ЖАНРЫ

Рыбалка ў Бычках (на белорусском языке)
Шрифт:

– Яшчэ адно пудзiла...

Макар паглядзеў на экран, вывучаючы - адкуль узялiся валасы на потнай лабацiне, а зразумеўшы, што тыпус начасаў iх аднекуль з-за левага вуха, перанёс цэнтар цела на левую кумпячыну й голасна выдыхнуў:

– Охо-хо-о...

Гэтым самым ён хацеў разгаварыць швагра, але той маўчаў.

– Слухай, а дзе зараз... той хлопец?
– вырвалася неўзабаве з Макаравай грудзiны.

– Якi?

– Ну той, што быў на вясельлi...

Гострыя лапаткi здрыганулiся, ссунулiся блiжэй адна да адной.

– Яго забiлi. У восемдзесят першым годзе.

"Як забiлi? Дзе! У Аўгане? Па п'янцы?" - замiтусiлiся ў галаве адрывiстыя думкi, Макар удыхнуў паветра, каб спытаць - дзе забiлi кудлатага хлопца?
– але не спытаў, прыкусiў вусны i засяроджана правёў рукой па няголенай шчацэ. Кароткае iмгненьне ён сядзеў нерухома, потым нейкая сiла падхапiла Макара на ногi, ён падышоў да тэлевiзара, схапiўся за шнур i выдзер штэпсэль з разэткi.

II

Тупаючы ўздоўж старога, спавiтага густой бярозкай штыкетнiку, яны зазiрнулi ў агарод i там, на бульбянiшчы, убачылi цётку Тацяну. Задзёршы прыпол спаднiцы, цётка хадзiла па барознах, зьбiраючы ў слоiк "каляраду".

– Цi-оць!
– крыкнуў Макар пераселым голасам i адкашляўся.

Цётка абцягнула спаднiцу, зiрнула з-пад рукi i моўчкi кiўнула ў бок хаты. Маўляў, заходзь, гаспадар дома.

Госьцi рушылi да весьнiц, а цётка, убачыўшы, што Макар прыехаў не адзiн, кiнула слоiк i зашамацела голымi лыткамi па бульбоўнiку. Выбег насустрач i дзядзька Трахiм. Трымаючы ў рукох "Народную газэту", дзядзька з маладым iмпэтам скочыў з ганку i Макар, убачыўшы гэта, незадаволена перасмыкнуў плячыма. Калi ён прыяжджаў адзiн, дзядзька з цёткай яго так не сустракалi.

Хвiлiн пяць госьцi таўклiся на кухнi, зьелi па гурку, выпiлi па шклянцы сырадою i калi дзядзька Трахiм, якому карцела пагаманiць з разумным чалавекам, прыпалiў папяросу i разам з дымам выдыхнуў: "Ну, як там Пазьняк?" - Макар выйшаў з хаты i палез на гарышча даставаць вудзiльны.

Час быў пасляабедзены. Сонца ўжо не палiла так, як ад ранiцы, але ўсё адно было горача i карова Зьвяздоха, вытыркнуўшы зь дзьвярэй хлява вялiзную, зь белай плямай на лобе галаву, засоплена аддзiмалася. Тут жа, на парозе хлява, сядзеў дзядзькавы кот Барыс. Кудлаты "сiбiрак" варушыў канцом хваста й зацята - удосыць напiўшыся сырадою - аблiзваўся.

Карова наставiла на Макара млявыя вочы, разважаючы - хто гэта стаiць пасярод двара?
– стоена адрыгнула й блiскучая нiтка сьлiны злучыла шурпаты каровiн язык з разважлiва-рухавым хвастом ката Барыса. Барыс пацягнуўся, зь недаверам зiрнуў на вудзiльна, - Макар якраз налыгваў на лёску новы плавок, i рушыў у халадок, пад куст парэчак.

"Добра ў вёсцы" - падумаў тады Макар i, уражаны такiм адкрыцьцём, удыхнуў на поўныя грудзi салодкае, настоенае на паху прывялай травы i сырадою, паветра.

... Ён пасьпеў накапаць чарвякоў ля плоту, перш чым пачуў незадаволены дзядзькавы голас:

– Ну, дзе ты?

Воклiч такi сьведчыў пра адно: што на стале ўжо стаялi чыгунок парнай бульбы й мiска з маласольнымi гуркамi, што ў печы ўжо страляла тлушчам яешня са шкваркамi, а цётка Тацяна ўжо выцерла ручнiком i паставiла на стол пляшку гарэлкi.

Так яно i сталася, адно што на стале не было чыгунка. Бульбу з нагоды прыезду iнтэлiгентнага госьця рассыпалi па талерках.

Ну, а якая на сёньня асноўная задача, - запытаўся дзядзька Трахiм, калi Макар увайшоў у хату.

– Галоўнае - звалiць Кебiча, - азваўся iнтэлiгентны госьць, пацiраючы потную лысiну.

– Звалiм. У нас у Бычках яго нiхто ня любiць, - выдыхнуў дзядзька, падхапiў пляшку i акрыялым голасам дадаў: - Усё будзе добра.

– Глядзiце, каб горай не было, - уставiла слова цётка Тацяна, дастаўшы з печы патэльню зь яешняй.

Дзядзька скалупнуў з пляшкi накрыўку, з гiранiчнай усьмешкай перасмыкнуў галавою. Пляшка цюкнула па краi кiлiшка, iнтэлiгентны госьць спалохана працягнуў руку, дэманструючы, што ён ня п'е, але гаспадар з такой суворасьцю паглядзеў на госьця, што той сумеўся i вiнавата ўздыхнуў.

– Такой цёмнай бабы, як мая жонка - няма ва ўсiм Азярышчанскiм раёне, пажартаваў дзядзька Трахiм, падымаючы чарку.

Кульнуўшы па першай, дружна захрумсьцелi маласольнымi гуркамi.

– I ўсё ж... дарма Шушку скiнулi... Тут я Пазьняка не разумею, - няўцямна, з набiтым ротам, прагугнеў дзядзька Трахiм i цяпер ужо iнтэлiгенту выпала гiранiчна пасьмiхнуцца.

– Згоднiцтва Станiслава Станiслававiча мяжуе з цынiзмам, - мовiў госьць, а Макар, хапануўшы ротам гарачую бульбiну, яшчэ больш няўцямна, чым дзядзька, прагугнеў: - Вось за гэта i вып'ем!

Да Гатаўскага возера, калi iсьцi нацянькi - ня болей трох кiлямэтраў. Але лезьцi па кустох, ды яшчэ ўзяўшы чарку, было не з рукi, таму яны пайшлi бальшаком, у спадзеўцы падсесьцi на спадарожную машыну.

Хаця й выпiлi, можна сказаць, па кроплi - на траiх адну пляшку, але швагру й гэтага хапiла: яго матляла ўбокi, акуляры два разы падалi з глюгастага носу i швагер шторазу лавiў iх няўклюднымi рукамi.

"Рупiцца Кебiча скiдаць, а сам ад чаркi валiцца", - падумаў Макар, пачухаўшы вудзiльнам за левым вухам. I яшчэ падумаў, што дарма ня выцягнуў гэтага ёлупня на белы сьвет раней - гадоў дзесяць таму, а падумаўшы так, спахмурнеў i прысьпешыў хаду.

Дзесяць гадоў таму - гэткiм жа сьпякотным лiпеньскiм днём, да iх на будоўлю прыехала чорная "Волга". Начальства i раней завiтвала на аб'ект. Будавалi новую школу й паўшчуваць небараку-прараба прыяжджалi нават абласныя "бугры". Але гэтым разам, зiрнуўшы з вакна трэцяга паверха на блiскучы, падобны да вялiзнага жука, легкавiк, Макар мiжволi сьцепануўся i ў галаве ягонай мiльганула пякельная думка: "За мной!"

Прадчуваньне не падманула. Хтосьцi з рабочых гукнуў ягонае iмя й Макар рушыў на нягнуткiх нагах долу, лiхаманкава згадваючы - колькi машын з рошчынай i цэглай не даехалi апошнiм часам да будоўлi.

Ля бэтонамяшалкi яго пераняў камсамольскага выгляду маладзён у шэрым гарнiтуры. Маладзён прыязна пасьмiхнуўся, пацiснуў руку i прапанаваў зайсьцi ў бытоўку.

– Хачу, Макар Iванавiч, задаць вам пару пытаньняў, - ласкава прасьпяваў маладзён i ў Макара Iванавiча ўраз зазьвiнела ўвушшу.

Роспыты й сапраўды былi нядоўгiмi. Маладзён запытаўся - цi часта ён сустракаецца са шваграм, цi даваў яму швагра якую-небудзь шкодную лiтаратуру i цi прапаноўваў зьезьдзiць у Зэльву, да нейкай паэткi, прозьвiшча якой Макар не дачуўся.

Поделиться с друзьями: