Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ручнік з пеўнямі

Булгакаў Міхаіл

Шрифт:

— Камфары.

Тут Ганна Мікалаеўна схілілася да майго вуха і шапнула:

— Навошта, доктар? Не мучце. Навошта яшчэ калоць? Зараз сканае… Не выратуеце.

Я злосна і строга азірнуўся на яе і сказаў:

— Папрашу камфары…

Ганна Мікалаеўна з зачырванелым, пакрыўджаным тварам зараз жа кінулася да століка і зламала ампулу.

Фельчар таксама, відаць, не ўхвальваў камфары. Тым не менш ён спрытна і скоранька ўзяўся за шпрыц, і жоўтая аліва пайшла пад скуру пляча.

«Памірай, памірай хутчэй, — падумаў я, — памірай. А то што ж я буду рабіць з табою?»

— Зараз памрэ, — як бы ўгадаўшы маю думку, шапнуў фельчар. Ён пакасіўся на прасціну, але, відаць, раздумаў: шкада было крывавіць прасціну. Аднак праз некалькі секунд ёю прыйшлося прыкрыць. Яна ляжала, як труп, але яна не памерла. У галаве маёй раптам стала светла, як пад шкляною столлю нашага далёкага анатамічнага тэатра.

— Камфары яшчэ, — хрыпла сказаў я.

І зноў пакорліва фельчар упырснуў аліву.

«Няўжо ж не памрэ?.. — з адчаем падумаў я. — Няўжо давядзецца…»

Усё святлела ў галаве, і раптам без усялякіх падручнікаў, без парад, без дапамогі я зразумеў — упэўненасць, што зразумеў, была жалезная, — што зараз мне давядзецца першы раз у жыцці на непрытомным рабіць ампутацыю. І чалавек гэты памрэ пад нажом. Ах, пад нажом памрэ! У яе ж няма крыві! За дзесяць вёрст выцекла ўсё цераз раструшчаныя ногі, і невядома нават, ці адчувае яна што-небудзь цяпер, ці чуе. Яна маўчыць. Ах, чаму яна не памірае? Што скажа мне звар'яцелы бацька?

— Рыхтуйце ампутацыю, — сказаў я фельчару чужым голасам.

Акушэрка паглядзела на мяне дзіка, але ў фельчара мільганула іскра спачування ў вачах, і ён забегаў каля інструментаў. Пад рукамі ў яго зароў прымус…

Прайшла чвэртка гадзіны. З богабаязным жахам я ўзіраўся ў патухлае вока, прыпадымаючы халоднае павека. Нічога не разумею. Як можа жыць чалавек, што стаў, па сутнасці, трупам? Кроплі поту бесперастанку беглі ў мяне па лбе з-пад белага каўпака, і марляю Пелагея Іванаўна выцірала іх. У астатках крыві ў жылах у дзяўчыны цяпер плаваў і кафеін. Трэба было яго ўпырскваць ці не? На сцёгнах Ганна Мікалаеўна ледзьве чутным дакрананнем гладзіла выпукліны, што паўздымаліся ад фізіялагічнага раствору. А дзяўчына жыла.

Я ўзяў нож, стараючыся быць падобным (раз у жыцці ва ўніверсітэце я бачыў ампутацыю) да некага… Я ўмольваў цяпер лёс, каб у бліжэйшыя паўгадзіны яна не памерла. «Няхай памрэ ў палаце, калі я скончу аперацыю…»

За мяне працаваў толькі мой здаровы сэнс, падагнаны незвычайнасцю абставін. Я наўкруга і са спрытам, як спрактыкаваны мяснік, ваструсенькім нажом краянуў сцягно, і скура разышлася, не даўшы ні адной расінкі крыві. «Сасуды пачнуць крывавіцца, што я буду рабіць?» — думаў я і, як воўк, касавурыўся на кучу тарзіённых пінцэтаў. Я зрэзаў вялізны кусок мяса і адзін з сасудаў — ён быў падобны на белаватую трубачку, — але ні адной кроплі крыві не выступіла з яго. Я заціснуў яго тарзіённым пінцэтам і пайшоў далей. Я панатыкаў гэтых тарзіённых пінцэтаў усюды, дзе меліся быць сасуды… «Arteria… Arteria… як, чорт, яе завуць?..» У аперацыйнай стала падобна на клініку. Тарзіённыя пінцэты віселі гронкамі. Іх марляй адцягнулі ўгору разам з мясам, і я пачаў драбназубаю, ярка-блішчастаю пілою пілаваць круглую косць. «Чаму не памірае?.. Проста дзіва… ох, які жывучы чалавек!»

І косць адпала. У руках у Дзям'яна Лукіча асталося тое, што было дзявочаю нагою. Акраўкі мяса, косці! Усё гэта адкінулі ўбок, і на стале аказалася дзяўчына як бы ўкарочаная ў тры разы, з адтатурчанай убок куксаю. «Яшчэ, яшчэ трошкі… не памірай, — акрылена думаў я, — пацярпі да палаты, дай мне выскачыць шчасліва з гэтага жахлівага выпадку майго жыцця».

Потым вязалі лігатурамі, потым, пстрыкаючы коленам, я пачаў рэдкім швом зашываць скуру… але спыніўся, шчасліва скеміўшы… пакінуў месца для сцёку… уставіў марлевы тампон… Пот засцілаў мне вочы, і мне здавалася, што я ў лазні…

Аддыхаўся. Цяжка паглядзеў на куксу, на васковы твар. Папытаўся:

— Жывая?

— Жывая, — як маўклівае рэха, адгукнуліся адразу і фельчар, і Ганна Мікалаеўна.

— Яшчэ хвілінку пражыве, — аднымі губамі, без гуку ў вуха сказаў мне фельчар. Потым запнуўся і далікатна параіў: — Другой нагі можна і не чапаць, доктар. Марляю, ведаеце, заматаем… а то не дацягне да палаты… А? Усё ж лепш, калі не ў аперацыйнай сканае.

— Гіпс давайце, — сіпла адгукнуўся я, падштурхнуты невядомаю сілаю.

Уся падлога была заляпана белымі плямамі, усе мы абліваліся потам. Напаўмёртвае цела ляжала нерухома. Правая нага была забінтавана гіпсам, і ззяла на галёнцы пакінутае мною «акно» на месцы пералому.

— Жыве… — здзіўлена хрыпнуў фельчар.

Потым яе пачалі падымаць, і пад прасціною быў відзён страшэнны правал — трэцюю частку яе цела мы пакінулі ў аперацыйнай.

Потым калыхаліся цені ў калідоры, шмыгалі сядзелкі, і я бачыў, як па сцяне пракралася растрапаная мужчынская постаць і суха застагнала. Але яго вывелі. І сціхла.

У аперацыйнай я мыў акрываўленыя па локці рукі.

— Вам, доктар, мабыць, прыходзілася рабіць аперацыі? — раптам папыталася Ганна Мікалаеўна. — Вельмі, вельмі добра… Не горш, як у Леапольда…

У яе вуснах слова «Леапольд» заўсёды гучала, як «Дуайен».

Я спадылба зірнуў на твары. І ва ўсіх — і ў Дзям'яна Лукіча, і ў Пелагеі Іванаўны — заўважыў у вачах здзіўленне і паважанне.

— Кхм… я… я толькі два разы рабіў, калі сказаць праўду.

Навошта я зманіў? Цяпер я гэтага не разумею.

У бальніцы стала ціха. Зусім.

— Калі памрэ, абавязкова прышліце па мяне, — напаўголаса загадаў я фельчару, і ён чамусьці замест «добра» адказаў з пашанаю:

— Слухаю-с…

Праз некалькі хвілін я быў каля зялёнае лямпы ў кабінеце доктарскай кватэры. Дом маўчаў.

Бледны твар адлюстроўваўся ў чарнюсенькай шыбе.

«Не, я не падобны на Дзмітрыя Самазванца, і я, калі хочаце, пастарэў неяк… Маршчына над пераноссем… Зараз пастукаюць… скажуць: „Памерла…“»

«Ну але, пайду і пагляджу апошні раз… зараз пастукаюць»…

У дзверы пастукалі. Гэта было праз два з паловаю месяцы. У акне зіхацеў адзін з першых зімовых дзён.

Увайшоў ён, толькі тады я яго разгледзеў. Папраўдзе, рысы твару правільныя. Гадоў сорак пяць. Вочы гараць, пырскаюць іскрамі.

Потым шалясценне… На дзвюх мыліцах ускочыла найдзіўнейшага хараства аднаногае дзяўчо ў шырознай спадніцы з чырвонай аблямоўкаю ў падоле.

Яна паглядзела на мяне, і шчокі яе заліло чырванню.

— У Маскве… у Маскве… — і я пачаў пісаць адрас, — там зробяць пратэз, штучную нагу.

— Руку цалуй, — раптам нечакана сказаў бацька.

Я да таго разгубіўся, што замест губ пацалаваў яе ў нос.

Тады яна, абвісаючы на мыліцах, разгарнула скрутак, і выпаў доўгі снежна-белы ручнік з немудрагеліста вышытымі чырвонымі пеўнямі. Дык вось што яна хавала пад падушку на аглядах. Нездарма ж, я памятаю, ніткі ляжалі на століку.

— Не вазьму, — сярдзіта сказаў я і нават галавою заматаў. Але ў яе стаў такі твар, такія вочы, што я ўзяў…

І доўга ён вісеў у мяне ў спальні ў Мураўёве, потым падарожнічаў са мною. Нарэшце знасіўся, выцерся, падраўся і недзе дзеўся, як сціраюцца і недзе дзяюцца ўспаміны.

Поделиться с друзьями: