Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:

На гэты раз пакой быў асветлены ярка — свечкі гарэлі ва ўсіх падсвечніках, быццам на балі ці пахаванні. Вінцэсь сядзеў у крэсле з кнігай у руках і зрэдку кідаў позірк на тое, як жандары звальваюць у вялікі мех ягоныя рукапісы, ссыпаюць карткі з картатэкі. Дзіўна, але ён адчуваў сапраўды толькі спакой і стому. Зразумела, многае загіне. Але — не ўсё. Ён недарэмна спяшаўся. Адзіная турбота — падвёў выдаўцоў. Але іх выратуе яго маўчанне. Прынамсі, ён зробіць для гэтага ўсё, што ў чалавечых сілах — і нават крыху больш.

— Гэта нейкая памылка, — голас бацькі гучаў так разгублена, што Вінцэся працяў востры жаль. — Мой сын не мог ні ў чым правініцца.

Вінцэсь горка ўсміхнуўся. Вядома, бацька лічыў яго зусім бясшкодным, дакладней — бескарысным дзіваком.

— Ён проста вывучае мовы, — гэта загаварыла Марыя, таксама разгублена, аж голас трымціць. — Ён вучоны… Яго друкавалі ў часопісе імператарскай Акадэміі… Палавінная Дзямі-даўская прэмія за «Параўнаўчы слоўнік геаграфічных назваў славянскіх»… Ягоныя доследы ўхваляў сам Надзеждзін!

Гэта ж трэба! А Вінцэсь лічыў, што Марыя ніколі не цікавілася яго справамі!

— Мовазнаўства, шаноўная пані, можа быць страшнейшым за ўзброенае паўстанне, — голас гучаў, як на лекцыі,— бач, якога інтэлігентнага Харона прыслалі па ягоную душу… — Вы ведаеце, што ваш муж і ваш, пан Севярыніч, сын сцвярджае ў сваіх ксёнжачках? — цяпер голас дрыжэў ад абурэння. — Што расійска-крывіцкі дыялект, на якім гавораць мясцовыя хлопы, гэтая брудная, грубая, неўразумелая хамская гаворка ёсць асобная мова! Якая стаіць упоравень з вялікай рускай ці той жа нямецкай! І доказна, трэба заўважыць, сцвярджае. Прынамсі, маладыя розумы такое чытанне можа збянтэжыць. А што з гэтага вынікае? Новы бунт? А якія прыклады прыводзіць — схізмацкія песні пра бойкі з маскалямі! Куды толькі глядзелі ўсе гэтыя акадэмікі!

І яшчэ дадаў, ужо зусім не-па лектарску, што каб служыў ён тут дваццаць год таму, выкараніў бы ўсю заразу бунту дашчэнту.

Грозны прамоўца зайшоў у пакой, дзе знаходзіўся арыштаваны. Малады, прыгожы, вусы заліхвацкія — як у гусарскага кавалергарда, ноздры ваяўніча раздзімаюцца. Відаць, незадаволены, што арышт пазбаўлены баявітасці,— бунтаўшчык не адстрэльваецца, не хаваецца, нават не каецца. Відаць, Вінцэсеў спакой, ды яшчэ тое, што дзяржаўны злачынца чытае кнігу, змусілі госця страціць раўнавагу. Ён груба выхапіў з рук гаспадара невялікі томік.

— Байран… «Шыльёнскі вязень»… — насмешна тыцнуў кнігу ўладальніку. — Што ж, гэта — чытайце… Рыхтуйцеся, так бы мовіць, тэарэтычна.

Жандары збіралі з падлогі апошнія карткі, рассыпаныя, быццам загадкавы пасьянс, які, у выпадку, калі сыдзецца, адчыніў бы чарадзейнымі словамі дзверы ў дзівосны свет. Але госці не верылі ў чарадзейнасць слоў.

У ліхтары, падвешаным на бронзавым гаку над ганкам, гарэла свечка, і агеньчык трымцеў яркай хусткай, якой хтосьці адчайна махае, развітваючыся. Бацька стаяў у вітальні перад расчыненымі на вуліцу дзвярыма і… неверагодна, але так! — плакаў. Ён не глядзеў на Вінцэся, толькі плечы ўздрыгвалі. А вось — Габрусь. Закусіў вусны, стараецца не ўраніць слязы. Адно вочы гараць. Дай, Божа, каб гэтаму Севярынічу не давялося даводзіць сваю годнасць, сыходзячы ў лес ці турму. Затое Янінка плача — ёй, вядома, не патлумачылі, што адбываецца, але хіба можна падмануць яе чуйнае сэрцайка? Вунь як яно калоціцца — Вінцэсь расцалаваў залітыя слязьмі ружовыя шчочкі малой, што кінулася да яго, абшчаперыла з усіх сіл слабымі ручкамі… Шаптаў нешта суцяшальнае… Вядома, ён вернецца, хутка, і з прыгожай лялькай, ведаеш, у такой пышнай каралеўскай сукенцы. Ідзі, маленькая, укладвайся ў ложак… Нянька павяла дзяўчынку на другі паверх, у дзіцячы пакой, туды, дзе на століку — змайстраваны Вінцэсем палац з ліпавых трэсачак, аздоблены кавалачкамі бурштыну — жытло вужынай каралевы.

Прыслуга тоўпіцца… Спалоханыя, цікаўныя — не ўсе памятаюць, як яно было дваццаць год таму…

Марыя выйшла за ім на ганак. Вядома, ім дазволяць развітацца… Тут, у святле прыадчыненых дзвярэй, на скразняку, у час, калі вецер залятае ў цёплае чэрава дома, выстуджвае жытло.

Як яна пазірае… Быццам хоча разгледзець адбітак ў старым люстэрку з адслоенай амальгамай.

— Што з табой зробяць?

А ён думаў пачуць: «Што ты зрабіў?»

— Не хвалюйся, не думаю, што чакае страта. Найгоршае, што можа быць — высылка. З гаспадаркай ты зладзіш без мяне — у цябе гэта атрымліваецца лепей. Даруй…

Вінцэсь ведаў, што высылка — занадта мякка. Наўрад ці абыдзецца без заключэння ў якісь каменны лёх, без допытаў. У салдаты — наўрад, ён жа кульгавы… А на катаргу — цалкам магчыма. Але не, такіх, як ён, звычайна хаваюць жыўцом у крэпасці. Ды навошта Марыі пра гэта ведаць? Усе пакуты, якія наперадзе, — нішто перад дваццаццю гадамі адзіноты і самакатавання.

— Калі цябе сашлюць, я буду прасіць, каб паехаць за табою.

Вінцэсь нахіліў ссівелую калматую галаву.

— Не трэба, дарагая. Твае клопаты павінны быць пра дзяцей, бацьку… Я спраўлюся сам.

Жанчына неяк дзіўна рассмяялася:

— Ты заўсёды быў такі… Ганарлівы да дурасці. Вырашыў пакараць сябе адзінотай, а пакараў і мяне.

— Прабач… — Вінцэсь, намаганнем волі здушыўшы боль (гэта ён умее), пацалаваў яе — лёгка-лёгка — у лоб.

Марыя нечакана абхапіла ягоную галаву, і ён адчуў, якія гарачыя яе вусны, — упершыню яна цалавала не прывід, а менавіта яго, Вінцэся. А можа, сапраўды ўсе гэтыя гады толькі ён сам выклікаў з'яўленне прывідаў? А ён мог бы быць шчаслівым… Але шчаслівым нечакана пачуўся толькі цяпер — як жаўнер, які пасля пакутлівых блуканняў дагнаў свой полк, нават ведаючы, што той мусіць ісці ў апошнюю бойку.

Ужо ля фурманкі, у якую ўсеўся, чакаючы арыштаванага, малады афіцэр, Вінцэся дагнаў конюх Базыль, ужо зусім старэнькі, сагнуўся, цалуючы пану руку.

— Думаў сказаць пану перад сваёй смерцю… Ды, відаць, Бог цяпер загадвае. Мая віна, пане… Бервяно, што на нагу вашую звалілася… Гэта ж я ноччу падпілаваў апоры. Ведаў, куды вы кожны дзень ступаеце.

Вінцэсь быў агаломшаны.

— Навошта ты гэта зрабіў? Базыль тросся ад плачу:

— Прабачце, пане… Стары пан загадаў. Каб толькі трохі пакалечыць… Казаў, іначай заб'юць вас… Даруйце, пане. Грэх на душы маёй.

Перад тым як фурманка выехала за браму, Вінцэсь апошні раз азірнуўся на свой дом. Над дахам палыхнула чырвонае святло — хлебазор. Сухая маланка.

… І Славамір паклаў нябачную руку Вінцэсю на плячо: «Ну што, браце, я ж сказаў, што мы будзем біцца разам!»

Цені забытага карнавалу

Пазалочаная фольга склейвалася кепска, і ад гэтага латы здаваліся бязлітасна пасечанымі варожым мячом. Аднак Анцік не хацеў і чуць пра іншы карнавальны касцюм. Ён будзе толькі срэбным рыцарам! Такім жа, як на іхнім гербе. Старэйшая сястра, шэравокая Настасся, ужо зусім зазлавала, перапэцканая клеем, аблепленая срэбнымі ашмёткамі,— вось выдумкі малечы!

Але ў сям'і Карвароў Каляды святкаваліся з асаблівым размахам. Нават бацька, такі звычайна заклапочаны і сур'ёзны, не лічыў ганебным упрыгожваць ялінку, дапамагаць у прыдумцы карнавальных жартаў і гульняў.

На гэтыя Каляды таксама чакалася шмат сюрпрызаў. Дарослыя блукалі па доме з таямнічым выглядам. Калматая котка Заіра, матчына ўлюбёнка, уцякала з віскам з кутняга пакойчыка, дзе адбываліся рэпетыцыі. І, вядома, па шафках і шуфлядках хаваліся скрыначкі і пакуначкі з падарункамі. У іхняй сям'і быў звычай, акрамя куплёнага, дарыць адно аднаму нешта, зробленае сваімі рукамі. Ну хаця б аксамітны вацок, вышыты незабудкамі, або выразанага з ліпавай драўніны конніка, нехлямяжага, але вельмі баявітага.

Поделиться с друзьями: