Скокі смерці
Шрифт:
— Італіец – вядзьмак! – выкрыкнуў нехта са старавежцаў. — Гэта з-за яго пачаўся шал! Ён д’ябальскія скрынкі сюды прывёз!
Пан Ляскевіч падняў руку і спыніў крыкі, што ўсчаліся пры адной згадцы пра лекара.
— Мы ня можам зьвінаваціць пана лекара ў нашых пакутах, бо доказаў ня маем. Мы ведаем толькі, што апошнім часам пан Бернацоні выратаваў шмат хворых, што міласэрна адведваў дамы, пазначаныя сьмерцю, куды шмат хто не насьмеліўся б занесьці і кроплі вады ці кавалка хлеба нават дзеля выратаваньня ўласнае душы. Але выявілася, што лекар гвалтам трымае ў вежы дзяўчыну... Магчыма, гэта мая дачка Анэта.
Голас Ляскевіча здрыгануўся. Рожа недаверліва хмыкнуў.
— Адкуль такія зьвесткі?
— Пан Багуслаў Радчыц бачыў дзяўчыну ў вакне ратушы.
Сінявокі шляхціц ступіў наперад.
— Гэта была яна, Анэта! Мая нявеста! Я пазнаў бы яе нават тады, калі б яна ператварылася ў аблачыну ці ў птушку!
Рожа прымірэнча падняў далоні.
— Добра, добра, не гарачыцеся, пане-браце! Тут зьясаваць патрэбна. Што за дзяўчына, ці сваёй воляй там, ці ёсьць яна ўвогуле... Вядома, гвалт над паненкай – ганьба. Князь такога не даруе. Калі лекар у падобным вінаваты – адкажа горлам. Будзеце мець ягоную галаву на палі. А пакуль прашу ягамосьцяў саступіць дарогу.
— Мы пойдзем з вамі ў ратушу! – гэта крыкнуў Багуслаў. Рожа, не сьпяшаючыся, сеў на каня і толькі тады адказаў, амаль ласкава, як несьвядомым дзецям тлумачаць, чаму нельга хадзіць далёка ў лес.
— На жаль, пакуль не прыбудуць у Старавежск мошчы сьвятога пакутніка Віта, пакуль на пляцы наш шаноўны біскуп ня зладзіць чын выгнаньня шатана, пакуль ня пройдзе хросны ход вакол ратушы ды ўсяго горада, — Вялікі князь загадаў нікога са старавежцаў на пляц не пускаць. Каб не ўзбудзілася зноў шаленства. Так, панове, падумайце самі, што, калі вы зноў паляціце карагодам? Вы ж маглі падхапіць тое насланьнё! Наблізіцеся да вежы, тут вас мара і апануе.
— Хе-хе-хе! І будуць панове скакаць, скакаць, таньчыць, як лялечкі на вяровачках...— пранізьлівым голасам пракрычаў Карэйва. Старавежскія шляхцюкі, амаль усе, апусьцілі вочы, згодна заківалі, і застарэлы страх лёг ценем на іхнія твары. Як лёгка кіраваць тымі, хто аднойчы сьмяротна спалохаўся. Малады Радчыц і сівавусы Ляскевіч яшчэ нешта крычалі, абураліся, але соцкі Баркун падаў знак, і старавежцаў ветліва, але рашуча адсунулі ўбок. Частка княскіх вояў засталася, каб узмацніць ахову, а новы войт са сьвітай рушыў да вежы, над якой усё яшчэ лунаў сьцяг незалежнага горада – са срэбным коньнікам на барвова-белым полі.
— Хе-хе-хе! – вар’яцкі сьмех блазна слаўся над пляцам разам са сьмярдзючым дымам ад вогнішчаў. Чорныя сьляды разразалі напалам бялюткае покрыва першага сьнегу.
— Анэ-эта! – адчайна крычаў малады шляхцюк, ірвучыся праз ахову да ратушы. – Анэ-эта!
l l l
— Анэ-эта!
У дзьверы настойліва стукалі. Я падхапілася з ложка. Сэрца шалёна білася. Спатрэбілася некалькі хвілінаў, каб прыпомніць, што я знаходжуся ў маёнтку Пятра Калыванава, а за дзьвярыма гучыць голас Юрася.
— Анэта, уставай! Праз пяць хвілінаў сьняданак!
Мог бы і раней мяне пабудзіць... Добра, што я даўно ўжо не марную час на касьметыку. Запляла касу, улезла ў джынсы і швэдар... І, замест таго, каб ірвануцца да сьвецкага жыцьця, павольна падышла да вакна... Унізе чарнелі дрэвы старога парку. Ноччу першы сьнег прыцерушыў зямлю, і гольле скрыжоўвалася на белым фоне, як саржавелая зброя. Але ў гэтым адчувалася ня злосьць, а нейкая безнадзейнасьць, нібыта самі драўляныя воі ведалі, што іх бітва даўно ня мае сэнсу, і пераможцаў ня будзе. Ды аднойчы дадзенае слова гонару змушала іх зноў і зноў сыходзіцца ў змаганьні.
Калісьці гэта быў вельмі прыгожы парк. Сьцяжынкі між роўна падстрыжаных кустоў утваралі ромбы і віньеткі, і лёгка было ўявіць, як па іх рухаюцца-плывуць пані і паненкі ў доўгіх сукнях, падобных да перавернутых чарак з каляровага шкла. Дзіва, што новым гаспадарам хапіла густу не вынішчаць старыя прысады. Дарэчы, наўрад ці ўзрадаваліся б былыя гаспадары, інсургенты і патрыёты, што ў іхніх сьценах атабарыўся расеяц, ды яшчэ, здаецца, замяшаны ў брудныя палітычныя справы... Калыванаў якраз і зьехаў займацца палітыкай, губернатарам нацэліўся стаць.
Гадзіньнікі стаялі ў памяшканьні цокальнага паверху, аніяк не падобным да музейнае залы. Хутчэй да велізарнай лабараторыі. Прынамсі, незразумелай мне апаратуры тут мелася багата. У другім канцы пакоя, дзе цямнелі вялікія, нібыта гаражныя, дзьверы, збліснуў лакавы бок старога аўтамабіля… Ах так, Віталь казаў пра майстэрню па рамонце антыкварнай тэхнікі… Аркадзевы гадзіньнікі я пазнала адразу – яны стаялі ля сьцяны і нагадвалі цяпер ня рыцараў, а палонных. Прафесар Зьміцер Патапавіч ледзь ня носам тыцкаўся ў кожны з іх, аглядаючы. Астатніх гадзіньнікаў было дзясяткі тры... Адны падобныя да маленькіх храмаў, другія – простыя і змрочныя, як труны, трэція – нібыта дзіцячыя забаўкі. Юрась так і кінуўся да іх, нібыта да аднойдзеных сардэчных сяброў. Я заўсёды зайздросьціла тым, хто займаецца сваёй улюбёнай справай, хаця й сама калісьці была сярод такіх шчасьліўцаў. Цяпер – толькі назіраць... Вось Юрась пяшчотна дакранаецца да старога дрэва... Вось ён нешта заўважыў на бакавой сьценцы, і пагляд зрабіўся, як лязо. Прыгаворвае скрозь зубы... Упэўнена адчыняе дзьверцы механізма, асьцярожна кратае нешта ўнутры... Прысутныя, уся «досьледная каманда» на чале з Янчыным, моўчкі назіралі за ягонымі рухамі, нібыта родзічы хворага чакалі прысуду цуда-лекара. Нават прафесійна-іранічны «псіх» Макс пасур’ёзьнеў. Нарэшце Юрась павярнуўся да нас. Твар ягоны зьзяў, як ва ўдалага рыбара.
— Можам павіншавацца! Гадзіньнікі з вежы – усе тут! Вось гэты, з караблём... Гэты, з крыжам і ружамі... І той, чорны, з рыцарам... Калыванаў усе ў Польшчы за адным разам купіў, так? Я каталог аўкцыёну бачыў. Не пасьпеў Аркадзь паўдзельнічаць… Наконт гадзіньніка з месяцам я ня ўпэўнены, надта ж пашкоджаны, але хутчэй за ўсё – і ён належаў таемнаму Бернацоні...
Ахоўнікі, знаёмыя нам ужо Ігар і Анатоль кінуліся паводле Юрасёвых указаньняў перастаўляць патрэбныя экспанаты. Лішнія гадзіньнікі беражліва і пасьпешна, як паважаных, але надакучлівых гасьцей, адпраўлялі за дзьверы. Урэшце ў пакоі іх засталося дванаццаць... Віталь Янчын абняў былога вучня.
— Дружа, ты геній! Каб ты ведаў, які кавалак працы зараз адолеў!
Юрась асьцярожна вызваліўся з абдоймаў.
— Гэта мог зрабіць для вас любы антыквар.
— А нам любога ня трэба! – Янчын захіхікаў, але абарваў сьмех і амаль строга дадаў.
— Цяпер прафесар патлумачыць вам тое-сёе. Дасьць, так бы мовіць, агульны накірунак.
Зьміцер Патапавіч наставіў на нас свае акуляры-лінзы, нібыта сумняваўся, што мы можам нешта зразумець з ягоных слоў, і загаварыў гэткім жа занудным, як усё ягонае аблічча, голасам.
— Высновы мае носяць пакуль гіпатэтычны характар. Дык вось... Перад намі доказ таго, што стэрэатыпы наконт прагрэсу – усяго толькі ілюзія. Нашыя продкі валодалі такімі сакрэтамі тэхнікі, якія нам толькі сьняцца. Нічога новага, панове, мы не вынаходзім. Толькі ўспамінаем тое, што было добра вядома прашчурам. Гэтыя гадзіньнікі маюць сакрэт, які пакуль я раслумачыць не магу.
Прафесар паставіў на маленькі столік насупраць гадзіньніка «Чорны Ганс» звычайную шклянку, перамераў рулеткай адлегласьць, пасунуў шклянку на пару міліметраў, яшчэ... Нешта пакруціў унутры гадзіньніка. Металічны званар падняў свой молат і ўдарыў у звон… Гук быў нечакана пранізьлівы, непрыемны, аж зубы занылі… Званар ударыў яшчэ раз, яшчэ… Раптам шклянка на стале пачала тонка вібрыраваць.