ЖАНРЫ

Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч
Шрифт:

У цэнтры ўвагі наведвальнікаў музея знаходзілася сямейная хроніка графаў Тышкевічаў. Стары Піус быў адным з галоўных «экскурсаводаў». Апрануты ў сурдут з байкі зялёнага колеру, у чырвоную камізэльку з кашміру, ён бойка вёў рэй на званых вечарах.

Акрамя Лагойска, роду Тышкевічаў належаў Астрашыцкі Гарадок. У мясцовым палацы таксама былі каштоўныя калекцыі, праўда, тут большая ўвага аддавалася мастацкай галерэі ды бібліятэцы, дзе захоўвалася нямала рарытэтаў. Да Лагойскага графства належаў Красны Бор, у ваколіцах якога Я. Тышкевіч адкрыў і раскапаў цэлае паселішча. Выяўленыя былі ўнікальныя па мастацкім выкананні прадметы з эмаллю, што самі па сабе склалі цэлую калекцыю. Дарэчы, зараз яны знаходзяцца ў Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве. У сталіцу Польшчы яны трапілі 25 кастрычніка 1919 года на пастаянна дзейную выстаўку «Захэнты», а затым іх перадалі ў Дзяржаўны народны музей {9} . Наведванне Краснага Бора для Яўстаха Тышкевіча было прыемным яшчэ і таму, што тут нейкі час жыў вядомы кампазітар і піяніст, педагог Фларыян Міладоўскі (1819–1889), музыкант рэдкага дару, які ствараў санаты, песні, мазуркі, паланезы, накцюрны. У Краснаборскім двары меўся камерны, ці, дакладней, хатні тэатр. На канцэрты не раз прыязджалі самі Тышкевічы і іншыя званыя госці.

Я. Тышкевіч шмат працаваў над разгадкай таямніц помнікаў старажытнасці краю і меў вялікую патрэбу ў кантактах з вучонымі Эўропы. Беларускі археолаг імкнуўся пазнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег, яму хацелася праверыць сябе — ці тым шляхам ён ідзе. І ён наважыўся адправіцца ў паездку па краінах Паўночнай Эўропы. Я. Тышкевіч проста мроіў аб сустрэчы са спецыялістамі, чый навуковы вопыт быў значна большы ў параўнанні з ягоным. Да таго ж думкі беларускага мецэната займала ідэя стварэння паўнацэннага публічнага музея. І ён паехаў туды, дзе нараджаліся новыя навуковыя тэорыі, дзе ўжо працавалі музеі. Тышкевіч едзе ў краіны Скандынавіі. Там, як яму здаецца, старажытная культура бліжэйшая да культуры яго роднай «Русі Літоўскай».

У 1843 годзе Я. Тышкевіч накіроўваецца ў Швецыю праз Рэвель і Пецярбург. Пабываў ён у Хельсінкі, а потым у Стакгольме. Праграма знаходжання за мяжой у яго аказалася вельмі насычанай: працаваў у архівах і бібліятэках, шукаў даўнія крыніцы пісьменнасці, якія б давалі асвятленне старажытнай гісторыі роднага краю, знаёміўся ў музеях з прадметамі археалагічных знаходак. У Стакгольме яму трапіліся рукапісы па гісторыі сярэднявечнай Польшчы і Беларусі. Удалося выявіць творы графікі сваіх зем: лякоў, імёны якіх былі невядомыя. Ён склаў своеасаблівы рэестр знаходак. Малады следапыт навукі не раз сустракаўся з кампетэнтнымі спецыялістамі. Усё ж найбольшае ўражанне на яго зрабілі музеі, дзе цікавіўся ён сістэматызацыяй падачы матэрыялаў у экспазіцыі.

Асабліва пашанцавала Я. Тышкевічу на сустрэчы ў сталіцы Даніі. Спачатку беларускі краязнавец пабываў у музеі мастака А. Торвальдсена, пазнаёміўся з яго творамі. Ён вёў зацікаўленыя гутаркі з дацкімі археолагамі, у прыватнасці з П. Бецкам, які праводзіў даследаванні ў рэчышчы знакамітай «тэорыі трох эпох» Х. Томсена. Больш таго, Я. Тышкевіч пазнаёміўся з прынцыпамі пабудовы экспазіцыі нацыянальнага музея старажытнасцей, зрабіў замалёўкі розных геральдычных знакаў, склаў спісы дакументальных знаходак, а ў музейнай бібліятэцы занатаваў важныя звесткі з рэдкіх кніг розных часоў. Я. Тышкевіч выявіў невядомыя дагэтуль падрабязнасці пра ваенны паход караля Карла XII па Беларусі, дзе фігуравалі знаёмыя геаграфічныя назвы: Горадня, Пінск, Клецак, Нясвіж, Слуцак, Наваградак, Менск, Смілавічы, Крэва, Смаргонь, Суботнікі, Трабы, Гальшаны, Маладэчна, Радашковічы, Ігумен, Бялынічы, Галоўчын, Магілеў, Лясная. Гэта быў выдатны матэрыял для даследчыка гісторыі вайны. Вынікам той паездкі за мяжу стала своеасаблівая «справаздачная» кніга «Лісты пра Швецыю» {10} .

Клопаты аб спадчыне

Паездка па эўрапейскіх краінах вельмі шмат дала Я. Тышкевічу. Ён яшчэ больш захапіўся ідэяй адкрыцця агульнадаступнага музея ў Беларусі — своеасаблівага цэнтра археалагічнай і гістарычнай навукі. Перш за ўсё ён вырашае: у якім горадзе быць такому музею — Вільні ці Менску? Правінцыйны Лагойск ды і іншыя гарады Беларусі тут не канкурэнты.

Пакуль што браты Тышкевічы рупяцца перад саноўным начальствам Пецярбурга за музей у Менску ці Вільні і чакаюць ад яго вырашальнага слова. А каб зрабіць уражанне на Пецярбург і паказаць, што музей ствараецца не на пустым месцы, Яўстах спяшаецца арганізаваць краязнаўчую выстаўку, якую меркаваў адчыніць у доме віленскага сваяка Рафала Тышкевіча. Сюды прасцей запрасіць мясцовую інтэлігенцыю, ды і мецэнатаў тут лягчэй схіліць да дабрачыннай дзейнасці.

Першы крок удаўся. Я. Тышкевіч арандуе «палацык» і ў 1845 годзе перавозіць сюды частку сваёй калекцыі, якая стала пачаткам прыватнага музея. Дакладней, гэта яшчэ і не музей, а невялікая выстаўка, якая стала ў руках энтузіяста сродкам папулярызацыі высакароднай справы. Сапраўды, да гэтага «агменю» культуры і асветы пацягнуліся знаёмыя, сябры, абменьваліся думкамі пра стварэнне навуковага таварыства, выказваліся за адраджэнне ў Вільні ўніверсітэта, зачыненага ў сувязі з вядомымі падзеямі 1830–1831 гадоў. Сябры-аднадумцы не толькі на словах падтрымлівалі калегу, але і ўносілі свой уклад у папаўненне яго антыкварнай калекцыі. Траплялі сюды і экспанаты са скасаваных кляштараў {11} . З усіх гэтых паступленняў паступова фармаваўся музейны фонд. Сам жа Я. Тышкевіч не чакаў гатовых ахвяраванняў і з надыходам вясны выязджаў на археалагічныя раскопкі ў розныя месцы, пераважна Цэнтральнай Беларусі, каб будучы музей стаў сапраўдным асяродкам навукі і культуры.

Трэба прызнаць, што ў Вільні яшчэ музея не было. І тышкевічаўская выстаўка не магла яго замяніць. Ды і адкуль у вучонага магла быць упэўненасць, што ўрадавыя колы дазволяць адкрыць музей якраз у гэтым горадзе. Улічваючы такую няпэўнасць і нават раздвоенасць, знаходкі са сваіх экспедыцый археолаг адпраўляў у дом бацькі — у Лагойск.

Вядома, што ў 1848 годзе маладога графа выбралі куратарам Менскай гімназіі, той самай гімназіі, дзе некалі вучыўся і ён сам, дзе вучыліся браты Бенядзікт і Ўладыслаў Дыбоўскія, вядомыя вучоныя, а таксама кампазітар Станіслаў Манюшка, астраном Міхаіл Грушневіч, антраполаг Феафіл Худзінскі, гісторык Тадэвуш Корзун і іншыя [3] .

3

Ужо ў наш час на будынку былой гімназіі з'явілася мемарыяльная дошка з пералікам імён знакамітых выпускнікоў, у тым ліку і Я. Тышкевіча.

Ды і цяпер у Менску жылі і працавалі цікавыя інтэлігентныя людзі — Ваньковічы, Кабылінскія, Кастравіцкія, аматары-калекцыянеры Люцыян Неслухоўскі і Міхаіл Гаўсман, а таксама тэатрал В. Дунін-Марцінкевіч. Словам, тут квітнела і набірала сілу новае і перспектыўнае на далейшы рост культурнае асяроддзе.

У 1845 годзе, калі Я. Тышкевіч дэманстраваў свае калекцыі ў «палацыку» сваяка Р. Тышкевіча, менскі губернатар А. В. Сямёнаў уключыў дасведчанага лагайчаніна ў склад часовай археаграфічнай камісіі па зборы і публікацыі даўніх актаў і прывілеяў, якія захоўваліся ў розных архівах і кляштарах Цэнтральнай Беларусі і мелі пэўнае навукова-гістарычнае значэнне. У гэтую рабочую групу ўвайшлі людзі, якія не мелі ніякага вопыту ў археаграфіі, далёкія ад навукі, а таму самым спрактыкаваным чалавекам сярод іх аказаўся Я. Тышкевіч.

На першым жа пасяджэнні камісіі, у якой бралі ўдзел Геласій — рэктар Менскай духоўнай семінарыі, Жукоўскі — былы рэктар Архангельскай гімназіі, а таксама чыноўнікі Маладзееў, Гласко, Масальскі, Я. Тышкевіч правёў сярод іх своеасаблівы археаграфічны «лікбез». Пры такой сітуацыі Я. Тышкевіч стаў «як бы галоўным рэдактарам выдання» {12} .

Аднак было б несправядліва выключаць з гэтага «гурту» імя менскага губернатара А. В. Сямёнава, які разумеў каштоўнасць выдання, сам любіў корпацца ў архіве, дзе не раз трапляліся яму цікавыя знаходкі. Пры яго садзейнічанні ажыццяўляўся аналагічны выпуск грамат і актаў у Вільні, калі ён там займаў пасаду губернатара.

Што гэта быў за чалавек, які ішоў на супрацоўніцтва з маладым вучоным Тышкевічам?

Аляксей Васільевіч Сямёнаў вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Калі пачалася вайна 1812 года, стаў апалчэнцам. Так ён звязаў свой лёс з ваеннай службай, але не цураўся і грамадскіх праблем. У маладыя гады востра рэагаваў на сацыяльныя праблемы Расеі і нават хінуўся да дзекабрыстаў. Ішоў час, і Сямёнаў апынуўся ў Беларусі. Відавочна, яго перавялі сюды ў сувязі з царскай акцыяй, скіраванай на расправу з паўстанцамі 1830–1831 гадоў. Тут ён паступова набіраў «апінію» ў вярхоўных улад — у кастрычніку 1840 года стаў цывільным віленскім губернатарам. Горад зрабіў на яго вялікае ўражанне сваёй старажытнай культурай. Губернатару захацелася спазнаць таямніцы гісторыі краю. Ён чытаў рэдкія кнігі, архіўныя манускрыпты і прыйшоў да высновы пра неабходнасць выдання зборнікаў дакументаў. Пад яго эгідай выйшаў у свет двухтомны «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Вільні, Коўна, Трок» (1843). Далучыліся да гэтай справы ўраджэнец Радашковіч выдавец Антон Марціноўскі і памочнік трыбунальнага архіварыуса В. Нарбут. Гэта А. В. Сямёнаў знайшоў у бібліятэцы Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі верш Яна Пашкевіча «Полска квитнет лациною» (1621 год) {13} , які зараз шырока вядомы нашаму літаратуразнаўству. Шмат добрых спраў А. В. Сямёнаў зрабіў і ў Менску пад час свайго новага губернатарства (1844–1850). Ён арганізаваў выданне «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў Менскай губерні» (1848), паспрыяў адкрыццю ў Менску публічнай бібліятэкі, рэформе гарадскога тэатра. Зразумела, што ўсяго гэтага не мог не заўважыць Я. Тышкевіч. Ён вучыўся ў свайго мэтра арганізацыі справы, што яму асабліва прыдалося пры стварэнні Віленскага музея старажытнасцей.

Цікава, што мірскі археаграфічны зборнік па назве і па фармаце быў аналагічным віленскаму. Вось толькі тышкевічаўскі фаліянт саступаў папярэдняму каштоўнасцю саміх дакументаў, змешчаных у ім. Гэта і не дзіва, бо Менск да самай рэвалюцыі ніколі не выконваў вядучай ролі ў культурным жыцці Беларусі, а значыць, тут захоўваліся дакументы тэрытарыяльна не далей Менскай губерні. Нікім не засведчана, каб тут хто-небудзь мэтанакіравана вёў збор рукапісаў. У гэтай справе прыарытэт належаў Вільні.

Шырокая натура Яўстаха Тышкевіча імкнулася да многага: ён вёў археалагічныя раскопкі, запісваў фальклор, збіраў экспанаты для будучага музея, у тым ліку гістарычныя дакументы, старажытныя рукапісы, даследаваў этнаграфію, спрыяў ажыўленню культуры і асветы краю. Спагадлівы да чужога гора, Я. Тышкевіч заступаецца за выпускніка Харкаўскага ўніверсітэта Эмілія Паўлікоўскага, потым за невядомага нам Фелікса Магнушэўскага {14} , магчыма, пляменніка знакамітага аднафамільца — ксяндза, настаўніка Паўлюка Багрыма. Да сярэдзіны XIX стагоддзя Я. Тышкевіч сфармаваўся ў даволі вядомага дзеяча навукі і культуры. Асаблівае значэнне ён надаваў праблеме адкрыцця музея. Шмат дапамагаў яму яго старэйшы брат Канстанцін.

Поделиться с друзьями: