Раман Корзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
– Я-ж табе казаў, прасiў не пазьнiцца, а ты швэндаешся ўсё.
Раман глядзеў на Кандраценю - у ягоным бобрыку сядзела гэтулькi розных асьцюкоў i дзядоўнiку, што Раман не паўстрымаўся, каб не засьмяяцца: гэткiм дзiўным выглядаў ля парогу Кандраценя, уся ягоная хванабэрыя некуды зьнiкла, i ён стаяў, як абшчыпаны гусак.
– Дзе гэта вы так выкачалiся?..
Кандраценя зiрнуў на сябе й не пазнаў свайго бобрыку. Ён адразу ўзяўся выскубаць з яго дзядоўнiк, але разам з iм вылазiлi й варсiнкi бобрыку. Генадзi не ўдаваў, што яму шкада пiджака.
– Дастань там з сакваяжу (ну, няхай будзе патвойму, з торбы, калi ты ня любiш гэтага слова), трэба пагрэцца, пахаладзела раптам, як у глыбокую восень, i дождж.
– Няма нi сакваяжа, нi торбы, усё паехала, i я сам чуць не паехаў. Нашто вы прыцягнулi сюды гэтую злыбяду?
– Ня выскаляйся. Пара й паважным быць.
– Я й не выскаляюся, глядзеце - няма, у НКВД!
– Ты ашалеў?..
– Я-ж вам кажу, я й сам толькi адтуль...
Кандраценя як-бы ўзрадваўся, што Рамана цягалi ў НКВД, пакiнуў выдзiраць дзядоўнiк i забегаў па хаце.
– Вось табе й на! Не казаў я табе? Добрая штука! Як-жа ўсё гэта папалася ў iхныя рукi? Ты можа здурэў - сам? Цi хто?
– Мусiць, мая гаспадыня. Я ня думаю, каб гэта зрабiла Валя, мая паненка, як ты кажаш.
– Я табе не казаў? Бяры лахi пад пахi ды ўцякай! Кожная часiна дорага - не цяпер, дык за гадзiну, другую прыйдуць i пацягнуць не на жарты. Гэта табе ня жарты. За слова, й тое бяруць, а за гэта... i за... возьмуць.
Мова Кандраценi адзначался сягоньня сваёй прасьцiнёй, сялянскасьцяй, яна ня была такой далiкатнай i стылiзаванай, як учора, i гэта выстаўляла Кандраценю ў iншым сьвятле. Ня было й тых, нейкiх арыстакратычных гэстаў, што ўчора. Кандраценя выдаўся Раману двуаблiчным.
– Тое, што сталася, мусiць быць табе сыгналам. Трывожным сыгналам, - зноў варочалася кнiжная мова Генадзiю Кандраценю.
Раман палез у суднiк па яду. Ён там пабачыў кавалак сала, якое Генадзi, не даеўшы, пакiнуў учора на стале i якое, вiдаць, прыбрала гаспадыня. Учора не хацелася яго, а цяпер яно смачна запахла, зьялчалае i рыжаватае па беражкох. Раман паклаў яго на стол разам з газэтай, i яму кiнулася ў вочы, што газэта польская, "Кurier Wilenski".
– Адкуль гэта?
– Бачыш адкуль...
Раман умеў чытаць папольску, а апошнiм часам нават сур'ёзна зацiкавiўся гэтай мовай. Асаблiва заахвочваў яго студэнт з польскай сэкцыi лiтаратурнага факультэту, ягоны траха ня сябра - Рамановiч.
Раман разгарнуў з цiкавасьцi вялiкага абыйма газэту, упяршыню глядзеў на замежную прэсу. Прагна прабягаў вачыма загалоўкi рознай вялiчынi, прыгожыя iлюстрацыi, абвесткi, i дзiвiўся, як непадобныя да польскае савецкiя газэты хударлявыя i шэрыя. Так i тхнула на яго з старонак iншым сьветам, незнаёмым, але цiкавым. Болей i болей, глыбей i глыбей уваходзiў у гэты сьвет Раман... Нечакана - зацемка пра хiракiры Янкi Купалы, спроба скончыць самагубствам у НКВД. Зацемка страшэнна заiнтрыгавала Корзюка. Чуткi пра хiракiры Купалы насiлiся ўжо па Менску, але нiхто нiчога дакладна ня ведаў. Чуткам гэтым верылi й ня верылi. Сам Раман сумляваўся ў гэтым, дарма, што пра гэтую падзею яму гаварыла Валя. Сваiм парадкам Валi расказала адна студэнтка, якая прыпадкам пазнаёмiлася на вулiцы з жонкай Купалы, Уладыславай.
Студэнтка несла на руках здаваць у бiблiятэку iмя Пушкiна тры тамы Янкi Купалы, якiя яна брала для экзаменаў на лiтаратурным факультэце. Насустрач незнаёмая жанчына:
– Нашто вы адабралi ў мяне майго мужа?
Студэнтка зьбянтэжылася, пачырванела й нiчога не змагла адказаць незнаёмай жанчыне - яна нiчога i нi ў кога не адбiрала наогул, тым болей - мужа.
Незнаёмая жанчына хутка прыйшла ёй на дапамогу:
– Выбачайце, гэта я пажартавала. Я - жонка Янкi Купалы. Будзем знаёмыя.
Дык вось гэтай самай студэнтцы i сказала неяк жонка Купалы аб хiракiры. Дадала, што апрача яе, жонкi, нiкога ў бальнiцу да Купалы ня пушчалi i яе самую прасiлi, каб яна ўсiм, хто можа пытацца ў яе пра мужа, гаварыла, што ён паехаў на раку Арэсу зьбiраць матэрыялы на новую паэму.
Цяпер Раман Корзюк паверыў у чуткi пра хiракiры Купалы, дзiвiўся толькi, як гэта трапiла на старонкi вiленскай газэты. Значыць, i Купала быў там, дзе толькi што быў i ён.
– Што ты ўгледзеўся, як баран на новыя вароты? Цiкава? Досыць разглядаць. Еж сала! Смачнае. I я крыху падсiлкуюся дый пойдзем. На досьвiтку пабачымся i з бацькам.
Генадзi Кандраценя падрабязна расказаў Раману пра забойства сакратара райкому партыi, пра тое, што забойства прыпiсалi бацьку - Савосту Корзюку, i пра мацi з сястрой, што сядзяць цяпер, як заложнiцы, у абрабаванай хаце на хутары - колiшнiм гнязьдзе Раманавым.
У Раманавым нутры ўзьнялося ўсё корзюкаўскае: зьвярынае вычуцьцё радзiннай крывi, на якую цяпер замахваецца вораг, гатовасьць абаранiць яе за ўсякую цану, разьюшанасьць i шчымлiвы жаль. Корзюкi, жывучы разам, не адчувалi нейкай асаблiвай супольнасьцi, злучва, цягi адзiн да аднога, наадварот, грызьлiся мiжсобку але калi разыходзiлiся, жылi ня разам, асаблiва калi разлучалiся не па сваёй волi, а з прымусу, шалелi адзiн па адным, бяда аднаго адклiкалася болем у другога, i плын корзюкаўскай крывi, супольны ўсiм, не даваў болей нiкому спакою.
Раман быў цяпер гатовы на ўсё. За ягонымi плячыма адвалiлася ўсё мiнулае, i ён парываўся наперад. Як-бы няясныя, неазначаныя й недакладныя рухi зьмянiлiся цяпер наважнасьцяй дзеяньня. Нiчога з таго, што было перад гэтым, як-бы ўжо болей не iснавала, i Раман Корзюк адчуваў сябе, як на старце. З Генадзем Кандраценем не спрачаўся, як учора, уважлiва слухаў яго, распытваў. Ён ясна ўсьвядомiў, што яго патрабуе цяпер, як нiколi раней, ягоная сям'я, гул корзюкаўскай крывi клiкаў яго.
– I я таксама не хачу тут папасьцiся чорту ў лапы, - гаварыў Кандраценя, у мяне ёсьць яшчэ й свае абавязкi, у мяне ня толькi ты, цi вы ўсе разам, у мяне гэн колькi ўсяго...
I нечакана спынiўшыся:
– Ромусь, згасi лепей сьвятло, навошта яно - ноч.
Парэзанае на дробныя кавалкi сала яны елi пры стале ў пацёмку, моўчкi, як-бы прыслухоўваючыся адзiн да аднаго. Напэўна, пачуўшы сала, пад дзьвярыма з таго боку, ад гаспадынi, пачаў мяўкаць кот.
– Каб ён здох - нядобра. Пойдзем хутчэй!
Увесь дзень Раман Корзюк быў у вадным касьцюмчыку, пабялелым ад сонца, асаблiва на плячох i сьпiне, купленым увесну ў ГУМе за сто трыццаць рублёў. Затанны, цяпер ён трашчэў, ламаўся. Рукавы ў iм кароткiя, ад чаго Раманавы рукi здавалiся яшчэ даўжэйшымi, штаны таксама, ад чаго Раман выглядаў вышэйшым. Калi Раман iшоў у гэтым касьцюме па вулiцы, ад нейкай дыспрапорцыi ён выглядаў чалавекам-гiгантам. Але якраз можа дзякуючы гэтай дыспрапорцыi, ён адразу зварачаў на сябе ўвагу, як нязвычайны чалавек, дзiўны, траха не карыкатурны, але пасвойму прываблiвы, прыгожы.
Цяпер ён узяў на руку пiджак хатняга вырабу й нiчога больш. Як быў бяз кепкi, так i застаўся. Ад сонца, дажджоў i вятроў ягоныя валасы на дзiва нiкалiва не зьмянiлi свайго колеру, толькi павялiчылiся ў абыйме, i то можа болей дзеля таго, што Раман даўно не падстрыгаўся.
Кандраценя таксама быў гатовы, з палкаю ў руках. Яны выйшлi з хаты. Дажджу ўжо ня было.
Раманава гаспадыня ня спала i ўвесь час прыслухоўвалася да шолаху й гаворкi ў свайго кватаранта, але нiчога не магла добра ўцямiць, толькi дзякуючы нейкай сваёй асаблiвай здольнасьцi здагадвалася, што Раман гаворыць з тым-жа самым чалавекам, што i ўчора. У Раманаў пакой яна не адважылася зазiрнуць - нагэтулькi нязвычайнай выдалася ёй сытуацыя. Яна вычувала, што нешта важнае адбываецца з Раманам, i ўжо баялася нават скрануцца з месца: як стаяла, так i засталася пасярэдзiне пакою, не падыходзячы блiжэй да сьцяны падслухоўваць, каб ня скрыпнуць.