Раман Корзюк (на белорусском языке)
Шрифт:
У Камоцкай перадачы ў Камэндатуры ня прынялi таксама. У тых, у каго прыймалi, поркалiся ў дробязях, адкiдалi тое, што не дазвалялася. Работнiк унутраных органаў, калi Камоцкая назвала яму прозьвiшча Корзюка, доўга шукаў яго ў сьпiску, пытаўся, як завуць яго па бацьку, зьвяраў год нараджэньня i толькi пасьля гэтага сказаў, што перадачы яму недазволеныя.
– Але ён у вас?
– Мы такiх справак не даём.
– Маю-ж я права ведаць, пытацца?
– А хто вы такая? Жонка? Сястра?
Камоцкая нiчога не змагла адказаць на гэтыя пытаньнi i, зьбянтэжаная, стаяла ў нерашучасьцi, не магла запытацца пра што-небудзь iншае.
– Я - нявеста чалавека, пра якога пытаюся, - раптам стрэлiла ёй сказаць гэта, ў наiўным спадзяваньнi, што такi аргумант пераканае работнiка ўнутраных органаў.
– На вулiцы шмат такiх нявестаў.
Грубасьць работнiка ўнутраных органаў прынiзiла Камоцкую, на яе кiдалi зьдзiўленыя позiркi жанчыны, што стаялi ў чарзе, ёй было сорамна i яна ня ведала, што ёй рабiць далей - iсьцi цi нечага чакаць.
– Грамадзянка, я задаволю вашае права на запытаньне. Асоба, пра якую вы пытаецеся, у нас, але прыняць перадачу мы ня можам. Усё!
Камоцкая пакiнула Камэндатуру. Яна дакарала сябе за сваю бездапаможнасьць, нявынаходлiвасьць, збытнасьць, недаросласьць. Мець, як яна, дазнаньне з такой установай, з такiмi людзьмi i ня ўмець абыходзiцца з iмi - проста недарэчнасьць. Не, ня Цыпiна я.
Праходзiць паўз фабрыку-кухню. Як калiсьцi яна сама з Раманам, там клумяцца - вiдаць-жа - студэнты спадзяючыся атрымаць з ежы нешта таньнейшае. Цяпер яна настаўнiца i магла-б заняць столiк на другiм паверсе фабрыкi-кухнi, дзе кормяць смачней, але яна ня пойдзе туды, гэта было-б грэхам, здрадай Раману.
На Савецкай, ля манастыра, вiталiся з ёю ейныя клёны. Цяжка прайсьцi паўз iх, сьведкаў ейнага дзявоцтва. Справа застыў i палохае сваiмi мурамi Дом Ураду. Калiсьцi яна ўспрыймала яго iнакш. Зараз вось i Цыпiна. Праз два дамы, на левым баку. Усё знаёмае. Усё зьвязанае з ёй самою. Направа была-б царква. Але яе няма. Дынамiт Яраслаўскага яе не пашкадаваў. Перад ейнымi вачыма праз чыгуначны мост праймчаўся цягнiк з чырвонаармейскiмi пiлоткамi ў вокнах.
Камоцкая не хацела заставацца нанач у Цыпiнай - дома чакаюць бацькi. За iмi трэба прыглядаць. Але Цыпiна ўгаварыла яе.
– Бяры трубку! Пазванi iм i яны супакояцца. Ты-ж хросная наша. Пабудзь у нас. Хрысьцiла-ж Алеську ты? Я-ж, ведаеш, няхрышчоная. А Алеська ўжо хрышчоная. Я рада. Мы з Пецькам дамовiлiся так зрабiць, калi яшчэ ня было яе на гэтым сьвеце. Алесьцы такой можа ляпей будзе. Можа ўцалее, як прыйдуць тыя iрады.
– Ты ўжо гэтак упэўненая, што яны прыйдуць?
– Прыйдуць, Валечка. Сэрца маё чуе. Чуеш, як гудзе мост! Ня сьцiхае. Нездарма гудзе.
Камоцкая, застаўшыся, перадала Цыпiнай ва ўсiх дэталях сцэну сваiх адведзiнаў Камэндатуры.
– Значыцца, справа сапраўды дрэнь. Мой швагра гаварыў праўду - засудзяць iх яшчэ на большае. Гэтак Алеська i не дачакаецца свайго таткi - вунь вiдаць адсюль вежа турмы, у якой ён сядзiць, а пабачыць нельга. Часамi мне здаецца, што Пецька глядзiць з той вежы прама мне ў вакно i я магу бачыць яго. Чэснае слова.
– Чаго хочаш, тое й здаецца. Можа-ж мы iх яшчэ пабачым. Напраўду!
Камоцкая распакавала каробку з прыгожай сукенкай для хрэсьнiцы. Прымерылi. Пасавала добра. Бася папрасiла Алеську даць хроснай "буськi". Пацалавала сама хросную.
– Згатуем тады абед якi. Ты зарабiла, - зьмянiлася на жартлiвую Цыпiна. А па абедзе прагуляемся па Валадарскага - можа яны пабачаць нас з табою. Заўсёды-ж, калi йдзеш паўз турмы, махаюць рукамi праз краты. Праўда, цяпер ужо надзелi на вокны "наморднiкi" - не памахаеш. Але ня ўсюды. Нашыя нас пабачаць.
Да абеду Цыпiна паставiла на стол бутэльку вiна. Выпiлi за сустрэчу з сваiмi "мужыкамi". Бася ўсё жартавала.
– Заўтра зноў пойдзем да таткi з Алеськай. Буду забiраць з садка Алеську пасьля заняткаў у школе i буду хадзiць з ёй туды кожны дзень, пакуль не дазволяць пабачыцца. Калi я не вазьму сабой, дык можа Алеська возьме паглядзi, якая яна прыгожанькая ў тваёй сукенцы. Ты заглядай туды таксама часьцей. Пiшы Раману, як я пiшу Пецьку. Ведаеш-жа, iм будзе лягчэй. Няхай ведаюць, што мы ня выйшлi замуж.
Забралi Алеську i выйшлi на вулiцу. Сонца ўжо iшло на спад, ягоныя пазалочаныя праменьнi, як штыхамi, пракалвалi панадворкi, сьлiзгалiся па сьценах дамоў, запальвалi пажар на агародах.
Абыйшлi два разы турму - з аднаго боку i з другога, - паглядаючы на ейныя вокны. Адтуль не падаў нiхто нiякага знаку. Толькi з аднэй вуглавой вежы, з вакна, узятага ў краты, пачуўся воклiч - адзiн раз, другi, трэйцi. Выкiнулася белая хустачка ў прадзетай праз краты руцэ. З вышкi вартавы стрэлiў, i куля, цiўкнуўшы, зьбiла на сьцяне пабелку i тая з шорахам пасыпалася на зямлю.
– Вось табе й пабачылi, - спалохана прагаварыла Цыпiна. Узяла на рукi Алеську. Прытулiла.
Яны павярнулi дамоў. Валя ўвесь час маўчала, як-бы нешта абдумвала. Цыпiнай здавалася, што Валя ня так турбуецца, як яна. Цыпiна нiколi не магла дабрацца да патайнага ў душы Камоцкай. Сама-ж Камоцкая не праяўлялася так лёгка, як Цыпiна.
Прыйшлi дахаты. Гаворка неяк ня йшла. Валя разглядала толькi што атрыманыя Цыпiнай навiнкi, яшчэ не пастаўленыя ў кнiжную шафу. Цыпiна мыла Алеську, рыхтавала яе ў "пасьцельку".
Зьвечарэла на двары, насунулiся лёгкiя, празрыстыя вясеньнiя змрокi. Цыпiна запалiла сьвечку ў сваёй спальнi, найбольшым пакоi ў ейнай кватэры. Сьвечка, гаварыла яна, стварае атмасфэру. Электрыка не. Прынесла пачатую за абедам бутэльку вiна.
– Разап'ём, Валя. Нешта паганы настрой.
Пiлi. Разгаварылiся. Душы сталi мякчэйшымi, больш адкрытымi.
– Ну а што, Валя, калi прыйдуць немцы, пойдзеш у лес?
– Я ня веру, што яны прыйдуць, а калi прыйдуць - пабачу.
– А ведаеш - што? Я... пайду. Выйдзе, можа, Пеця i яго забяру. Нам, напаўхрысьцiянам, заставацца неяк.
– Ах, ня бойся!
– А я баюся, Валя. Ты ў Сьмiлавiчах ня чуеш гулу, а я тут чую, бачу. Ня так бачу, як чую. Адзiн мост што кажа! Паслухай! Чуеш колы? Iмчацца колы адныя наўздагонку другiм. Кладзiся са мной спаць разам - ложак шырокi. З табою можа я ня буду чуць колаў. Дый не хачу-ж я класьцi цябе там, адкуль цябе калiсьцi паднялi. (Бася мела на ўвазе арышт Валi на ейнай кватэры, калi яна спала ў сумежным з Басiнай спальняй пакойчыку.) Няпрыемна там лажыцца зноў.
Было ўжо запоўнач, а яны ўсё ня клалiся - думалi, напаўп'яныя дуры, што да iх прыйдуць Пецька i Раман. Яны-ж тут, зусiм блiзка. Як за перагародкай. Да таго вычувалася iхная блiзiня!