ЖАНРЫ

Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)
Шрифт:

Днi, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былi цiкавейшыя, чым ночы пад накамарнiкамi, якiя слаба ратавалi ад машкары, павутоў i iншае заедзi, што прагла ўзяць у нас аналiз крывi. Удзень мы заводзiлi знаёмствы з iстотамi больш адметнымi. На будаўнiцтве цагельнi разам з намi рабiлi зэкi з зоны i вольныя пасяленцы, або папросту хiмiкi. Зэкi былi падканвойныя, i даступiцца да iх мы не маглi, затое з хiмiкамi без цырымонiй перакурвалi, а то i выцэджвалi пляшку "777-га", што ў белаярскiм абыходку з любасцю зваўся "трыма сямёрачкамi".

У вынiку супольных перакураў, па-першае, выявiлася, што аэрадромны жывапiсец з казлiнаю бародкай у мiнулым быў дацэнтам (тут яго звалi Рэпiным) Ленiнградскай акадэмii мастацтваў i дацягваў на вольным пасяленнi тэрмiн за небескарыслiвую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананнi дыпломных прац. Апроч ленiнаў i брэжневых (Леанiда Iльiча ён дужа не любiў i называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскiх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна "прышпiльваў" на пагоны лiшнюю зорачку. Ён быў страшэнны мацюкальнiк; нягледзячы на несамавiтую знешнасць, меў поспех у далёкiх ад мастацтва белаярскiх жанчын i збiраў, а можа, i сам выдумляў анекдоты пра "ментоў". Адна з ягоных показак, пра юнага скульптара, памятаецца мне да сёння. Мiлiцыянт пытаецца ў хлопчыка, што ён лепiць. "Дзядзю мiлiцыянера", - адказвае з пясочнiцы юны скульптар. "А з чаго?" - "З пясочку, з вадзiчкi i з гаўняшкi". Дзядзька ў форме, натуральна, дзярэ малому вушы, але назаўтра зноў заспявае таго ў пясочнiцы. На пагрозлiвае пытанне хлопчык адказвае, што лепiць дзядзю пажарнiка. Палагаднелы мiлiцыянт удакладняе - з чаго? "З вадзiчкi i з пясочку".
– "А гаўняшка?" Тут юны скульптар хiтравата прымружвае вочы: "Э не, тады дзядзя мiлiцыянер атрымаецца".

З Рэпiным хадзiў, быццам злыганы, гэткi самы дробненькi, як i ягоны патрон, хiмiк Вася з вострымi блуклiвымi вачыма i з мянушкаю Iншапланецянiн. У вольным жыццi ён круцiў абаранку "МАЗа" i пацiху гандляваў руберойдам, цэментам ды iншымi дзяржаўнымi грузамi. Iншапланецянiн, што аддана цягаў за Рэпiным фарбы й пэндзлi, пакiдаў уражанне чалавека цалкам ураўнаважанага, пакуль не пранiкаўся да цябе даверам. Калi так здаралася, ён прапаноўваў адысцiся ўбок i, пачынаючы хвалявацца й блiскаць вачыма, тлумачыў, што ўсе непамыслоты накшталт гандлю руберойдам пасыпалiся на яго пасля сустрэчы на трасе з iншапланецянiнам.

Пасланец чужой цывiлiзацыi паўстаў перад спагадлiвым Васем у аблiччы адубелай iстоты, што галасавала ў марозную ноч на глухой таежнай паваротцы. У кабiне пасажыр хутаўся ў дзiўнаваты серабрысты балахон i трымаўся таксама дзiўна: сам маўчаў, а слухаючы анекдоты, не смяяўся. Прыгледзеўшыся да спадарожнiка, Вася з жахам убачыў у таго на месцы носа чорную дзiрку, адкуль штосьцi свяцiлася. Далей аповед рабiўся блытаным i няўцямным. У iм фiгуравалi нейкiя велiчэзныя срэбныя цылiндры, канцэнтрычныя кругi чыстай зямлi сярод сумётаў, украдзены цэмент i чамусьцi - падобны да старога стамлёнага габрэя сiвы дзядуля з вялiкiмi, шэрымi, як у начной мятлушкi, крыламi, што, палохаючы мантажнiкаў, лётаў у тайзе ўсцяж лiнiй электраперадач. (Самае неверагоднае, што пра гэтага дзеда з семiцкiмi рысамi я пачуў гадоў праз дзесяць ад аднаго зусiм нармальнага полацкага хлопца-вахтавiка, якога штомесяц на два тыднi закiдвалi самалётам кудысьцi пад Нафтаюганск.)

Перакуры звялi нас i з двума цiхiмi хлапцамi-блiзнятамi, якiх нiхто ўсё адно не мог адрознiць i таму мянушку яны мелi ў множным лiку - Зваршчыкi. На "хiмii" зварачных апаратаў у iх у руках нiколi не бачылi, але на волi браты сапраўды працавалi зваршчыкамi i недзе пад Цюменню пасадзiлi ў трубаправод i акуратна заварылi начальнiка ўчастка. Уперад галавою ён, разважаючы над праблемай справядлiвага закрыцця нарадаў, мог паўзцi да самай эўрапейскай часткi СССР, а ўперад нагамi - усяго нейкiх кiламетраў дваццаць. Начальнiк здолеў абраць правiльны маршрут i, нiбы прарок Iёна з чэрава левiяфана, выбраўся з трубаправода на свежы ветрык за дзень да таго, як у трубу пусцiлi газ. Дзякуючы гэтаму блiзняты атрымалi на судзе няшмат. Зрэшты, калi б начальнiк папоўз у Эўропу, мо не атрымалi б нiчога, бо сведкаў у тундры не было.

Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстанi докерамi. Поплеч з намi варочалi скрынкi з "777-м" i з няспелымi яблыкамi трое бiчоў - два грывастыя нямытыя i няголеныя хлопцы i дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы i не прыцьмелыя вочы колеру мешкавiны - можна было б назваць "русской красавицей". Дзяўчына, праўда, скрынкi не цягала, а асядлаўшы адну з iх, бясконца курыла, запiваючы цыгарэтны дым дагестанскiмi "трыма сямёркамi". За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькi раз - дзеля таго, каб, схапiўшы мяне за рукаво штармоўкi, прамовiць: "Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку". Уражаны тым, што бiчоўка чытала Нiцшэ, я ледзьве не выпусцiў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справiцца з цяжарам, каралеўскiм рухам пераправiўшы са скрынкi да сваiх ног яшчэ адну пляшку, i зноў патанула ў фiласафiчным маўчаннi.

Увечары, калi на беразе Кецi мы замочвалi з бiчамi докерскi заробак - па 50 рэ на брата, стала вядома, што калегi вучылiся ў маскоўскiм авiяцыйным iнстытуце, два гады таму прыехалi сюды ў будатрад i, надыхаўшыся сiбiрскаю вольнiцай, назад у сталiцу не вярнулiся. "А пошла она в аэродинамическую задницу!" - з прафесiйнай вытанчанасцю выказалася няспраўджаная авiяканструктарка.

Напрыканцы балюшкi бiчы пачалi бесцырымонна-слiнява цалавацца - усе ўтраiх - i ўрэшце, прыхапiўшы па пляшцы "777-га", дружна залезлi пад перакулены баркас.

Ранiцой мы сталiся сведкамi iхняга сняданку. Пакуль хлопцы пахаджалi па беразе, робячы фiзiчныя практыкаваннi, жаўтазубка паслала на траве каля баркаса неверагодна брудную насоўку i падзялiла на тры кавалкi хлебную гарбушку. "Ох, мальчишечка, как бы я тебя вы...
– невядома да каго з нас летуценна прамовiла яна i, соладка пацягнуўшыся, какетлiва дадала: - Но нельзя, дружок, нельзя, ребята заругают, ревнивые - ужас".

У Бл. Яры я паспеў пазнаёмiцца i з кучаравым Сашкам родам з-пад Жлабанска, як ён называў Жлобiн, дзе прамiнула ягонае дзетдомаўскае дзяцiнства.

Адно цыганiстае Сашкава брыво перасякаў безвалосы шнар - узнагарода за шкадобу да чацвераногiх сяброў.

Паводле няпiсанага статуту ў дзетдоме рэгулярна наладжвалiся гэтак званыя сабачнiкi. Чаму забава так менавалася, уцямiць цяжка, бо ў ёй бралi ўдзел не сабакi, а каты. Злоўленых у наваколлi катоў старэйшыя выхаванцы, адцягнуўшы на загрыўку ў братоў сваiх меншых шкуру, прыбiвалi цвiкамi да плота, а за дваццаць крокаў ужо чакалi складзеныя загадзя крушнi. Ратаваць жывыя прыцэлы не забаранялася, аднак каменны град не павiнен быў нi на хвiлю слабець.

У сiрочым прытулку бытавалi й iншыя традыцыi. Старэйшыя, напрыклад, вучылi малодшых лаяцца матам. Трохгадовых дзяўчынак абыдзень ставiлi на "зважай" i прымушалi па сто разоў голасна паўтараць: "я - б...", "я - б...", "я - б...". Наступнага тыдня дзеўчанятка гэткаю ж методаю доўжыла навуку: "я - п...", "я п...". Узбагацiўшы лексiчны запас вучняў, "педагогi" пераходзiлi да сiнтаксiсу. Дзецi, якiя ўжо ведалi грамату, акрамя вусных практыкаванняў, атрымлiвалi пiсьмовыя заданнi. Найбольшай вынаходлiвасцю ў гэтым вызначаўся нейкi Халiмон. Ён мог загадаць дзяўчу папрактыкавацца не на аркушыку, а ў класным сшытку i абавязкова здаць яго на праверку настаўнiцы. Адкупiцца дазвалялася толькi адным спосабам, пра якi не хочацца ўзгадваць. Асаблiвую асалоду дарылi "выхавацелям" хлопчыкi i дзяўчынкi, што траплялi ў дзетдом з добрых сем'яў, дзе прычынiлася якоесьцi няшчасце. Малых навучалi курыць, пiць вiно, рэзацца ў карты, б'ючы прайгралага па вушах лiнаркай або кормячы "вустрыцамi" - пасыпанымi зямлёю слiмакамi цi вусенямi.

Старшакласнiкi, успамiнаў, гледзячы на нас сумнымi антрацытавымi вачыма, Сашка, выбiралi сабе дзяўчатак, звычайна малодшых, i тыя ўвечары, калi сыходзiлi выхавацелькi, беглi ў спальню да сваiх уладароў i заставалiся там да ранiцы. Узiмку дзяўчо, што круцiлася ў ложку адно, пякуча зайздросцiла парачкам, бо заснуць у выстылым дартуары было амаль немагчыма - торф i дровы адмiнiстрацыя заганяла налева.

За што Сашка адзвiнеў два гады на зоне, даведацца мы не паспелi, бо непазначанаю на мапах вузкакалейкаю нашая брыгада ад'ехала на халтуру ў таежны пасёлак Ягаднае. (Генiк пасля чарговага шклабою прадбачлiва склаў з сябе паўнамоцтвы загадчыка гаспадаркi i яшчэ больш прадбачлiва, як засведчылi далейшыя падзеi, захапiў з сабою паляўнiчую стрэльбу.)

Поделиться с друзьями: