Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сіндбад вяртаецца

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

— Адкуль раптам? — утаропіўся ў сябра Акліль.

— А адтуль. Пакуль ты будзеш сядзець на маім месцы са шчоткамі, я ўжо дабяруся да таго, што ляжыць у сутарэнні! Можа, там што схаваў Арудж, можа, французы, калі адсюль драпалі, але чуе мой нос — там скарб, і, бажуся, ён стане нашым… Ці свеціць твой ліхтарык?

Заўважыўшы на твары сябра незадаволенасць, Хуары велікадушна дадаў:

— Спачатку я там усё пранюхаю, а потым возьмемся разам.

— Я ведаю, дзе ў порце можна набраць старых стэарынавых плошак. — Акліль пачынаў верыць, што хутка ў іх будуць салодкія дзянькі.— А калі там раптам з'явіцца здань раіса Аруджа, то зрабі вось так. — Акліль пераплёў крыжыкам пальцы на правай руцэ. — Гэтак робяць, праўда, ірум'ены, але, кажуць, усім памагае бараніцца ад розных злыдняў, зданяў і нават ад Чорнага шэйха — галоўнага шайтана.

— Я і не такое магу, — адмахнуўся Хуары. — Навошта мне крыжык ірум'енаў? У мяне бабуля ведае такія чароўныя знакі, што нават ад кулі абараняе. А ад зданяў — тфу! Зразумеў? Ты правільна зрабіў, што да мяне прыстаў. Нюх ёсць. Хутка будзеш, як шэйх, бажуся!

Вось так здарылася, што шляхі Акліля і вясёлага русавалосага студэнта Мінскага політэхнічнага інстытута сышліся. Але да таго адбылося некалькі даволі важных падзей.

Першая — Юрыю Добышу прапанавалі папрацаваць месяцы два ў пустыні Сахары механікам у атрадзе бурыльшчыкаў, якія рабілі артэзіянскія свідравіны, даставалі ваду. Вядома, Добыш з радасцю згадзіўся, і яму загадалі неадкладна прыехаць у горад, каб атрымаць новае назначэнне і сустрэцца з таварышам, замест якога давядзецца працаваць у атрадзе.

Другая… Ну, гэта ўжо быў проста працяг той, так сказаць, кашы, якую заварыў Хуары.

Але па парадку.

8. У СУТАРЭННІ ТУРЭЦКАЙ КРЭПАСЦІ

Здарылася так, што Акліль і без Хуары ўбачыў месца, дзе ў сутарэнні знаходзіўся тайнік. Хуары падаўся ў горад за прыпасамі, а сябру загадаў рыхтаваць стэарынавыя каганцы — плавіць на сонцы старыя плошкі і зліваць стэарын у высокія бляшанкі з-пад піва. Завіхаючыся ля бляшанак, ён раптам пачуў мужчынскія галасы і спачатку падумаў, што гэта нехта прыйшоў да казапаса. Але вытыркнуўшы галаву з-за вежы, хлопец анямеў: мужчыны былі маладыя і незнаёмыя. Няўжо зноў тыя, што былі ў грузавіку, у кабіне якога Акліль пабываў? Але не, здаецца. Тым не менш ён падаўся ад вежы далей і зашыўся ў кусты. Мужчыны таксама некага баяліся, бо зыркалі па баках, як шакалы, і наогул паводзілі сябе вельмі асцярожна. Адзін з іх, з выгляду старэйшы, гаварыў так, быццам увесь час аддаваў загады. Ён заўважыў рэшткі вогнішча і ціха вылаяўся.

— Тут што, жыве хто-небудзь? — спытаў ён незадаволена.

— Казапас, відаць, бывае.

— Казапас — не бяда, ён стары і дрэнна бачыць. Ды і наогул так настрахаўся за вайну, што загаворвацца пачаў. Ніхто яго не слухае, і ён размаўляе толькі з козамі. Прыходзіць сюды будзем, толькі як добра сцямнее. Сам алах падказаў нам гэтае месца, а то на віле становіцца небяспечна. Да віл кожны дурань зараз прыглядаецца. А тут і да вострава рукой падаць.

— Але мне не падабаецца стары.

— Аіт-Хаммуш? Нічога, ён спавіты па руках і нагах, будзь упэўнены. Што загадаем, тое і зробіць. Сам слова даў. І наогул ты яшчэ не зразумеў, што значыць трапіць у нашу кампанію. Гэта мацней, чым некалі быў тайны савет янычараў.

Чыркнула запалка, і Акліль высунуў крыху галаву, каб пабачыць, што гэтыя мужчыны хочуць рабіць з агнём.

— Толькі акурак не кідай.

— Зразумеў,— адгукнуўся малодшы. — Хоць тут ніхто акуркаў падымаць не будзе. Хіба толькі хлапчукі.

— Якія яшчэ хлапчукі?

— Ды бачыў аднойчы тут двух валацужак. Відаць, казапас іх падкормлівае.

— З імі трэба канчаць, — рашуча сказаў старэйшы.

— Гэта проста. Пакладзём ля вежы пару шашак толу — і к алаху.

— Яшчэ што, — не згадзіўся старэйшы. — Адразу паліцыя прыскочыць.

— Ат, цяпер столькі ўзрываецца ўсялякага, што на выбух у нейкіх там руінах ніхто і ўвагі не зверне. Хлапчукі колькі чаго ўзрываюць — то гранаты, то снарады. А вось да Аіт-Хаммуша сталі наведвацца савецкія, гэта куды горш. Асабліва малады. Я заўважыў, двойчы на тыдні прыязджаў.

— Тут яго чапаць нельга… А вось у горадзе… Знайдзі магчымасць прычапіцца да яго. Ён жа малады, відаць, на танцы ходзіць, на нашых дзяўчат паглядае.

— Зразумеў. А што гэты Аіт-Хаммуш, няўжо ён сапраўды ў вайну дапамагаў чырвоным? Няўжо ён за іх?

— У яго прафесія такая — перапраўляць сёе-тое з аднаго берага мора на другі. А тыя добра яму плацілі. Але ён зусім апусціў вушы, калі яго сына забілі. Тут нашы яму і дапамаглі.

— А чаго да яго прыязджаюць савецкія?

— Адзін — доктар. Аіт-Хаммуша з таго свету, лічы, выцягнуў, аперацыю яму зрабіў. А малады — не ведаю хто. Можа, рыбу ловіць тут. Але ты загад зразумеў?

— Зробім. Камар носа не падсуне.

— Добра, ціха, здаецца. Пойдзем.

Незнаёмыя мужчыны хоць і напалохалі Акліля, але не мог ён вытрываць, каб не прасачыць за імі.

…Следам за мужчынамі Акліль папоўз да сутарэнняў. Ён не адразу адважыўся спусціцца ўніз, прыслухоўваўся — дзе незнаёмцы. Нешта цяжкае яны там перацягвалі, у глыбіні сутарэння.

— Свяці! — пачулася адтуль, і штосьці моцна грукнула.

Як хацелася Аклілю падабрацца бліжэй! Але ён разумеў, што, калі яго заўважаць, справа абыдзецца не таўхалямі ды пагрозамі. Хлопчык нават па тых словах, якія пачуў, здагадваўся, што гэтыя людзі страшней за нейкую там здань старажытнага марскога бандзюгі. Гэта, хутчэй за ўсё, аасаўцы. Акліль адпоўз ад увахода ў сутарэнне. І добра зрабіў, бо праз мінуту галава старэйшага з аасаўцаў паказалася на паверхні. Мужчыны вылезлі і абтрэслі адзін з аднаго пыл.

— Міну б сюды паставіць, — прамовіў малодшы.

— Навошта лішнія турботы? — не пагадзіўся старэйшы. — Мініраваць табе і так будзе што. А тут яшчэ каза пасунецца. Заявяцца жанчыны, скажуць паліцыі. Вось вежу трэба было б падсмаліць, ці што, а то яшчэ і сюды дабяруцца турысты. Як на старажытныя могілкі ў Шэршэлі. А такая добрая была схованка для склада! З мерцвякамі спакайней за ўсё, як казалі некалі піраты.

Мужчыны асцярожна пабрылі да шашы. Відаць, недзе там у іх стаяла машына.

Акліля ўсяго калаціла. Можа, каторы з гэтых мужчын сядзеў у той машыне, з якой стралялі ў яго сястру? Можа, каторы з іх і забіў? Трэба ж нешта рабіць! Але перш за ўсё ён паглядзіць, што іх вабіць у тое сутарэнне. Няўжо сапраўды знайшлі скарбы Аруджа і цяпер прыкідваюць, калі зручней пераправіць іх за мора? Гаварылі ж яны пра таго старога лодачніка на востраве. Як жа яго імя?

Яшчэ крыху паслухаўшы руіны, Акліль узяў ліхтарык і рашуча накіраваўся да ўвахода ў сутарэнне. На ўсялякі выпадак ён сплёў указальны і сярэдні пальцы на левай руцэ. Потым, падумаўшы, узяў ліхтарык у левую руку, а пальцы сплёў на правай. Бо ліха ж іх ведае, як там робяць тыя ірум'ены, каб чараванне дзейнічала. Ён жа ніколі не бачыў, толькі чуў пра гэта.

Але нічога Акліль не знайшоў. Ліхтарык хутка «сеў», і давялося выпаўзаць назад ледзь не вобмацкам.

Падыходзячы да вежы, ён узрадаваўся як ніколі: вярнуўся Хуары!

9. ЗНОЎ ПРА СУТАРЭННЕ І СХАВАНЫЯ СКАРБЫ

Пачуўшы расказ Акліля, Хуары плюнуў. Потым моўчкі ўзяў запацелую бутэльку з вадой, якую Акліль на дзень апускаў на дроце ў закінуты калодзеж. Доўга піў.

— Нават шакалы не такія баязліўцы, як ты, — сказаў ён. — Не змог падкрасціся і паглядзець! Можа, яны не тое месца ўнюхалі, якое ведаю я. Эх, каб я…

Поделиться с друзьями: