ЖАНРЫ

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Ад іх, — сказаў ён, — адна шкода. Азёраў і рэчак шмат, і столькі гэтых качак развялося, што трэба асобнага стральца ля кожнай нівы, што блізка ля вады. Вясковы гаспадар апрача злых людзей мае яшчэ шмат непрыяцеляў: дзікіх птушак і драпежных звяроў. Летась вунь ля таго цёмнага лесу вырас у мяне цудоўны авёс. Дык мядзведзь за некалькі начэй знішчыў усё, пакінуў толькі здратаваную салому. Гэты звер не толькі нападае на жывёлу і пчол, але і нівы пустошыць. У мяне добрыя сабакі. Яны вартуюць жывёлу ад ваўкоў і мядзведзяў, а вось засеяны палетак немагчыма ўпільнаваць ад шкоды.

Так мы, ідучы, размаўлялі. Павеяў вецер, і далёка за лесам абазваўся гром. Глянулі мы ўгору: велізарная хмара з усходу падымаецца над лесам, маланка, як вужака, прабегла колькі разоў праз нябеснае чарноцце. Мы паспяшалі туды, дзе работнікі зграбалі сена. Ледзь паспелі скончыць і вярнуліся ўсе дахаты, як сонца схавалася за хмараю, пацямнела, усхадзіўся вецер, жывёла бегла хавацца ў хлявы, гусі, выцягваючы шыі і махаючы крыламі, нібы ветразямі, з крыкам уцякалі з поля.

Раптоўны дождж з градам сек у вокны. Ускінулі на вуголле свянцоныя зёлкі, і ўся сям’я, укленчыўшы, прасіла Бога быць міласэрным. Шум дрэў і залевы, стрэлы грому наганялі страх. Але хутка моцны вецер разагнаў хмары. Скончылася навальніца, блакітнае неба і сонца паказаліся з-за аблокаў.

Гаспадар выйшаў у поле і хутка вярнуўся вясёлы.

— Дзякуй Богу, навальніца не нарабіла шкоды. Дробны дожджык ідзе, няхай, работнікі адпачнуць у хаце.

Дзень хіліўся да вечара. Я расказваў сваім землякам аб прыгодах, што здараліся ў маім жыцці, як пакінуў Беларусь. Усе з цікавасцю слухалі пра дзівосы паўночнай сталіцы, пра тэатры, канцэрты, пра норавы жыхароў. Але найбольш іх займалі небяспечныя марскія падарожжы, буры, малюнкі гор і берагоў чужых краін.

— Я ніколі не меў ні ахвоты, ні цікавасці наведаць чужыя краіны, — сказаў гаспадар. — Заўсёды мяне захаплялі тыя памятныя вершы, якія некалі ў Полацку ў езуіцкім тэатры спяваў хлопец, іграючы на гуслях:

Шчаслівы, хто ад спрэчак далёкі, Як і ў тыя, мінулыя рокі, Не сядзіць, а старанна працуе, Дык яму ва ўсім вечна шанцуе.

— Сапраўды, шчаслівы той, хто жыве ў вёсцы з працы рук сваіх. Анэля, вазьмі гітару і заспявай песеньку, якую я склаў, прыгадаўшы, як у школьныя гады пісалі мы вершы.

Анэля настроіла гітару і заспявала, як вясновая птушка, мілагучным і прыемным голасам:

Славяцца дрэвы красою Ў пушчы у нашай і ў гаі. Там салавейка вясною Цэлую ночку спявае. Ў лузе на пашы багатай Статкі жывёлы пасуцца. Грэчкі ў нас ніва за хатай — З мёдам там пчолкі снуюцца. Як гаспадар на палетку З неразагнутай спіною, Бог тут дарадца і сведка — Жыта сцяною. Нетры лясоў бласлаўляе Наш паляўнічы руплівы. Рыба ў азёрах гуляе, І рыбалоў тут шчаслівы.

Пасля гэтае песенькі шмат яшчэ пан Зямельскі расказваў пра сваю гаспадарку, аб продажы сена, жыта, аўса і іншых дарункаў зямлі. Гаспадыня хваліла пароду жывёлы, а менавіта авечак, якія мелі доўгую і мяккую воўну. Апавядала аб прыбытках ад продажу малака і свойскіх птушак. Панна Анэля дастала з куфра белы і тонкі, як паркаль, кужаль; гаварыла, што бацька, на яе шчасце, штогод засявае адну ніву льном, з якога пад яе наглядам ткуць палатно, і яна штогод прадае частку яго ў горадзе і за гэтыя грошы купляе сабе на ўборы ў краме паркаль і ядваб.

Некалькі дзён бавіў я ў прыемных размовах у доме пана Зямельскага, увесь час адчуваючы ветлівасць і шчырасць сэрцаў усёй ягонае сям’і. Я быў невыказна шчаслівы. Час той прамінуў як найпрыемнейшы сон.

Узышло сонца, пагодны ранак, час у падарожжа. Пасля снедання я развітаўся з усімі са слязьмі на вачах, а памяць пра іх назаўсёды засталася ў маёй душы [185] .

ДУША НЕ Ў СВАІМ ЦЕЛЕ [186]

185

Напрыканцы аповесці пазначана: «Працяг у наступным нумары».

186

Упершыню надрукавана на польскай мове ў кнізе: Proza і wіerszy. Kіjow, 1849. Cz. 1.

Разлеглы абшар Валыні [187] ў большай частцы пакрыты лясамі, на захадзе ж вачам адкрываюцца стэпы і зусім іншыя краявіды. Праз ваколіцы і мястэчка Цуднаў [188] плыве Цецераў; на заходніх і ўсходніх берагах гэтае рэчкі ўздымаюцца высокія дзікія скалы, нібыта руіны даўніх часоў, і здаецца, што іх накшталт сценаў узнесла сама прырода, каб адмежаваць Палессе ад тлустае і ўрадлівае зямлі. Ад Цуднава аж да межаў Падолля [189] — паўсюль улетку можна бачыць нівы, засеяныя буйною пшаніцаю; тут зямля без вялікіх намаганняў аратага дае багаты плён. Хоць жыхары гэтых ваколіцаў забяспечаны ўсім, што толькі трэба дзеля іхніх выгодаў, аднак і сярод іх слёзы, трывога, пакуты сустракаюцца як і ўсюды; няма праўдзівага шчасця, няма раю на гэтай зямлі.

187

Валынь — гістарычная частка Вялікага княства Літоўскага. Сваю назву атрымала ад г. Валынь, якога сёння няма. Уключае ў сябе беларускае і ўкраінскае Палессе.

188

Цуднаў — сёння гэта ўкраінскі горад Чуднаў.

189

Падолле — гістарычная частка Вялікага княства Літоўскага, гвалтоўна далучаная ў 1569 г. да Польшчы. Ахоплівае тэрыторыю сучаснае Ўкраіны па рэках Днестр і Паўднёвы Буг.

Халера, цяжкая азіяцкая хвароба, ахапіла ўсходнюю частку Еўропы і ў 1847 годзе, пераходзіла з месца на месца, імкнучыся на поўнач і на захад; і гэтай кары Божай паўсюль папярэднічала надзвычайная трывога. У пачатку чэрвеня 1848 года [190] , у самую спёку, з’явілася яна на Валыні і была ў асобных мясцінах жудаснаю; у мястэчку Цуднаве і ў ваколіцах пасля гэтае страшэннае бяды шмат засталося няшчасных удоў і сірот.

Увосень, калі небяспека тае страшнае эпідэміі знікла, у доме шляхціца Н. сабраліся суседзі, і сярод іх пан Зянон, які, вандруючы па гэтым краі, пазнаёміўся з ветлівым гаспадаром. У гэтай грамадзе пачалася размова пра халеру, пра нябожчыкаў і пра тых, хто ачуняў; госці, нібыта мараходы на беразе пасля жахлівае марское буры, успаміналі сяброў і знаёмых, што зніклі ў вірах, і тых, каму Бог дазволіў выплыць на бераг, каб яшчэ працягваць пілігрымку свайго жыцця.

190

Паводле тагачаснае перыёдыкі эпідэмія халеры на Валыні лютавала таксама ў 1848 г. А г. зн., што Франц Савіч, які жыў у той час там (мястэчка Янушпаль) ды ратаваў людзей ад пошасці, памёр у 1848, а не ў 1845 г., як сцвярджаецца ў навуковай літаратуры.

— Шкада Саматніцкага, — прамовіў адзін з гасцей. — Добры быў чалавек! Як ён стараўся дапамагаць тым, хто пакутаваў ад гэтае хваробы, а сам памёр без догляду, бо жыў у адзіноце на хутары, дзе толькі дрэвы шумяць над дахам.

— Адкуль, Мацею, у цябе такія весткі? Саматніцкі і цяпер жыве на тым жа хутары, я нядаўна сам яго бачыў.

— Я ведаю, што хтосьці там жыве, але не ён, бо знаў яго добра. Быў гэта мужчына высокага росту, светлавалосы, досыць прыгожы, а гэты — зусім іншы, ростам значна меншы, худы, чарнявы і, здаецца, нават старэйшы.

— Гэта Саматніцкі. Праўда, ніжэйшы, іншы з твару, бо ён цалкам перамяніў цела, а як гэта сталася, ведаю толькі я.

— Дзіўныя рэчы ты апавядаеш, пане Мікола, — сказаў гаспадар. — Усім нам цікава ведаць, якім гэта чынам можа чалавек змяніць сваё аблічча.

— Рэч немагчымая, незразумелая, надзвычайная і нечуваная, але так было.

— Аднак растлумач жа нам гэтую загадку! — закрычалі ўсе госці. — Бо ніхто з нас адгадаць яе не можа.

— І я таямніцу не зразумеў ва ўсіх дэталях, але пра тое толькі раскажу, што бачылі, і пра тое, што ён сам нядаўна расказваў.

У часе тае лютае халеры, ведаеце самі, Саматніцкі быў смялейшы за саміх лекараў, рызыкаваў, на любы кліч ляцеў, абы толькі даць ратунак людзям: хворых націраў нейкімі таямнічымі лекамі і штосьці даваў выпіць, ды такія гэта мела добрыя вынікі, што аніводзін не памёр з тых, каго ён наведаў.

Цуднаўскі мешчанін, адзін з маіх знаёмых, расказаў мне пра такое дзіўнае здарэнне. Ягоная жонка раптоўна адчула моцны боль у сярэдзіне, і зараз жа з’явіліся ўсе прыкметы тае страшнае хваробы; дык ён паспяшаўся да нашага цудоўнага лекара прасіць дапамогі. Калі ён прыбег на хутар, то аслупянеў, уражаны незразумелым відовішчам: на панадворку перад самаю брамаю ўбачыў Саматніцкага; той выглядаў нябожчыкам: рукі і ногі былі не падуладныя яму, вочы адкрытыя, твар бледны; мёртвае цела, адарваўшыся ад зямлі, рухалася, і здавалася, што нейкая нябачная сіла кідала гэты труп ва ўсе бакі. Мешчанін хацеў ужо ўцякаць адтуль, але пачуў голас: «Пачакай хвіліну, спачатку трэба, каб ты маё цела намазаў лекамі і выратаваў ад пошасці, тады буду гатовы ісці з табою». Праз колькі хвілінаў цела стала на ногі, здаровы Саматніцкі аправіў на сабе вопратку і сказаў: «Ну, цяпер пойдзем, ведаю, чаго ты прыйшоў: жонка твая ачуняе». І сапраўды, таемнымі сваімі лекамі ён выратаваў яе за пару гадзін.

Поделиться с друзьями: