі ўжо, хтосьці падаў наступную прапано- ву: «Вы ведаеце што, хлопцы? Невядома, што здарыцца з намі. Прызначым сабе сустрэчу на будучыню, праз пэўны час. Я нешта такое чытаў. Як бы гэта было хораша, га?.. Адзін у Вільні, адзін у Менску, адзін у Маскве, іншы яшчэ тамака дзесьці, і ў прызначаны час усе мы збіраемся на сустрэчу. Як?
Прапанову дружна прынялі, і Кастусь напісаў пратакол:
Вільня, дня 19 траўня 1921 г.
Мы, ніжэйпадпісаныя, клянёмся, нягледзячы на адлегласць і жыццёвыя акалічнасці, з’явіцца на ўмоўленую «сустрэчу сяброў», у дзень 1 верасня 1922 года, а гадзіне 9-й вечаравай парою, у Менску, у Губернатарскім садзе на беразе Свіслачы, насупроць летняга тэатра «Рэнесанс».
Нез’яўленне можа апраўдаць толькі: смерць, цяжкая хвароба або турма. Іншыя прычыны будуць лічыцца за адыход ад Лучнасці Чатырох Сяброў.
Канстанты Соліч, Часлаў Г алін, Аляксандар Жалоўскі, Раман Забава.
Назаўтра Забава развітаўся з імі на віленскім вакзале. Калі цягнік рушыў, пацалаваў сяброў і па чарзе апошні раз паціснуў іх далоні.
— Будзь здаровы. Хутка пабачымся, — сказаў Алесь.
— Чакай ліст з Менска, — прамовіў Часлаў.
— Не засмучайся, Раманік. Вучыся, працуй. Усюды жыць можна, — кінуў яму Кастусь, ужо з цягніка, які рушыў.
— Шчасліва, шчасліва. Пішыце. — крычаў ім Забава.
Доўга чакаў ліста, але не дачакаўся яго. Замест ліста праз два месяцы атрымаў вестку, што трох ягоных сяброў расстралялі ў Менску, куды з’явіліся і самі аддаліся ў рукі ўладаў. Іх прыставілі да сценкі як контррэвалюцыя- нераў, якія прыбылі на тэрыторыю Краіны Саветаў дзеля арганізацыі «бела- гвардзейскіх бандаў».
«Так, нейкія падлюгі на іх крыві зрабілі службовую кар’еру», — падумаў Забава. Яму прыйшлі ў галаву словы аднаго беларуса з Вільні, які, расказваю- чы пра жахі ўсё яшчэ рэвалюцыйнага тэрору ў Менску, адзначыў, што «гэтым кроў беларуса што вадзіца».
* * *
Вечар быў цёмны. Вецер гойсаў па вуліцах, ляпаў аканіцамі, ламаў платы, кружыў у паветры і кідаў у твары мінакоў мокрае, халоднае лісце.
Забава пралез праз плот у сад сямейства Солічаў, бо брамка на падворак была зачыненая (не хацеў неспадзявана ўваходзіць праз парадныя дзверы). На падвор- ку спыніўся насупраць асветленых вокнаў кухні; рэшта хаты патанала ў цемры.
«Можа, хто выйдзе?» — падумаў Забава. Было яму вельмі сумна. Колькі ж гэта разоў калісьці ў гэтай хаце, пры жыцці Кастуська ладзілі вясёлыя забавы, на якіх збіралася гэтулькі моладзі. Цяпер не мог адгадаць, што робіцца за сценамі. Толькі прадчуванне казала яму, што анічога добрага.
Хтосьці ўвайшоў у кухню і стаў ля акна.
«Гэта Мікалай», — падумаў Забава, пазнаючы старэйшага брата Кастуся. Падбег да акна, ускараскаўся на дыбачкі і ціха пастукаў у шыбу. Мікалай спа- лохана зірнуў у акно. Прыгледзеўся.
— Хто там? — пачуў Забава ягоны голас.
— Выйдзі на якую хвілю, — адказаў голасна.
Мікалай азірнуўся ўнутр пакоя і адшчапіў акно.
— Хто там? — паўтарыў устрывожаны.
— Я. я. Раман.
— Ра-а-ман?
Сполах адбіўся на твары Мікалая, які збялеў на палатно.
— Зараз выйду. зараз. — прашаптаў.
Неўзабаве быў на падворку. Забава адчуў, што Мікалай дрыжыць усім целам — не ад холаду, але ад хвалявання.
— Скуль вы? Навошта сюды прыйшлі? Што вы рабілі?
— Я прыйшоў з Польшчы. Прынёс вам два фотаздымкі Кастуська. Думаў, што гэтым усцешыцеся.
— Ідзіце адгэтуль. Нічога не трэба. Ніякіх фотаздымкаў. Маці як вар’ятка. Пятрусь на эпілепсію захварэў. Страшэннае няшчасце. Не трэба чапаць ранаў.
— Няўжо нельга было яго выратаваць?
— Мы рабілі ўсё, што можна. Маці ў дошку разбівалася, каб выцягнуць яго з іх лапаў, але іх так там спялюшылі, што ... што мы анічога зрабіць не маглі.
— А што ў вас дома?. Навогул, што чуваць?
— Дол. магіла. Ідзіце адгэтуль. Не. Пачакайце. Дайце, калі ласка, здымкі. для сябе захаваю.
Забава сціснуў халодную далонь Мікалая.
— Да пабачэння.
— Бываце.
Прайшоў да канца прысадаў і спыніўся насупраць доўгага моста. Выняў гадзіннік.
.Без пяці дзевятая.
Паволі пакрочыў назад. Пасярэдзіне алеі сеў на лаўку і стаў глядзець перад сабою. Жаласна плёскалі аб бераг халодныя хвалі ракі.
.Дзевятая.
Раптам прыкмеціў углыбіні прысадаў тры мужчынскія постаці. Сэрца ягонае ўстрапянулася.