Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сны iмператара

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

– Во вам, баламутам, яго княская мосць булак салодкіх з разынкамі пасылае, каб у апошнюю ноч спалася лепей!

Узялі мы па булцы, адкусілі і жуём. А булкі і праўда смачныя - і салодкія, і цёплыя. Ямо, і тут нехта са святлейшага кута гукае:

– Хлопцы, а хлопцы, а разынкі княжыя з вусамі! Прыгледзеўся я, і праўда, заместа разынак, прусакі ў булцы. Шалее, мусіць, князь Геранім, што не выходзіць па-ягонаму.

Так наша апошняя ноч і надышла. Доўга мае пабрацімцы не засыналі, кожны з боку на бок круціўся і пра сваё думаў. Звечара яшчэ Сымон Варона ніяк угамавацца не мог, пакуль не закрычалі на яго: «Абрыдзеў ты, Сымон, з гэтымі показкамі! Ты на свеце адзін душою свой век звекаваў, табе ні чорта здумаць, а нам жонак з дзеткамі ўзгадаць трэба ды перад смерцю за іх памаліцца».

Мне таксама Домна мая нябожчыца ўспомнілася ды Кацярынка, Гдалевымі людзьмі замучаная, і падумалася, што калі праўду ў царкве пра той свет кажуць, дык, можа, заўтра я з імі і пабачуся. Як той казаў, няма ліха без дабра. А потым - ажно слёзы накруціліся - пра сына, пра Тамаша, падумаў, які пасля таго страху ў лесе ўжо пяць гадоў адно мычыць, а слова вымавіць не можа. Як ён нямком жыць будзе?

І зноў думкі да Сымона Вароны і да Андрэя Косткі павярнулі. Калі Андрэя да князя вадзілі, значыцца, і Варона і Вецер згоды сваёй не далі. Ды і Костка даць не мог, не з такіх ён. Пад Царковішчамі двух родных Андрэевых братоў княскія казакі ў яго на вачах дзідамі закалолі, і за кожнага ён перад палонам паквітацца паспеў. Не, не з такіх.

Да таго ж дайшла да астрога чутка, што гусары ягоную жонку сілай узялі і ўпяцёх здзекаваліся.

Але ўсё роўна нейкі цень на маёй душы ляжаў, бо, калі чалавек не на полі, не навідавоку ва ўсіх, а адзін на адзін з тым ворагам, што ў ім самім сядзіць, тады стакроць чалавеку цяжэй. Не стрываў я і гукнуў шэптам Андрэя. Не азваўся ён, ды гэтак ціха ў тым кутку зрабілася, што зразумеў я: не спіць, а гаварыць не хоча. Затое Сымон Варона голас падаў, хоць мне здавалася: гэты ўжо трэція сны бачыць.

– Што, - пытаюся, - Сымон? Не спіцца?

– Ды не, - адказвае.
– Спіцца. Гэта я з табой адтуль, са сну, гаманю. Хочаш, магу і показку табе адтуль збаяць?

– Не трэба, - кажу, - спі далей.

Васіль Вецер, чую, стагнаў, стагнаў ды і захроп, а гэтыя двое, як і я, без сну ляжаць. Можа, і ім тую самую цану Радзівіл прызначыў і ноч на роздум пакінуў? Можа, і яны цяпер мучацца: каго ратаваць?
– а пра тое, чым за гэтыя жыцці ўратаваныя заплаціць трэба, не думаюць?

Зноў я Андрэя паклікаў, і зноў ён перамаўчаў. Тады да Вароны зашаптаў, але і ён гэтым разам не азваўся. І разважыў я так, што ўсё адно здрайцу словам не запыніш, а моцнай душы праўда сама адкрыцца мусіць, і памаліўся, каб даў Бог іхнім душам моцы. Аднак самому, чую, гэтае моцы не стае, бо заварушылася ў душы падумка: а ці захочуць мяне, Карпача, сябрукі мае ўратаваць, калі на тое іхняя воля будзе? Абагнаўся я ад такой падумкі ганебнай, а тут новая ў голаў лезе: а як захочуць? Няўжо жыццё, чужой здрадаю купленае, прыму? Ну а калі ўсё ж дзверы адчыняць ды скажуць: ідзі на чатыры бакі - тады што рабіць?..

Адно пад раніцу мяне сон адужаў, і прыснілася, што мы з Сымонам і з Андрэем у Сажы целяшом купаемся і, як некалі, ракаў на плыткаводдзі ловім. І чуем: кліча нас нехта. Глядзім, а гэта князь Геранім у чоўне плыве і тую немачку кучаравую на каленях трымае: «Гэй, вы, - крычыць, - баламуты! Усіх на волю адпускаю!» Закрычалі і мы штосьці, але што - не паспеў я пачуць, бо загрымелі астрожныя дзверы, і ўжо стаяў на парозе паручнік з паходняй, а за ім жаўнеры тоўпіліся.

Пачалі мы да смерці рыхтавацца, ажно паручнік аднаму Андрэю Костку збірацца загадаў. Зірнуў я Андрэю ў вочы, і Сымон Варона на яго пільна паглядзеў, і Васіль Вецер на саломе прыўзняўся. Пабрацімец жа наш вачэй не адвёў і ўсім нам на ростань усміхнуўся гэтак лёгенька.

А потым доўга мы не чакалі. Андрэя назад не вялі, ды замест яго сам палкоўнік Пястжэцкі, боўдзіла вусаты, з хеўраю сваёй у камору заявіўся, і новы крычаўскі містр, а былы наш сябрук Саўка Маўчун за іхнімі спінамі аціраўся, акурат такі, як ва ўчарашнюю ноч мне прымроіўся - у кунтушы чырвоным, у шапцы з баранком і з шабляю на баку. Палкоўнік указ княжы чытаць стаў, і, паводле гэтага ўказу, я, Сымон Варона, Васіль Вецер і Ігнат Малунёнак, што калісьці мяне ў асеці хаваў, а таксама яшчэ чацвёра нашых мусілі сёння памерці, а астатнім васьмярым і самому Костку загадваў Радзівіл чакаць і на ягоную літасць спадзявацца.

Мы з Варонам пераглянуліся і ўсё дарэшты зразумелі. У першую хвілю я ўсцешыўся нават, што памерці наканавана, а не дзячыць за жыццё Косткавай здрадзе. Але адразу сэрца сціснулася: а як жа пабрацімцы мае, тыя, якіх Радзівіл на волю адпусціць? Так і не ўведаюць, якой цаною за іхняе жыццё заплочана? А палкоўнік ужо рукою махнуў, каб мы васьмёра выходзілі.

І тады я кашулю на грудзях ірвануў і да тых, што княскай міласці чакаць заставаліся, закрычаў:

– Браты мае! Слова вам перад смерцю мовіць хачу! Прадаў нас Костка! І вас, і нас, што на смерць зараз пойдзем, і тых, што пад замкам ды пад Царковішчамі палеглі, і тых, каму Саўка Маўчун галовы сцяў, і тых, што па лясах і за кардонам уратаваліся! Усіх прадаў! Ведаеце вы, што па Вашчылавым загадзе Кузьма, Стэсеў сын, усё пра наш рокаш запісваў, каб праўда пра нас да ўнукаў і праўнукаў дайшла. Дык ведайце, што князь гэтую праўду спаліў, а Костка яе па-новаму перапісаць згадзіўся! Ведайце, што ён Радзівіла родным бацькам нашым і абаронцам назаве і правы ягоныя на нашу спрадвечную зямлю пацвердзіць! За гэта князь вас на волю і адпускае!

Палкоўнік ачомаўся і да мяне:

– Маўчаць, ваўчынае мяса!

І да жаўнераў:

– Вязаць яго!

– Браты мае!
– крычу.
– Гонар у нас адбіраюць. Апошняе...

Скруцілі мяне і ў рот саломы напіхалі. А Навум Буян, з тых васьмярых, якім чакаць загадана было, і пытаецца, нібыта я яму адказаць магу:

– А можа, брэшаш ты, Карпач? Хочаш, каб весялей паміраць было? Каб усім кагалам на той свет пайшлі?

Мыкаю я, а палкоўнік і хеўра ягоная бакі рогатам рвуць. Аж раптам Сымон Варона кажух скінуў і закрычаў, што святую праўду я кажу. Яго, Варону, князь таксама спакушаў.

– Памрэм, браты, разам, - у грудзі сябе ўдарыў, - а гонару не прадамо!

І Сымону саломай рот заторкнулі, а Навум:

– Бач ты, раскрычаліся!..

Але ўжо з сумневам гэтак прамовіў.

Тут Васіль Вецер кашулю на сабе задраў і спінаю да нас павярнуўся.

– Глядзіце, браты!
– А спіна ў яго спаласаваная, ажно глядзець страшна.
– Глядзіце! Гэта за тое, што сказаў князю: хоць у с... цалуй, а хлусню па тваім указе пісаць не буду. Праўду Карпач кажа! Памрэм усе, а гонару не прадамо! Няхай кроў наша Косткаву хлусню пераважыць!

Накінуліся на Васіля жаўнеры і тварам да падлогі прыціснулі.

– Выводзьце!
– палкоўнік камандуе.

І ў гэтую хвілу Навум:

– Браты, - крычыць, - веру я Карпачу! Прадаў нас Костка! Не хачу з д'яблавай пячаткаю жыць!

І ўслед за ім яшчэ пабрацімцы мае з тых Косткавых ратаванцаў закрычалі, што разам з намі на смерць пойдуць. Пэўна ж, паміраць, калі воля бліснула, ніхто не хацеў, але цяпер і іхнія душы акрыялі. Палкоўніка такое дзіва ўзяло, што вус сабе на палец накруціў, а што далей чыніць - не ведае. Паслаў паручніка да князя. Крываносы ўмомант і назад.

– Ну, ваўчынае мяса, - нагой палкоўнік тупнуў, - няхай па-вашаму будзе. Усім у пекла захацелася - лезьце!

Сымон, Ветра за плечы абняўшы, каб той ісці мог, першы да дзвярэй пайшоў.

– Дазволь, пане палкоўнік, - каля Пястжэцкага прыстоіў, - показку табе на адвітанне расказаць.

– Ну што там у цябе, ваўчынае мяса, за показка?

– А такая, няхай пан выбачае, показка, што спаў адзін чалавек тры дні і тры ночы, пакуль яго швагра не ўстурыў. Ну, кажа, і паспаў ты, братка! А ён яму: от галава! Ці ж той свет пад бокам? А хіба ж ты на тым свеце быў? Анягож! І ў раі быў, і па пекле пахадзіў. А што ж там у пекле? А не бойся, швагра, нашых там нікога не бачыў.

Поделиться с друзьями: