Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Рытуал Масгрэйваў

Дойль Артур Конан

Шрифт:

Але падняць такі камень дваім, асабліва калі адна з іх жанчына, было надта цяжка. Нават нам з дужым сасэкскім палісменам было нялёгка. Што яны зрабілі, каб палегчыць справу? Тое, відаць, што зрабіў бы і я. Я падняў і ўважліва разгледзеў некалькі паленаў, раскіданых па падлозе, і хутка ўбачыў тое, што чакаў. Адно з іх, даўжынёй каля трох футаў, мела на канцы вельмі выразныя расколіны, іншыя ж былі прыціснутыя з бакоў, быццам іх сплюшчылі чымсьці надзвычай важкім. Цягнучы пліту, дварэцкі з пакаёўкай, відавочна, падсоўвалі дровы ў шчыліну, пакуль урэшце адтуліна не зрабілася такой шырокай, што ў яе мог пралезці чалавек. Яны падперлі пліту пастаўленым вертыкальна паленам — пра гэта выразна сведчаць расколіны на ніжнім яго канцы, на які прыпала ўся вага пліты. Пакуль мае дапушчэнні былі цалкам верагоднымі.

Але як я мусіў разважаць далей, каб узнавіць драматычныя падзеі той ночы? У адтуліну, бясспрэчна, мог залезці толькі адзін чалавек, і гэта быў Брантан. Дзяўчына чакала вонкі. Брантан адамкнуў замок, імаверна, перадаў ёй змесціва куфра (а іначай куды знік скарб?), і тады... І што ж здарылася тады?

Калі яна ўбачыла, што мужчына, які яе пакрыўдзіў — магчыма, нават мацней, чым мы думалі, — цяпер у яе руках, агонь помсты, што дагэтуль тлеў у палкай кельцкай душы, раптам разгарэўся. Ці выпадкова павалілася палена і пліта замуравала Брантана ў каморцы, што зрабілася яго труной? Ці вінаватая яна толькі ў тым, што прамаўчала пра гэтае здарэнне? Ці гэта ўдар яе рукі выбіў падпорку, каб пліта легла на сваё месца? Як бы там ні было, я амаль бачыў фігуру гэтай жанчыны, што прыціснула да сябе скарб і ашалела бегла па прыступках, а ў яе вушах гучалі прыглушаныя крыкі і шалёныя ўдары па каменнай пліце, пад якой задыхаўся яе няверны каханы.

Вось у чым хаваўся сакрэт яе бледнага твару, расстроеных нерваў і выбухаў істэрычнага смеху наступным ранкам. Але што было ў куфры? Што яна зрабіла са змесцівам? Безумоўна, гэта былі тыя самыя кавалкі старога металу і аскепкі галькі, якія мой кліент выцягнуў са стаўка. Яна пры першай жа магчымасці выкінула іх у ваду, каб схаваць апошні след свайго злачынства.

Наступныя дваццаць хвілінаў я нерухома сядзеў, абдумваючы справу. Бледны Масгрэйв стаяў побач, разгойдваючы ліхтар і пазіраючы ў адтуліну.

— Гэта манеты Карла І, — сказаў ён, падаючы мне знойдзеныя рэшткі скарбу. — Бачыце, мы не памыліліся з датай узнікнення нашага рытуалу.

— Мы знойдзем яшчэ штосьці з часоў Карла І, — усклікнуў я, раптам здагадаўшыся пра магчымае значэнне першых двух пытанняў рытуалу. — Дайце мне зірнуць на змесціва вылаўленага ў стаўку мяшка.

 Мы падняліся ў кабінет, і Масгрэйв паклаў аскепкі перада мной. Калі я зірнуў на гэты амаль счарнелы метал і бясколерныя бляклыя камяні, я зразумеў, чаму ён палічыў іх смеццем. Калі я працёр адзін з каменьчыкаў рукавом, ён заззяў на маёй далоні, як іскра. Кавалкі металу мелі выгляд падвойнага кола, але яно пагнулася і страціла першапачатковую форму.

— Вы мусіце помніць, — сказаў я, — што партыя караля ўладарыла ў Англіі нават пасля яго смерці. Перад тым як збегчы, яны, відаць, схавалі тут многія свае каштоўнасці, плануючы вярнуцца ў мірны час.

— Мой продак, сэр Ральф Масгрэйв, быў выбітным раялістам і правай рукой Карла Другога ў яго вандроўках, — сказаў мой сябар.

— Вось як! — адказаў я. — Што ж, гэта патрэбнае нам апошняе звяно. Віншую вас! Вы атрымалі, праўда, пры досыць трагічных абставінах, рэліквію, каштоўную як з матэрыяльнага, так і гістарычнага гледзішча.

— Што гэта такое? — ад здзіўлення ён сцяў дыханне.

— Не што іншае, як старажытная карона ангельскіх каралёў!

— Карона?

— Менавіта. Успомніце словы рытуалу: “Чыё гэта было? — Таго, хто сышоў”. Ён з’явіўся пасля пакарання Карла смерцю. Далей: “Чыё гэта будзе? — Таго, хто прыйдзе”. Маецца на ўвазе Карл ІІ, чыё вяртанне ўжо прадбачылі. Думаю, тут не можа быць сумневаў: гэтая пагнутая і бясформенная дыядэма калісьці вянчала галовы ўладных Сцюартаў.

— Але як яна трапіла ў ваду?

— О, так хутка на гэтае пытанне не адкажаш.

З гэтымі словамі я выклаў яму ўвесь пераказаны вам толькі што ланцуг маіх здагадак і доказаў. Калі я скончыў аповед, ужо сцямнела, і ў нябёсах ярка заззяў месяц.

— Але чаму Карл не атрымаў карону, калі вярнуўся? — спытаў Масгрэйв, кладучы рэліквію у палатняны мяшок.

— О, тут вы трапляеце ў самую кропку і задаяце пытанне, на якое мы, відаць, ніколі не атрымаем адказу. Магчыма, за часамі выгнання памёр той Масгрэйв, які захоўваў таямніцу, і праз нейкую памылку перадаў спадчынніку дакумент, не патлумачыўшы яго значэння. Дакумент перадаваўся ад бацькі да сына да нашых дзён, пакуль урэшце не трапіў на вочы чалавеку, што разгадаў яго загадку і страціў праз гэта жыццё.

Вось і ўся гісторыя рытуалу Масгрэйваў, Ўотсан. Карона дагэтуль захоўваецца ў Харлстане, хаця давялося прыкласці шмат намаганняў і заплаціць шмат грошай, каб ім дазволілі яе пакінуць. Я ўпэўнены, што калі вы згадаеце маё імя, вам ахвотна яе пакажуць. Пра жанчыну мы больш нічога не чулі — мабыць, яна пакінула Англію, забраўшы ў заморскія краіны і памяць пра сваё злачынства.

Поделиться с друзьями: