Сэрца на далоні
Шрифт:
Павел сказаў:
«Дзівак. Хто можа падумаць, што ты баязлівец! Ты правільна зрабіў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышліся. Была аблава. У горадзе пачаліся арышты. Трэба быць, як ніколі, пільным».
Тады я расказаў пра краўца.
Павел нахмурыўся.
«А вось гэта горш, — сказаў ён. — Калі твая здагадка пацвердзіцца, прыйдзецца спусціцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша відна, дзе трэба паліць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нічога не рабі. Вадзі яго за нос. Табе ёсць іншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальніку гарадской паліцыі, здрадніку Радзімы. — Ён адступіў у глыб пакоя, да ложка, і з гневам дадаў: — Пёс гэты вельмі актыўны. Залішне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабіць найлепшым чынам».
Пра дзейнасць Лучынскага я сам збіраў звесткі. П'яныя паліцаі расказвалі пра садызм свайго начальніка. І я люта ненавідзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруціліся магчымыя варыянты аперацыі, планы яе — як, дзе…
Я глядзеў у акно і думаў. І раптам:
«Антон».
Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага імя.
Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша.
«Масква, — сказаў ён, ласкава пагладзіўшы пабляклы велюр. — Аня купляла». І ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклікаў. Але праз момант, не ўзнімаючы галавы, ён паўтарыў: «Антон! Калі здарыцца што са мной і Кацяй, не пакінь Тарасіка. Прытулі».
У мяне перахапіла дыханне і голас. Пакуль я сабраўся з думкамі, каб нешта адказаць, Павел падняўся і працягнуў руку:
«Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план — звяжыся са мной. Падвернецца пад руку — дзейнічай самастойна. Але без рызыкі. І напэўна!»
Я так і не паспеў нічога сказаць яму наконт сына.
Мабыць, углыбіўшыся ва ўспаміны, Яраш змоўк. Кірыла падняўся, сабраў галавешкі і кінуў іх у жар. Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяціў схіленую доктараву постаць.
Шыковічу закарцела здагадацца, чаму раптам Антону сярод ночы захацелася так падрабязна расказаць пра сваё падполле. Звычайна, калі яго прасілі, ён расказваў неахвотна і скупа. Нават пасля таго, калі ён, Шыковіч, зацікавіўся падполлем і пачаў збіраць матэрыял, сябра яго ні разу яшчэ не расшчодрыўся на такі вось расказ. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей, і то часцей дзецям — Віцю, Іры, Славіку — з педагагічнай мэтай: вось так ішло змаганне за жыццё, якое вы маеце.
Шыковіч, як губка, упітваў гэтыя эпізоды, дэталі. Ён знарок не патрабаваў спецыяльнага расказу, каб не збіцца на біяграфію толькі аднаго чалавека. Чэрпаў матэрыял з іншых крыніц, а Яраша як бы трымаў у рэзерве. Ён пачаў збіраць матэрыял для аповесці, але хутка пераканаўся, што пра падполле іх горада трэба сказаць нейкае новае слова ў нарысавым жанры. Таму ў апошні час больш цікавіўся дакументамі. Яму крыху не падабалася, што Яраш выбраў для расказу такі час і месца, калі нічога нельга занатаваць. А на сваю памяць у сорак пяць год ён не вельмі ўжо спадзяваўся.
Але пры ўсёй сяброўскай блізкасці ён не адважваўся што-небудзь сказаць, няхай і жартам, з гэтай прычыны, адчуваючы, што Антона па-сапраўднаму нешта ўсхвалявала. Каб перапыніць паўзу, Шыковіч сказаў:
— Зямля дыша цеплынёй. Лажыся. Не шкадуй касцюма.
Яраш абышоў вогнішча і лёг з другога боку. Разам з дымам кастра патхнула добрай папяросай. І яму таксама захацелася запаліць. Ён кінуў паліць год шэсць таму. Толькі пасля цяжкіх аперацый яго цягнула запаліць. А так — не. А тут раптам ажно засмактала ў грудзях, перасохла ў роце. Але ён напружыў волю і не папрасіў у Шыковіча папяросы. Каўтнуў горкую сліну.
— Дні праз тры цётка Люба паведаміла мне, што Павел арыштаваны. Каб ты ведаў, што я перажыў. Які боль! І страх. І разгубленасць. Не было Паўла. У каго спытаць парады, што рабіць? Гестапа лёгка можа дакапацца, што мы трымалі сувязь. Уцякаць? Але ўцячы — гэта, напэўна, выдаць сябе. І тады ўжо не будзе ніякай магчымасці выканаць заданне гаркома. І Паўлаву просьбу. Дзе Тарасік? Што з ім?
Цётка Люба паведаміла мне пра арышт на рынку, калі я купляў у яе піражкі. Аглушаны, спалоханы (мне не сорамна прызнацца — дрогнула сэрца, чаго там таіцца), я не паспеў спытаць пра Кацю, Тарасіка. Ды і нельга было гутарыць доўга. Якая можа быць гаворка паміж гандляркай і пакупніком! Навокал шпікі.
Пасля дзяжурства я пайшоў да цёткі Любы на кватэру. Яна спалохалася:
«У суседнім доме засада. Арыштаваны стары рабочы друкарні і яго жонка».
Люба праслязілася, гэтая «жанчына-камень», як мы называлі яе. Скардзіцца:
«Я два гады з суседкай не размаўляла. Яна маіх курэй атруціла. Жылі як ворагі. І не ведалі, што адну справу робім. Божа мой. Можа, на смерць людзей павезлі. Што яны падумаюць пра мяне? І цяпер… Цяжкая мая доля… Жандара-фрыца і „бобіка“, што сядзяць там, я самагонкай пачаставала, піражкамі. Каб другімі вачамі глядзелі на мой дом. Але як затое зірнула на мяне суседка з таго боку! Чаго добрага, падумаюць людзі, што гэта я выдала Рамана Ціханавіча».
Скажу табе, страшная рэч у такіх абставінах — падазронасць. Мне і цяпер сорамна, што я падумаў у той міг: «А можа, праўда гэтая гандлярка — правакатарка?»
Цётка Люба нібы пачула мой душэўны шэпт, бо адразу высушыла вочы. Выставіла на стол пляшку.
Я спытаў пра Паўлаву сям'ю.
«Кацю арыштавалі разам з братам. Куды дзяваўся хлопчык, невядома. У кватэры наш чалавек быў — няма. Там усё разрабавана. Заўтра суседзяў абыдзем. Няўжо і дзіця забралі, ірады?»
Жанчына сказала гэтыя словы так, што знікла мая падазронасць. Не, такая жанчына ніколі не здрадзіць! Ні мужу, ні дому, ні справе. Ні тым больш Айчыне.
Магчыма, з-за пошукаў дзіцяці і новых сувязей я не спяшаўся з выкананнем задання. Бо ведаў: пасля такой акцыі, калі застануся жывым, мне прыйдзецца пакінуць горад. Як жа я знайду Паўлавага сына? Безумоўна, былі і другія прычыны. Не было з кім параіцца. Не трапляў зручны выпадак. А пасля Лучынскі некуды паехаў. Казалі — у Варшаву. Вопыт пераймаць, ці што. Знік і Лотке. Хіндэль сказаў, што ў механіка захварэла маці і ён паехаў на пабыўку ў Нямеччыну. Але дні праз два адзін з пажарнікаў убачыў Лотке каля казармы зондэркаманды, што размяшчалася ў Бярозках, дзе цяпер туберкулёзная бальніца. Ясна: агент выконваў іншае заданне. У горадзе ішлі арышты. Мне ніяк не ўдавалася звязацца з кім-небудзь з кіраўнікоў падполля, сябрамі гаркома. Настрой у мяне быў цяжкі, жахлівы. Я зразумеў, што пры ўсёй незвычайнасці заданняў, якія мне давялося выконваць, падпольшчык я малавопытны і слаба загартаваны. Маладому, самаўпэўненаму, мне адзін час здавалася, што я ўсё магу, што я ледзь не галоўная фігура ў падполлі. Цяпер жа разумеў: усё, што я зрабіў, гэта заслуга тых, хто нябачна, асцярожна і мудра кіраваў дзейнасцю такіх, як я. І тое, што я на волі, таксама іх заслуга, хоць самі яны, магчыма, у кіпцюрах гестапа.
За тыя дні я стаў другім чалавекам. За тыя два тыдні. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыдні. Калі чакаеш нечага незвычайнага, жывеш у напружанасці, запамінаецца кожны дзень. Гэта адбылося васемнаццатага верасня. Я змяніўся з начнога дзяжурства на каланчы. Ноч і раніца былі ясныя і халодныя. Па-асенняму. Помню, я моцна акалеў. Ніколі не быў прыхільнікам выпіўкі, але ў тую раніцу мне хацелася хутчэй сагрэць душу і цела. Ведаючы, што ласкавая гаспадыня з-пад зямлі дабудзе для мяне чарку, а цёплая пасцеля само сабой чакае, я спяшаўся дадому. Але пры выхадзе з пажарнай мяне затрымалі гестапаўцы. Не, не арыштавалі. А ветліва папрасілі вярнуцца назад. Яны ўмелі быць ветлівымі ў такія моманты, гэтыя звяры.