Роздумы
Шрифт:
24. Дзіцячыя спрэчкі і іхныя гульні, і бедныя духі, што носяцца зь мертвымі целамі, і гэтакаю ёсьць кажная рэч; і гэта ёсьць тая сьмерць, адслоненая ў выяўленьні лепшых дамоў, якая гэтак яскрава ўдырвае нас сваім спазорам.
25. Засяродзься ў досьледзе якасьці хвормы дадзенага аб'екту і тады выдзелі яе зусім з матэрыяльнае часткі; і тады затрымайся над гэтым; а пасьля абазнач час, які, у найлепшым выпадку, можа ў гэтай дзіўнай хворме створаны аб'ект праіснаваць пры наяўнасьці натуральнах сваіх свомасьцях.
26. Ты вельмі шмат нацярпеўся з тае прычыны, што не здавальняўся найвышэйшым пачаткам, калі ён чыніць рэчы, каторыя вызначаюцца натураю. Але хопіць пра гэта.
27. Калі якія-небудзь людзі ганьбяць цябе або ненавідзяць, ці дрэнна выражаюцца пра цябе, дык падыйдзі ўпрыток да іхнае душы, пранікні ўнутро і паглядзі, што яны выяўляюць сабою. І ты зразумееш, што табе няма чаго непакоіцца адносна таго, як думаюць гэтыя людзі пра цябе. Але адносіцца да іх трэба з дабразычлівасьцю. Бо паводля натуры яны зьяўляюцца тваімі сябрамі. Адылі і багі ўсялякімі спосабамі падтрымліваюць іх праз сны, знакамі рознымі, праз асягненьне тых рэчыў, пра якія яны думаюць.
28. Пэрыядычныя рухі сусьвету зьяўляюцца тымі самымі, уверх і ўніз, ад веку да веку. І калі думка Цэлага імкнецца да кажнае зьявы асобна, і калі рэч гэтак маецца, дык астанься здаволеным вынікамі яе дзейнасьці; або калі яе рух быў аднаразовым, і кажная іншая рэч сьледуе ў сілу пасьлядоўнасьці і гэтакім-жа спосабам; або атамы зьяўляюцца першапачаткавымі элямэнтамі ўсіх рэчаў. Інакш кажучы, калі ёсьць Бог, усё добра; калі-ж здарэньне кіруе, дык няхай-жа яно ня кіруе табою.
Яшчэ крыху і зямля накрые ўсіх нас; пасьля гэтага і зямля зьіначыцца, гэтаксама і рэчы, паўсталыя ў выніку зьіначаньня, і яны будуць далей зьіначвацца бясконца, а гэтыя зноў заўсёды. Бо, калі чалавек падумае пра зьмены і зьіначаньні, якія паступаюць па сабе, быццам тыя хвалі адна за аднэю са сваею хуткасьцю, ці не пачне ён пагарджаць усё сьмяротнае?
29. Сутнасьць Цэлага падобна да імклівае плыні: яна ўсё нясе з сабою. Наколькі без значэньня астаюцца ўсе тыя бедныя людзі, якія займаюцца справамі палітычнымі, і, як гэта можна думаць, гуляюць у філёзафаў! Смаркачы ўсе. Так, чалавеча: рабі тае, што ў дадзеную хвіліну вымагае натура. Імкніся да мэты, наколькі сілы дазваляюць табе, і не азірайся на стораны, ці ведае хто-небудзь пра гэта; і не спадзявайся Плятонавае Політэі, але будзь здаволеным з таго, што добра ўдаюцца малыя рэчы, і ўважай падобнае асягненьне не за малую рэч. Бо хто можа зьіначыць людзкую апінію? І што-ж можна атрымаць бяз гэтакага зьіначаньня, апрача паняволеньня людзей, іхных стогнаў і змусіць іх прыкідвацца быць паслухмянымі? І можаш цяперака расказваць пра Александар, Філіппоса, Дэмэтрыёса Фаляронскага. Яны самыя павінны ўзважваць, ці яны выкрылі што агульная натура вымагала ад іх, і ці яны ўзгадавалі самых сябе. Але, калі яны дзейнічалі толькі як героі ў трагэдыі, дык ніхто ня змусіць мяне ісьці іхным сьледам. Простаю і скромнаю зьяўляецца праца філязофіі. Ня зманьвай мяне на шлях гордасьці.
30. Паўзірайся з узьверху на бязьлікія гурты людзей, на безьліч рэлігійных абрадаў, і бясконцую разнавіднасьць вадаплаваў, што плывуць у розныя кірункі гэтак у часе бурнага надвор'я, як і ў пару зацішша, на вялікую розьніцу тых, што нарадзіліся, каторыя жывуць разам і паміраюць. І падумай, гэтаксама, пра жыцьцё тых, што жылі ў старажытных часох, і пра жыцьцё тых, што будуць пасьля цябе, і пра сучаснае жыцьцё барбарскіх народаў, і пра тое, якая аграмадная маса людзей ня ведае нават твайго імя, і колькі з тых, што ведаюць, але хутка забудуць, і пра тое, як тыя, што, магчыма, хваляць цябе сягоньня, хутка будуць зьнеслаўляць цябе, і што пасьлясьмяротны ўспамін ня мае ніякае вартасьці, ані слава, ані што-небудзь іншае.
31. Няхай наступіць асвабаджэньне ад страху перад закалотамі з увагі на рэчы, якія прыйшлі да быцьця, дзякуючы вонкавым прычынам; і няхай запануе справядлівасьць у дзеяньнях, выкліканых мужнасьцю ўнутранае прычыны, гэта значыць - няхай пачнецца імкненьне і дзейнасьць, маючая на мэце грамадзкае ўпарадкаваньне, бо гэта знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю.
32. Ты можаш адсунуць набок з твае дарогі шматлікія і няпрыдатныя рэчы з пасярод тых, якія непакояць цябе, як чын, які залежыць ад твайго спосабу думаньня. І ты здабудзеш для самога сябе шырокую прастору дарогаю агарненьня думкаю цэлага сусьвету, і шляхам агарненьня вечнасьці часу, і спасьцеражэньня хуткага зьіначаньня ўсіх паасобных рэчаў; і тое, як кароткім ёсьць час паміж народзінамі і расьцярушаньнем, і бязьмежнасьць часу перад народзінамі гэтаксама як і аднолькавая бязьмежнасьць часу пасьля расьцярушаньня.
33. Усё, што ты бачыш, неўзабаве разбурыцца, і тыя, што былі сьведкамі гэтага разбураньня, вельмі хутка гэтаксама і самыя разбурацца. І той, хто памірае ў вельмі пажылым веку, знойдзецца ў тых самых абставінах, як і той, хто памер перадчасна.
34. Якімі зьяўляюцца кіруючыя прынцыпы людзей, і якімі зьяўляюцца справы, адносна якіх яны праяўляюць гэтулькі стараньняў, і з прычыны чаго яны ахвочымі зьяўляюцца ў выражэньні любові і гонару? Уяві сабе, што ты бачыш іхныя бедныя і голыя душы. Калі яны думаюць, што сваім папрокам спрычыняюць некаму шкоду або дабро сваею пахвалаю, што яны маюць на ўвазе?
35. Страта чаго-небудзь зьяўляецца нічым іншым, як зьіначаньнем. Але сусьветная натура захопліваецца зьіначаньнем, і ў паслухмянасьці да яе ўсіх рэчаў чыніць цяперака вельмі добрае завяршэньне, і ў падобны спосаб паступае яна ад пачатку вечнасьці, і будзе гэтак паступаць аж да канца часу. І што ты скажаш на гэта? Што ўсе рэчы былі дрэннымі, і, што пры наяўнасьці гэтулькі багоў не знайшлося даволі моцы, каб займець паправу на лепшае ў гэтых рэчах; але ці сьвет засуджаны, каб знайсьціся ў прысутнасьці сталага зла?
36. Спарахненьне матэрыі - аснова кажнае рэчы. Вада, пыл, косьці, адпады, або зноў - мармуравыя скалы, аграмаднасьць зямлі; золата і серабро, і розныя асадкі; рызьзё і валосьсе, і поўсьць зьвераў, і пурпур - кроў; і кажная іншая рэч падпадае пад гэты самы род. І тое, што адзначаецца дыханьнем - само жыцьцё - і яно зьяўляецца рэчаю таго самага роду: зьіначаньне з аднае хвормы ў іншую.
37. Хопіць гэтага нешчасьлівага жыцьця, нараканьняў і малпаваньня. Што непакоіць цябе? Што новага ў гэтым? Што цябе выводзіць з раўнавагі? Ці ёсьць гэтым хворма рэчы? Паўзірайся на яе. Ёсьць-жа гэта матэрыя? Глядзі на яе. Бачыш, апрача гэтага, нічога ў ёй няма іншага. Але пастарайся, нарэшце, усуаднесьціся да багоў з большаю прастатою і ляпей.
Усяроўна, ці дасьледуем мы гэтыя рэчы сто разоў, ці тры гады.
38. Калі нехта памыліўся, дык і зло згэтуль выпадзе яму на шкоду. Але, магчыма, ён і не памыліўся?
39. Або ўсе рэчы выводзяцца з інтэлігэнтнага пачатку і прыходзяць да супольнасьці як да аднаго цела, і частка не павінна знайсьці памылкі ў тым, што ўчынена на карысьць Цэлага; або, у іншым выпадку, існуюць атамы і болей нічога, як сузграмаджаньне іх і разыходжаньне. Чаму, тады, маеш ты турбавацца? Скажы Найвышэшаму пачатку: Зьяўляешся ты памершым, або сапсутым, або забаўляешся крывадушнасьцю, або зьяўляешся ты зьверам, тады месца тваё ў гурце на пашы?
40. Або багі маюць сілу, або яны ня маюць сілы. Калі яны ня маюць сілы, тады, чаму ты молішся да іх? Але, калі яны маюць сілу, чаму ты ня молішся да іх, каб яны далі табе здольнасьць не баяцца ніякіх рэчаў, якіх ты баішся, або не жадаеш ніякіх рэчаў, якія ты жадаеш, або ня быць пакраўджаным ніякаю рэчаю, чымся маліцца, каб гэтыя рэчы не здарыліся або, каб здарыліся? Бо калі яны могуць супрацоўнічаць (выслухаць) зь людзьмі, дык яны могуць супрацоўнічаць, маючы на ўвазе пэўныя мэты. Але, магчыма, ты скажаш, што багі аддалі іх пад тваю ўладу. Тады, ці не ляпей ужываць тое, што ёсьць у тваей моцы, як свабодны чалавек, чымся жадаць, як нявольнік або жабрак тое, што не знаходзіцца ў тваей моцы? І хто казаў табе, што багі не памагаюць нам нават у рэчах, якія знаходзяцца ў нашай моцы? Пачні, тады, маліцца адносна гэтых рэчаў і ты ўбачыш. Вось чалавек, каторы моліцца гэтак: Як я магу знайсьці прыхільнасьць гэтае жанчыны? А ты маліся: Як я магу не жадаць знайсьці прыхільнасьць яе? А іншы гэтак моліцца: Як я магу быць вольным ад гэтага? А яшчэ іншы: Як я магу не жадаць, каб быць вольным? А іншы гэтак: Як я магу ня згубіць майго малога сына? А ты гэтак: Як я магу не баяцца згубіць яго? Наагул, маліся гэткім спосабам, і паўзірайся, што з гэтага выйдзе.