Роднае карэнне
Шрифт:
Зірнуў Архіп на хату, бачыць — падлога каля печы расступаецца, і выходзіць, падымаецца труна аграмадная з пакрывамі чорнымі. То падымаецца, то схаваецца; то падымаецца, то схаваецца…
Валасы дыбам y Архіпа становяцца. Хоча ён падняць галаву, пабачыць лепей труну страшную — цяжка, галава не падымаецца. Хацеў рукою крыж на сябе палажыць — рука, быццам палка, не шавеліцца. Крычаць-гукаць, «ратуйце» зваць памкнуўся ён — ані каліва голасу няма, як і не было яго ні разу, толькі дух цяжкі ў рот набіраецца, паветра смярдзючае ўвакруг усюдых.
Добра спіць Архіп, дзіўна спіць Архіп.
A на дварэ малання бліснула вялікая, вострая, жудасная, загрымеў гром, па ўсім небе вялікі грукат-грымот пайшоў, y самыя далёкія канцы глуха і дробна пакаціўся, пасыпаўся і раптам: трах-тара-рах-рах… трэснуў стукнуў пярун.
Ірвануўся Архіп з усіх сіл сваіх, з усіх жыл сваіх, і праз страшны сон з лаўкі на зямлю паляцеў, больна аб мост урэзаўся.
Прачнуўся Архіп: смоллю пахне, гарыць нешта, бацька з печы саскочыў, крык падняў.
— Сыночак, Архіп! Бяры падушку: пярун, знаць, ударыў, гарым…
Аглухлы падняўся студэнт сярод гулу вялікага. Добра яшчэ — не ў хату, a ў сенцы полымя адразу свіснула. Высадзіў Архіп бацьку ў акно і сам скочыў, a полымя ўжо ў вокны з сянец так і лезе-рвецца, адразу ўсе вуглы абхапіла, во ўжо і ў хату кінулася…
— Баў-баў-баў…— зазваніў вартаўнік y званіцы.
— Тата, татуля, табе не пашкодзіла? — Архіп y бацькі запытаўся.
— Не, дзякуй богу, анісколечкі. Толькі звон y вушах, аглушыла троху. Ну, ці трэба ж ткі гэта! A божухна, авохці, a вой-я…
— Татка, куды ж ты?
— А? Гэта я дзівуюся, як шугае, пойдзем, ідзі, a то матка ўбачыць, спужаецца, ці жывы хоць мы пазаставаліся.
— Пажар! Пажар! Ратуйце! — крычаў ужо нехта на сяле. Заварушыліся людзі, збягаюцца.
— Дзе, хто гарыць?
— Новая хата ў Лінкевічаў.
— Ці там?
— Няго ж — не, вун, ай-ай…
— Падзівуйся, во шугаець, і помачы не дасі.
— Якая там помач: пярун чорта забіў.
— A маўчы ж ты, ай сказіўся? Проці ночы…
— Добра, што воддаль двароў пабудавалі: на сяло не перакінецца.
— A не, няхай бог крыець.
Немалыя клубкі дыму чорна-сівага выбіваліся праз страху новую саламяную, чырвоныя язычкі полымя з хцівасцю і прагавітасцю рупліва лізалі бярвенне, кідаліся ўбок і наводзілі сваёй маўклівай і незразумелай руплівасцю-рухавасцю думку аб вечным і безадказным, думку: адкуля ўсё і што яно?
Сцены траскаталі і абвальваліся патроху. Бура прайшла. Дзікі віхор змяніўся ціхенькім прыяйным ветрыкам. Зашамацеў па лісці дожджык. Далёка за панскім лесам бліскала заціхаючая малання.
— Ну, скажы ты! Бог ведае, к чаму й што? I гэта здарэнне: пярун ударыў, людзі жывы асталіся, a хата згарэла. Мабыць, і стары Лінкевіч не будзе надта клапаціцца па ёй: згары лепей яна, чымся цярпець y ёй гэткае страхаццё. Злыдні ў ёй былі-ткі.
— Ай, не гавары ты, кум; можа, тое праўда, a можа, батрак набрахаў, што яго з печы скінуў нехта. Хвароба яго ведаіць.
— A сам Нупрэй Лінкевіч? Ён жа сам казаў, што заснець на зэдліку, a прачхнецца пад зэдлікам.
— A мала што бываіць. Зэдлік вузкі, нізкі, вось і зваліўся стары.
— Ну, браце, тут не так… Пачуў бы ён.
— Што? Ці ж я не казаў? Як вільчылі гэту хату, дык ішоў нейкі старац. Ну, ладна; майстрам давалі гарэлку — трэба, калі па-гаспадарску, і старцу б даць, пачаставаць. Не далі. Пэўне, і падчараваў. У яго вочы такія чырвоныя, чараўніцкія, кроўю паналіваліся. Я так і падумаў, што ён вядзьмак, што не падаруе.
— A дось табе, дзед, лухту пароць. Падчараваў, падчараваў… Яшчэ што выдумай.
— Думай як сабе хочаш, дзіцятка, a я добра ведаю, што яно так.
— Дык жа вот, гадоў дваццаць назад, як асінавым калом прабівалі, не тут будзь казана, што выходзіў з мaгілы кроў ссаць, нябожчыка, дык гэта…
— Не гавары… Ноч цяпер, бура, гай-магільнік недалёчка, дось… не гожа, не варта. Як слова, не ведаеш?
— Пойдзем, браткі, спаць.
VI
Ужо з паўмесяца пражыў Архіп y двары сваім, y роднай старой хаце бацькаўскай.
Грошы-страхоўку выдалі за хату, што згарэла, але каб лес купляць, і не гаварылі пакуль што: задумалі сяляне на хутары выйсці.
Людзей прадпрыімных, рухавых і здольных душыла жыццё абчэственскае. Ані паляпшэнне якое ў полі зрабіць, ані лепшага сорту жыта пасеяць, ані дабрэйшую жывёлу прыдбаць. Трэба было б з аборкаў ваду спусціць y парыні: сяляне рупныя згодзіліся, a гультаі і тыя, што на сваёй зямельцы не жывуць, a пастухамі, батракамі, леснікамі ў паноў ды жыдоў жывуць, упнуліся, не далі праз свае шнуры канаў капаць. Што ты з імі, мала ўчонымі, рабіць будзеш? «Возьмем уругу ў пана, братцы, — казалі добрыя гаспадары, — жывёла на парыні, як на бубачках, як на таку, ходзіць, што яна з'есць там, якую трасцу?..» — «A на якое ліха мне твая ўруга, калі ў мяне адна карова? Дзень як-небудзь і на парыні прашлындаіць без пашы твае, a к вечару жонка мех травы з панскага лесу прынясе ды накорміць, і ўсё тут», — разбіваюць увесь саглас вузкашнуровыя, адходжыя ды рохлі-гультаевічы. A за кожную драбніцу брэшуцца, за шкоду няўмысную і незаметную лаюцца, як агалцелыя.
Эх, бяднота, бяднота, бяднота!
Да чаго ж ты даводзіш чалавека! I жалка, горка, і крыўдна…
З лепшых людзей робіць цар голад звяроў, сумлення не маючых.
Пачалі сяляне варушыцца, аб хутарах зюкаць.
Архіп нічога пра тое з сялянамі не гаварыў, баяўся: пачнуць апосля дапякаць бацьку: «A-a, твой сын падбіў на хутары, панам зрабіўся, па-панску жыць захацеў; будзе доктарам, накалупае грошай і скупіць хутары гаспадароў бедных, заняпаўшых, будзе маёнтшчыкам, жывадзёрам».
Як агню, баяўся такіх гутарак Архіп і жыў y бацькоў ціха, смірна, y гаворкі вялікія не лезучы.
Радавалася сэрца старога бацькі яго, як пойдуць на сенакос яны: хлапец-работнік Восіп, сын і сам стары Нупрэй.
Сала возьмуць, бліноў матка напячэ, вады ў біклажцы набяруць, выйдуць утрох на дзесяціну ў Дуброўках, y паноў дзе сенакос купілі.
Восіп уперадзе, a студэнт ззаду, не паддаецца, гонар мае. Толькі й чутно: ўжык-ўжык-ўжык…
Скіне студэнт і брыль з галавы, і расшпіліцца, і распяражацца, хоча плячо ў плячо з работнікам харошым ісці.