Рэвізор
Шрифт:
Зьява VI
Ганна Андрэеўна. Дзе-ж яны, дзе-ж яны? Ах, Божа мой! (Адчыняючы дзьверы). Мужу! Антоська! Антоне! (Гаворыць хуценька). А ўсё сама, а ўсё за самой. І пайшла поркацца: «Я шпілечку, я хусьціначку». (Падбягае да вакна й крычыць). Антоне, куды, куды? Што, прыехаў? рэвізор? з вусамі? зь якімі вусамі?
Голас гараднічага. Пасьля, пасьля, матухна.
Ганна Андрэеўна. Пасьля? Вось навіна, пасьля! Я ня хочу пасьля… Мне толькі адно слоўца: што ён, палкоўнік? Га? (Грэбліва). Паехаў! Я табе ўспамяну гэта! А ўсё гэтая: «Мамуленька, пачакайце, зашпілю адзаду хусьцінку; я зараз». Вось табе й зараз! Вось табе й нічога не даведаліся! А ўсё праклятае какятоўства: пачула, што паштмайстар тутака, і давай перад люстрам жамоніцца, і з гэнага боку, і з гэтага боку падыйдзе. Мроіла, што ён за ёй уганяецца, а ён проста самой міну строіць, калі сама адвернешся.
Мар’я Антонаўна. Ды што-ж рабіць, мамуленька? Усё’дна, за дзьве гадзінкі мы ўсё даведаемся.
Ганна Андрэеўна. За дзьве гадзінкі: шчыра дзякую! Вось узычыла адказам! Як ты не здаўмелася сказаць — за месяц яшчэ лепш можна даведацца! (Перавешваецца за вакно). Гэй, Аўдоцьця! Га? Што, Аўдоцьця, чула, тамака прыехаў нехта?.. Ня чула? Дурніла якая! Махае рукамі? Хай махае, а ты-б усё-ткі ў яго распыталася? Не магла гэтага даведацца, у галаве пацяруха, усё кавалеры сядзяць! Га? Хутка паехалі! ды ты-б пабегла за брычкаю! Пайшла, пайшла зараз-жа! Чуеш, бягай, распытайся: куды паехалі, ды распытайся добранька, што за прыежджы, які ён, — чуеш? падцікуй праз шчылінку і даведайся ўсё, і вочы якія: чорныя ці не, і вомірг-жа вяртайся назад, чуеш? Хутчэй, хутчэй, хутчэй, хутчэй! (Крычыць датуль, пакуль ня спушчаецца заслона і не засланяець іх абедзьвюх, стаючы ля вакна).
Дзея другая
Зьява І
Восіп. Ліха матары, есьці гэтак хочацца і ў чэраве трэскат такі, быццам цэлы полк затрубіў у трубы. Вось-жа не даедзем, дый годзе, дадому! І што ты скажаш рабіць? Другі месяц пайшоў, як ужо зь Піцеру! прамантачыў па дарозе грошыкі, галубок, цяперака сядзіць, і хвост пад сябе, і ані кіпіць. А стала-б, і аж надта стала-б на прагоны; дык не, глянь ты, трэба ў кажным горадзе паказаць сябе! (Перадражнявае). «Гэй, Восіп, пайшоў, палядзі пакой, лепшы, ды абед накажы самалепшы: я не магу есьці благога абеду, мне трэба лепшы абед». Балазе каб было, запраўды, што людзкае, а гэта-ж алістрацюжка звычайнюсенькі! Із праежджым знаёміцца, а тады ў карталюшкі — вось табе й дагуляўся! Гэх, абрыдала такое жыцьцё! Праўда-ж, на сяле лепш: яно хоць няма публічнасьці, дык турботнасьці меней! Возьмеш сабе бабу, дый ляжы цэлы век на печы й паядай перапечы. Ну, хто-ж запярэчыць, ведама, калі пойдзе на праўду, дык жыцьцё ў Піцеры балазей за ўсё. Былі-б адно грошы, а жыцьцё тонкае й палітыцкае: кіятры, сабакі табе танцуюць, і ўсё, што хочаш. Размаўляе ўсё на тонкай далікатнасьці, што хіба толькі дваранству саступіць; пойдзеш на Шчукін — купцы табе крычаць: «Шаноўны!» На перавозе ў човен із чыноўнікам сядзеш; кумпаніі захацеў — пайшоў у крамку: там табе кавалер раскажа пра лягеры й абвесьціць, што кажная зорка значыць на небе, гэтак во, як на далані ўсё бачыш чалавек. Старая афіцэрыха прыблукаецца; пакаёвачка часамі зазірне такая… фу, фу, фу! (Усьміхаецца й трасе галавою). Галянтарэйнае, на яго ліха, абыходжаньне! Недалікатнага слоўца ніколі не пачуеш: кажнюсенькі гаворыць «вы». Нуда табе йсьці — бярэш чалавек рамізьніка й сядзіш сабе, як пан, а ня хочаш заплаціць яму — калі ласка: у кажным доме вароты навылёт, і ты гэтак сьлізганеш, што цябе аніякі чорт ня знойдзе. Адно дрэнь: часам слаўна наясіся, а іншым разам — адно што ня лусьнеш ад голаду, як цяперака, прыкладам. А ўсё ён вінаваты. Што зь ім рабіць? Татуля прышлюць грошы, што каб іх прытрымаць — і кудэю! Пайшоў баляваць: езьдзіць на рамізьніку, штодня ты даставай у кіятры бялет, а там, за тыдзень, глянь — і пасылае на барахолку прадаць новы храк. Іншым разам усё да апошняе сарочкі спусьціць, так што на ім усяго застанецца сурдуцінка ды шынялінка, дальбог, праўда! І сукно такое важнецкае, англейскае! Рубельчыкаў з паўтараста яму адзін храк стане, а на рынку спусьціць рублёў за дваццатку; а пра порткі й гаворкі няма — ні за сабаку йдуць. А чаму? — таму, што работкі ня пільнуецца. Заміж, каб на службу, а ён ідзе прахаджацца прышпэктам, у карталюшкі рэжа. Гэх, каб даведаўся гэта стары пан! Ён не палядзеў-бы на тое, што ты чыноўнік, а, загаліўшы кашулінку, такіх-бы засыпаў табе, што дні з чытыры-б ты папачухаўся. Якся служыць, дык служы. Во цяперака гаспадар сказаў, што ня дам вам есьці, пакуль не заплаціце за наетае; ну а якся не заплацім? (Уздыхаючы). Ах, Божа ты мой, хоць бы якое капусты! Здэцца, так-бы цяперака цэлы сьвет ізьеў. Стукае, мабыць, гэта ён ідзець. (Хуценька зрываецца з ложка).
Зьява ІІ
Хлестакоў. Маеш, прыймі гэта. (Аддае шапку й кіёк.) А, зноў качаўся на ложку?
Восіп. Ды навошта-ж мне качацца? Ня бачыў я хіба ложка, ці што?
Хлестакоў. Хлусіш, качаўся; бачыш, усё склычана.
Восіп. Ды навошта мне ён? Хіба я ня ведаю, што гэта за ложак? У мяне ногі ёсьцека; я й пастаю. Навошта мне саміх ложак?
Хлестакоў (ходзіць па пакоі). Глянь там, у капшуку, тытуну няма?
Восіп. Ды дзе-ж ён будзе, тытун? Самі папазаўчора апошняе скурылі.
Хлестакоў (ходзіць і па-рознаму сьціскае свае вусны; нарэшце гаворыць голасна й станоўка). Слухай, гэй, Восіп!
Восіп. Чаго ласка?
Хлестакоў (голасна, ды ня так станоўка). Ты пайшоў туды.
Восіп. Куды?
Хлестакоў (зусім нестаноўка й ня голасна, вельмі блізка да просьбы). Наніз у буфэт… Тамака скажы… каб мне далі паабеду.
Восіп. Ды не, я й хадзіць ня хочу.
Хлестакоў. Як ты важышся, дурню?
Восіп. Ды так, усёдна, хоць і пайду, анічога з гэтага ня будзе. Гаспадар сказаў, што больш ня дасьць абеду.
Хлестакоў. Як ён паважыцца ня даць? Во йшчэ дурніна!
Восіп. Яшчэ кажа: і да гараднічага пайду; трэйці тыдзень пан грошай ня плаціць. Вы, пыні, з панам, кажа, зладзюгі, і пан твой — чмут. Мы, пыні, кажа, гэткіх прайдзісьветаў і падлюгаў бачылі.
Хлестакоў. А ты ўжо і рады, скаціна, зараз-жа пераказваць мне ўсё гэта.
Восіп. Кажа: «Гэтак кажны прыедзе, абжывецца, запазычыцца, пасьля й вытурыць нельга». Я, кажа, «жартаў строіць ня буду, я проста з жальбаю, каб на зьежджую, ды ў турму».
Хлестакоў. Ну, ну, дурніла, годзе! Пайшоў, пайшоў, скажы яму! Такая грубіянская жывёліна!
Восіп. Ды лепш я самога гаспадара да саміх паклічу.
Хлестакоў. Навошта-ж гаспадара? Ты схадзі сам скажы.
Восіп. Ды праўда-ж, спадару…
Хлестакоў. Ну, пайшоў, ліха з табой! пакліч гаспадара.
Зьява ІІІ
Хлестакоў. Страшэнна як хочацца есьці! Гэтак крышку прайшоўся! думаў, ці ня сыйдзець апэтыт — не, на яго ліха, ня сыходзіць! Але-ж, каб у Пензе я не пагуляў, стала-б грошай даехаць дадому. Пяхотны капітан ёмка падчапіў мяне: штосы на дзіва, гадава пара, зразае. Усяго якую з чвэрць гадзінкі пасядзеў — і ўсё аблатошыў. А пры ўсім тым, страх хацелася-б зь ім яшчэ раз зрэзацца. Нагоды толькі не прывядзе. Які паганы гарадзец! У крамах анічога не даюць напавер. Гэта ўжо проста подласьць. (Высьвіствае спачатку з «Рабэрта», тады: «Ня шый ты мне, матухна», а нарэшце ні тое, ні сёе.) Ніхто ня хоча йсьці.
Зьява IV
Служка. Гаспадар загадалі спытацца, чаго саміх ласка.
Хлестакоў. Здароў, братка! Ну, што, ты здаровы?
Служка. Дзякуй Богу!
Хлестакоў. Ну што, як у вас у гасьціньніцы? ці добра ўсё йдзе?
Служка. Але-ж, дзякуй Богу, усё добра.
Хлестакоў. Шмат праежджых?
Служка. Але-ж, даволі.