Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
«Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, — шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!» [105]
105
Заўвага выдаўца.
Рыбак Родзька
У ціхым балоце чэрці родзюцца.
Прыказка беларускага люду
Мой дзядзька зірнуў праз вакно на возера і сказаў мне:
— Што гэта такое, што Родзька дасюль не прывозіць рыбы; хутка і калядная куцця. Вяртаючыся з Полацка, пан Марагоўскі, можа, застанецца ў мяне на свята, а можа, і яшчэ хто-небудзь з суседзяў наведаецца.
— Пэўна, яму не пашанцавала, бо памятаю, рыбакі скардзіліся, што гэтымі днямі не было ўлову, дык і яго надзеі не спраўдзіліся.
— О, не, Янка! Ты ведаеш гэтага рыбака, ён у сваім рамястве чалавек незвычайны, ніколі не вяртаецца дадому з пустымі рукамі, ведае ўсе падводныя сховы; здаецца, што пад лёдам бачыць, дзе хаваюцца ляшчы, шчупакі ды іншая рыба. Увосень, калі неба закрываюць чорныя хмары і вые вецер, я з трывогаю паглядаю ў вакно, як ён закідвае нерат на возеры, бура ўздымае пакрытыя пенаю хвалі, а ён, нібы нырок [106] , то з’явіцца на паверхні ў рыбацкай лодцы, то знікае сярод шумлівых хваляў, а над ім лётаюць толькі белыя крачкі [107] ; і ў такую буру ён няраз прывозіў мне рыбу і вяртаўся дадому, хоць жыве на востраве, які адсюль так далёка, што ў ясны дзень ледзь згледзіш.
106
Нырок — вадаплаўная птушка з сямейства качыных.
107
Крачкі — сямейства птушак атрада сеўцападобных.
— Надта смелы, а ці не зазнаў калі няшчасця?
— Сам ніколі не паспытаў бяды, а неспрактыкаваных у гэтым рамястве яшчэ і ратаваў, калі гінулі ў буру. Пра яго такія цуды апавядаюць, што цяжка даць веры. Быццам Родзька, ведаючы, што адна рыба лепш ловіцца ў непагадзь, другая — у ціхі ясны дзень, выклікае вецер на возеры, бунтуе ваду, а калі гэта не трэба — вецер адсылае прэч, вяртае ясны дзень і па спакойнай вадзе, напоўніўшы лодку рыбаю, з песняю вяртаецца дадому. З гэтае прычыны некаторыя думаюць, што ён чараўнік.
— А можа, і служаць яму злыя духі? Ты ж, дзядзька, і сам верыш, што ёсць чараўнікі.
— Веру. Але Родзька — чалавек добры, так людзям здаецца. Чараўнікі ж, што знаюцца са злымі духамі, шкодзяць людзям, а я не чуў, каб ён каго пакрыўдзіў, у нядзелю ходзіць у касцёл і старанна моліцца; дарэчы, ён падданы езуітаў.
Калі мы так размаўлялі, загаўкаў сабака на панадворку, Завальня глянуў у вакно.
— Вось, — кажа, — пра пана памоўка, а пан на парог; дачакаўся я нарэшце: вязе Родзька рыбу.
Заходзіць Родзька, у руках зроблены са старога нерата залубянелы на марозе мех (здавалася, што сплецены ён з дроту); з мяха прасвечвалася срэбная луска свежае рыбы. Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы неахайна падалі на плечы: у маіх вачах быў ён падобны ў гэты момант да Трытона [108] , які, усплыўшы з марскога дна, трубіў у ракавіну ў кампаніі Нептуна або Амфітрыты [109] . Рыбак пакланіўся і высыпаў рыбу на падлогу.
108
Трытон, у грэцкай міфалогіі марскі бог, сын Пасейдона і аднае з нерэід Амфітрыты. Трытонамі таксама называюць марскія істоты, што трубяць у ракавіны, суправаджаючы Амфітрыту і Пасейдона.
109
Нептун — бог мора ў старажытнарымскай міфалогіі; у старажытнагрэцкай міфалогіі — Пасейдон. Амфітрыта, у грэцкай міфалогіі адна з нерэід, багіня мора, дачка Нерэя і Дарыды, жонка Пасейдона.
— Даўно чакаў, — сказаў Завальня. — Усё пазіраў у вакно, пачаў ужо хвалявацца, думаючы, што і цябе вось няшчасце напаткала.
— Дзякуй Богу, і сёння яшчэ мая праца не марная. Але ж цяпер час такі: усюды патрабуюць рыбы, мусіў і туды і сюды даставіць добрым панам і суседзям.
— А ўзімку, — сказаў я, — ці клічаш у памагатыя вецер, каб лепей лавілася? Кажуць, нібы вадзяніка [110] , слухаюць цябе вецер і хвалі.
Ён, гледзячы на мяне з усмешкаю, кажа:
110
Вадзянiк — злы дух, што жыве ў вадзе.
— Мае паслы — белыя крачкі — наводзяць вецер і буру, але цяпер іх няма; адляцелі ў вырай. Не, паніч, не давай веры ўсяму, што людзі кажуць, езуіты не таму нас вучаць, каб мы выклікалі злых духаў на дапамогу; хто працуе, таму і Бог дапамагае, аніякіх не хачу я ведаць таямніц, ад якіх душы цяжка.
Мой дзядзька, перапыняючы гаворку, прамовіў:
— Янка — чалавек яшчэ малады, цяперашняга свету, не верыць ні ў якія чары, а толькі жартуе з цябе.
Пасля Завальня загадаў пазбіраць рыбу з падлогі, заплаціў Родзьку колькі належала, пасадзіў на лаве, прынёс гарэлкі і хлеба на прыкуску.
Выпіўшы і закусіўшы, Родзька, пазіраючы на мяне, сказаў:
— Маладыя людзі не бачылі і не чулі, што дзеецца на свеце, таму і не вераць. Я шмат расказаў бы пра гэта, але час позні; сонца нізка: трэба ехаць дадому.
Мой дзядзька рады — рыбак можа нешта цікавае расказаць — налівае госцю яшчэ кілішак гарэлкі і кажа:
— Раскажы нам якую цікавую гісторыю, што зазнаў сам або чуў ад старых людзей, дарэчы, цяпер неба яснае і ветру няма: не будзеш блукаць. Але хоць бы і завея дарогу замяла, табе кожная купіна лазы ці трыснягу густога пакажа шлях, бо ты з дзяцінства ведаеш на гэтым возеры кожны куток.
Родзька ўжо крыху захмялеў; твар ягоны палагаднеў і заружавеўся.
— Добра. Раскажу пану, як у нашых краях праз чары і праз шкодлівых людзей распладзіліся злыя духі.
— Ці ж злыя духі, — сказаў я, — могуць пладзіцца, як звяры?
— Могуць, бо людская злосць ім — найлепшая паша. У нашых ваколіцах старыя памятаюць шчаслівейшае жыццё, калі было яшчэ шмат пачцівых, старанных і працавітых людзей; у той час, кажуць, кожны гаспадар меў у дастатку зямлі, і радзіла зямля заўсёды добра, хапала хлеба і корму жывёле. У азёрах і рэчках было столькі рыбы, што моладзь, бавячыся ля вады з першай-лепшаю прыладаю, лавіла столькі рыбы, што ледзь магла забраць з сабою дадому. Паноў было не шмат, ды і тыя пабожныя, і жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною. Цяпер жа кожны паўпанак, маючы колькі ўбогіх хацін, дорага плаціць за карэты і багатыя строі, вымудраецца, каб здабыць грошы: прадае жывёлу і апошні хлеб, даводзіць бедны люд да таго, што той мусіць кожную вясну карміцца горкім бабоўнікам. А каб мець большы прыбытак з азёраў, наводзяць штогод зімою асташоў [111] , кажуць, што гэтыя рыбакі нібыта пасылаюць пад лёд злога духа і той заганяе рыбу ў нерат; дык яны спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням; намарна пайшлі засцярогі ксяндзоў ды старых людзей. І ў нас развялося злых духаў столькі, што колькі разоў з’яўляліся яны перад мноствам люду, чаго раней у нас ніколі не бывала.
111
Асташы — гэта рыбакi з ваколiц горада Асташкава.
Раскажу пану пра дзіва, якое бачылі на возеры Расоны, гэта не вельмі далёка ад нашае Нешчарды, як вядома пану, не больш за трыццаць вёрст. Дык вось, расказаў мне пра гэта адзін з тамтэйшых жыхароў, таксама падданы езуітаў.
Калісьці вясною вярталіся сяляне з прыгону, сонца яшчэ не села, але перад нядзеляю аканом адпусціў іх дахаты раней, чым зазвычай. Вечар быў ціхі, неба яснае, на высокіх бярозах сумна кукавалі зязюлі, у небе спявалі жаваранкі, цёхкалі салаўі ў кустоўі. Маладыя, едучы конна, гаварылі пра свае прыгоды, а старыя — пра гаспадарку. І тут нечакана пачулі музыку: нехта за лесам граў на дудзе і спяваў так гучна, што па ўсёй ваколіцы неслася рэха, а песню гэтую ўсе яны ведалі.