Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сіндбад вяртаецца

Ялугин Эрнест Васильевич

Шрифт:

Селім схіліўся і пачаў абмацваць ногі, якія шчымелі ад дзіцячай мачы. Некаторыя хлопчыкі не маглі дачакацца чарговага прывалу, каб апаражніцца. А можа, іх ніхто не вучыў, як трэба захоўваць чысціню ў торбах? Селім ад такога суседства вельмі пакутаваў.

Але цяпер ён нават не меў права наводзіць парадак, бо стаў ніжэй за іх.

— Зірніце, колькі смерчаў круціцца! — з нейкім жахам крыкнуў салдат-сенегалец, паказваючы ў напрамку калодзежа. — Вунь той, відаць, мог бы падняць нават вярблюда.

— Справа дрэнь, — прамовіў брэтонец. — Цяпер нам тут сутак двое тырчаць. Ох, і ночка будзе! Наглытаемся пяску. Давайце застанемся ў пячоры, а то яшчэ і палатку смерчам завалачэ ў самае пекла. Марыс, цягні амуніцыю!

— А дзеці бач зусім сцішыліся, — заўважыў салдат-сенегалец. — Як ты мяркуеш, сяржант, за дзяцей будуць судзіць аднаго старшага караваншчыка ці ўсю кампанію?

— Могуць наогул нічога не дабіцца. — Сяржант шпурнуў акурак, і яго падхапіла віхурай. — Усе будуць маўчаць. Канечне, установяць, што дзеці — не родзічы караваншчыкам. Але ж малыя будуць маўчаць таксама. Іх настрашылі. Пакуль будзе цягнуцца следства, тых, хто развяжа язык, могуць ці атруціць, ці прыдушыць.

«О жоўтая пустыня! — у думках маліўся Селім. — Выратуй мяне».

Над Сахарай быццам круцілася тысяча пясчаных бурнусаў.

— Гоніць на паўночны захад, — пачуў Селім голас сяржанта, які з цікавасцю назіраў за смерчамі, падобнымі ўжо на вялізных гадзюк, якія круціліся, стаўшы на хвасты.

— Куды гэта? — далучыўся да яго салдат са слядамі сонечнага рака на твары.

— Да алжырскай граніцы, а дакладней — на Ін-Іззан, я ведаю тыя мясціны, — данеслася да Селіма.

Караваншчыкі са зброяй у руках сноўдалі між палатак. Іх твары да самых вачэй былі захутаны капюшонамі. Ратуючыся ад пяску, нацягнуў капюшон і караваншчык, што ахоўваў дзяцей. Але ён амаль і не сачыў цяпер, хто выходзіць з пячоры. Як і астатнія, быў разгублены і занепакоены тым, што патруль забраў старшага.

Калі салдаты пачалі заносіць свае рэчы ў пячору і караваншчыку міжволі давялося саступіць убок, Селім яшчаркай выслізнуў вон і юркнуў за камяні. Непадалёк стаялі на каленях вярблюды. Яны ўткнулі храпы ў шчэбень і глуха раўлі. Бедуіны мітусіліся каля палаткі, якую ветрам сарвала з прывязі. Здавалася, яшчэ крыху — і віхура памчыць палатку разам з людзьмі ў брудна-шэрую каламуць пустыні. Дзе ж белы вярблюд? Селім прыкмеціў каля цюка кароткае кап'ё і, схапіўшы яго, папоўз да вярблюдаў. Усе яны, напаўзамеценыя пяском, сталі падобныя адзін на аднаго. Ага, вось ён! На «вярблюдзе шчасця» так і засталіся бурдзюкі для вады.

— Ну, уставай! Ну! — Селім тоўк белага вярблюда пяткамі ў калматыя бакі. Але жывёліна толькі раўла, злосна ўскідваючы галаву.

Зусім блізка, за каменем, мільгнула постаць хлопчыка-йарубы. Селім устрывожыўся — яшчэ прылепіцца. Яму не патрэбен ніхто. Селім пагрозліва патрос кап'ём. Потым ударыў ім вярблюда. Той зароў мацней, завылі-зараўлі і астатнія жывёліны. Можа, яшчэ хто з малых трывожыў іх? Селім спалохаўся. Што было сілы ён біў і біў белага вярблюда. Той прыўзняў пляскаты зад, а потым так гахнуўся на пясок, што Селім ледзь утрымаўся паміж гарбоў. Вось-вось маглі з'явіцца караваншчыкі, і Селім парнуў вярблюда кап'ём не шкадуючы. Раптам той раз'юшана ўскочыў і з ровам закруціўся на месцы. Селім выпусціў кап'ё і ўчапіўся ў мяккі горб. З адчаем замалаціў пяткамі па баках. Белы рушыў наперад. Шалёны вецер падганяў яго, і вярблюд памчаў па схіле прэч ад стаянкі, у самае пекла ўскаламучанай пустыні. Селіму падалося, што ён пачуў крык перасцярогі. Потым бабахнуў стрэл. Сціснуўшы зубы, Селім лупіў і лупіў вярблюду пяткамі ў бакі, хоць цяпер яго і так несла віхурай, каб і хацеў, не змог бы спыніцца.

25. СПАДЗЯВАЦЦА І ПРАЦАВАЦЬ

«Нарэшце пясчаная бура прымусіла мяне выканаць сяброўскі абавязак, напісаць вам абяцанае пісьмо з пустыні». Добыш напісаў гэтыя радкі доктару Кійку і прыслухаўся да посвісту ветру за акенцам. Было падобна на зімовую завіруху на радзіме. Таму ён напісаў: «Сяджу каля кандыцыянера, а ўспамінаю нашу зіму, калі, бывала, прыбяжыш з вуліцы і, адубелы ад сцюжы, хутчэй працягваеш рукі да грубкі. Зараз у нас усе цягнуцца да кандыцыянера, як у маразы да печы. Галава ад гарачыні як чыгунная. Нездарма мае вучні — два ўвішных хлапчукі, пра якіх вы ведаеце, — сёння з цяжкасцю рашалі арыфметычныя задачкі, хаця звычайна спасцігаюць матэрыял проста выдатна. Хачу прыахвоціць да заняткаў і аднаго маладога тутэйшага жыхара — Амаму…»

— Пішаш? — у вагончык зазірнуў бурыльны майстар Юсуф-задэ. — А дзе твой напарнік, Вахрашчын?

— Павінен быць каля электрастанцыі.

— Там толькі яго стажор, Амама. — Юсуф-задэ расшпіліў апранутую на голае цела рабочую куртку і амаль удотык прысунуўся да кандыцыянера. Твар яго быў змарнелы.

— Што ў цябе там здарылася, Эльмар? — спытаў Добыш.

— А, — хмыкнуў той, — тэхніка ваша падвяла. Ганялі-ганялі рухавік, каб завесці.— Бурыльшчык працёр пачырванелыя вочы. — Яшчэ крыху — і пасадзім акумулятар. Дзе Вахрашчын?

— А як свідравіна? — устрывожыўся Добыш.

— Што свідравіна? — Юсуф-задэ схапіў графін, лінуў у жменю жоўтай вады і, сапучы, прамыў вочы. — Можа, цябе цікавіць, ці здабылі мы, нарэшце, ваду? Карнееву проста патрабаваць — давай, давай. А матор, ён — несвядомы, яму рэжым трэба.

— Ну, Вахрашчын за ім сачыў, як салдат за ўласнай зброяй, — сказаў Добыш. — Дык што цяпер будзе са свідравінай? Дзе бурыльны снарад, на паверхні?

— Каб жа! — усклікнуў бурыльны майстар. — Толькі на самую глыбіню завінцілі, а тут — на табе! Матор — фырк-пырк і заглух. Цяпер электраматорам ганяем уніз-уверх прамыўку, каб не заціснула пародай бурыльнае долата. Так што глядзіце — калі і электрастанцыя стане, усё начынне застанецца ў нетрах Сахары. Занава давядзецца бурыць, на новым месцы. Толькі вось чым і за чый кошт?

— Не думаю, каб з маторам нешта сур'ёзнае, — Добыш хуценька надзеў робу. — Мы ж яго, як малое дзіцё, даглядалі. Паглядзім, разбяром, калі трэба.

Гарачы вецер з тонкім пяском адразу забіў дыханне. Вочы, хоць і былі шчыльна прыкрыты акулярамі, пачало рэзаць. Добыш з хваляваннем прыслухаўся да работы рухавіка электрастанцыі: здалося, што той працаваў з залішняй напружанасцю. Матору таксама цяпер было нялёгка.

Зазірне спачатку на электрастанцыю.

У палатцы каля пульта кіравання Добыш убачыў аднаго Амаму, хаця побач павінен быў стаяць і Вахрашчын. Стажор сачыў за стрэлкамі прыбораў з недаверам, спалохана. Тэхніка яму пакуль што давалася цяжкавата.

— А дзе ж механік?

Амама на момант апусціў галаву і прамармытаў нешта пра аазіс. Аказваецца, механіка туды запрасілі нейкія знаёмыя. Ён вернецца праз гадзіну.

— Зараз я пабуду тут, — прыняў рашэнне Добыш, — а ты схадзі па Сідкі. Падзяжурыце пакуль удвух.

Амама спахмурнеў. Яго цёмная жылаватая рука ўчапілася ў полаг, які закрываў уваход у палатку.

— Так трэба, задзіг, — мякка прамовіў Добыш, схамянуўшыся, што незнарок мог пакрыўдзіць Амаму. — Ты ж ведаеш, сапсаваўся матор бурыльнай устаноўкі, трэба тэрмінова разбіраць і шукаць прычыну. Так што цяпер уся надзея на электрастанцыю.

— Я ведаю. — Амама пераступіў босымі нагамі і шумна ўцягнуў шырокімі ноздрамі гарачае паветра. — Лепш без Сідкі.

— Так трэба па інструкцыі, Амама, — як мага лагодна прамовіў Добыш. — Парадак такі ў механікаў.

— Я хутка. — Амама апусціў рукі, потым зноў сагнуў іх, быццам збіраўся займацца боксам. — Сейід Вахрашчын таксама хутка прыйдзе.

Амама выйшаў з палаткі. Добыш праверыў масла і, сочачы за прыборамі, прыбавіў, а потым паменшыў колькасць абаротаў, каб упэўніцца, што хоць рухавік электрастанцыі працуе надзейна. І чаму такое здарылася з маторам буравой устаноўкі, калі пачалася пясчаная бура? Яны ж з Вахрашчыным толькі тры дні таму правяралі матор. Як толькі сіноптыкі перадалі, што магчыма пясчаная бура, усё праверылі і накрылі брызентам. Два дні, як дзьме, а здаецца, што вельмі даўно. Усё цела як з чыгуну. Руку нават цяжка падняць. Дык дзіва што бурыльшчыкі не змаглі выкруціць з нетраў бурыльны снарад уручную. Каб хоць не такая глыбіня…

Поделиться с друзьями: