Рускія народныя казкі
Шрифт:
Загадаў цар усім сваім войскам адпачываць. Выкацілі бочкі з віном, пачастункаў панаставілі і давай банкетаваць. Трубы трубяць, барабаны б'юць, музыка іграе, песні пяюць. А як адбанкетавалі, адсвяткавалі, рушыла войска дадому. Усюды іх па дарозе з радасцю сустракаюць, віншуюць-вітаюць...
Многа ці мала мінула часу — убачыў Месяц у яры забітага салдата Сямёна і кажа Ветру ды Сонцу:
— Служыў Сямён верай і праўдай, ды загінуў не ў баі, а ад нечай ліхой рукі. Трэба яго ажывіць, з бяды выбавіць.
Сонца пасылае:
— Ляці, Вецер, за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства, дастань у царыцы-даўганоскі жывой і мёртвай вады.
Расстараўся Вецер жывой і мёртвай вады, вярнуўся.
Папырскалі цела Сямёна мёртваю вадою — загаіліся раны, прырасла галава, як была. Папырскалі жывою вадою— уздыхнуў салдат Сямён, расплюшчыў вочы, на ногі падняўся:
— Бацюхны, ці не праспаў я часам?
Сам навокал азіраецца, шукае меч-кладзянец.
— Век бы ты тут спаў, каб мы цябе не ажывілі,— Сонца, Вецер ды Месяц кажуць.— Позна цяпер. тут цара шукаць: вайна даўно скончылася і ўсё войска з перамогаю ў сталіцу вярнулася. Трэба і табе самому туды спяшацца.
Салдат Сямён Сонцу, Ветру ды Месяцу ўсё пра службу сваю расказаў, за помач падзякаваў і пабег шэрым зайцам. Потым зрабіўся шпарканогім аленем. Бяжыць, спяшаецца — дарога не блізкая.
Якая вялікая зямля наша — канца-краю ёй няма!
Бег-бег аленем, прытаміўся, зрабіўся ясным сокалам. Ляціць над лясамі дрымучымі, над палямі шырокімі, над быстрымі рэкамі, над гарамі высокімі. Пад ім сёлы, гарады раскінуліся, раскошна стаяць.
I вось паказалася сталіца.
Апусціўся ясны сокал паблізу заставы, перакуліўся цераз сябе — зрабіўся добрым малойцам.
А ў горадзе ўсе дамы ўпрыгожаны. З гармат страляюць, у званы звоняць, і народ апрануты па-святочнаму. Усе смяюцца, шумяць, «ура» крычаць.
Пытаецца салдат Сямён у гараджан:
— Што за свята ў вас у горадзе?
Дзівяцца прахожыя:
— Відаць, ты здалёку прыйшоў, калі нічога не ведает! Нядаўна вярнуліся з перамогаю нашы войскі. I вось увесь народ праслаўляе сваіх салдат ды ваяводаў, а больш за ўсіх славіць баярына, які за адны суткі меч-кладзянец з палаца на поле бою цару прынёс. Сёння
прызначана вяселле: жэніцца той баярын з Мар'яй-царэўнай, і клічуць увесь народ у палац на вясельны банкет.
Салдат Сямён папрасіўся ў адной бабулькі на пастой. Адпачнуў крыху, потым памыўся, прыбраўся, узяў гуселькі і пайшоў на вяселле.
На царскім двары сталы панастаўлены. Піцення-ядзення стаіць поўным-поўна. Тыя сталы для ўсіх гараджан.
А на самым высокім ганку за асобным сталом, на вачах ва ўсіх, цар з царыцаю, жаніх з нявестаю ды блізкія баяры сядзяць. Усе на банкеце п'юць, ядуць, весяляцца. Адна нявеста невясёлая.
Народ за крайнім сталом перагаворваецца:
— Не па сваёй волі Мар'я-царэўна за баярына ідзе. Кажуць, сілком аддаюць.
Прымасціўся салдат Сямён каля апошняга стала, выпіў чарку маладога віна і пачаў на гусельках іграць ды жаласна прымаўляць:
— Авохці мне ды перавохці мне! Забылася пра мяне краса дзяўчына-душа. А нядаўна ж яна, краса дзяўчына-душа, Словам ласкавым сустракала, Жаніхом сваім называла. Праз акенца мяне, яснага сокала, выпускала...Мар'я-царэўна страпянулася, як пачула песню. Пачала па баках азірацца і ўбачыла салдата Сямёна.
З месца паднялася, адлучылася на хвілінку з-за стала, вярнулася і кажа:
— Цар-гасудар, не загадвай караць, дай мне слова сказаць!
Цар дазволіў:
— Гавары, мая любая дачушка.
Мар'я-царэўна пакланілася на ўсе чатыры бакі, а цару з царыцаю асобна:
— Ці ведаеш ты, цар-гасудар, што не той мой жаніх, што каля мяне сядзіць, а той мой жаніх, што за крайнім сталом на двары на гусельках іграе?
Тут цар з царыцаю, і жаніх, і баяры, і ўсе госці перапужаліся:
— Што такое? Што з нявестаю сталася?
А Мар'я-царэўна кажа:
— Пакажы, салдат Сямён, як ты мог хутка збегаць па царскі меч-кладзянец.
Выйшаў Сямён з-за стала, стукнуўся вобземлю — шэрым зайцам пабег. Зрабіў круг па двары і ўскочыў на высокі ганак.
Мар'я-царэўна вузлік развязала, дастала заечай поўсці жмуток:
— Паглядзіце, бацюхна з матухнай, і вы ўсе, госці шаноўныя, адкуль у мяне заечая поўсць.
Прыклала жмуток поўсці да таго месца, дзе выстрыгла, і ўсе бачаць: так і было. Перакуліўся Сямён цераз галаву — зрабіўся добрым малойцам і зноў стукнуўся вобземлю — стаў аленем.
Дастала царэўна жмуток аленевай поўсці, і ўсе бачаць: тая самая ёсць.
Потым Сямён зрабіўся ясным сокалам. Прыклала царэўна сакалінае пяро: яно як тут і было. Салдат Сямён Мар'я-царэўна расказалі цару з царыцаю ды гасцям усю праўду, а баярын стаіць ні жывы ні мёртвы.
Цар загадаў баярына ў турму пасадзіць, а салдата Сямёна з Мар’яй-царэўнай павянчалі, і стаў салдат Сямён галоўным ваяводам у тым царстве.
У адным краі жыў-быў цар, халасты — не жанаты. Быў у яго па службе стралок, якога звалі Андрэй.
Пайшоў аднойчы Андрэй-стралок на паляванне. Хадзіў, хадзіў цэлы дзень па лесе — не пашанцавала, не мог на дзічыну натрапіць. Тым часам вечарэць пачало; ідзе ён дадому засмучаны. Аж бачыць — сядзіць на дрэве галубка.
«Давай, — думае, — стрэльну хоць гэтую».
Стрэльнуў і параніў яе — звалілася галубка з дрэва на сырую зямлю. Падняў яе Андрэй, хацеў адкруціць ёй галаву, пакласці ў торбу.
А галубка кажа яму чалавечым голасам:
— Не губі мяне, Андрэй-стралок! Вазьмі мяне жывую, прынясі дадому, пасадзі на акенца. Ды глядзі: як нападзе на мяне дрымота, адразу ж бі мяне правай рукой наводмаш — здабудзеш сабе вялікае шчасце.
Здзівіўся Андрэй-стралок: што такое? З выгляду звычайная птушка, а гаворыць чалавечым голасам. Прынёс ён галубку дадому, пасадзіў на акенца, а сам стаіць, чакае.