Сачыненне на вольную тэму: Вучэб. дапаможнік
Шрифт:
Сітуацыя, калі Туляга па волі «свінтуса-грандыёзуса» вымушаны быў сыграць не ўласцівую яму ролю, стала пераломнай у яго жыцці. Менавіта гэты момант стаў кропляй, што перапоўніла чашу цярпення Тулягі, і ён усвядоміў, які ён «баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці». I яму «сорамна стала», як сам ён у тым прызнаецца Левановічу. Першая ступенька на нялёгкім шляху да свайго вызвалення адолена, а далей — самы моцны пратэст з грудзей самага слабога. Выключны эфект уздзеяння на чытача гэтага таленавітага твора і асабліва вобраза Тулягі. Кожны відушчы ў Тулягу як у люстэрку здольны ўбачыць самога сябе, пазнаць свае ўласныя заганы. Нехта ўбачыць зайздрасць, нехта — высакамер'е і пыху, нехта — помслівасць, нехта ж ляноту ці ўпартасць. У кожнага — свой вораг, ад якога неабходна пазбаўляцца. Калі ж не змагацца, не «выціскаць з сябе па кроплі раба», то можна дакаціцца да стану, з нагоды якога аўтары класічнай літаратуры выбухалі гнеўнымі тырадамі. Згадаем Гогаля: «И до какой же гадости, низости, мерзости мог снизойти человек!»
Толькі рашучы, бязлітасны бой прывядзе да перамогі, а розныя кампрамісы са сваім галоўным унутраным ворагам, пошукі самаапраўдання — гэта не бой, а толькі пустое мітушэнне. I як вынік — поўнае паражэнне і страта душы. Прыкладам такога мітушэння, а не бязлітаснага бою са сваім страхам, што завалодаў душой чалавека, з'яўляецца вобраз Карызны з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо».
Мы ўсведамляем, што прычынай страху Карызны былі не толькі яго асобасныя якасці, але і бесчалавечныя абставіны. Яны вязьмом сціскалі яго душу і розум, такім вязьмом, што, каб ацалець фізічна, трэба было толькі секчы — секчы па жывым, крэўным, дарагім, спрадвечным. Але і паратунак той часовы, бо хто клапоціцца толькі пра цела — траціць урэшце і душу, і цела таксама. Бесчалавечныя абставіны справакавалі і рэалізавалі самыя горшыя якасці Карызны. Заціснуўшы вязьмом яго душу, яны не пакінулі яму ніякай магчымасці выбару, як выбавіцца без страты душы. I ў тым трагедыя Карызны і тысяч, нават мільёнаў такіх, як ён, каму было наканавана жыць у той «пракляты час».
Аднак і сам Карызна ўсвядоміў свой поўны крах і ўсю бездань свайго падзення толькі тады, калі вязьмо заціснула яго. Да гэтага ён не толькі не змагаўся з нялюдскім у сваёй душы, але выпечшваў яго і тым самым быў ужо падрыхтаваны да таго, каб д'ябал прыйшоў па яго душу. I ў тым віна Карызны і як вынік — плата за яе. Ён дакаціўся ўжо не да «гадости, низоста, мерзости», як гогалеўскія персанажы, а да подласці — здрады і выраку сваіх бацькоў. Максімальная выява страты душы і адначасова максімальная плата за яе вынішчэнне.
Зусім іншыя абставіны, што справакавалі горшыя чалавечыя якасці, склаліся для герояў апавядання У. Арлова «Клён». Тыя абставіны нельга назваць ні звышэкстрэмальнымі, ні выключнымі. Звычайныя бытавыя абставіны: сусед запатрабаваў спілаваць векавы клён, што стаяў на мяжы яго поля, бо бліз клёна бульба стала кепска радзіць. Шчымлівы боль, шкадаванне сямейнай рэліквіі, якая была сімвалам вечнасці і сімвалам роду гаспадара, засталіся толькі як мітушэнне, а не святая бітва ў душах гаспадара і аднаго з двух яго сыноў. У іх была магчымасць уратаваць святыню без усялякай пагрозы для свайго жыцця. Не жыццём заплаціць, а нейкай паслугай ці грашыма можна было дасягнуць згоды і паразумення з суседам. Але ў гаспадара і яго сыноў нават думкі такой не ўзнікала. Пасумаваўшы і падумаўшы, заплацілі душой.
Выдатную форму абраў А. Вярцінскі для сцвярджэння думкі, што чалавек не бязгрэшны, але ёсць мяжа, пераступаць якую не дадзена нікому, хто хоча жыць па законах вечных, «законах прирожених». У вершы «Чалавек маленькага роста…» паэт даводзіць, што многае ў жыцці не залежыць ад цябе самога. Ні «чалавек маленькага роста», ні «чалавек маленькага розуму» не ў адказе за рост і розум, бо гэта залежыць не ад іх. Галоўная праблема верша сфармулявана пытаннем: «Чалавек душы маленькай, мог ты лепшым быць ці не?» Чалавек у адказе за стан сваёй душы, бо яна — абсяг поўнага яго валадарства. Цярпімымі і цярплівымі павінны быць людзі да недахопаў іншых — спагадлівымі будуць і да іх. Але само жыццё не даруе подласці, бо ёй не можа быць ніякага апраўдання:
Хібам нашым ёсць апраўданне — Подласці апраўдання няма.Самаапраўданне таго, хто дакаціўся да такога стану, сведчыць толькі пра незваротную страту душы, уваскрасіць якую ўжо немагчыма.
«Вядзі рашучы бой!» (А. Вярцінскі)
Не позволяй душе лениться!
Чтоб в ступе воду не толочь,
Душа обязана трудиться
И день и ночь, и день и ночь.
М. Забалоцкі.
Выканаць евангельскі запавет уваходзіць цеснымі варотамі і ісці вузкай дарогай, якімі не многія ходзяць і якія вядуць у годнае жыццё, магчыма, толькі калі будзе «душы і мускулаў работа». Лянота душы і цела заўсёды вызначаюць выбар шырокіх варот і прасторнай дарогі, якія вядуць да пагібелі.
Шырокія вароты і прасторную дарогу выбраў Гукан, герой рамана I. Шамякіна «Сэрца на далоні», каб здзейсніць свае кар'ерысцкія намеры: чорнай няўдзячнасцю і подласцю «аддзячыў» людзям, якія выратавалі яму жыццё. I граф Паліводскі з рамана Чорнага «Пошукі будучыні» прасіў Сымона Ракуцьку выратаваць яго, абяцаў азалаціць за гэта, але потым страляў у свайго збавіцеля. Праз некаторы час, з'явіўшыся перад сваім выратавальнікам ужо не з ранейшым няшчасцем, а з сілай афіцэра польскага войска, Паліводскі разбурыў гняздо Сымона Ракуцькі, змусіў яго стаць выгнанцам. I прыклады душэўнай слепаты і чорнай няўдзячнасці, засведчаныя ў мастацкіх творах, можна множыць бясконца.
Таленавітыя творы нацыянальнай літаратуры з пераканальнай мастацкай сілай даводзяць нам, што плата за грахі, за невыкананне «загадаў Божых» і парушэнне законаў вечных — вынішчэнне ўласнай душы, а кара — нябыт. Але што можа чалавек? Што залежыць ад яго? Якія яго магчымасці ў барацьбе са злом за выратаванне найперш сваёй уласнай душы? Ці здольны чалавек змяніцца да лепшага, уваскрасіць сваю душу?
Аптымістычнымі і канцэптуальнымі ў творчасці Яна Баршчэўскага з'яўляюцца апавяданні «Ваўкалак» і «Вужыная карона» з кнігі «Шляхціц Завальня…». Гісторыяй жыцця сваіх герояў пісьменнік пераканальна даводзіць нам, што ад чалавека залежыць галоўнае — стан яго душы.
Апавяданні славяць чалавека, які, спатыкнуўшыся, саграшыўшы, знайшоў у сабе сілы выбрацца з бездані свайго граху і вярнуць, уваскрасіць душу. Славяць чалавека, які перамог зло толькі пасля таго, як перамог самога сябе.
У апавяданні «Вужыная карона» пераканальна паказана ўваскрэсенне душы ў выніку рашучага бою чалавека за сваю душу. Эвалюцыя душы кожнага чалавека пачынаецца з перагляду каштоўнасцей: Сямён зразумеў, што багацце ад нячысціка — тлен, не здольны зрабіць яго шчаслівым. Самае вялікае шчасце — каханне. У імя яго ён цалуе крыжык (а крыж — сімвал веры, без якой, як даводзіць Ян Баршчэўскі, чалавек «на ўсё гатовы») і кідае каменем у вужа. Метафарычна выяўляе Ян Баршчэўскі сваё разуменяе аднаго з пастулатаў хрысціянскай маралі, што «вера без добрых спраў мёртвая ёсць». Пацалаваць крыжык і кінуць каменем у вужа — рэалізаваць і пацвердзіць сваю веру і шчырыя памкненні на справе.
Уваскрэсенне душы пачынаецца з усведамлення свайго граху, віны, з пакаяння і раскаяняя за ўчыненае. Наступная прыступка на лесвіцы жыцця — жаль, спагада няшчаснаму, адчуванне яго болю і пакут, як сваіх уласных. А канчаткова вырваць сваю душу ў нячысціка можна толькі добрымі справамі. Усе прыступкі на лесвіцы жыцця адолеў герой Яна Баршчэўскага, каб вярнуць сабе чалавечы воблік. Але аднаго ўсведамлення сваёй віны і пакаяння недастаткова. Рабі дабро ўсім, нават сваім крыўдзіцелям, даводзіць апавяданнем «Ваўкалак» Ян Баршчэўскі. I адначасова перасцерагае, заклікае быць асцярожнымі, клапаціцца пра стан сваёй душы, не пускаць у яе тое, што можа загубіць: зайздрасць, жаданне зла іншаму, хцівасць, помслівасць.
Біблейскія рэмінісцэнцыі ў творы відавочныя. I Біблія папярэджвае ўсіх нас, што зайздрасць — грэх вельмі вялікі, большы за забойства, бо зайздрасць паступова, кропля па кроплі забівае радасць жыцця і ўсведамленне таго, што дадзена чалавеку. Зайздрасць напаўняе яго душу неўтаймоўным жаданнем зла іншаму, каму дадзена тое, што яму не дадзена. Зайздроснік — жывы труп, непахаваны нябожчык, які выпраменьвае толькі зло. Зайздроснік — гэта ваўкалак, папярэджвае нас і Ян Баршчэўскі.
Алегорыя Яна Баршчэўскага не толькі сродак займальнасці ці стварэння крытычных сітуацый, у якіх выпрабоўваюцца героі. Яна філасофская, яна — спосаб выяўлення пісьменніцкай канцэпцыі. У фантастычных апавяданнях Яна Баршчэўскага носьбітам і ўвасабленнем дабра з'яўляецца толькі чалавек. За рэдкім выключэннем, і намаганні чалавека, сродкі яго барацьбы з незлічонымі размаітымі сіламі зла таксама рэальныя — добрыя справы дзеля бліжняга свайго. Толькі ад гэтых добрых, канкрэтных і рэальных, а не фантастычных спраў гіне зло. Толькі Чалавек (а не, як у паганскіх ці літаратурных казках, птушкі ды звяры) супрацьстаіць злу ў розных яго абліччах: ката Варгіна, Белай Сарокі, чорнага сабакі, вужа, нават жамяры. Усе яны — слугі д'ябла. Супраць усіх іх — адзін Чалавек. I яго перамога вызначаецца станам яго душы і пабожнымі ўчынкамі. У гэтым — аптымізм, максімалізм і пафас сцвярджэння ў творах Яна Баршчэўскага.