Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сіндбад вяртаецца

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

— Чаго ты цягнешся за мной, год чумы? Прыліп, бы ягня да маткі.

— Не хапала! — Акліль павярнуўся да таварыша спіной, каб той не заўважыў яго раптоўных слёз ад нечаканай абразы. — Ідзі, ідзі, ніхто да цябе не прыліпае.

— І пайду, — рэзка кінуў Хуары, але дрыжачы голас таварыша прымусіў яго сцішыць хаду. — Мне трэба аднаму.

— Цябе сапраўды бяруць у магазін? — спытаў Акліль, выцершы слёзы.

Хуары моўчкі пайшоў па лесвіцы ў бок плошчы Пакутнікаў. Крыху счакаўшы, Акліль асцярожна рушыў следам. Было цікава зірнуць, што гэта за магазін, куды бяруць Хуары. Каля духанаў і кавярняў Акліль стараўся стрымліваць дыханне. Пах свежага хлеба і кавы з малаком усё роўна лез у ноздры і муціў у галаве. З-за гэтага ён разы два ледзь не згубіў Хуары.

Акліль заўважыў яго каля мячэці Кечава. Той сеў на мармуровую прыступку, якую адглянцавалі мільёны ног і азадкаў тых, хто прыходзіў сюды некалькі стагоддзяў жабраваць. Твар у Хуары стаў нейкі чужы, перакрыўлены, правая рука, голая па локаць, выцягнута, пальцы сутаргава зводзіліся ў жменю. Танюткая рука ў шырачэзным рукаве мужчынскай курткі. Дэрвішы, прафесійныя бадзягі і жабракі, некалі стараліся тут перакрычаць адзін аднаго:

— У імя алаха, вялікага і міласэрнага, падайце свайму брату няўдаламу на пражытак, і вам тое залічыцца…

Хуары працягваў руку моўчкі. Сядзеў, сцяўшыся, бы ваўчаня. «Чакай, пададуць табе гэткаму», — помсліва, але з нейкім смуткам падумаў Акліль і павярнуў за рог дома. Ён ішоў на гул рынку Лір. Нягледзячы на непагадзь, людзі ўсё роўна цягнуліся сюды кожны са сваім клопатам. На рынку старцаваць было горш, чым ля мячэці. Там кожны стараўся паказаць сябе больш добрым, чым быў у жыцці. Затое на рынку можна было паднесці кошык якой-небудзь заклапочанай кабеце. Раней да яе звярталіся па-французску: мадам, зараз — лалла ці для хуткасці больш скарочана — лла. А потым смела працягнуць руку за аплатай, якую зарабіў. І не трэба нікому гаварыць «брат» толькі за тое, што ён кінуў табе мядзяк. О, паспрабаваў бы хто не аддаць Аклілю ім заробленае!

А дэрвішам ён не стане. Яго ж бацька быў муджахідам.

Частка другая

ПЕРААДОЛЕННЕ ПУСТЫНІ

І я пачаў папракаць сябе за тае, што я нарабіў, і я сказаў сабе: «О Сіндбад, о Мараход, ніяк ты не зарачэшся, і кожны раз даймаюць цябе беды і стома, але не адмаўляешся ад падарожжа… Трывай жа тое, што ты церпіш, ты заслужыў усё, што табе дасталося».

«Тысяча і адна ноч». Казка пра Сіндбада-Марахода

18. НЕЗВЫЧАЙНЫ КАРАВАН

Дзеці былі яшчэ сонныя, калі караваншчык, раскатурхаўшы іх, даў кожнаму падкісленай лімонам вады і па прыгаршчы фінікаў. Як заўсёды на досвітку, пустыня зацялася ад холаду. Удзень пячэ, а ўночы чорт душу валачэ. Але караваншчыкі гэтаму ніколькі не дзівіліся — такая яна ўжо спрадвеку, вялікая пустыня Сахара. Дзеці дрыжалі і ціснуліся адно да аднаго, як авечкі ў чарадзе. Ні віску, ні шэпту — моўчкі. Па першаму загаду караваншчыка яны палезлі ў вялікія скураныя торбы, папарна навешаныя паміж гарбоў стаячых на каленях вярблюдаў. Старшы караваншчык, караванбашы, вузкабароды высокі чалавек у калматай шапцы з аўчыны, зыркаючы пранізлівымі вачамі, аб'язджаў на кані стаянку. Коратка, бы каркаючы, ён даваў распараджэнні караваншчыкам. Сэнс іх быў такі: нічога не здарылася за ноч? Тады ў дарогу! Дзеці, убачыўшы яго, хавалі галовы, як птушаняты, калі блізка лётае каршук.

Заняў сваё месца ў торбе і Селім. Некалькі фінікаў ён паклаў за пазуху, каб паласавацца імі ў дарозе. Так лягчэй трываць. Шлях будзе доўгі, толькі ў другой палове дня караван дойдзе да якога калодзежа пасярод маўклівых бурых узгоркаў, спаленых сонцам. Тады будзе зноў адпачынак, вярблюды стануць на калені, і можна злезці на дол, проста зваліцца на гарачы пясок, каб выпрастацца і моўчкі пацярпець, пакуль цела перастане калоць іголкамі. Тады зноў дадуць нейкай ежы і вады.

Караваншчык пляснуў у далоні, і вярблюды, за якімі ён наглядаў, буркочучы чэравамі, пачалі нехаця падымацца з каленяў. Гарбы ўздымаліся ледзь не да нябёсаў, як здавалася Селіму. Астатнія караваншчыкі таксама пляскалі ў далоні. Жывёлін, якія не слухаліся гэтага сігналу, білі нагамі ў бок і торгалі за повад. Селім ухапіўся за склізкі край вялізнай скураной торбы, каб хоць крыху менш гойдацца. Ад гэтага штодзённага гойдання і рэзкага, нязвычнага паху вярблюджага поту і разамлелых цел суседзяў яму было моташна. Хлопчыкі, што сядзелі побач з ім, у асноўным на два-тры гады за яго маладзейшыя, пераносілі сваё незвычайнае падарожжа больш мужна. Сядзелі скурчыўшыся, бліскалі чорнымі вачанятамі, не размаўлялі, не ўсміхаліся, але і не плакалі. Плакалі некаторыя толькі ў сне. Некалькі хлопчыкаў, у тым ліку Селім, карысталіся большай свабодай — ім дазвалялася ў часе стаянак падыходзіць да караваншчыкаў і звяртацца з просьбамі. Бо яны былі старшыя ў сваіх групах. Яны назіралі за астатнімі, прыносілі ім пітво і маглі даць грымака за нейкую правіннасць.

Селім прыслухоўваўся да адрывістых размоў караваншчыкаў, гэтых лютых людзей з карабінамі за плячамі: ці доўга яшчэ? О, толькі б алах даў яму сілы перацярпець гэтае бясконцае падарожжа і дабрацца да палаца прынца Амана! А там ён знойдзе выпадак вылучыцца.

Але каравану прадстаяла яшчэ месяцы брысці па спаленай сонцам Сахары, перш чым дасягнуць не Амана, не, і нават не Саудаўскай Аравіі, а таго патаемнага месца на беразе Чырвонага мора, дзе дзяцей са скураных торбаў перавядуць на карабель кантрабандыстаў. Да таго часу вярблюдам давядзецца перайсці не менш як дзве граніцы афрыканскіх краін, перш чым замест жоўтых і чырвоных гурбаў пяску блісне блакіт мора. Караван павінен падняцца на паўночны ўсход, падысці да возера Джадо. Там яго чакаюць перакупшчыкі. Потым новы караван, удвая большы, рушыць у напрамку да другога возера — Эвар, дзе прасцей перайсці граніцу з Суданам.

Гэтыя думкі займалі зараз караванбашы — як тое ўсё абыдзецца? І ён спадзяваўся на свой вялікі вопыт, які пераняў ад бацькі. Яго род з вельмі даўняга часу займаўся пераправай дзяцей праз Сахару. Караванбашы здзівіўся б, каб яму нехта пачаў тлумачыць, што ён займаецца паганай справай. Чаму, калі гэта камусьці патрэбна? Няхай паспрабуе хто іншы гэтак справіцца — ён умее па-гаспадарску распараджацца людзьмі, вярблюдамі, прасачыць, каб кожны спраўна рабіў тое, што яму належыць, каб дзеці не захварэлі і не згубіліся ў дарозе, бо кожны з іх — гэта добрыя грошы. Ён ехаў наперадзе свайго маленькага каравана і ўглядаўся ў ружовыя ўзгоркі на гарызонце, іх залаціла сонца, якому пакуль што ўсе былі рады. Пазіраў караванбашы на ўзгоркі так уважліва таму, што па колеру іх мог меркаваць, ці не будзе ўдзень нечаканай завірухі, якая можа нарабіць бяды, калі яе не прадбачыць і не падрыхтавацца. З-за ўзгоркаў магла з'явіцца яшчэ адна небяспека — ворагі, якія могуць абрабаваць караван.

У пустыні хутка святлела, і вярблюды, буркочучы чэравамі, ад чаго дзеці спрасонку ўздрыгвалі, пакрочылі жвавей.

Высунуўшы галаву з мяшка, Селім бачыў, як хмыліць ноздры задні вярблюд, як задзірае галаву, каб не так балюча тузаў за меднае колца прывязаны повад. У лагчынах, дзе з зімы захавалася хоць нейкая вільгаць, пышна цвіў дрок, ярка зелянеў тамарыск, усімі колерамі пераліваліся макі на калматых сцяблінах. Селім, паглядаючы на ўсё гэта, не адчуваў ніякай асалоды ад гэтых духмяных, райскіх дываноў, якія рассцілаліся пад нагамі велічных вярблюдаў. Каб успрымаць прыгажосць веснавой пустыні, трэба мець хоць нейкую свабоду душы. Мінаў дзень за днём, і Селім усё больш прыходзіў да думкі, што яго ашукалі. Яго ж становішча мала адрозніваецца ад астатніх хлопчыкаў, і калі ногі яшчэ не скуты тонкім сталёвым ланцужком, як у астатніх, то не сёння-заўтра могуць скаваць і яго.

Учора ён зрабіў глупства. Каб неяк суцешыць сябе за цяжкасці пераходу па пустыні, на прывале падышоў да караваншчыка, які, здавалася, адносіўся да яго прыязна, і спытаў, ці праўда, што лепшыя дзеці трапяць у палац прынца Амана. «Што ён пытае?» — зацікавіліся астатнія караваншчыкі. А калі даведаліся, пачалі дружна рагатаць і тыцкаць на Селіма пальцамі. Караваншчык жа, якога Селім да гэтага лічыў амаль сваім прыяцелем, джагнуў яго плёткаю і загадаў ісці на сваё месца, да астатніх дзяцей. Селім круціўся ад болю, бязгучна разяўляючы рот, каб не заскавытаць. Нарэшце прыціснуўся спінай да спіны астатніх хлопчыкаў і раптам адчуў, што ад гэтага дотыку боль нібы пачынае слабець, быццам частка яе перайшла да суседзяў. У гэтыя хвіліны ён адчуў сябе нічым не лепшым за сваіх таварышаў з больш цёмнай скурай. А нядаўна ж адносіўся з пагардай, як да істот ніжэйшага гатунку, і не скупіўся на грымакі.

Але калі боль і абраза на другі дзень суціхлі, а караваншчык зноў усміхнуўся яму прыязна, Селім пачаў думаць, што яго, відаць, проста не зразумелі, і ўжо зноў камандаваў сваімі суседзямі, быццам падначаленымі яму ніжэйшымі істотамі.

Наколькі мог зразумець Селім з блытаных тлумачэнняў сваіх спадарожнікаў, большасць хлопчыкаў і дзяўчынак у караване былі аднекуль з глыбіні Афрыкі, з племя йаруба, і жылі на азёрах у вёсках на вадзе. Хаціны іх стаялі на палях. Яны верылі ў тое, што да гэтага часу жылі ў прыёмных бацькоў, але сапраўдны іх бацька — свяшчэнны кракадзіл. Ён на некаторы час любіць ператварацца ў чалавека, прымае яго аблічча. «Дзеці кракадзіла» — так яны сябе называлі і нават у сне страшыліся ўбачыць, што вярнуліся дадому. Бо гэта азначала б — яны здраджваюць сапраўднаму бацьку, за гэта духі маглі жорстка пакараць. Страшэнныя беды абрынуцца не толькі на іх саміх, але і ўсіх жыхароў вёскі. Сяльчане абавязкова пабілі б уцекача або кінулі б у возера, да бацькі-кракадзіла. Мовы іх Селім не разумеў. Але разам з ім знаходзіліся два хлопчыкі, якія нарадзіліся ў Нігеры. Яны ведалі мову йаруба, а таксама арабскую. Ад іх Селім і даведаўся пра «дзяцей кракадзіла». Як і ім, Селіму таксама некуды было вяртацца. Але ў яго не было іх веры, што галоўны караваншчык — гэта адзін з людзей-кракадзілаў, таму яго неабходна шанаваць і слухацца. Ён мог спадзявацца толькі на адно — прабіцца ў чароўны палац Амана і спадабацца велікадушнаму прынцу, які любіць прыгожых хлопчыкаў.

Поделиться с друзьями: