Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж.

Зося села побач з Антонам Кузьмічом на пярэднім сядзенні. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным світэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух'яруснай прычоскай (таксама Машына фантазія), яна мела даволі прывабны выгляд. А Маша зусім выглядала элегантна: вузкія штаны, клятчастая куртка.

Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай іроніяй:

«Не дай божа ўбачыць Галіна — загінуў ты, Антон».

Зося сустрэла прапанову аб паездцы з ціхім, але прыкметна радасным энтузіязмам. А пры выездзе з горада яе пачало ліхаманіць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта іншае. Імчала машына. Свістаў вецер. І ёй здавалася, што яна вось-вось узнімецца і паляціць… Паляціць у дзівосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменіць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, і яна не хацела больш ніякіх змен.

Ад гэтага ці яшчэ ад чагосьці яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалі плечы. Яна сцялася, уціснулася ў сядзенне.

— Зося, табе холадна? — спытала Маша, якая сядзела за яе спіной. — На маю куртку.

— Не, не. Нічога. Гэта так.

— Зачынім шкло, — сказаў Яраш, круцячы ручку. — Прастудзіцца вам нельга ні ў якім разе.

— Мне не холадна. Я проста хвалююся.

— Чаму?

— Не ведаю.

Што ж, урэшце не так ужо цяжка зразумець душэўны стан чалавека, які вярнуўся да жыцця і ўпершыню пасля такой хваробы і аперацыі выязджае за горад, у лес. Яраш пажартаваў:

— Бачыце, ехаць па грыбы таксама трэба мужнасць.

Далёка ў глыбіні бароў яны не паехалі. Прыехалі да іх дачы. Паставілі машыну. Шыковіча не было: відаць, усё-такі выбраўся ў лес.

Маша, у якой з грыбамі звязаны і радасныя і горкія ўспаміны — у першыя пасляваенныя гады грыбамі і за грыбы яна карміла ўсю сям'ю, — адразу ж кінулася ў лес, як у вір. Яна не ўмела шукаць так павольна і разважліва, як Яраш. У кожнага грыбніка свой стыль і метад. Праворная, хуткая, яна шнырыла пад кожным кустом і дрэвам, кружыла, рабіла петлі, хутка траціла ўсялякі кірунак і часта блудзіла.

Яраш не любіў гэтак пятляць. Ён хадзіў амаль проста. Але ў яго было незвычайнае чуццё, дзе ў гэты дзень мог вырасці баравік. Ён ішоў на грыб ці грыбную сям'ю, як на радыёпеленг.

— Заглянем мы вось сюды, пад нашы дубы, — сказаў ён Зосі, як толькі яны адышлі ад дачы ў лес.

Яна зразумела яго словы як запрашэнне хадзіць за ім. Сапраўды, Яраш хацеў, каб яна была побач.

Яна ішла крокаў за дзесяць ад яго. Каля самага вогнішча, дзе яны палілі ўсё лета касцёр, на сцежцы пад дубам Яраш убачыў першы баравік. Нявопытны грыбнік ніколі не падумаў бы, што ён мог вырасці ў такім вытаптаным месцы. Баравік быў надзіва прыгожы — як знарок вырашчаны напаказ. На тоўстым белым корані — крамяная, цяжкая на выгляд шляпка; светлая бурштынавасць, што выцякала з-пад нізу, залаціла кромку, паступова цямнела і пераходзіла ў масляністы цёмна-карычневы колер; толькі цераз самую макаўку праходзіла тоненькая пераламаная светлая палоска, мабыць, ляжала галінка.

Яраш спыніўся за два крокі з выглядам чарадзея. Моўчкі, пальцам, паклікаў Зосю. Таямнічым шэптам сказаў:

— Вось ён! Бачыце?

Яна ўгледзела, здзівілася:

— Ах! — і папрасіла, як маленькая: — Дайце я…

— Толькі — чур, падразаць! — папярэдзіў ён.

Яна прысела, асцярожна падрэзала, падняла яго і, любуючыся, засмяялася, ціха і радасна, зусім як дзіця. І Ярашу таксама зрабілася надзвычай хораша ад гэтай яе маленькай радасці.

Ён азірнуўся навокал і адразу ўбачыў другі грыб.

Нахіліўся, падрэзаў.

— А во яшчэ адзін.

Трэці дык быццам сам падскочыў пад руку.

— А во яшчэ…

— Ах! — ужо зайздрасна ахнула Зося. І яшчэ больш узрадавалася, калі нарэшце сама ўгледзела грыб. Падняла яго, паказала:

— Глядзіце які! Як хлопчык.

Сапраўды, баравічок быў маленькі і вясёлы, падобны на таго малога гарэзу, у якога заўсёды кепка ссунута набок.

«Як хлопчык», — гэтыя словы запалі Ярашу ў памяць, і ён падумаў аб тым, што, акрамя ўсяго іншага, гэтая немаладая ўжо жанчына не ведала радасці мацярынства.

«Трэба будзе пазней паказаць яе Левіну і Шувалавай (яго калегі, лепшыя ў горадзе тэрапеўт — спецыяліст па сэрцу — і гінеколаг). Няхай скажуць, можна ёй радзіць?»

Ён падумаў гэта з бацькоўскім клопатам, як пра дарослую дачку. І даў ёй, як малой, як часта даваў Наташы, калі браў яе з сабою ў лес, адной вытаптаць пятачок, на якім нарадзілася грыбная сям'я.

Зося ўзяла яшчэ тры ці чатыры грыбы. Далей Яраш, верны свайму метаду, рушыў проста, затрымліваючыся толькі ў тых мясцінах, дзе нейкая асаблівая інтуіцыя падказвала: тут будуць грыбы. І амаль не памыляўся. Зося ішла збоку за колькі крокаў. Здаралася чамусьці так, што ёй усё часцей і часцей пачалі трапляць грыбы. Бадай, больш, чым яму, Ярашу. Ён пажартаваў:

— Дык вы грыбнічка.

Недзе далёка ззаду гукнула Маша. Яраш пачакаў, што адкажа Зося. Яна не адказвала. Ён адгукнуўся жартаўліва — пісклявым жаночым голасам. Маша, не пазнаўшы, пачала клікаць настойліва:

— Ос-ся-а! То-он… Мі-іч!..

Яраш гукнуў сваім сапраўдным голасам, і дзяўчына змоўкла.

Яны шлі па прачышчаным бары. Месца тут, уздоўж лугу, узгоркавае. Магчыма, некалі, у дагістарычны перыяд, у сто разоў больш магутная рака намыла гэтыя высокія пясчаныя дзюны, на якіх пасля разумныя людзі пасадзілі лес. На грэбнях узгоркаў раслі адны сосны, не дужа старыя, роўныя, высокія, чыстыя — красуні, адна ў адну. Адвячоркавае сонца залаціла іх медныя ствалы. Лёгкі вецер гойдаў гнуткія верхавіны, за якія, здавалася, чапляліся лёгкія хмары, што плылі на ўсход — ад сонца насустрач ночы. На зямлі, укрытай сухой ігліцай, ляжалі дзівосныя карункі святла і ценяў.

А ў нізінах побач з соснамі раслі дубы, зрэдку — бярозы, яны згушчалі лес, і на зямлі ляжаў густы цень. Але пад дубамі часцей трапляліся грыбы. Можа, на нейкі час Яраш забыўся на здароўе сваёй напарніцы і ішоў залішне хутка.

Ап'янелая ад хвойнага і грыбнога водару, ад сонца і шчасця, Зося раптам спынілася, паставіла на зямлю торбачку і прытулілася спіною да сасны.

Антон Кузьміч занепакоіўся: можа, ёй блага? Але яна заплюшчыла вочы і засмяялася, разводзячы вакол сябе рукамі:

— Грыбоў! Колькі грыбоў!

Гэты яе зусім дзіцячы смех, уяўленні і радасць, відаць, і сталі прычынай таго нечаканага ўчынку, які зрабіў Яраш. Ці, можа, яго ўласная радасць і залішняя дужасць?

Яны стаялі перад самым крутым узгоркам. Сосны, агаляючы свае фантастычныя карэнні, здавалася, лезлі на самае неба. Можна было павярнуць назад, можна было абысці па нізіне. Але Ярашу хацелася прабрацца напрасцяк, узлезці на гэтую лясную гару. Але ж не даваць такую нагрузку яе сэрцу!

— Я ўзнясу вас туды, а назад мы пойдзем па лузе.

Не паспела яна запярэчыць, як ён, укінуўшы яе сумку ў свой вялікі кош, лёгка, як колькі год назад малую Наташку, падхапіў яе на рукі.

Яна войкнула, устрапянулася, але не вырвалася.

Прыціхла. З'явілася пачуццё, якога яна не ведала, — яшчэ адна тайна жыцця, якая адкрывалася ёй. Ніколі не трымаў яе вось так мужчына, здаровую і шчаслівую. Зрабілася да неверагоднасці хораша і страшна. Божа мой! Аказваецца, жанчыны, сёстры яе, маюць яшчэ і такое шчасце — блізасць любага, дарагога мужчыны. А яна не мела гэтага і наўрад ці будзе мець. Навошта ён робіць гэта? Навошта абуджае ў яе гэтае пачуццё? Каб даць замест старых, фізічных, новыя, душэўныя, пакуты, магчыма, не менш цяжкія?

Поделиться с друзьями: