Роздумы
Шрифт:
29. Гэтак, як ты маеш замер, адыходзячы адсюль, ... гэтулькі ты маеш сілы жыць тут. Але, калі людзі не ствараюць гэтае магчымасьці, дык разьвітайся з жыцьцём, але як чалавек, які ня бачыць у гэтым ніякага зла. Хата поўная дыму і я выходжу зь яе. Ці-ж уважаеш ты гэта за асаблівую адвагу? Але пакуль нічога ня выганяе мяне, дык я застаюся вольным, і ніхто не перашкаджае мне рабіць тое, што я жадаю рабіць. І я выбраў рабіць тое, што астаецца ў сузгоднасьці з натураю разумнае грамадзкае істоты.
30. Розум Цэлага патрабуе супольнасьці. Таму, меней дасканалыя істоты ён стварыў дзеля болей дасканалых, а болей дасканалых прыстасаваў адзін да аднаго. Ты бачыш, якое ён усюды ўстанавіў падпарадкаваньне і сузалежнасьць, кажнаму даў у залежнасьці ад ягонае вартасьці і прывёў найболей дасканалыя істоты да аднадумнасьці.
31. Якую ты паставу займаў да сёньняшняга дня адносна багоў, бацькоў, братоў, дзяцей, настаўнікаў, узгадаваўцаў, сяброў, сваякоў, хатніх? Ці можаш ты сказаць сам сабе: Да гэтага часу нікога не пакраўдзіў ні словам, ні чынам?
Успомні, колькі такту ты праявіў і колькі меў мужнасьці сьцярпець, і што гісторыя твайго жыцьця дасягае ўжо да канца, і служэньне тваё канчаецца. Успомні, колькі бачыў ты прыгожага, і колькі рэчаў, якія прынята называць ганаровымі, ты адкінуў з пагардаю; і колькі разоў паказаў сябе справядлівым адносна несправядлівых.
32. Як могуць людзі без адукацыі і невукі парушаць супакой чалавека адукаванага і ведаючага?Каго трэба назваць адукаваным і ведаючым? Таго, хто ведае пачатак і канец, і розум, які пранікае ўсё існуючае, і які праз усенькія часы кіруе ўсімі пэрыядамі сусьвету.
33. Яшчэ крыху - і ты косьці або парахня; застанецца адно імя або і яго ня будзе. Імя-ж - гэта парожны гук і бяздушнае рэха. І рэчы, якія шмат цэняцца ў жыцьці, пустымі стануцца, гнілымі і падобнымі да шчанят, што кусаюць адзін аднаго; і да капрызных дзяцей, якія раз сьмяюцца, а іншым разам плачуць. Але вернасьць і пачуцьцё годнасьці, і справядлівасьць, і праўда адыйшлі з прасторнай зямлі на Олімпос.
Што, тады, ёсьць тым, што трымае цябе тут? Калі аб'екты, успрыйманыя пачуцьцямі, зьяўляюцца лёгказьменнымі і ніколі не знаходзяцца ў стане супачынку, і органы ўспрыйманьня зьяўляюцца нячулымі, і атрымліваюць зьіначаны вобраз; і сама бедная душа выдыхаецца з крыві. Згэтуль, мець добрую славу ў васяродзьдзі гэтакага сьвету, ёсьць парожнаю рэчаю. Чаму, тады, не пачакаць табе ў супакоі на свой канец, - будзе ім працяг, ці перасяленьне ў іншы стан? І пакуль гэты час надыйдзе, што-ж будзе дастатковасьцю?
– Паважаць і славіць багоў, чыніць усякую добрую рэч для людзей, праяўляць талеранцыю і паўстрыманьне; што да рэчаў, якія знаходзяцца па-за межамі беднага цела і дыханьня, дык трэба памятаць, што гэта не зьяўляецца тваім, ані знаходзяцца ў тваей моцы.
34. Калі ты можаш выбраць правільны шлях і належным чынам складаць сваё перакананьне і дзейнічаць, дык можаш быць і шчасьлівым. Дзьве гэтыя рэчы зьяўляюцца агульнымі як для душы Бога, гэтак і для душы чалавека, і для душы кажнае разумнае істоты. І нічога ня можа стацца для яе перашкодаю; атрымаць сваё дабро заключаецца ў схільнасьці да справядлівасьці і выконваньні яе, і гэтым абмежаваць сваё імкненьне.
35. Калі гэта не зьяўляецца заганаю ўва мне, ані дзеяньнем заганы і адначасна не спрычыняе шкоды Цэламу, дык ці варта мне з гэтае прычыны непакоіцца? Але што магло-б спрычыніць шкоду Цэламу?
36. Не аддавайся цалкам палёту свае ўявы, але дапамагай іншым, па меры твае магчымасьці і наколькі гэта адпаведным ёсьць для іх; і калі ў іх адчуваецца недахоп у рэчах меншае важнасьці, не ўважай гэта за вялікую шкоду: бо гэта можа ўвайсьці ў звычай. Але, як той стары чалавек, адыходзячы, просіць свайго гадунца, аддаць яму круцёлку, ведаючы, што гэта толькі цацка, - гэтак і ты ў дадзеным выпадку, калі ты прамаўляеш з трыбуны! Ці ведаеш ты, чалавеча, пра што ты гаворыш?
– Так; пра рэчы, да якіх усе людзі імкнуцца.
– Няўжо-ж, на гэтай падставе, і ты хочаш стацца глупцом?
37. Усюды, дзе я жыву, я магу быць шчасьлівым. Шчасьлівы той, хто падрыхтаваў сабе добрую долю. Добрая доля - гэта добрыя схільнасьці душы, добрыя імкненьні, добрыя справы.
Кніга шостая
1. Існасьць Цэлага падатлівая і паслухмяная. Розум-жа, які кіруе ёю, не хавае ў сабе ніякае прычыны, якая магла-б падахвоціць яго рабіць зло. Бо-ж у ім няма зла, ён нічога дрэннага ня робіць, і нішто не дазнае ад яго шкоды. Але ўсё ўзьнікае і адбываецца, дзякуючы яму.
2. Няхай для цябе будзе абыякава, ці ты церпіш, выконваючы свой абавязак, ад холаду ці сьпякоты; ці хіліць цябе да сну, ці ты ўжо выспаўся; дрэнна аб табе выражаюцца, ці добра; зьбіраешся ты паміраць, ці рабіць што-небудзь іншае. Бо сьмерць ёсьць адна з нашых жыцьцёвых задачаў, і для яе вырашэньня дастаткова сумленнага выкананьня бягучых справаў.
3. Не здавальняйся павярхоўным паглядам. Ад цябе не павінна ўцячы ні сваеасаблівасьць кажнае рэчы, ані яе каштоўнасьць.
4. Усе прадметы падлягаюць хуткаму зьіначаньню: ім трэба будзе або выпарыцца, калі сутнасьць усяго адзіная, або разьвеяцца.
5. Кіруючы розум ведае самога сябе, і зь якім матэрыялам мае дачыненьне.
6. Лепшы спосаб абараніцца ад крыўды - гэта не ўпадабняцца крыўдзіцелю.
7. У адным шукай радасьць і супакой: у тым, пайменна, каб ад аднае агульналюдзкае справы пераходзіць да другое, памятаючы пра Бога.
8. Кіруючы пачатак сам сябе прымушае і накіроўвае. Ён робіць сябе такім, якім жадае, і ад яго залежыць, рабіць так, каб усё здавалася яму такім, якім ён сам жадае.
9. У сузгоднасьці з натураю сусьвету кажная паасобная рэч знаходзіць сваё месца; напэўна не стаецца гэта ў сузгоднасьці зь іншаю натураю, што прыводзіць да завяршэньня, ці будзе гэта натура, якая агортвае яе звонку, або натура, якая тоіцца ў васяродзьдзі гэтае натуры, або адасобленая.
10. Сусьвет не зьяўляецца ані зьмяшаньнем, сьпляценьнем ці разьвейваньнем; або ёсьць ён зьяднаньне, парадак і прадбачаньне. Калі першае гэтым зьяўляецца, дык чаму я маю аставацца ў васяродзьдзі гэтакага прыпадкавага сьпляценьня і гэтакае зьбянтэжанасьці і адсутнасьці парадку? І чаму я маю клапаціцца адносна якое-небудзь рэчы, а не пра тое, што я, у вапошнім падсумаваньні, стануся зямлёю? І чаму я маю турбавацца пра тое, што мае складовыя элямэнты будуць расьцярушаныя, незалежна ад таго, што я раблю. Але, калі другое дапушчэньне ёсьць трапным, дык я напаўняюся пачуцьцём глыбокае пашаны, мужнасьці і давера да таго, хто кіруе.
11. Калі абставіны змусяць вывесьці цябе з духовае раўнавагі, дык пастарайся хутка засяродзіцца ў самым сабе і не адходзіць звыш неабхаднасьці ад празьмерных рухаў свае душы. Бо, чым часьцей будзеш ты вяртацца да гармоніі, тым болей і болей будзеш замацоўвацца ў ёй.
12. Калі-б у цябе былі адначасова і мачыха, і родная маці, дык, ведама, ты-ж адносіўся-б да першае з пашанаю, але цябе, аднак, заўсёды цягнула-б да маці. Гэтакімі для цябе зьяўляюцца двор і філязофія. Дык заўсёды вяртайся да філязофіі і шукай у ёй супакою; дзякуючы ёй, і жыцьцё пры двары ня будзе для цябе цяжкім, і сам ты ня будзеш цяжарам для іншых.